І камп’ютары ў падарунак

- 11:28Выхаванне

Чарговае наваселле справілі ў новым жылым мікрараёне Гродна Альшанка — напярэдадні Дня Незалежнасці тут урачыста адкрылі новы дзіцячы садок на 230 месцаў. Гэта трэцяя дашкольная ўстанова ў мікрараёне.

Дзіцячы сад № 109 пабудаваны па тыпавым праекце. Тут ёсць басейн, трэнажорная, музычная, дзве спартыўныя залы, камп’ютарны клас. На тэрыторыі садка ўжо высаджана шмат кветак, на пляцоўках — сучаснае гульнявое абсталяванне, на спартыўнай пляцоўцы — спецыяльнае пакрыццё для зручных заняткаў фізічнай культурай.

Сімвалічны ключ ад новай дашкольнай установы ўручыў загадчыцы садка Таццяне Мышкевіч намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Гроднапрамбуд” Ігар Зайчанка. Таццяна Уладзіміраўна падзякавала будаўнікам, кіраўніцтву горада і вобласці за стварэнне цудоўных умоў для выхавання і развіцця дзяцей і запрасіла ганаровых гасцей — намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Лісковіча, старшыню Гродзенскага гарвыканкама Мечыслава Гоя, першага намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіну Курганскую — на экскурсію па новым дзіцячым садзе. А першымі яго наведвальнікамі сталі дзеткі і іх бацькі, якія зазірнулі ва ўсе куточкі будынка і парадаваліся за створаныя для выхаванцаў умовы.

Атрымалі дзеці ў гэты дзень падарункі: шэсць камп’ютараў ад Гродзенскага аблвыканкама, сертыфікат для набыцця спартыўнага інвентару і цацак ад Гродзенскага гарвыканкама.

Як паведаміў Мечыслаў Гой, у мікрараёне Альшанка на наступны год запланавана будаўніцтва яшчэ адной дашкольнай установы, а таксама школы.

На чарзе — адкрыццё новага дзіцячага сада ў Астраўцы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.