І музыкант, і педагог

- 11:43Навіны рэгіёнаў

“Ці магла я стаць кімсьці іншым, а не музыкантам?” – задумваецца намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў Мадзіна Шарабірдзінаўна Боцвіч і, усміхаючыся, адказвае: “Напэўна, магла б. Было б толькі жаданне. Але бацькі з дзяцінства бачылі мяне толькі музыкантам. Я не магла іх расчараваць. Ды і самой, шчыра кажучы, хацелася стаць прафесійным музыкантам, выступаць на сцэне, збіраць вялікія залы і чуць апладысменты”.

Дзіцячыя мары збыліся. Дзяўчына працягнула справу родных сваёй бабулі па лініі маці. Многія яе стрыечныя браты, сёстры і дзядзькі таксама музыканты. Яны працуюць у музычных навучальных установах краіны, іграюць у Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

З выбарам жыццёвай дарогі Мадзіна вызначылася яшчэ ў 6 класе, калі пачала вучыцца іграць на цымбалах у сярэдняй школе № 17 Брэста. Заняткі прыносілі вялікае задавальненне і радасць. Дзяўчынка была цалкам захоплена чароўным светам музыкі. Пачынала з простых музычных твораў, пазней у рэпертуары з’явіліся больш сур’ёзныя: п’есы, эцюды, накцюрны, прэлюдыі…

Пасля школы дзяўчына паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Р.Шырмы. Па размеркаванні трапіла ў родную школу, але потым была пераразмеркавана ў Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў. Паралельна вучылася на сацыяльна-педагагічным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе набыла прафесію сацыяльнага педагога і педагога-псіхолага.

М.Ш.Боцвіч іграе на цымбалах, фартэпіяна, блок-флейце і акардэоне. Свае веды і ўменні ахвотна перадае вучням, далучаючы іх да чароўнага і дзіўнага свету музыкі.

“Педагагічная прафесія не менш творчая, чым прафесія музыканта, — гаворыць педагог. — Неабходна любіць дзяцей, быць цікавым для іх, імкнуцца жыць іх жыццём. Акрамя таго, трэба пастаянна самаўдасканальвацца, бо ў рабоце з імі адчуваеш недахоп пэўных ведаў. Менавіта таму набыла вышэйшую педагагічную адукацыю. Але атрыманага дыплома мала для таго, каб называцца сапраўдным настаўнікам. Педагагічнае майстэрства прыходзіць з часам і вопытам работы, які дапамагае паспяхова знаходзіць выйсце з розных сітуацый”.

М.Ш.Боцвіч з’яўляецца кіраўніком народнага аркестра народнай музыкі і ўдзельніцай ансамбля “ВдохNOWение”. Мадзіна Шарабірдзінаўна настойліва і мэтанакіравана працуе над тым, каб творчыя калектывы падтрымлівалі прафесійны ўзровень на вышыні.

М.Ш.Боцвіч жыве з мужам у Брэсце і штодзень ездзіць на работу ў Маларыту. Мікалай Андрэевіч Боцвіч працуе разам з жонкай — выкладчыкам па класе балалайкі і гітары.

Яго і яе звязала музыка яшчэ падчас вучобы ў музкаледжы. З таго часу яны заўсёды разам.

“Музыка — гэта стан душы, маё жыццё. На ўласным вопыце пераканалася ў слушнасці бабуліных слоў: там, дзе нельга даходліва і зразумела выказацца словамі, дапаможа толькі музыка. Яна адыгрывае ў чалавечым жыцці вялікую ролю: уплывае на настрой і эмоцыі, падштурхоўвае да разважанняў, правільных рашэнняў. Музыка — гэта тое адметнае, чаго нам не хапае ў жыцці. Калі чалавек займаецца музыкай, ён мяняецца і ўнутры, і знешне, становіцца чысцейшым і больш шчаслівым”, — лічыць М.Ш.Боцвіч.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.