Вольга ДУБОЎСКАЯ
Верасень гэтага года знамянальны. У канцы месяца мы даведаемся імя лепшага настаўніка краіны.
Конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023” на фінішнай прамой. 18 верасня прагучаць фанфары ў гонар адкрыцця фіналу, які пройдзе на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. І для 56 педагогаў з усіх рэгіёнаў нашай краіны пачнецца дзесяцідзённы марафон дэманстрацыі найвышэйшага педагагічнага і метадычнага пілатажу.
Пачнецца фінал з самапрадстаўлення ўдзельнікаў. Гэтае конкурснае мерапрыемства дазволіць гучна заявіць пра сябе і свае педагагічныя амбіцыі. На наступны дзень, 19 верасня, запланавана падрыхтоўка да правядзення асноўнага конкурснага мерапрыемства — урока (заняткаў). На базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі педагогі-канкурсанты будуць займацца праектаваннем урока (заняткаў), паўдзельнічаюць у лёсаванні, для іх будуць арганізаваны кансультацыі, акрамя таго, будзе час на самападрыхтоўку, наведванне ўстаноў адукацыі, дзе запланавана правядзенне конкурсных урокаў або заняткаў.
20 верасня на базе ўстаноў адукацыі сталіцы пройдуць першыя конкурсныя ўрокі (заняткі). Паколькі фіналістаў 56 чалавек, то яны будуць падзелены на падгрупы: частка будзе рыхтавацца да ўрокаў (заняткаў), а другая іх праводзіць. І для першай падгрупы такая падрыхтоўка якраз і запланавана на 19 верасня.
Другая падгрупа свае конкурсныя ўрокі або заняткі правядзе 21 верасня. У гэты ж дзень пачнецца падрыхтоўка да правядзення такога конкурснага мерапрыемства, як майстар-клас (для першай падгрупы), адбудзецца лёсаванне на парадак правядзення майстар-класаў у кожнай намінацыі.
22 верасня выйдзе спецыяльны выпуск “Настаўніцкай”, дзе будзе прадстаўлены вопыт педагагічнай дзейнасці ўсіх 56 фіналістаў.
22 верасня ў конкурсным календары адведзена для наступнага конкурснага мерапрыемства — выступлення перад грамадскасцю. На базе БДПУ выступяць педагогі наступных намінацый: “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Пачатковыя класы”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, “Хімія, біялогія”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”, “Беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура”, па вучэбных прадметах “Музыка”, “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”, “Фізічная культура і здароўе”. Канкурсанты намінацыі “Замежная мова” будуць выступаць у аўдыторыях МДЛУ, а “Працоўнага навучання” — на базе філіяла Індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА.
23 верасня на базе АПА пройдзе педагагічнае і псіхалагічнае тэсціраванне канкурсантаў (наступнае конкурснае мерапрыемства). 24 верасня — вольны ад конкурсных мерапрыемстваў дзень. А 25 і 26 верасня адбудуцца майстар-класы па намінацыях і падгрупах. Яны будуць праведзены на пляцоўках БДПУ, МДЛУ і Індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА.
27 верасня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пройдзе суперфінал конкурсу. А 28 верасня стане вядома імя пераможцы. Яго аб’явяць на сцэне Палаца Рэспублікі.
А пакуль ідуць апошнія прыгатаванні. Канкурсанты хвалююцца і трэніруюцца. Усё лагічна. Мы, журналісты “Настаўніцкай газеты”, таксама ў хвалюючым чаканні, бо за вясну і лета, калі рыхтавалі і друкавалі матэрыялы пра канкурсантаў, паспелі пранікнуцца педагагічнай і жыццёвай гісторыяй кожнага і адчуць іх настрой на перамогу. Калі хто не сачыў, раю звярнуцца да падшыўкі або зайсці на наш сайт nastgaz.by. Мы пагутарылі з кожным фіналістам конкурсу! Акрамя таго, 22 верасня выйдзе спецыяльны выпуск “Настаўніцкай”, дзе будзе прадстаўлены вопыт педагагічнай дзейнасці ўсіх 56 фіналістаў. І зразумела, мы будзем працаваць усе конкурсныя дні, каб вы, паважаныя чытачы, ведалі, што адбываецца. Сачыце за навінамі ў газеце, на нашым сайце і ў Telegram-канале.
Ад сябе хачу дадаць: за гады работы на конкурсе “Настаўнік года” пераканалася, што гэта не проста конкурс. Гэта сапраўднае свята прафесіяналізму, якое пашырае гарызонты і прафесійныя кантакты. Гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае педагагічную навуку і практыку, месца, дзе нараджаюцца неардынарныя ідэі і цікавыя задумы, бо кожны з канкурсантаў — унікальны педагог з адметным вопытам.
Канечне, удзельнікаў конкурсу чакаюць няпростыя дні, яны пройдуць праз каласальнае напружанне маральных і фізічных сіл, стрэс і хваляванне. Але разам з тым набудуць вялікі сацыяльны вопыт, дэманструючы свой інтэлектуальны інсайд.
Паважаныя фіналісты, вы пераможцы. Але вялікая перамога наперадзе. Жадаем вам рашучасці, бо, як вядома, удача скараецца храбрым!