І педагог, і камбайнер

- 10:33Людзі адукацыі

Жанчына за штурвалам камбайна ў час жніва — з’ява вельмі рэдкая, асабліва калі яна яшчэ і педагог. Сёлета свой пяты ўборачны сезон завяршае настаўнік-дэфектолаг Олтушскага дзіцячага сада Маларыцкага раёна Наталля Юр’еўна Ківачук. На камбайне “Тукана-430” яна працуе разам з мужам Аляксандрам Сяргеевічам.

Па стане на 3 жніўня іх сямейны экіпаж быў лепшым на жніве ў СУП “Савушкіна”.

— Сёлета наш камбайн выехаў на жніво 15 ліпеня, — расказвае Н.Ю.Ківачук. — На рахунку ўжо зжата збожжавых на плошчы 160,2 га, намалочана больш за 590 тон. Да завяршэння ўборкі, зразумела, гэтыя лічбы зменяцца.

Пытаюся: “Педагог і камбайнер у адной асобе — сумяшчальныя прафесіі для жанчыны?”

— Мой прыклад паказвае, што сумяшчальныя, — усміхаецца Наталля Юр’еўна. — Бацька заўсёды хацеў мець сыноў, але ў яго 3 дачкі. І кожнай з іх ён даў нешта хлапечае. Так, малодшая сястра — выдатны стралок, мае шмат узнагарод з розных спаборніцтваў (бацька — апантаны паляўнічы). Я і сярэдняя сястра водзім машыны.

За рулём Наталля Юр’еўна з 12 гадоў. У старшых класах наведвала заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце, арганізаваныя пры Олтушскай сярэдняй школе. А потым здала экзамен і атрымала катэгорыю А, што дазволіла кіраваць колавымі трактарамі.

Пасля заканчэння школы Н.Ю.Ківачук паступіла на філалагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе атрымала дыплом настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. У 2009 годзе набыла спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага ў БДПУ імя Максіма Танка. Задуманае здзейснілася.

Наталля Юр’еўна выдатна памятае пачатак чэрвеня 2012 года, калі яе бацька Юрый Пятровіч Парчэўскі, кладаўшчык склада гаруча-змазачных матэрыялаў СУП “Савушкіна”, рыхтаваў камбайн перад пачаткам уборкі. Механізатараў не хапала, а аднаму працаваць цяжка. І ён, жартуючы, неяк вечарам спытаў у Наталлі: “Можа, ты, дачушка, выручыш, пойдзеш да мяне ў памочнікі на камбайн?” Наталля Юр’еўна нібыта даўно чакала гэтага пытання, таму, не раздумваючы, выпаліла: “А чаму б і не! З радасцю пайду”.

Юрый Парчэўскі такога адказу зусім не чакаў ад дачкі, але вырашыў: раз хочацца, няхай паспрабуе нялёгкага хлеба механізатара. Ён быў упэўнены, што першы дзень жніва назаўсёды адаб’е ахвоту ад хлебаробчай прафесіі. Але памыліўся.

Н.Ю.Ківачук памятае першы выезд у поле на жніво з бацькам. Спёка. На небе — ні хмурынкі. Вакол лятаюць птушкі і матылькі, паводдаль ходзяць буслы, якія зляцеліся на спажыву. Дзяўчыне здаецца, што поле збажыны бязмежнае, ні канца ні краю. Уяўляецца, што па хлебнай ніве павольна плыве камбайн, які нагадвае карабель у бяскрайнім моры. Яна заўважае лёгкія павевы ветрыку. Прабяжыць ён па полі — атрымліваюцца сапраўдныя хлебныя хвалі. Радасна на душы і шчасліва. Юрый Пятровіч заўважае рамантычны настрой дачкі і не перашкаджае гэтаму стану.

Нечакана Наталля Юр’еўна штурхае бацьку ў бок, просіць спыніць камбайн і паказвае рукой наперад. Затым лёгка саскоквае з апошняй прыступкі камбайна, бяжыць наперад і прыпадае да зямлі. Праз хвіліну вяртаецца з букецікам валошак.

— Сесці першы раз за штурвал камбайна не баялася, — прызнаецца Н.Ю.Ківачук. — Хоць трошкі і перажывала, думала, што не спраўлюся з кіраваннем. Але падтрымка бацькі надала ўпэўненасці. Безумоўна, гэта фізічна цяжка, але атрымліваеш неверагодную асалоду і задавальненне ад таго, як зерне залатой крынічкай з напоўненых бункераў высыпаецца ў кузаў аўтамабіляў. У тым, што ў кожнага з нас штодзень ёсць на стале хлеб, і мая заслуга. І гэта ганарова!
З бацькам на жніве Наталля Юр’еўна працавала памочнікам камбайнера 3 гады. І вось ужо другі сезон — разам са сваім мужам. Калі пачалося жніво, яны доўга не вагаліся, а адразу сур’ёзна і адказна ўзяліся за справу. Такі тандэм стымулюе на працу і дае станоўчы вынік. Сакрэт поспеху сямейнага эпіпажа — у іх вопыце, зладжанасці працы і прафесіяналізме, а яшчэ ў пастаянным адчуванні надзейнага пляча адно аднаго, у разуменні з паўслова.

— Праца з бацькам для мяне стала выдатнай школай станаўлення як хлебароба, — гаворыць Наталля Юр’еўна. — Ён навучыў мяне ўсяму, што неабходна ведаць і ўмець камбайнеру. Падказваў, раіў, дапамагаў. Жаданне навучыцца ўсяму, што спатрэбіцца, было і ў мяне, таму ў 2015 годзе прайшла курсы перападрыхтоўкі і адкрыла катэгорыю D, якая дала права кіраваць самаходнымі машынамі сельскагаспадарчага прызначэння.

Бацька шчыра радуецца за дачку з зяцем, іх поспехам на ўборцы. І калі працуюць на адным палетку, Юрый Пятровіч краем вока пазірае ў бок камбайна “Тукана-430”, які жне непадалёк. Ён спадзяецца, што ў такі момант за штурвалам камбайна сядзіць Наталля. Юрый Парчэўскі ганарыцца дачкой і справай, якую яна робіць.

— Бацькава навука не аказалася дарэмнай, — цешыць сябе ён. — Усе паказчыкі жніва вытрымлівае. Кожную хвіліну выкарыстоўвае рацыянальна. Малайчына! Дзякуючы яе працы, хлеб будзе ўбраны ў максімальна сціслыя тэрміны, з мінімальнымі стратамі, а засекі дзяржавы да краёў напоўняцца збожжам.

Пытаюся: “Вы з мужам з ранку да вечара шчыруеце на жніве. А як уласная гаспадарка?”

— Ва ўсім дапамагае дачка Настасся, якая скончыла 6 класаў. Таму прыкладна на месяц, пакуль мы з мужам заняты на ўборцы, дачка ў нас дома за галоўную, — адказвае Н.Ю.Ківачук.

Цяпер для Наталлі Юр’еўны што сесці за штурвал камбайна, што правесці заняткі з дзецьмі — амаль адно і тое ж. І на жніве яна прафесіянал, і сярод дзяцей майстар. Ніякай працы не баіцца: ні фізічнай, ні разумовай. На любым месцы абавязкі выконвае добрасумленна і старанна.

Летась сямейны экіпаж сярод першых у раёне намалаціў тысячу тон збожжа. На абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі” сям’я была адзначана ўзнагародай Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Пытаюся: “Колькі за дзень намалочвае зерня ваш сямейны экіпаж?”

— Па-рознаму бывае, дзень на дзень не прыходзіцца. Усё залежыць ад многіх фактараў: ад надвор’я, культуры, якую ўбіраем, палетка… Бывае, за дзень намалочваем 30 тон збожжа, а бывае, што і 60.

— У наступным годзе ваш сямейны экіпаж таксама выйдзе на жніво?

— Спадзяюся, што так і будзе. З выбранай жыццёвай сцежкі мы з мужам ніколі не збочваем.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.