І страхаў як не было

- 14:38Адукацыйная прастора

Паступленне ў школу — гэта новы і вельмі адказны этап у жыцці дзіцяці. Многія дзеці з душэўным хваляваннем і страхам пераступаюць парог школы, бо іх асоба цяпер пачне займаць больш значную сацыяльную пазіцыю — школьніка. Гэтая падзея нярэдка можа павярнуцца трывогай, ахутанай пачуццём невядомасці. Існуе мноства прыёмаў, як змагацца са страхамі.

Самай распаўсюджанай формай выяўлення і карэкціроўкі трывожных станаў у малодшых школьнікаў можа выступаць малюнак — адлюстраванне ўнутранага стану дзіцяці, яго настрою і светаадчування. Як правіла, дзеці, якія жывуць пад уплывам страху, часцей выкарыстоўваюць у сваёй творчасці шэрыя, цёмна-карычневыя і чорныя тоны. Менавіта гэтымі адценнямі, гаворачы вобразна, можа быць афарбавана іх рэальнае жыццё. У большасці выпадкаў рэакцыя дзяцей на просьбу намаляваць страх бывае рэзка адмоўнай. І гэта нядзіўна, бо дзіця не хоча нават думаць пра тое, што яго пужае, а намаляваць на паперы азначае для яго ўвасобіць негатыўнае ў жыццё. Разам з тым маляванне страхаў можа дапамагчы дзіцяці пазбавіцца іх.

Гэтай важнай справай заняліся першакласнікі сярэдняй школы № 2 Слаўгарада ў адаптацыйны перыяд. У рамках чарговых развіццёвых заняткаў дзеці падзяліліся адно з адным сваімі школьнымі асцярогамі, якія былі набыты напярэдадні іх прыходу ў школу. А маляваць страхі разам было нават вельмі весела, тым больш калі ўсё жудаснае апынулася на паперы, так бы мовіць, у нас у руках! І тут ужо страхам не паздаровілася… Не абышлося без абзывалак гэтых непрыемных істот і бязлітаснага іх знішчэння рукамі дзяцей. Як ні кажы, а страхі — дрэнная дапамога і ў навучанні, і ў жыцці дзіцяці. Пасля таго як усе страхі былі ўтылізаваны, з дзецьмі выйшаў пагуляць добры Сонечны праменьчык, які падарыў прысутным мноства ўсмешак і цяпла. А пад канец заняткаў першакласнікі пабывалі ва ўяўным асеннім лесе і прайшліся па чароўнай жывой сцяжынцы, якая вывела іх да новых шчаслівых школьных адчуванняў.

Святлана ФІЛІПАВА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Слаўгарада.