1 верасня ў сталіцы на вуліцы Кірылы Тураўскага адкрылася новая сярэдняя школа № 61. Прасторны стыльны будынак, пафарбаваны ў прыемныя для вока колеры — персікавы, фісташкавы, ружовы, блакітны, прыгожая агароджа, аснашчаная па апошнім слове спартыўная пляцоўка, яркае надворнае абсталяванне для пачаткоўцаў адразу прыцягваюць да сябе ўвагу. Нягледзячы на тое, што ўстанова адукацыі працуе толькі сем месяцаў, яна набывае сваё непаўторнае аблічча і ў змястоўным плане. Тут распрацаваны і рэалізуецца праект “Стварэнне мнагапрофільнага сацыякультурнага адукацыйнага рэсурснага цэнтра сталіцы”. Аб асаблівасцях рэалізацыі гэтага праекта, стратэгіі развіцця ўстановы адукацыі, новых падыходах да павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў наш карэспандэнт гутарыць з дырэктарам школы-новабудоўлі Ірынай Віктараўнай ЦУБІКАВАЙ.
— Ірына Віктараўна, якія пачуцці адчулі ў той момант, калі вам прапанавалі ўзначаліць новую школу?
— Я чалавек, які любіць вецер перамен і якому хочацца дасягаць чагосьці новага. З цягам часу мы сталеем, разумнеем, у нас з’яўляюцца новыя думкі, ідэі, хочацца паспрабаваць зрабіць штосьці новае, дагэтуль нязведанае. І таму, калі ў красавіку мінулага года мне прапанавалі ўзначаліць школу, я ўспрыняла гэта нармальна. Падумала, што будзе цікава і гэтым можна заняцца. Як кажуць, дарогу адолее той, хто рухаецца. Нейкага невядомага страху, няўпэўненасці не было, хаця я і разумела, што будзе нялёгка. Але ў нашай педагагічнай прафесіі кожны новы этап заўсёды даецца няпроста. Ужо цяпер, калі школа адкрылася і мы амаль год адпрацавалі, тыя рэчы, што я рабіла да таго, як яе ўзначаліла, зараз падаюцца мне дробязнымі, вельмі простымі.
— З якімі праблемамі пасля прызначэння дырэктарам вы сутыкнуліся?
— Быць гаспадыняй новай школы — справа ганаровая, але клапатлівая і вельмі адказная. Давялося рыхтаваць навучальную ўстанову да пачатку новага навучальнага года, займацца гаспадарчымі справамі. Безумоўна, неабходна было падбіраць педагагічных работнікаў, фарміраваць настаўніцкі і вучнёўскі калектыў. Мне прадаставілі памяшканне, дзе два разы на тыдзень я ўсё лета вяла прыём, да мяне прыходзілі педагогі, бацькі з дзецьмі. Я ездзіла ў МГІРА, дзе запрашала настаўнікаў на работу. І такім чынам знайшла некалькіх педагогаў. Імкнулася захоўваць карпаратыўную этыку, каб з адкрыццём новай установы суседнія школы не пацярпелі. Гэта была цяжкая напружаная праца, бо кожнаму педагогу неабходна было паглядзець у вочы асабіста. Усё гэта аднімала шмат часу, але назваць праблемамі нельга, бо ўсе яны вырашальныя. І тут я не заставалася адна — адчувала падтрымку і ўпраўлення адукацыі Першамайскага раёна, і МГІРА, і камітэта па адукацыі Мiнгарвыканкама.
— Педагагічны калектыў ужо сфарміраваўся? А якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік, якога вы прымаеце ў калектыў?
— Для той колькасці навучэнцаў — а іх на сёння 568, у нас дастаткова моцны, мабільны, здольны да развіцця калектыў. Мае намеснікі, на якіх я магу абаперціся і разлічваць ва ўсім, — Таццяна Фёдараўна Васілевіч (курыруе вучэбна-метадычную работу), Вольга Мікалаеўна Лапко (адказвае за працэсы інфарматызацыі ў школе), Таццяна Анатольеўна Вяроўка (курыруе спартыўны і выхаваўчы напрамак). Гэта вопытныя і адказныя людзі, якія хутка схопліваюць і перапрацоўваюць інфармацыю, шукаюць спосабы вырашэння задач, якія ўзнікаюць.
Трэба сказаць, што трэцяя частка нашага педагагічнага калектыву — вельмі вопытныя настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, трэцяя частка — педагогі з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй і з вялікім патэнцыялам (яшчэ маладыя людзі, якія ўжо шмат ведаюць, умеюць і вельмі хочуць працаваць). І яшчэ адна частка — маладыя спецыялісты, якія прыйшлі з устаноў вышэйшай адукацыі. Яны — розныя, ёсць матываваныя, ёсць не вельмі, і мы стараемся выправіць гэтую сітуацыю. У нас працуюць вельмі вопытныя масцітыя педагогі — настаўніца інфарматыкі В.М.Лапко, настаўніца матэматыкі І.В.Варанкова. Гэта педагогі з вялікім стажам работы, сертыфікаваныя карыстальнікі ІКТ, аўтары вучэбна-метадычных дапаможнікаў, якія паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства, якія могуць навучыць і павесці за сабой маладых педагогаў. На сённяшні дзень у нас ёсць вакансія настаўніка працоўнага навучання, а з новага навучальнага года неабходны будуць настаўнікі пачатковых класаў, бо плануецца адкрыць чатыры першыя класы.
Якім павінен быць настаўнік, якога прымаем у калектыў? Перш за ўсё высокаадукаваным і мабільным. Пры гэтым глыбока маральным, любіць дзяцей, правільна разумець катэгорыі дабра і зла, падтрымліваць дзяржаўную палітыку: разумець, што краіне патрэбны разумныя людзі, і выхоўваць іх. І такія людзі бачны. Калі чалавек не шкадуе часу на сваё ўдасканаленне, то ён мае i вышэйшую катэгорыю, і сертыфікат карыстальнiка інфармацыйных тэхналогій, і паспяховы ўдзел у конкурсах прафесiйнага майстэрства. Мы імкнуліся запрасіць на работу педагогаў, якія не проста прыйшлі даць урок і атрымаць за гэта зарплату, а тых, якія любяць сваю справу. Настаўнік павінен пастаянна самаўдасканальвацца. І гэта няпросты, але цікавы шлях, калі ты кожны дзень становішся лепшым. І такія педагогі нам патрэбны. Мы іх запрашаем да сябе ў школу! Акрамя таго, усім зразумела, што ў новую школу звычайна ідуць тыя, хто хоча пачаць усё спачатку, і не важна, што ў іх за плячыма: вялікі вопыт ці яго адсутнасць, яны гатовы наноў сцвярджацца і даказваць. Усіх нас аб’ядноўвае жаданне ствараць інавацыйную школу.
— Адміністрацыйная работа для вас не новая. А які вы кіраўнік?
— Я розны кіраўнік. Мне вельмі падабаюцца падначаленыя, якія прафесійна і адказна адносяцца да сваёй справы, і такіх супрацоўнікаў я імкнуся падтрымліваць, стымуляваць, разумець. Не заўсёды мне падабаецца, калі справа буксуе на месцы, калі бачны нядобрасумленныя адносіны да яе. Тады даводзіцца і жорстка размаўляць. Пры гэтым я імкнуся быць карэктнай. Мой прынцып работы: рабі ўсялякую справу добра і якасна, а інакш няма чаго за яе брацца.
— Дырэктар — гэта не толькі гаспадарнік, на яго плечы кладзецца і выбар стратэгіі развіцця школы. Якія напрамкі дзейнасці вы б хацелі развіваць?
— Стратэгію развіцця школы мы вызначалі разам з камітэтам па адукацыі, упраўленнем Першамайскага раёна і МГІРА. Збіраліся шмат разоў, абмяркоўвалі розныя напрамкі. У выніку вырашылі, што заказ дзяржавы сёння арыентаваны на падрыхтоўку граматнага кіраўніка. Сур’ёзная стаўка робіцца менавіта на выхаванне лідарскіх якасцей асобы. Гэта дастаткова перспектыўны напрамак, які не можа існаваць сам па сабе. Трэба рыхтаваць фундамент. А фундамент — гэта трывалыя моцныя веды па ўсіх напрамках. Мы хочам, каб сярэдняя школа была не сярэдняй, а менавіта школай высокага ўзроўню. І да гэтага імкнёмся. У нас вельмі многа разумных дзяцей, і нам хочацца ганарыцца імі.
Гаворачы аб стратэгіі, нельга не сказаць і аб канцэпцыі смарт-школы, якая ў нас распрацавана. СМАРТ — гэта спартыўная, мабільная, актыўная, роўная, творчая. У рэалізацыю гэтых напрамкаў пакладзена супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне, якое ажыццяўляецца на трох узроўнях: унутрышкольным, сталічным, сусветным. Гэта значыць, што сучасная школа — гэта школа, якая знаходзіцца ў цэнтры сталіцы, Еўропы, свету, якая адкрыта да дыялогу.
— Ірына Віктараўна, калі школа толькі адкрывалася, яна пазіцыянавалася як эксперыментальная. І меліся на ўвазе не толькі яе знешні выгляд і сучаснае аснашчэнне, але і ўнутранае напаўненне. Што новага з’явілася ў адукацыйным працэсе?
— Так, будынак нашай установы адукацыі сучасны, пабудаваны па індывідуальным праекце. Ён шматфункцыянальны і прасторны, змяшчае шмат памяшканняў для ажыццяўлення спартыўнай і сацыякультурнай дзейнасці. Школу, мабыць, і назвалі эксперыментальнай, каб паглядзець, як будзе працаваць усё тое, што задумана архітэктарамі. А задумана сапраўды шмат цікавага. Праектам прадугледжаны асобныя карпусы для навучэнцаў першай, другой і трэцяй ступеней. У школе тры вялікія залы: актавая на 316 месцаў, паточная аўдыторыя на 80 месцаў, канферэнц-зала на 120 месцаў, а таксама спартыўныя залы: вялікая і малая, зала сухога плавання, трэнажорная зала, басейн. Гэтая інфраструктура дазваляе ажыццяўляць якасную дадатковую адукацыю. А каб напоўніць яе змястоўна, нарадзілася ідэя стварэння мнагапрофільнага сацыякультурнага рэсурснага цэнтра сталіцы, якая належыць камітэту па адукацыі сумесна з МГІРА. Дзейнасць рэсурснага цэнтра прадугледжвае шмат напрамкаў. Мы супрацоўнічаем з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, у нас заключаны дамоўленасці з БДУІР на ажыццяўленне дыстанцыйнага навучання дзяцей рашэнню задач і з БНТУ на развіццё такога напрамку, як робататэхніка. Супрацоўніцтва з БНТУ і БДУІР дазволіць арыентаваць дзяцей на атрыманне фундаментальных ведаў па прыродазнаўча-матэматычных дысцыплінах і арыентаваць іх на правядзенне даследчай дзейнасці.
Адна з галін супрацоўніцтва з УВА — Школьная акадэмія кіравання, якая найбольш поўна зараз рэалізавана менавіта праз узаемадзеянне з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Асноўныя задачы Школьнай акадэміі — выяўленне адоранай і таленавітай моладзі, стварэнне ўмоў для рэалізацыі яе інтэлектуальных, творчых здольнасцей, камунікатыўных навыкаў і лідарскіх якасцей, правядзенне прафарыентацыйнай работы. У школьную акадэмію кіравання залічаны навучэнцы 8 “А”, 8 “Б”, 10 “А” класаў. Заняткі ажыццяўляюцца як на базе школы, так і на базе акадэміі кіравання, пераважна ў суботу. Для навучэнцаў 8-х класаў арганізаваны факультатывы “Гісторыя развіцця вылічальнай тэхнікі” і “Школа самаразвіцця і самапазнання”. Навучэнцы 10 класа наведваюць заняткі па англійскай мове і факультатыўны курс “Уводзіны ў сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі кіравання”. Факультатывы праводзяць выкладчыкі акадэміі. Яны таксама арганізоўваюць псіхалагічныя трэнінгі. Ужо склалася пэўная група дзяцей, асабліва дзесяцікласнікаў, якія праяўляюць інтарэс да такіх заняткаў. Выкладчыкі таксама гавораць, што двухбаковае супрацоўніцтва “школа — УВА” вельмі выніковае. Нашы навучэнцы наведваюць акадэмію для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. У межах супрацоўніцтва для навучэнцаў арганізуюцца сустрэчы з вучонымі, у тым ліку і замежнымі (так, нядаўна лекцыі для школьнікаў чыталі карэйскія вучоныя), запланаваны сумесныя праекты са студэнтамі. Навучэнцы школы актыўна прымаюць удзел у конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях, якія праводзяцца на базе акадэміі. Зусім нядаўна нашы навучэнцы — дзве васьмікласніцы і дзве дзесяцікласніцы ўпоравень са студэнтамі ўдзельнічалі ў конкурсе прамоўніцкага майстэрства “Цыцэроній”. Гэта была вельмі добрая школа для іх, і дзяўчаты былі адзначаны дыпломамі. Выкладчыкі былі здзіўлены, што нават васьмікласніцы паказалі ўзровень не ніжэйшы за абітурыентаў. На мінулым тыдні тры каманды нашых навучэнцаў прынялі ўдзел у студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі. Для навучэнцаў школ была вылучана асобная секцыя, у межах работы якой праходзілі спаборніцтвы ў вырашэнні кейс-задач (вывучаўся погляд школьнікаў на вырашэнне эканамічных праблем).
Нашых навучэнцаў запрашаюць у студэнцкае асяроддзе на святы, канцэрты. Так, нядаўна пераможца конкурсу “Я пяю” Дар’я Чарнова выступала перад студэнтамі акадэміі. А гэта таксама ўзнімае статус навучэнца і матывуе яго на выбар установы вышэйшай адукацыі. Да нас прыязджаюць студэнты, якія ўзаемадзейнічаюць з навучэнцамі і праводзяць для іх майстар-класы. Напрыклад, былі праведзены заняткі па кейс-тэхналогіях. Гэта ў многім арыентуе дзяцей на далейшы выбар прафесіі.
Павышаная ўвага ўдзяляецца ў нашай школе такому напрамку, як інфарматызацыя. Гэты напрамак выбраны невыпадкова. Па-першае, ён перспектыўны. Сапраўдны кіраўнік павінен добра арыентавацца ў інфармацыйным патоку. Нашы вучэбныя кабінеты аснашчаны сучасным тэхнічным абсталяваннем: камп’ютар, інтэрактыўная дошка, праектар. Ды і не сакрэт, што нашы сталічныя школьнікі не вельмі добра выступаюць на алімпіядах па інфарматыцы, і мы хочам гэты напрамак падняць на адпаведны ўзровень.
Акрамя таго, у нас заключана дамоўленасць з акадэміяй CISCO, і навучэнцы ахвотна займаюцца ў ёй. Пасля заканчэння курса яны атрымаюць сертыфікат міжнароднага ўзору па спецыялізацыі “Асновы інфармацыйных тэхналогій”. Дарэчы, кампанія абсталявала для навучэнцаў бесправадную зону Wi-Fi, і зараз ва ўстанове дзейнічаюць пяць кропак доступу.
Яшчэ адзін перспектыўны напрамак, які дазваляе рэалізоўваць канцэпцыю развіцця лідарскіх якасцей, — арганізацыя даследчай дзейнасці. Сёлета нашы навучэнцы занялі 2 месца на раёне ў конкурсе даследчых работ і 3 месца на горадзе з праектам “Малыя рэкі Беларусі”. Вучні 10 “А” класа Дар’я Чарнова і Вікторыя Бычкова вывучалі асаблівасці ракі Чарняўкі: выехалі на месца, выявілі экалагічныя праблемы рэгіёна, пагаварылі з мясцовымі жыхарамі, папрацавалі ў лабараторыі. Старшакласнікі стварылі старонку ў Вікіпедыі і прадугледзелі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ачышчэнне берагоў рэчкі. Цікавай была і работа навучэнцаў 10 “А” класа Марты Быдановай і Дар’і Чарновай па беларускай мове і літаратуры “Метафара ў творах У.Караткевiча”. Старшакласніцы наладзілі супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. І гэта прыклады праяўлення лідарскіх якасцей вучняў. Яны ўцягваюць у работу, якая цікавая ім, астатніх дзяцей і робяць гэты інтарэс усеагульным.
Школа мае магчымасць збіраць вялікія аўдыторыі на сваёй тэрыторыі. Так, на базе ўстановы другі раз праводзяцца мерапрыемствы па бяспецы жыццядзейнасці МНС. Хочам напярэдадні 9 Мая наладзіць вялікае свята, прымеркаванае да 70-годдзя Вялікай Перамогі, з запрашэннем гасцей, ветэранаў, працаўнікоў тылу, якое будзе доўжыцца ўвесь дзень і складацца з некалькіх этапаў. Гэта будзе Дзень славы, Дзень памяці і Дзень выхавання патрыятычных пачуццяў.
Спартыўныя мерапрыемствы ў нас таксама арганізоўваюцца. Школьная баскетбольная ліга тры тыдні праходзiла на базе нашай школы. Дарэчы, дзеці з усяго горада прыязджаюць на заняткі ў розных спартыўных секцыях. Мы з’яўляемся вучэбна-спартыўнай базай Фізкультурна-аздараўленчага цэнтра дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Мiнска. Вучні з раёна займаюцца гандболам, футболам, баскетболам, біятлонам. У нас дзейнічае і танцавальны клуб “Элеганс”. Мы імкнёмся прыцягнуць дзяцей у разнастайныя конкурсы і спаборніцтвы. За менш чым год работы ў нас ёсць пераможцы ў конкурсе “Энергамарафон”, “Суперлідар” (3 месца ў раёне), “Міс-2015 Першамайскага раёна” і інш. Цікава прайшоў у школе і Дзень самакіравання, дзе дзесяцікласнікі праявілі свае лідарскія якасці і кіравалі і вучэбным, і выхаваўчым працэсам.
Адным словам, праект заключаецца ў тым, каб школа сапраўды стала адукацыйным цэнтрам, дзе вучні будуць развівацца па ўсіх напрамках. Ды і само паняцце “лідар” становіцца больш даступным. Лідар — гэта не нейкі унікум сярод усіх, а гэта магчымасць у канкрэтнай справе рэалізаваць сябе. Сёння адны лідары праявіліся ў адной справе, другія — у іншай. Магчымасць лідзіраваць выступае як самарэалізацыя ў сваёй сферы.
Мы лічым, што высокага класа спецыяліст з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, у якога пры гэтым развіты лідарскія якасці, — гэта менавіта той выпускнік новага пакалення, якога павінна рыхтаваць інавацыйная школа.
— Ірына Віктараўна, наколькі мне вядома, ваша школа ўключана ў яшчэ адзін гарадскі праект — “Электронная школа”. Наколькі новая школа стала электроннай?
— Так, сапраўды, ад Першамайскага раёна наша школа з яшчэ адной навучальнай установай уключана ў праект “Электронная школа”. Над яго рэалізацыяй мы пачалі працаваць з укаранення шматфункцыянальных электронных пластыкавых карт. Іх вырабляе для нашых вучняў ААТ “Беларусбанк”. І большая частка школьнікаў імі ўжо забяспечана. На першым паверсе ў нас абсталявана ўваходная група, якая ажыццяўляе кантроль доступу. Навучэнцы маюць магчымасць не толькі рэгістраваць свой прыход і адыход са школы, але і iх бацькі могуць атрымліваць смс-паведамленні пра тое, калі вучань спазніўся ці пайшоў раней са школы. Мы не ўстанаўлівалі турнікеты, а па перыметры ўвахода размясцілі маленькія счытваючыя прыстасаванні, і калі дзіця ўвайшло і не паспела зарэгістравацца непасрэдна на ўваходзе, то яно можа зрабіць гэта далей. Натоўпу не будзе. Па гэтай жа картцы вучні могуць расплаціцца ў сталоўцы і ў буфеце. Карткі вырабляюцца ў двух экзэмплярах — вучнёўская і бацькоўская. Бацькі па сваёй картцы пералічваюць грошы на школьнае харчаванне дзіцяці. Гэтай жа карткай можна карыстацца як электронным фармулярам у бібліятэцы. А ў перспектыве картка будзе служыць і праязным білетам. Паколькі мы ўключаны ў гэты праект, то ў наступным годзе будзем весці электронныя журналы і дзённікі.
— Сярэдняя школа № 61 — гэта яшчэ і пляцоўка для работы МГІРА па павышэнні прафесійнага майстэрства педагогаў?
— Прафесійны рост педагогаў — гэта таксама вельмі важны складнік. У інавацыйнай школе кадры павінны быць інавацыйнымі. І стварэнне філіяла кафедры педагогікі на базе нашай установы — вельмі зручны спосаб узаемадзеяння паміж МГІРА і настаўнікамі. Для нашых педагогаў ужо другі раз арганізоўваюцца курсы павышэння кваліфікацыі. У студзені ў нас больш за месяц працавалі выкладчыкі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якія расказвалі аб сістэме дзяржаўных органаў у нашай краіне. Зараз педагогі школы праходзяць курсы па распрацоўцы вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах. Супрацоўнікі МГІРА арганізоўваюць аднадзённыя семінары, практычныя заняткі курсавых падрыхтовак для настаўнікаў горада. Запланаваны таксама персанальныя стажыроўкі педагогаў. Шасцёра нашых настаўнікаў на базе Цэнтра інфармацыйных тэхналогій інстытута зусім нядаўна прайшлі курсы па выкарыстанні інтэрактыўных сродкаў навучання. Думаю, што гэтая форма супрацоўніцтва будзе выніковай. Мы хочам, каб нашы настаўнікі не баяліся новага, а ішлі наперад.
— А якія, на ваш погляд, вострыя праблемы сёння існуюць у сістэме адукацыі?
— Думаю, што мы ў сваёй установе ўзяліся вырашыць самую галоўную праблему — падняць матывацыю навучэнцаў да адукацыйнай дзейнасці, узняць прэстыж ведаў, навучыць дзяцей працаваць прадукцыйна і многа і пры гэтым захаваць здароўе. Гэта тыя праблемы, якія ў той ці іншай ступені тычацца кожнага нашага дзіцяці: зрабіць працэс навучання цікавым, захапляльным, насычаным, даць вучням адчуць, што, асвоіўшы ўсё гэта, за кошт змянення зместу, напаўнення яго дадатковымі адукацыйнымі паслугамі і за кошт прыцягнення кваліфікаваных кадраў не толькі школьнага ўзроўню, але і ўніверсітэцкага, яны стануць паспяховымі людзьмі.
— Ці праўда, што зараз работа школьнага настаўніка настолькі зарэгламентавана, што на паперы ён затрачвае больш часу, чым на дзяцей?
— Мне здаецца, што гэта не зусім так. На самай справе педагог мае магчымасць працаваць з дзецьмі дастаткова. Для творча працуючага настаўніка на першым месцы — яго ўрок, яго адукацыйная дзейнасць. Так, шмат папер даводзіцца запаўняць адміністрацыі. Але гэта іх работа. Да ўсяго трэба падыходзіць разумна. Ёсць пэўны пералік папер, і ён не перагружае настаўнікаў катастрафічна, як склалася меркаванне.
— Ірына Віктараўна, якой бачыцца ваша школа ў будучыні?
— Наш час — асаблівы час. Урбанізацыя зараз татальная, і дзеці жывуць у гарадах, сярод хмарачосаў, таму школа будучыні — гэта дом, у які вучні будуць ісці з радасцю, будуць шмат працаваць перш за ўсё для саміх сябе. У гэтай школе павінна быць цікава кожнаму вучню, кожны павінен знайсці тут рэалізацыю сваім здольнасцям, магчымасцям і жаданням. Гэтая школа павінна быць мнагапрофільнай, дапамагчы вучням стаць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Над гэтым мы і будзем працаваць. Акрамя таго, з 1 верасня плануем адкрыць фізіка-матэматычны профіль. Моцныя фундаментальныя веды па матэматыцы, інфарматыцы і фізіцы дапамогуць нашым вучням развіваць мысленне, мабільнасць, жаданне ўдасканальвацца.
— Вялікі дзякуй за размову. І поспехаў вам у рэалізацыі вашых планаў!
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара