Ідэі на выбар

- 12:36Сацыяльны ракурс

Лепшыя сацыяльныя праекты былі вызначаны нядаўна ў Мінску, дзе прайшоў фінал у сацыяльных праектаў Social Weekend. 15 самых абгрунтаваных, самых сацыяльна важных праектаў па выніках фіналу атрымалі матэрыяльную падтрымку ад мецэнатаў, а гэта больш за 40 000 беларускіх рублёў.

Што ж такое Social Weekend? Гэта конкурс, распачаты ў 2013 годзе, на які кожны можа прапанаваць сваю ідэю, і калі не атрымаць грошы на яе ўвасабленне, то адшукаць аднадумцаў. Дарэчы, спаборніцтва праводзіцца не толькі ў нацыянальным маштабе: рэгіянальныя конкурсы Social Weekend праходзілі ў Брэсце і Віцебску. Сёлета на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе паступіла амаль 160 заявак, з гэтай колькасці толькі 40 праектаў трапілі ў чвэрцьфінал і на двухмесячны тэрмін навучання. 24 праекты аказаліся ў паўфінале, дзе журы выбрала фіналістаў.

Прынамсі, на апошнім этапе конкурсу да членаў журы — кіраўнікоў аддзелаў маркетынгу і піяру вядомых кампаній і рэдактараў СМІ — далучыліся прадстаўнікі дзяржструктур, дырэктары кампаній. Міністэрства адукацыі прадстаўляў дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра міністэрства П.А.Ліс. Вядома, у журы было прадстаўлена і Міністэрства эканомікі.

— Тое, што робіць зараз адукацыя, і тое, што робяць прадпрымальнікі, у пэўных момантах супадае, — заўважыў на адкрыцці фінальных спаборніцтваў П.А.Ліс. — Важна, каб мы зараз абмяняліся інфармацыяй і не рабілі тое ж самае, а калі робім адну справу, то дапамагалі адно аднаму парадамі, кансультацыямі, падтрымлівалі ініцыятывы.

Павел Анатольевіч дадаў, што некаторыя праекты ўжо рэалізоўваюцца ў сферы адукацыі. Не так даўно праходзіла Міжнародная канферэнцыя па інклюзіўнай адукацыі, і там было шмат праектаў, звязаных з гэтым.

— Справа вельмі важная, і яе падтрымлівае не толькі Міністэрства адукацыі, але і многія арганізацыі, у тым ліку міжнародныя, — адзначыў дырэктар ГІАЦ. — У гэтым кірунку мы з вялікім задавальненнем гатовы супрацоўнічаць.

Цікава, што аўтары некаторых ідэй здолелі адшукаць падтрымку яшчэ на этапе разгляду заявак і заняліся рэаліза­цыяй сваіх праектаў, у тым ліку адзін з фіналістаў. Між іншым 5 з іх у выніку падтрымаў асабіста Юрый Мельнічак, заснавальнік ­ІТ-кампаніі ў сферы штучнага інтэлекту. Сярод іх праект “ТатаЗала”, які атрымаў гран-пры VIII Рэспубліканскага конкурсу, і праект, якому ўдалося заваяваць прыз глядацкіх сімпатый, — “Бабулін часнок”.

Ідэя праекта “ТатаЗала” нарадзілася ў Гомелі. Назва гаворыць сама за сябе: прыцягнуць татаў у школьныя спартыўныя залы для таго, каб мужчыны праводзілі час з дзецьмі, прычым бясплатна. А мамы ў гэты час могуць адпачыць. За перыяд, калі праект рухаўся да фіналу, яго ўдалося нават распачаць. Каманда праекта, якім кіруе Сяргей Бычкоў, распаўсюджвае вопыт на Гомель і Гомельскую вобласць — Мазыр, Рагачоў, Светлагорск, Жлобін. План развіцця праектаў знаходзіцца на карэкціроўцы і ўзгадненні ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама. У перспектыве ж гаворка можа ісці пра работу такой залы ў Мінску, кожным абласным цэнтры, а магчыма, праект рэалізуецца і яшчэ ў больш шырокім маштабе.

Аўтары ідэі ­мяркуюць, што пасля заканчэння праекта і яго фінансавання дзейнасць працягнецца дзякуючы сарафаннаму радыё, бацькі будуць самастойна папаўняць матэрыяльную базу спартыўных зал школ для сваіх патрэб, змогуць супрацоўні­чаць з адмі­ністрацыяй навучальных устаноў. І сапраўды, чаму б не супрацоўнічаць? Справа ж добрая.

Душэўны праект “Бабулін часнок”, які прапанавала каманда дзяўчат на чале з Аленай Галамазавай, нездарма так спадабаўся гледачам.

Аўтары ідэі на сваёй старонцы ў інтэрнэце паведам­ляюць, што ў Мінску налічваецца прыкладна 15 стыхійных кірмашоў, на якіх у сярэднім па 10 пенсіянераў вымушаны гандляваць не толькі без месцаў для сядзення і выкладкі прадуктаў, але часта і без даху над галавой. Акрамя таго, пажылыя людзі пастаянна адчуваюць пачуццё страху, бо гандляваць на вуліцы незаконна, такая дзейнасць караецца штрафам. Між тым пастаянна расце попыт на экалагічна чыстыя прадукты. Рашэнне дзяўчаты бачаць у стварэнні інтэрнэт-магазіна “Бабулін часнок”. За такую ідэю выказаліся 60% людзей, апытаных камандай праекта.

Устойлівасць свайго праекта каманда бачыць у выхадзе на самаакупнасць, пашырэнні асартыменту, прыцягненні новых кліентаў і павышэнні ўзроўню лаяльнасці тых пакупнікоў, якія ўжо з’явіліся ў магазіне. Гэта дазволіць стварыць пляцоўку для зносін бабуль-агародніц і навучання іх вырошчванню новых культур, выкладання асноў камп’ютарнай дасведчанасці.

Многія фіналісты конкурсу Social Weekend прадставілі ­праекты, звязаныя з навучаннем, аховай дзяцінства. Так, ­адзін з іх тычыцца пашыву чахлоў на кувезы для неданошаных немаўлят. Адна з праблем такіх малых — недаразвітасць сятчаткі вока, таму так важна закрываць кувезы ад святла, але пакуль нават не ва ўсіх радзільных дамах Мінска ёсць неабходныя прылады. Першы чахол ужо чакаюць у Бабруйску. Пры гэтым кошт чахла, які збіраюцца шыць у нас (адзін ужо гатовы) — 15 еўра ў эквіваленце, кошт замежнага брэндавага аналага — прыкладна 1 тысяча еўра.

Падтрымку атрымаў і адукацыйны праект “Навука дзецям” — інтэрнэт-партал навукова-тэхнічнай накіраванасці, асноўную спецыялізацыю якога складаюць доследы па фізіцы і хіміі, міні-бібліятэка, раздзел навуковых артыкулаў, файлавы каталог са спасылкай на цікавыя дадаткі і лагічныя гульні. А ІТ-школа для тых, у каго ёсць праблемы са слыхам, мяркуе прыцягнуць да супрацоўніцтва кампаніі, якія могуць аплачваць навучанне маладых людзей па ІТ-спецыяльнасцях і потым браць іх на работу вочна або аддалена і ў Беларусі і за яе межамі. Была агучана таксама ідэя стварэння нефармальнай прафесійнай супольнасці для настаўнікаў па абмене перадавым вопытам і сучаснымі практыкамі, а таксама ідэя інтэр­актыўнай пляцоўкі “Бяспечны лёд”, анлайн-школы “У савы” для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Удзельнікі фіналу прадставілі яшчэ нямала цікавых, часам неадназначных, сацыяльных праектаў. Застаецца нагадаць, што конкурс будзе праводзіцца і далей, на яго можна прадставіць, як кажуць арганізатары, любую ідэю, якая здольна прынесці карысць грамадству.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі конкурсу Social Weekend.