Ідэйны натхняльнік, навуковец і актыўны метадыст

- 10:29Суразмоўца

Доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Ларыса Аляксандраўна Мурына даўно з’яўляецца легендай беларускай адукацыі. Яе імя добра знаёма настаўнікам-славеснікам і навукоўцам-метадыстам не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.
Сёння ў Ларысы Аляксандраўны юбілей. Ёй спаўняецца 80 гадоў. І ў нашым інтэрв’ю мы з ёй не падводзім вынікі, а гаворым пра планы і перспектывы. Ёсць у інтэрв’ю яшчэ адна задача.
Ім распачынаецца новы праект нашай газеты, які будзе прысвечаны аўтарам вучэбных выданняў для школы. Спадзяёмся, што гэтая старонка стане дыскусійнай пляцоўкай, бо новы фармат школьнай адукацыі патрабуе і адпаведнага вучэбна-метадычнага забеспячэння.

Ларыса Аляксандраўна Мурына на працягу многіх гадоў паспяхова кіруе творчым калектывам па распрацоўцы навуковага, нарматыўнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння працэсу навучання рускай мове ў агульнаадукацыйных установах рэспублікі. Пад яе навуковым кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле распрацаваны і ўкаранёны канцэпцыя вучэбнага прадмета “Руская мова”, адукацыйныя стандарты, нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, вучэбныя праграмы, падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі, дыдактычныя матэрыялы па рускай мове для 5—11 класаў, а таксама вучэбна-метадычныя комплексы для факультатыўных заняткаў.
Ларысай Аляксандраўнай падрыхтавана цэлая плеяда таленавітых навукоўцаў, у ліку якіх 44 кандыдаты і 6 дактароў педагагічных навук. Пры яе непасрэдным удзеле ў 1988 годзе на філалагічным факультэце БДУ была створана першая ва ўніверсітэце кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. Пад яе навуковым кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле распрацоўваюцца вучэбныя дапаможнікі па рыторыцы, пры кафедры адкрываюцца магістратура і аспірантура. На факультэце былі адкрыты 14 новых спецыяльнасцей па замежных мовах.
Адным з важных напрамкаў творчай дзейнасці прафесара Ларысы Аляксандраўны Мурынай з’яўляецца падрыхтоўка і правядзенне міжнародных форумаў русістаў краін СНД і Балтыі, а таксама рэспубліканскіх навукова-практычных семінараў маладых настаўнікаў рускай мовы і літаратуры. Яна ― ідэйны натхняльнік, навуковы кансультант і актыўны ўдзельнік гэтых мерапрыемстваў.


— Ларыса Аляксандраўна, у Нацыянальным інстытуце адукацыі аб’яўлены конкурс на стварэнне новых базавых падручнікаў па прадметах, якія вывучаюцца ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Вы як кіраўнік аўтарскага калектыву па напісанні ўсіх новых падручнікаў па рускай мове з 5 па 11 клас будзеце прымаць удзел у гэтым конкурсе? І ў чым заключаецца адрозненне базавага падручніка ад звычайных, па якіх займаюцца дзеці сёння?
— Новыя базавыя падручнікі па прадметах, якія вывучаюцца ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, павінны стаць найважнейшым фактарам гуманітарызацыі, фарміравання сучасных жыццёвых установак асобы. Інтэлектуальна падрыхтаваць, духоўна і маральна выхаваць асобу дазволіць такая сістэма адукацыі, у якой фарміруюцца веды не толькі канкрэтнага вучэбнага прадмета, але і ўменні дзейнічаць на аснове ведаў у канкрэтнай сітуацыі: калі выпускнік, прааналізаваўшы сітуацыю, у стане выявіць праблему, якая ўзнікае, і тыя прадметныя веды, якія дапамогуць у яе практычным вырашэнні. Гэта вучэбна-інтэлектуальныя ўменні, якія фарміруюцца ў працэсе практыка-арыентаванай прадметнай дзейнасці, якая рэалізоўвае адукацыйныя і выхаваўчыя мэты, выяўленыя ў паняццях “фарміраванне” і “развіццё”.
Фарміраванне азначае мэтанакіраванае кіраванне працэсам авалодання прадметнымі і агульнавучэбнымі (метапрадметнымі) ведамі, а развіццё — гэта практыка-арыентаваная дзейнасць вучня, якая прадугледжвае ўдасканаленне ўменняў карыстання прадметнымі і агульнавучэбнымі (метапрадметнымі) ведамі ў вучэбнай дзейнасці, а таксама ў розных канкрэтных сітуацыях. Акрамя таго, настаўнік, дэманструючы на кожным уроку дзейнасць як спосаб пазнання (на ўзроўні назірання, аналізу, параўнання, супастаўлення пастаноўкі мэты, асэнсавання, прыняцця рашэння, кваліфікацыйнай высновы па выніках вучэбнай дзейнасці і г.д.), узбройвае вучня ўменнямі самастойна асвойваць любую галіну ведаў.
Сучасныя стандарты і праграмы па ўсіх прадметах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь прапаноўваюць новую форму вымярэння вынікаў навучання — кампетэнцыі. Кожны вучэбны прадмет вызначае сваю сістэму кампетэнцый, аднак такія кампетэнцыі, як камунікатыўная, лінгвакультуралагічная (культуралагічная), сацыякультурная, з’яўляюцца прыярытэтнымі для ўсіх прадметаў, паколькі іх змястоўны складнік накіраваны на развіццё сучаснай асобы.
Поспех у авалоданні кампетэнтнаснымі ведамі ў значнай ступені залежыць ад таго, наколькі ў працэсе навучання ўлічваюцца ўзаемасувязь і ўзаемадзеянне вучэбных прадметаў (напрыклад, гуманітарнага цыкла: беларускай, рускай, замежных моў, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, рускай і беларускай літаратуры, гісторыі), вывучэнне якіх адбываецца па існуючай традыцыі аўтаномна.
Змена прыярытэтаў у навучанні і выхаванні навучэнцаў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжвае новую прадметную метадычную сістэму рэалізацыі тэарэтычнага зместу, падыходаў, кампетэнцый, прынцыпаў у педагагічным працэсе навучання — вучэння, выхавання і развіцця асобы навучэнца. Каб правільна арганізаваць працэс самастойнага засваення навучэнцамі ведаў па прадмеце, якія з’яўляюцца толькі першаснай навуковай інфармацыяй, неабходна сістэма метадычных сродкаў для паэтапнага пераўтварэння атрыманай інфармацыі ў веды.
Механізмам фарміравання навуковых ведаў па прадмеце з’яўляюцца віды вучэбнай дзейнасці, якія забяспечваюць умовы для паступовага пераходу ад калектыўнай формы да індывідуальнай, якая абапіраецца на самастойную работу навучэнцаў з рознымі крыніцамі інфармацыі, пераход да самарэгулюючай вучэбнай дзейнасці на аснове самакантролю і самаацэнкі яе зместу, прадметных тэхналогій, метадаў, сістэмы заданняў і практыкаванняў. Такая метадычная сістэма сродкаў павінна складаць 80% аб’ёму базавага падручніка. На аснове ўсяго сказанага мы павінны стварыць новы калектыў па напісанні базавых падручнікаў па рускай мове, уключаючы ў склад распрацоўшчыкаў і настаўнікаў-наватараў.

―А якімі палажэннямі павінны кіравацца складальнікі базавага падручніка, а таксама настаўнікі?
— Можна вылучыць наступныя палажэнні: усведамленне мэты прымянення метаду і вызначэнне яго месца і ролі ў агульнай сістэме ўзаемаабумоўленых і ўзаема-заменных сродкаў навучання пэўнай вучэбнай тэмы; у якой меры выбраны метад навучання накіраваны на развіццё самастойнай творчай дзейнасці навучэнцаў; наколькі метад прымяняльны да вывучэння таго ці іншага зместу (з улікам мэты і спецыяльных задач урока); у якой меры выбраны метад адпавядае псіхалагічным асаблівасцям і магчымасцям навучэнцаў таго ці іншага ўзросту; наколькі выкарыстаны метад уздзейнічае як на інтэлектуальную, так і на эмацыянальную сферу навучэнцаў, што прадугледжвае ўзаемадзеянне вербальных і наглядных метадаў навучання.
Вырашаючы вучэбныя і выхаваўчыя задачы, складальнікі падручніка, а таксама настаўнікі павінны імкнуцца да таго, каб навучэнцы з дапамогай сродкаў метадычнай сістэмы авалодвалі сумай не толькі прадметных ведаў, але і ведамі агульнавучэбнага (метапрадметнага) характару.
Акрамя таго, складальнікам базавых падручнікаў па прадметах і настаўнікам важна ведаць не толькі методыку рэалізацыі метадаў, месца, ролю, вынікі іх выкарыстання, але і характар прымянення метадычных сродкаў у розных класах у розных спалучэннях, пры вывучэнні рознага вучэбнага матэрыялу ў адпаведнасці з праграмай. Таму важна, каб адзін калектыў распрацоўваў усю сістэму для навучання з 5 па 11 клас, уключаючы і профільны (павышаны) узровень. Тады не будзе парушацца агульнадыдактычны прынцып пераемнасці і перспектыўнасці.

— Ларыса Аляксандраўна, ці можна вызначыць агульныя патрабаванні да зместу базавага падручніка па прадмеце, які вывучаецца ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі?
— Адным з напрамкаў у галіне ўдасканалення адукацыі з’яўляецца абнаўленне зместу адукацыі ў логіцы кампетэнтнаснага падыходу, якое патрабуе стварэння новых падручнікаў для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў вучэбных выданнях вядзе да перагляду падыходу да формы і спосабаў прадстаўлення вучэбнага матэрыялу.
Новы падручнік павінен забяспечыць авалоданне ключавымі, асобаснымі, прадметнымі і міжпрадметнымі кампетэнцыямі, не толькі ўтрымліваць неабходны тэарэтычны і практычны матэрыял, выкладзены больш даступнай для ўсіх навучэнцаў мовай, але і мець ярка выяўленую дзейнасную накіраванасць. Пры распрацоўцы лініі падручнікаў для розных класаў павінна быць рэалізавана пераемнасць паміж ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі.
Распрацоўка базавага падручніка, акрамя агульнадыдактычных прынцыпаў (навуковасці, даступнасці, лагічнасці, паслядоўнасці і пераемнасці, свядомасці і актыўнасці, нагляднасці, выхаваўчага і развіццёвага навучання), павінна быць заснавана на наступных спецыфічных прынцыпах:
прынцып самадастатковасці (падручнік павінен змяшчаць дастатковы тэарэтычны і практычны матэрыял, які забяспечвае якаснае засваенне зместу адукацыі (фарміраванне ключавых кампетэнцый) незалежна ад наяўнасці дадатковых кампанентаў ВМК);
матывацыйна-стымулюючы прынцып (падручнік па змесце і форме падачы вучэбнага матэрыялу фарміруе матывацыю да вучэння, стымулюе пазнавальную актыўнасць і самастойную вучэбную дзейнасць навучэнцаў);
прынцып разнастайнасці форм прадстаўлення інфармацыі: тэкставай (вербальнай), знакавай, графічнай, гукавой, візуальнай (статычны і дынамічны візуальны рады);
прынцып прадстаўлення вучэбнага матэрыялу ў мультымедыйна насычаным інтэрактыўным фармаце;
прынцып індывідуалізацыі (адаптыўнасці) працэсу навучання ў сучасным інфармацыйным адукацыйным асяроддзі, якое прадугледжвае для кожнага навучэнца магчымасць вучыцца па індывідуальнай траекторыі;
прынцып галінавання (кампаненты электроннай падтрымкі павінны быць звязаны гіпертэкставымі спасылкамі адзін з адным, каб у навучэнца была магчымасць звярнуцца да любога кампанента электроннай падтрымкі).
Аднак абавязковым патрабаваннем да базавага падручніка з’яўляецца наяўнасць двух складнікаў: тэарэтычнай часткі, у якой даюцца вызначэнні праграмных паняццяў і значэнні, якія іх раскрываюць, і практычнай часткі, у якой прадстаўлена метадычная сістэма сродкаў (прадметныя тэхналогіі, віды дзейнасці, метады, прыёмы, практыкаванні і заданні) для трэніроўкі ўменняў і навыкаў. Ні ў тэарэтычным, ні ў практычным матэрыяле не павінна быць перагрузкі матэрыялу, а таксама залішняга тэарэтызавання вучэбнага матэрыялу.

— І апошняе: сярод праблем выкладання рускай мовы можна назваць праблемы, якія трэба вырашаць на навуковым або практычным узроўні?
— Вядома, можна і нават неабходна пазначаць, каб знаходзіць шляхі іх вырашэння. У пачатку мы можам сказаць, што тэарэтычнае вывучэнне мовы і фарміраванне практычных маўленчых навыкаў павінна быць збалансавана з улікам складу навучэнцаў і павінна абапірацца на розныя метадычныя падыходы.
Асваенне дысцыпліны “Руская мова” ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў нашай рэспубліцы павінна прадугледжваць засваенне неабходных ведаў пра мову як знакавую сістэму і грамадскую з’яву, яе будову, развіццё і функцыянаванне; авалоданне ўсімі відамі маўленчай дзейнасці (слуханне, чытанне, маўленне, пісанне); уменне выкарыстоўваць маўленчыя навыкі ў адпаведных сферах і сітуацыях зносін; фарміраванне нарматыўнай пісьменнасці вуснай і пісьмовай мовы.
Павінны быць зноўку прадуманы як унутрыпрадметныя, так і міжпрадметныя сувязі рускай мовы з іншымі прадметамі, перш за ўсё з курсамі замежнай мовы (напрыклад, такой сувяззю можа быць практыка перакладу) і літаратуры (напрыклад, пры вывучэнні літаратурных твораў розных эпох пажадана абмяркоўваць і каменціраваць гістарычныя змены рускай мовы).
Пры вывучэнні рускай мовы неабходна выкарыстоўваць усю разнастайнасць тэкстаў мастацкай літаратуры (класічнай і сучаснай) і немастацкіх тэкстаў розных функцыянальных тыпаў. Корпус тэкстаў павінен фарміравацца з улікам узроставых, этнакультурных, сацыякультурных асаблівасцей успрымання навучэнцаў.
Неабходна фарміраваць культуру выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў і рэсурсаў (уключаючы папяровыя слоўнікі, электронныя слоўнікі, праграмы -арфаграфічнага кантролю, пошукавыя сістэмы, сістэмы распазнавання тэксту і вуснага ўводу, транскрыбіравання). Навыкі такога кшталту варта развіваць на ўсіх этапах адукацыі (пры вывучэнні рускай мовы і іншых прадметаў).
Выніковая атэстацыя ў 11 класе павінна ўключаць кантроль за ўзроўнем валодання не толькі пісьмовай, але і вуснай мовы, што патрабуе распрацоўкі на аснове сучасных методык крытэрыяў ацэнкі гаварэння як маўленчай здольнасці.
Неабходна ўвесці два ўзроўні экзаменаў па рускай мове — базавы і профільны. На базавым узроўні правяраецца ступень валодання вуснай і пісьмовай мовай. Профільны ўзровень экзамену па рускай мове прызначаецца для навучэнцаў, якія плануюць працягнуць навучанне ў вышэйшых навучальных установах філалагічнай і лінгвістычнай накіраванасці. На базавым узроўні відавочны прыярытэт праверкі камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў. На павышаным узроўні на першы план выходзіць моўная кампетэнцыя вучняў, узровень якой павінен дазваляць ім вырашаць лінгвістычныя задачы, працягваць навучанне ў ВНУ па прынятых у іх праграмах.
Падрыхтоўка настаўнікаў-славеснікаў сёння мае патрэбу ў сур’ёзнай карэкцыі. Трэба вызначыць аптымальныя суадносіны тэарэтычнай адукацыі і практычнага вопыту. Асаблівай увагі патрабуе развіццё праграм павышэння кваліфікацыі настаўнікаў-славеснікаў. Асобныя цэнтры падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, якія крочаць у нагу з часам, не аб’яднаны ў сетку, інфармацыя аб іх рабоце не выходзіць за рамкі рэгіёна.
Сур’ёзная праблема — нежаданне настаўнікаў займацца самаадукацыяй. Яны тлумачаць сваю страту цікавасці да прадмета непрэстыжнасцю на сучасным этапе прафесіі педагога. І тут павінна праводзіцца адпаведная ацэнка якасці работы настаўнікаў рускай мовы і літаратуры. Сёння атэстацыя настаўнікаў часта носіць фармальны характар, не стымулюе педагогаў да развіцця, не спрыяе прафесійнаму росту і творчасці.

— Ларыса Аляксандраўна, вялікі дзякуй за гутарку. З юбілеем вас!

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.