ІКТ для работы з дзецьмі з парушэннямі зроку

- 11:08Спецыяльная адукацыя

Спецыфіка дзейнасці нашай установы адукацыі заключаецца ў тым, што ў ёй вучацца дзеці, якія маюць парушэнні зроку. Малышы з такой паталогіяй не маюць рэальных уяўленняў аб прадметах і з’явах, якія знаходзяцца вакол іх, і, на жаль, не могуць стварыць аб’ектыўную карціну аб навакольным свеце без спецыяльных сродкаў нагляднасці. У пошуку эфектыўных тэхналогій, метадаў і сродкаў для развіцця ў выхаванцаў сенсорнага і пачуццёвага ўспрымання асяроддзя наш калектыў прыйшоў да выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Са з’яўленнем ва ўстанове інтэрактыўнай дошкі пачалося актыўнае яе асваенне з мэтай арганізацыі адукацыйнай і карэкцыйнай работы з дзецьмі. Трэба адзначыць, што значную вучэбна-метадычную дапамогу і навуковую падтрымку ў засваенні сучасных тэхналогій нам аказвае Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, у прыватнасці, кафедра тыфлапедагогікі, з якой наша ўстанова заключыла дагавор аб супрацоўніцтве. Мы пачалі ствараць медыятэку інтэрактыўных гульняў і практыкаванняў па развіцці пазнавальнай сферы дзяцей. Так, на занятках па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў педагогі распрацавалі такія інтэрактыўныя гульні, як “Знайдзі суседзяў”, “Размалюй дом”, “Злучы лічбы” і іншыя, якія рэалізоўваюцца пры дапамозе інтэрактыўнай дошкі.

Дзякуючы гэтаму, у дзяцей фарміруюцца ўяўленні аб форме, колеры, памеры, месцазнаходжанні рэчаў у прасторы, удасканальваецца ўменне лакалізаваць адзін прадмет з мноства, параўноўваць фігуры па знешніх прыметах (колер, форма, велічыня). Дзеці вучацца групаваць, складаць цэлае з частак, знаходзіць падабенства ў навакольнай прасторы, у іх развіваюцца здольнасці вызначаць напрамкі ў прасторы, рухацца ў зададзеным кірунку, пазначаць словамі становішча прадметаў у адносінах да сябе (зверху квадрат, справа трохвугольнік, злева круг і г.д.).

На музычных занятках прымяняюцца гульні для інтэрактыўнай дошкі на развіццё тэмбравага і рытмічнага слыху, сярод якіх “Які інструмент вы чуеце?”, “Чароўны куфэрак”, “Хто на чым іграе?” і іншыя. Дзякуючы такім гульням, у выхаванцаў развіваецца здольнасць да распазнавання гукаў рознай тэмбравай афарбоўкі, перадачы гукаў рознай працягласці, фарміруецца ўяўленне аб вышыні і сіле гучання, развіваецца музычная памяць. Акрамя пазнавальных інтарэсаў, у дашкольнікаў развіваюцца музычна-сенсорныя здольнасці, дробная маторыка, дзеці вучацца параўноўваць і абагульняць, вылучаць прыметы.

З дапамогай ІКТ выхаванцы развучваюць комплексы зрокавай гімнастыкі для зніжэння зрокавага напружання. Сёння наш калектыў працуе над стварэннем інтэрактыўнай смарт-гульнятэкі для выканання практыкаванняў дома з мэтай прафілактыкі і карэкцыі зрокавых парушэнняў і развіцця пазнавальнай актыўнасці.

Варта адзначыць, што дзеці праяўляюць большую актыўнасць падчас заняткаў з інтэрактыўнай дошкай у параўнанні з заняткамі, дзе вучэбны матэрыял выкладаецца традыцыйнымі метадамі. Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі дапамагае дэманстраваць розныя аб’екты ў шматразова павялічаным выглядзе, актывізуе зрокавыя функцыі, вакамерныя магчымасці дзіцяці, дазваляе рабіць заняткі больш яркімі, цікавымі. А педагогу інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі даюць магчымасць праявіць творчасць, індывідуальнасць, пазбегнуць фармальнага падыходу да правядзення заняткаў.

Вызначым пяць асноўных прынцыпаў арганізацыі заняткаў з прымяненнем мультымедыйных сродкаў.

1. Менш наглядных аб’ектаў на экране.

Дзеці з парушэннямі зроку не могуць затрымліваць увагу на вялікай колькасці аб’ектаў.

2. Не парушаць нормы часу для заняткаў з выкарыстаннем ІКТ.

З інтэрактыўнай дошкай дзеці павінны працаваць не больш за 10 хвілін на адных занятках.

3. Заняткі не павінны мець некалькі дыдактычных мэт.

Лепш за ўсё, калі ў кожныя заняткі будзе ўключаны адзін (максімум два) вучэбны элемент з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі.

4. У рабоце з дашкольнікамі без неабходнасці не выкарыстоўваць тэкставы матэрыял для дэманстрацыі на інтэрактыўнай дошцы.

Тэкст на экране адцягвае ўвагу дзіцяці. Калі заняткі не прадугледжваюць вывучэнне літар ці гукавы аналіз слоў, тэкст не павінен дэманстравацца на экране.

5. Мінімальна выкарыстоўваць анімацыйныя і дынамічныя аб’екты на экране інтэрактыўнай дошкі.

Да выкарыстання эфектаў анімацыі неабходна падыходзіць педагагічна абгрунтавана і выключна ў пазнавальных мэтах. Час назірання за дынамічнымі аб’ектамі не павінен быць большым за 30 секунд.

Важна, каб усе дзеці пры паступленні ў школу мелі роўныя стартавыя магчымасці. Сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі дапамагаюць эфектыўна рыхтаваць дашкольнікаў з парушэннямі зроку да навучання ва ўстановах сярэдняй адукацыі. Аднак неабходна адзначыць, што выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій не замяняе традыцыйных карэкцыйных метадаў работы з такімі дзецьмі, а з’яўляецца дадатковай крыніцай інфармацыі, нагляднасці, стварае станоўчы эмацыянальны настрой, развівае пазнавальную актыўнасць выхаванцаў у адукацыйнай дзейнасці і тым самым дапамагае дасягнуць станоўчых вынікаў у развіцці дашкольнікаў.

Віялета КАКОРЫНА,
загадчык спецыяльнага ясляў-сада № 19 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку.