ІКТ на ўроках матэматыкі: больш даступна і ярка

- 17:00Гродна

РОЎГАЧ Вольга Міхайлаўна,
настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Слоніма.

Вольга Міхайлаўна скончыла матэматычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Стаж работы — 13 гадоў. Педагагічнае крэда настаўніцы: “Каб дайсці да мэты, трэба перш за ўсё ісці”.

Намінацыя “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”

Вольга Міхайлаўна пераканана, што спалучэнне ў педагагічнай дзейнасці элементаў стратэгіі актыўнай ацэнкі, традыцыйных методык навучання з сучаснымі інфармацыйнымі магчымасцямі дазваляе зрабіць навучанне больш эфектыўным. Вопыт яе работы паказвае, што камп’ютарныя тэхналогіі дапамагаюць урокам быць больш змястоўнымі і эфектыўнымі, забяспечваюць высокі ўзровень нагляднасці вучэбнага матэрыялу, дазваляюць інтэнсіфікаваць матэрыял, які вывучаецца. Графіка, мультыплікацыя, магчымасць маніпуліраваць рознымі аб’ектамі на экране падтрымліваюць увагу навучэнцаў, што садзейнічае больш поўнаму ўяўленню аб працэсе, які адбываецца, і, як вынік, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

У сваёй практычнай дзейнасці Вольга Міхайлаўна выкарыстоўвае відэанавучанне, воблачныя тэхналогіі, электронныя праграмныя вучэбна-метадычныя комплексы па прадмеце, якія ўключаюць даведачна-інфармацыйныя модулі, кантрольна-дыягнастычныя, інтэрактыўныя (ЭСН “Стэрэаметрыя”, “Тэкставыя задачы”, “Алгебра-10”, праграмнае асяроддзе “1С: Матэматычны канструктар”, адукацыйная платформа effor.by, праграмнае забеспячэнне Smart Notebook і інш.).

З улікам узроставых і індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў, у залежнасці ад тэмы ўрока і ступені складанасці праграмнага матэрыялу, Вольга Міхайлаўна выкарыстоўвае ІКТ на розных этапах вучэбных заняткаў.

“Для стварэння сітуацыі поспеху, матывацыі да вывучэння тэмы ў 5—6-х класах выкарыстоўваю магчымасці медыя на арганізацыйна-матывацыйным этапе. Дэманструю відэаролік, мультфільм, дзе героі пастаўлены ў цяжкае становішча, і прапаноўваю навучэнцам пасля прагляду знайсці выйсце са складанай сітуацыі. Выкліканы відэаролікам эмацыянальны ўздым садзейнічае павышэнню актыўнасці навучэнцаў і, адпаведна, паскарае тэмп урока”, — тлумачыць педагог.

Адным з найбольш аптымальных рэсурсаў на этапе актуалізацыі і фіксацыі цяжкасцей, як паказвае вопыт Вольгі Міхайлаўны, з’яўляецца выкарыстанне магчымасцей праграмнага забеспячэння Smart Notebook. Настаўніца прапаноўвае вучням вусна выканаць розныя заданні: запоўніць пропускі ў рашэнні задачы, устанавіць адпаведнасці, знайсці памылкі ў рашэнні, вызначыць парадак выканання дзеянняў, аднавіць алгарытм рашэння задачы.

“Выкарыстоўваючы матэрыялы, размешчаныя на адукацыйнай платформе effor.by, я магу аператыўна выяўляць ступень засваення базавага, асноўнага матэрыялу ўсімі навучэнцамі класа, своечасова праводзіць карэкцыю для далейшага паспяховага навучання па тэме. Прапанаваныя заданні гэтай пляцоўкі разлічаны на сярэдні ўзровень, падбор аднатыповых задач даволі вялікі, што дазваляе мне як настаўніку эканоміць час для пошуку задач, эфектыўна правяраць дамашняе заданне, а навучэнцам — адпрацоўваць да аўтаматызму навык рашэння”, — расказвае В.М.Роўгач.

На этапе вывучэння новага матэрыялу педагог карыстаецца магчымасцямі праграмнага асяроддзя “1С: Матэматычны канструктар” і ЭСН “Стэрэаметрыя”, напрыклад, пры тлумачэнні складанай для разумення тэмы “Пабудова сячэнняў шматграннікаў” на ўроках геаметрыі ў 10-х класах. “Гэта адна з самых складаных тэм у курсе стэрэаметрыі і патрабуе ад навучэнцаў прасторавага мыслення, ведаў уласцівасцей і правіл паралельнага праецыравання, глыбокага валодання тэарэтычным матэрыялам. А візуальны рад з гатовымі дынамічнымі мадэлямі з праграмнага асяроддзя “1С: Матэматычны канструктар” і ЭСН “Стэрэаметрыя” спрашчае вывучэнне тэмы, матывуе навучэнцаў на самастойны пошук рашэння задач”, — лічыць педагог.

Для работы на этапе замацавання асаблівую актуальнасць на ўроках набывае праграмнае асяроддзе “1С: Матэматычны канструктар” і праграма-трэнажор “Алгебра-10” пры вывучэнні раздзела “Функцыі”. Самастойная работа навучэнцаў па пабудове графікаў функцый становіцца захапляльнай і простай, што стварае атмасферу, якая адрозніваецца ад штодзённай руціннай працы, здымае псіхалагічныя бар’еры, што ўзнікаюць у традыцыйных умовах з-за неразумення тэмы ці боязі зрабіць памылку.

Важным кампанентам урока з’яўляецца этап кантролю ведаў і ўменняў навучэнцаў, падчас якога Вольга Міхайлаўна выкарыстоўвае тэсты, якія складае пры дапамозе праграмнага комплексу “ЗНАК” і канструктара тэстаў easyQuizzy. Тэсціраванне з дапамогай камп’ютара цалкам ліквідуе суб’ектыўнасць у ацэнцы ведаў навучэнцаў. Апрацоўка вынікаў займае секунды, адразу выдаецца статыстыка — працэнт засвойвання матэрыялу асобнымі навучэнцамі ці класам у цэлым, што дазваляе педагогу правесці карэкцыю памылак яшчэ на ўроку.

На этапе рэфлексіі В.М.Роўгач прымяняе Google-формы, якія дапамагаюць сабраць інфармацыю аб выніках самаацэнкі кожнага навучэнца і паказваюць цэласную карціну таго, наколькі былі рэалізаваны задачы ўрока.
“Я як настаўнік зацікаўлена ў якасці і трываласці ведаў навучэнцаў, таму разумею, што нельга ўпускаць ніводнай магчымасці, якая зрабіла б матэматыку прасцейшай і больш даступнай. Безумоўна, не факт, што выкарыстанне ІКТ на ўроку дапаможа вучням авалодаць ведамі па матэматыцы хутка і лёгка. Але лёгкіх шляхоў у навуку няма, таму неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці для таго, каб дзеці адчулі прывабныя бакі вывучэння прадмета”, — упэўнена Вольга Міхайлаўна.