Самім расціць лён, разумець яго каштоўнасць, паважаць працу льнаводаў і вытворцаў вучыць дзяцей намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Міёрскага дзіцячага сада № 3 Надзея Мацвеева са сваімі калегамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па словах Надзеі Міхайлаўны, усё пачалося два гады назад, калі ў дзіцячым садзе вырашылі рэалізаваць праект “Прыродныя сімвалы Беларусі”. Адным з яго этапаў было тое, што дзеці з сярэдняй групы пасадзілі на прысадаўскай градцы лён, даглядалі яго, а потым сабралі свой першы ў жыцці льняны снапок. Хлопчыкам і дзяўчынкам гэты вопыт спадабаўся, сваё ўпрыгожанае блакітнымі кветачкамі лета яны ўспаміналі з задавальненнем.
Летась у дашкольнай установе вызваліліся памяшканні, якія раней займаў Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі — ён пераехаў у іншы будынак. І Надзея Мацвеева прапанавала стварыць на гэтым месцы экспазіцыю, прысвечаную льну, а таксама вярнуцца да практыкі вырошчвання дзеткамі гэтага прыроднага сімвала Беларусі, распачаць і новыя справы. Загадчыца дзіцячага сада Валянціна Рыгораўна Аляксеева і калегі ініцыятыву падтрымалі, і работа закіпела.

— Цяпер у нас на пастаяннай аснове пачаў рэалізоўвацца праект “Мы расцілі лён у садзе”. Гэтым летам выкарысталі насенне двух відаў і вырасцілі не толькі традыцыйны блакітны, але і чырвоны лён. Трэба было бачыць, з якім клопатам і адказнасцю дзеці з леек палівалі расліны, як радаваліся з’яўленню кветак, галовак. Калі надышоў час, самі рвалі лён, пакідалі вылежвацца для прасушкі, збіралі ў снапкі. Тое, што мы ажыццяўляем увесь працэс так, як ён адбываецца на самай справе, — важная частка працоўнага выхавання. Гэта дае дзецям разуменне, які складаны шлях трэба прайсці ад насення да кашулі, — адзначае Надзея Міхайлаўна.
У сакавіку мінулага года ў дзіцячым садзе адкрыўся музейны пакой “Лянок”. Экспанаты для яго збіралі літаральна па крупінках. У экспазіцыі прадстаўлена шмат фотаздымкаў, якія наглядна дэманструюць, як вырошчвалі, збіралі, апрацоўвалі, выкарыстоўвалі лён нашы продкі і як гэта робіцца ў сучасных умовах. Малыя падчас экскурсій даведваюцца, што гэтая каштоўная расліна дае нам адзенне, бялізну, ручнікі, алей, муку, семечкі, што лён запатрабаваны і ў будаўнічай, фармакалагічнай прамысловасці, жывёлагадоўлі, касметалогіі.

Экскурсіі па музейным пакоі “Лянок” праводзіць у тым ліку і 6-гадовая Вера Цімафеева
У экспазіцыі можна пабачыць і нават памацаць натуральныя трасту, пакулле, валакно, вырабленыя на льнозаводзе. Ёсць тут і сапраўдныя рарытэты — саматканыя льняныя палотны, створаныя майстравітымі рукамі жыхарак Міёршчыны аж 70—80 гадоў назад. Адно з іх, бабуліна, перадала медыцынская сястра дзіцячага сада, другое — калега з іншай установы дашкольнай адукацыі раёна. Побач красуюцца і такія асабліва каштоўныя экспанаты, як два высушаныя снапкі з ільну, які вырасцілі на прысадаўскім участку дзеці.
Не засталіся ў баку ад новай справы і бацькі выхаванцаў. З іх дапамогай экспазіцыя папоўнілася разнастайнымі сувенірамі з ільну, як фабрычнай вытворчасці, так і зробленымі сваімі рукамі.
Сапраўдным упрыгажэннем музейнага пакоя сталі работы Надзеі Міхайлаўны, выкананыя ў тэхніцы джутавай філіграні. Па яе словах, рукадзеллем яна займалася з дзяцінства, наведвала ў школе гурток па вязанні, самастойна асвойвала іншыя віды рукадзельнага мастацтва. Любіла дапамагаць на рабоце маці, якая працавала ткачыхай у камбінаце бытавога абслугоўвання, — ткала дываны. Пасля таго як выйшла замуж і нарадзіла дваіх дзетак, часу на творчасць ужо не хапала. Але калі па яе ініцыятыве дзіцячы сад пасябраваў з ільном, з задавальненнем зноў занялася рукадзеллем, асвоіўшы прыгожую, вытанчаную тэхніку стварэння вырабаў з ільняных і джутавых нітак.

— Ідэі для вырабаў шукаю ў інтэрнэце, але ніколі не раблю дакладна так, як там прадстаўлена. Абавязкова нешта мяняю, дабаўляю сваё. Першай маёй работай стаў куфэрак, потым з’явіліся плецены яблычак, шкатулка, ваза з кветкамі і нават навагодняя ёлачка. Для мяне гэта аддушына, магчымасць сваімі рукамі стварыць нешта прыгожае, — расказвае яна.
У другім пакоі музейнай экспазіцыі, стылізаваным пад беларускую хатку, прадстаўлены беларускія традыцыі ткацтва. Тут можна пабачыць верацяно і калаўрот, якія, дарэчы, належалі бабулі Надзеі Міхайлаўны — жыхарцы хутара Ліпаўка Міёрскага раёна Марыі Фёдараўне Арлоўскай. Таксама ёсць матавіла, рубель і валік для прасавання бялізны і іншыя прылады. Акрамя ўжо знаёмых галінак ільну, тут знаходзяцца сушаная крапіва, піжма. Дзецям тлумачаць, што ў даўніну лён фарбавалі раслінамі: піжмай — у жоўты, крапівой — у зялёны колер.
— Гэты музейны пакойчык дзеці вельмі любяць, самі просяць выхавальніц, каб іх сюды прывялі. Хлопчыкі і дзяўчынкі рассаджваюцца па драўляных лавах, з цікавасцю слухаюць аповеды, прыказкі, прымаўкі, вершы аб ільне, выконваюць заданні, гуляюць у гульні. Я распрацавала шмат метадычных папак, дзе ў дапамогу выхавальнікам сабраны багаты матэрыял па гэтай тэме. Гэтыя заняткі садзейнічаюць таму, каб дзеці цікавіліся традыцыямі беларускага народа, ведалі і паважалі іх, разумелі цану працы, а таксама па заслугах цанілі наш традыцыйны прыродны матэрыял — натуральны, экалагічны, — заўважае мая суразмоўніца.
З лёгкай рукі педагога льняная тэма апошнім часам прасочваецца і ў дзейнасці гуртка мастацкага кірунку “Маленькія чараўнікі”. Дзеці з задавальненнем робяць з джуту лялек і іншыя рэчы. У далейшых планах — набыць і асвоіць дзіцячыя ткацкія станкі. Таксама ёсць задума паспрабаваць самім рабіць з раслін уласнага ўраджаю льняныя ніткі. Надзея Міхайлаўна актыўна шукае для гэтай мэты часалку і мялку, якія выкарыстоўвалі нашы продкі.

Вобраз прыроднага сімвала Беларусі адлюстроўваецца і ў творчасці танцавальнага гуртка “Журавінкі”. Прыгожы танец “Лянок” дзеці выконваюць у льняным адзенні і з блакітнымі букетамі ў руках.
Дарэчы, аб адзенні. Супрацоўніцы дашкольнай установы заўважылі, што апошнім часам у гардэробе выхаванцаў з’явілася значна больш кашуль і сарафанаў з ільну. А гэта знак таго, што атрыманая ў дзіцячым садзе інфармацыя аб перавагах традыцыйнага беларускага матэрыялу ўжо стала кіраўніцтвам да дзеяння і для малых, і для іх бацькоў. Як сцвярджае адна з народных прымавак, “кто в лён одет — доживет до ста лет”.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара





