Ільянскай сярэдняй школе імя А.А.Грымаця Вілейскага раёна прысвоены статус “Школа міру”. Такому рашэнню папярэднічала вялікая і карпатлівая работа калектыву ўстановы адукацыі, якая мае багатую гісторыю і добрыя традыцыі.
Пры выкананні адукацыйных задач калектыў школы выкарыстоўвае тыя формы і метады работы, якія садзейнічаюць развіццю міратворчага мыслення, патрыятычнаму, грамадзянскаму, экалагічнаму, этнакультурнаму выхаванню падрастаючага пакалення.
Ужо шмат гадоў школа вядзе актыўную праектную дзейнасць, удзельнічае ў шматлікіх маштабных праектах. Так, у нас працуе навуковае таварыства навучэнцаў “Эрудыт”, члены якога з’яўляюцца прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды па прадметах, конкурсу работ даследчага характару і розных інтэлектуальных спаборніцтваў. Акрамя таго, рэалізуюцца міжведамасны праект “Школа — тэрыторыя здароўя” і абласны педагагічны праект “Развіццё экалагічнай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове стратэгіі ўстойлівага развіцця” праз работу клуба “Школьны экаград”. Створаная мадэль клуба па развіцці экалагічнай кампетэнтнасці застаецца галоўным складнікам выхаваўчай работы ўстановы адукацыі ў экалагічным выхаванні навучэнцаў.
Рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” ажыццяўлялася праз работу клубаў “Цікавыя сустрэчы”, “Юныя экскурсаводы” і школьных народных музеяў “Ільянскія гарызонты” і “Вілейшчына літаратурная”. Створаная ў працэсе інавацыйнай дзейнасці сістэма па развіцці этнакультурнай кампетэнтнасці навучэнцаў застаецца галоўным складнікам выхаваўчай работы ўстановы адукацыі па грамадзянска-патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў.
Праект “Ілья памятае” накіраваны на ўвекавечанне памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, нашы навучэнцы сталі пераможцамі раённага этапу алімпіяды для школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” і інш.
Больш за 30 гадоў назад у школе быў створаны музей “Вілейшчына літаратурная”. Крыху пазней з’явіўся яшчэ адзін — “Ільянскія далягляды”. У ім захоўваюцца матэрыялы, сабраныя ў выніку даследчай, пошукавай і краязнаўчай дзейнасці. У 2010 годзе абодва музеі атрымалі званне “Народны”, якое пацверджана ў 2015 і ў 2020 гадах.
У Ільянскай школе ўжо вельмі даўно вядзецца пошукавая дзейнасць, працуе раённы рэсурсны цэнтр “Музейная педагогіка”.
Што тычыцца работы ў рамках праекта “Сетка Школ міру”, то мы бачым такія перспектыўныя напрамкі, як пошукавая і даследчая работа, рэалізацыя праекта “Мая Ільяншчына” і інш.
Уручэнне сертыфіката “Школа міру” адбылося ва ўрачыстай атмасферы. Калектыў навучэнцаў і педагогаў гатовы горда несці званне міратворцаў. У Год міру і стварэння асабліва хочацца ўнесці свой хаця б маленькі ўклад у вялікую грамадскую справу па захаванні міру ў нашай краіне і за яе межамі.
Алеся ЮШКО,
настаўніца замежнай мовы
Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця,
удзельніца міратворчага руху