Сёлета навучэнцы сярэдняй школы № 9 Ліды імя А.У.Нічыпорчыка ўпершыню пачалі новы навучальны год з ушанавання памяці героя-сучасніка, імя якога з 1 верасня мінулага года носіць установа адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Чалавек. Прафесіянал. Герой
Навучэнцы ганарацца, што ў іх школе з 1996 па 2005 год вучыўся такі мужны чалавек, патрыёт і сапраўдны грамадзянін, як Андрэй Уладзіміравіч Нічыпорчык. Г.Л.Ткачэнка, былы дырэктар школы, настаўнік гісторыі, успамінае: “Андрэй быў вельмі выхаваны і паважлівы юнак. Добрасумленна і адказна ставіўся да вучобы. На ўроках гісторыі і грамадазнаўства заўсёды быў гатовы адказаць дамашняе заданне, умеў дакладна і зразумела выказаць сваё меркаванне, меў цвёрдую грамадзянскую пазіцыю. Актыўна ўдзельнічаў у шматлікіх спартыўных мерапрыемствах школы, пастаянна прадстаўляў яе на гарадскіх спаборніцтвах. Марыў і рыхтаваўся стаць лётчыкам, як і яго бацька. Каб ажыццявіць сваю мару, упарта ішоў да сваёй мэты”.
У 2005 годзе Андрэй Нічыпорчык скончыў школу і паступіў на авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Выпусціўся ў 2010 годзе. Лётчык першага класа, ён быў падрыхтаваны да выканання баявых задач днём і ноччу ва ўсіх метэаралагічных умовах.
З 2016 года служыў інструктарам: рыхтаваў да палётаў на Як-130 маладых пілотаў. У 2016 годзе ўдзельнічаў у выкананні аднаго з самых складаных заданняў лётнай падрыхтоўкі — пасадкі на аэрадромны ўчастак дарогі самалёта Як-130. З 2017 года прымаў удзел у паветраных парадах, дэманстрацыйных палётах. Неаднаразова ўдзельнічаў у вучэннях і міжнародных конкурсах у Беларусі і за мяжой. Асвоіў Як-52, Л-39, Су-25, Як-130. На авіябазе яго ведалі як цярплівага і ўважлівага інструктара, які любіў неба і курсантаў. Маёр Андрэй Нічыпорчык быў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” III ступені за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў.
19 мая 2021 года здарылася трагедыя. Пад Баранавічамі пацярпеў крушэнне ваенны самалёт 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы Як-130. Палёт выконвалі камандзір звяна вучэбна-баявой эскадрыллі маёр Андрэй Уладзіміравіч Нічыпорчык і пілот лейтэнант Мікіта Барысавіч Куканенка. Пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць. Праявіўшы мужнасць і гераізм, пілоты цаной свайго жыцця адвялі самалёт ад жылых дамоў.
24 лістапада 2021 года лётчыкам Андрэю Нічыпорчыку і Мікіту Куканенку пасмяротна было прысвоена званне “Герой Беларусі”.
— Гераічны ўчынак лётчыкаў Андрэя і Мікіты — прыклад мужнасці, самаадданасці і сапраўднага патрыятызму для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліла дырэктар сярэдняй школы № 9 Ліды імя А.У.Нічыпорчыка Іна Мікалаеўна Хартановіч. — Педагогі і навучэнцы нашай школы рэалізуюць пошукава-даследчы праект пра жыццё і подзвіг гвардыі маёра Андрэя Уладзіміравіча Нічыпорчыка “Не магу зрабіць інакш…”. У супрацоўніцтве з сям’ёй і калегамі лётчыкаў створана музейная экспазіцыя, аформлены памятны альбом “Чалавек. Прафесіянал. Герой”.
Імі ганарацца школьнікі
Гісторыка-краязнаўчы музей “Памяць” быў створаны ў 2011 годзе з музейнага пакоя. У аснове яго экспазіцыі — гісторыя горада, падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Новая старонка музея была адкрыта пасля трагічнай гібелі лётчыкаў. Педагогі і навучэнцы вырашылі расказаць пра подзвіг Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі наступным пакаленням. Пачалі збіраць матэрыялы, фотаздымкі, успаміны пра герояў, якія сталі асновай экспазіцыі “Адно неба на дваіх”.
— Гісторыя нашай школы цесна звязана з гісторыяй ваенных лётчыкаў, — расказала кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Памяць” Ірына Эдуардаўна Страх. — З 1947 па 1993 год на Лідскім аэрадроме размяшчалася легендарная 1-я гвардзейская штурмавая дывізія. Зараз у Лідзе дыслацыруецца 116-я гвардзейская штурмавая авіяцыйная Радамская Чырванасцяжная база. На працягу доўгіх гадоў школа з’яўляецца падшэфнай установай 116-й авіябазы і цесна супрацоўнічае з яе камандаваннем і асабістым складам. Прадметам вывучэння даследча-пошукавых атрадаў традыцыйна з’яўлялася гісторыя авіяцыйнай базы і гераічны шлях яе самых дастойных прадстаўнікоў. Пошукавую работу, пачатую папярэднімі пакаленнямі школьнікаў яшчэ ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя, працягваюць сённяшнія навучэнцы.
Асаблівае месца ў ім займае абноўленая экспазіцыя “Лётчыкі-героі”, якая адлюстроўвае гісторыю 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай Радамскай Чырванасцяжнай базы, расказвае пра знакамітых лётчыкаў. Вялікую пошукавую работу правялі навучэнцы і педагогі ўстановы адукацыі, каб сабраць звесткі пра лётчыка Івана Пракопавіча Вядзеніна, чыім імем у 1962 годзе была названа піянерская дружына школы. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны І.П.Вядзенін 29 верасня 1942 года паўтарыў подзвіг Мікалая Гастэлы і адправіў свой самалёт у баявы таран.
Іван Пракопавіч навечна залічаны ў спісы легендарнай 1-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай дывізіі, якая з 1947 па 1993 год размяшчалася на Лідскім аэрадроме, дзе сёння дыслацыруецца 116-я авіябаза.
Вынікам праведзенай школьнікамі даследчай работы стаў аформлены альбом памяці І.П.Вядзеніна. У ім сабраны звесткі пра героя, яго асабістыя фатаграфіі, баявая характарыстыка, успаміны пра яго, лісты з перапіскі піянераў школы з землякамі І.П.Вядзеніна. У гонар героя ў музеі праходзяць сустрэчы піянерскага актыву, тут прымаюць у піянеры самых дастойных навучэнцаў школы.
У экспазіцыі “Аб подзвігу, аб доблесці, аб славе” размешчана інфармацыя пра лётчыкаў-герояў Вялікай Айчыннай вайны, чыімі імёнамі названы вуліцы Ліды. Дарэчы, ёсць у Лідзе і вуліцы, названыя імёнамі Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі.
Выхаванне на традыцыях
— Неад’емнай часткай выхавання нашых дзяцей сталі сустрэчы з прадстаўнікамі 116-й авіябазы, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Яўгенаўна Швакель. — Няма ніводнага класа школы, які не пабываў бы ў музеі баявой славы авіябазы. Лётчыкі таксама праводзяць экскурсіі ў нашым школьным музеі, прымаюць удзел у мерапрыемствах у рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”, ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, у велапрабегах і спартыўных мерапрыемствах. Традыцыйныя “Волатаўскія гульні”, на якіх выступаюць навучэнцы школы сумесна з ваеннаслужачымі, з 2022 года носяць імя А.У.Нічыпорчыка. Такое супрацоўніцтва не толькі дапамагае ў выхаванні дзяцей і падлеткаў. Галоўнае, што гэта важна для саміх дзяцей. Мы адчуваем, як адгукаюцца ў іх сэрцах аповеды пра сучасных герояў. І мы імкнёмся акцэнтаваць увагу школьнікаў не толькі на подзвігу Андрэя Нічыпорчыка, але і наогул на яго жыцці, расказваем, як ён любіў жыццё, сям’ю, сваіх дзяцей, займаўся спортам, быў актыўным, добрым. У мірны час ён ахвяраваў уласным жыццём дзеля выратавання іншых людзей.
Андрэй Уладзіміравіч Нічыпорчык нарадзіўся ў Паставах 17 кастрычніка 1987 года ў сям’і ваеннага лётчыка-снайпера. У 1996 годзе сям’я пераехала ў Ліду, дзе з 3 па 11 клас хлопчык вучыўся ў сярэдняй школе № 9. Педагогі з цяплом успамінаюць былога навучэнца. Кажуць, што ў школьныя гады ён вучыўся добра, праяўляў цікавасць да гісторыі, замежнай мовы, займаўся лёгкай атлетыкай. З’яўляўся прызёрам і пераможцам школьных і раённых алімпіяд і спартыўных спаборніцтваў. Быў вясёлым, таварыскім і добразычлівым.
Установа адукацыі падтрымлівае цесныя сувязі з сям’ёй Андрэя Нічыпорчыка. Яго бацькі Галіна Міхайлаўна і Уладзімір Леанідавіч заўсёды прыходзяць на мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы, дзеляцца ўсім, што дапамагло б захаваць памяць пра Андрэя Уладзіміравіча. Яго сын Аляксей вучыцца ў 2 класе школы і прымае актыўны ўдзел у школьных конкурсах.
— Дзеці прызнаюцца: “Мы ганарымся, што па нашых школьных калідорах калісьці бегаў Андрэй Нічыпорчык, а цяпер тут ходзім мы”. Калі такія словы гучаць з іх вуснаў, гэта дарагога варта. Мы спадзяёмся, што дзеці ўбяруць у сябе самыя лепшыя традыцыі нашай установы адукацыі і вырастуць дастойнымі людзьмі на прыкладзе герояў, іх ахвярнасці і любові да Радзімы, — падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алеся Станіславаўна Ляскевіч.
Дапамогу ў выхаванні падрастаючага пакалення школе аказвае і Беларуская Праваслаўная Царква. Айцец Расціслаў прыходзіць на школьныя лінейкі, класныя гадзіны, бацькоўскія сходы, прымае ўдзел у адкрытых дыялогах са школьнікамі і абмяркоўвае з педагогамі актуальныя пытанні выхавання.
— Дзецям вельмі падабаецца сустракацца з настаяцелем храма, — адзначыла А.С.Ляскевіч. — Сустрэчы праходзяць цёпла, на пытанні айцец Расціслаў дае простыя і зразумелыя адказы, падмацоўваючы іх прыкладамі з жыцця. Гэта выклікае ў школьнікаў давер, ім хочацца слухаць госця.
Да таго ж шмат іншых школьных традыцый дапамагаюць выхоўваць дастойных грамадзян нашай краіны. Брэндам школы стаў узорны ансамбль танца “Вясёлая карусель”, які ўжо адсвяткаваў 20-годдзе. Ансамбль — удзельнік міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемстваў, конкурсаў “Прывітанне, свет!”, “Хрустальны чаравічак”, “Зорны дождж”, “Новыя вяршыні” і іншых. У школьным музеі прадстаўлены шматлікія ўзнагароды калектыву. Развіты валанцёрскі рух. У прыватнасці, на працягу пяці гадоў рэалізоўваўся праект “Роўны вучыць роўнага”. Творчых педагогаў аб’яднала каманда КВЗ “Каму за…”, а дзяцей — “ДДМ”. Традыцыйным стаў штогадовы фестываль “Парасткі надзеі”.
На прыкладзе ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, герояў-сучаснікаў у вучняў фарміруецца пачуццё доблесці і самаахвярнасці. Гэта вынік работы, якую вядуць педагогі ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі школьнікаў, пры падтрымцы мясцовых органаў улады, прадстаўнікоў 116-й авіябазы, прадпрыемстваў-шэфаў і Праваслаўнай Царквы.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі