Новыя прыярытэты ў сістэме адукацыі, неаднародны ўзровень прафесійнага майстэрства педагогаў ліцэя, традыцыйны падыход да арганізацыі метадычнай службы, якая шмат у чым вычарпала сябе, — усё гэта стала прычынай для паступовай мадэрнізацыі метадычнай службы ў Слонімскім раённым ліцэі адукацыі на працягу апошніх трох гадоў.
У ліку першых такім інавацыйным элементам мадэлі стала з’яўленне валеалагічнай лабараторыі, якая паспяхова працуе ў ліцэі. Асноўным кірункам яе дзейнасці з’яўляецца правядзенне даследаванняў, звязаных з фізіялагічным і псіхічным станам вучняў у новых умовах навучання, а таксама псіхалагічным станам педагогаў і педагагічнага калектыву ў цэлым. Па выніках даследаванняў лабараторыя распрацоўвае рэкамендацыі і арганізоўвае мерапрыемствы, накіраваныя на валеалагізацыю адукацыйнай прасторы ліцэя. За гады работы лабараторыі апрабаваны разнастайныя методыкі, сярод якіх вызначэнне трывожнасці, стамляльнасці, псіхалагічнага мікраклімату, адаптацыйных магчымасцей арганізма, міжасобасных адносін, эмацыянальнага выгарання і інш. Мы разглядаем дзейнасць валеалагічнай лабараторыі не толькі з пункту гледжання яе практычнага значэння для стварэння здароўезберагальнага асяроддзя ліцэя, але і як сродак развіцця даследчых кампетэнцый педагогаў хіміі, біялогіі, фізічнай культуры, якія ўваходзяць у яе склад. Акрамя таго, яна дазваляе ўзброіць усіх педагогаў ліцэя дыягнастычна абгрунтаванымі метадамі і прыёмамі работы ў адпаведных кірунках педагагічнай дзейнасці.
Пры метадычным савеце працуе яшчэ адна лабараторыя — лабараторыя “Дыягностыка”, якую ўзначальвае педагог-псіхолаг і ў склад якой уваходзяць кіраўнікі метадычных аб’яднанняў. Яна ажыццяўляе аналітычную дзейнасць па ўсіх аспектах адукацыйнага працэсу. Удзельнікі лабараторыі самастойна распрацоўваюць ці апрабоўваюць дыягнастычны інструментарый, а таксама працэдуры дыягностыкі, кантролю і карэкцыі. На аснове атрыманых даных у лабараторыі выяўляюцца прычынна-выніковыя сувязі паміж умовамі і вынікамі любых кірункаў дзейнасці ліцэя, праводзіцца маніторынг асобных кірункаў, распрацоўваюцца рэкамендацыі па карэкцыі адукацыйнага працэсу для павышэння якасных паказчыкаў вучэбнай дзейнасці. Дзейнасць лабараторыі “Дыягностыка” дазваляе будаваць адукацыйны працэс на дыягнастычнай аснове, развіваць і ўдасканальваць у педагогаў навыкі аналізу і самааналізу педагагічнай дзейнасці, а таксама рэфлексіўныя кампетэнцыі.
Наданне ліцэю статусу абласнога рэсурснага цэнтра па ўкараненні дыстанцыйнага навучання стала магутным стымулам для павышэння інфармацыйных кампетэнцый педагогаў на якасна новым узроўні і таксама прывяло да якасных змен у мадэлі метадычнай службы. Для сістэмнай работы па пашырэнні вучэбнага дыстанцыйнага асяроддзя ў ліцэі была створана лабараторыя “Інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі”. Галоўнай задачай дзейнасці лабараторыі з’яўляецца ўдасканаленне дыстанцыйнай школы ліцэя, маніторынг эфектыўнасці вынікаў дыстанцыйнага навучання, абагульненне эфектыўнага педагагічнага вопыту настаўнікаў-наватараў. Якасныя змены адбыліся і ў дзейнасці прадметных метадычных фарміраванняў. На пасяджэннях метадычных аб’яднанняў аналізуюцца вынікі дзейнасці рэсурснага цэнтра ў прадметных галінах, разглядаюцца і зацвярджаюцца праграмы дыстанцыйных курсаў, створаных педагогамі, распрацоўваюцца шляхі іх апрабацыі ў адукацыйным працэсе ліцэя і трансляцыі на шырокую педагагічную аўдыторыю.
Штогод у структуры метадычнай службы ліцэя з’яўляюцца творчыя і праблемныя групы, узнікненне якіх абумоўлена інтарэсам асобных педагогаў да асваення новых метадаў і тэхналогій навучання. Некалькі гадоў у ліцэі паспяхова працавала праблемная група “Развіццё творчага мыслення сродкамі эўрыстычных падыходаў да навучання”. Доследна-эксперыментальная работа ўдзельнікаў праблемнай групы па пашырэнні форм работы з таленавітымі дзецьмі і алімпіяднага руху ў ліцэі прывяла да штогадовага правядзення адкрытых ліцэйскіх эўрыстычных алімпіяд па рускай і англійскай мовах. Метадычным прадуктам дзейнасці педагогаў сталі распрацаваныя алімпіядныя заданні, алгарытм правядзення алімпіяд і крытэрыі ацэньвання творчых работ вучняў.
Новай формай арганізацыі метадычнай работы, якая дазваляе будаваць яе ў адпаведнасці з каштоўнасцямі кампетэнтнаснай, развіццёвай адукацыі стала для нашага педагагічнага калектыву педагагічная сесія, якую мы паспяхова здаём на працягу некалькіх навучальных гадоў.
Як арганізоўваецца і праводзіцца педагагічная сесія? Перад сесіяй адбываецца ўстановачны педсавет, на якім вызначаецца яе тэма і задачы, затым праводзяцца тэарэтычныя семінары, праектуюцца адкрытыя ўрокі, складаецца іх расклад і расклад іх наведванняў настаўнікамі. На працягу 2—3 тыдняў праходзяць самі ўрокі і іх абмеркаванне, і, нарэшце, завяршаецца сесія выніковым педсаветам. Галоўнай умовай рэалізацыі змястоўных задач сесіі з’яўляецца асэнсаваны, зацікаўлены ўдзел у ёй усіх членаў калектыву. Вялікую ролю пры гэтым адыгрывае выбар тэмы сесіі: яна павінна быць звернута да канкрэтнай педагагічнай практыкі і “вырастаць” з рэальных праблем настаўніцкай дзейнасці. У мінулым навучальным годзе педагагічная сесія ў ліцэі праходзіла пад назвай “Бінарны ўрок як адна з форм рэалізацыі міжпрадметных сувязей”. Па выніках сесіі былі створаны метадычныя прадукты — рэкамендацыі па правядзенні інтэграваных урокаў і электронны зборнік сцэнарыяў урокаў.
Прафесійнае майстэрства прыходзіць да таго настаўніка, які абапіраецца ў сваёй дзейнасці на навуковую тэорыю. Прапусціць практычны педагагічны вопыт праз прызму навуковай тэорыі і атрымаць абагульненне эфектыўнага педагагічнага вопыту на якасным навуковым узроўні дазваляе ліцэйская навукова-метадычная канферэнцыя.
Станоўчую ролю ў рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу да прафесійнага развіцця педагогаў адыгрываюць конкурсы педагагічнага майстэрства. Разам з тым побач з раённымі конкурсамі мы лічым неабходным і мэтазгодным правядзенне ўнутрыліцэйскага конкурсу “Настаўнік года”, які, па сутнасці, з’яўляецца рэйтынгавым спаборніцтвам на працягу ўсяго навучальнага года. Практыка правядзення конкурсу даказала магчымасць яго выкарыстання як сродку ўплыву на прафесійны рост педагогаў і іх творчыя адносіны да педагагічнай дзейнасці.
У ліцэі выпрацаваўся асаблівы падыход і да арганізацыі працэсу павышэння кваліфікацыі педагогаў у сістэме бесперапыннай адукацыі. Мы лічым неабходным заахвочваць навучанне педагогаў не толькі на планавых, але і на датэрміновых курсах, гасразліковых семінарах. Дзейнасць ліцэя ў статусе рэсурснага цэнтра па дыстанцыйным навучанні прывяла таксама і да пашырэння форм павышэння кваліфікацыі, якія традыцыйна выкарыстоўвалі педагогі, сваё месца ў гэтым шэрагу ўпэўнена занялі дыстанцыйныя курсы, у тым ліку і ў інтэрнэце.
Дзейнасць метадычнай службы будзе найбольш эфектыўнай, калі ва ўстанове адукацыі яна арганізавана на базе метадычнага кабінета. Як намеснік дырэктара, адказны за метадычную работу, лічу сваім прыярытэтным абавязкам зрабіць метадычны кабінет ліцэя сучасным інфармацыйным цэнтрам, цэнтрам акумуляцыі і распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту.
Асноўным крытэрыем мадэрнізацыі метадычнай службы, на мой погляд, з’яўляецца замена ўніфікаванага падыходу на індывідуальна-арыентаваны, што прадугледжвае стварэнне ўмоў для рэалізацыі індывідуальнай траекторыі прафесійнага і творчага росту кожнага педагога. Гібкая мадэль метадычнай службы, якая склалася на сёння ў нас у ліцэі, дазволіла сфарміраваць педагагічны калектыў, які прапаведуе культ прафесіяналізму, высокай культуры ў камунікацыі, духу творчасці і здаровай канкурэнцыі.
Валянціна ДЗЯМ’ЯНАВА,
намеснік дырэктара Слонімскага раённага ліцэя.