Інавацыі ў ліцэйскай адукацыі

- 12:35Брэстчына

Першым прыпынкам нашага прэс-туру стаў ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, які вызначаецца сваімі традыцыямі, адметным адукацыйным асяроддзем і ўласнай філасофіяй. Такі высокі статус навучальнай установы быў бы немагчымы, калі б ліцэй не працаваў у інавацыйным рэжыме. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Дзмітрыеўна Патапава, за апошнія 15 гадоў ліцэй ні на дзень не выйшаў з інавацыйнага рэжыму.

“І, што вельмі важна, усе праекты прадыктаваны жыццём, выцякаюць адзін з аднаго і выкліканы супярэчнасцямі і праблемамі, якія інакш, чым праз інавацыйную дзейнасць, вырашыць нельга. Сёння мы акумулюем увесь назапашаны ліцэем вопыт профільнага навучання ў рэалізацыю рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па апрабацыі прынцыпова новых вучэбных планаў.

Гэта якасна іншы падыход да арганізацыі і зместу ліцэйскай адукацыі. Менавіта вопыт у эксперыментальна-інавацыйнай дзейнасці і профільным навучанні дазволіў нам перавесці ў разрад эксперыментальных усе класы ліцэя. Тэма эксперымента, над рэалізацыяй якога мы зараз працуем, гучыць так: “Апрабацыя эксперыментальных вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі як сродак праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі”. У 2017/2018 навучальным годзе ў эксперыменце ўдзельнічаюць усе навучэнцы і практычна ўвесь педагагічны калектыў ліцэя”, — адзначыла Ірына Дзмітрыеўна.

Асноўная ідэя праекта — фарміраванне такога адукацыйнага асяроддзя, у якім навучэнец меў бы магчымасць на высокім узроўні без перагрузак авалодаць ведамі пэўнай колькасці профільных прадметаў і ключавымі кампетэнцыямі сацыяльнага, агульнакультурнага і інтэлектуальнага зместу праз прадметы базавых і інтэграваных курсаў.

“Эксперыментальны вучэбны план адрозніваецца ад тыпавога наяўнасцю так званых інтэграваных курсаў, калі пэўныя няпрофільныя прадметы засвойваюцца на працягу аднаго навучальнага года. Такі падыход скарачае колькасць абавязковых прадметаў, якія вывучаюцца адначасова, дае магчымасць кампактна прадставіць невялікія па аб’ёме вучэбныя курсы, спрыяе эфектыўнасці выкладання матэрыялу, яго засваенню.Пры гэтым ліцэісты могуць сканцэнтравацца на паглыбленым вывучэнні профільных прадметаў, эканомячы сілы і час за кошт інтэграваных курсаў па няпрофільных прадметах.

Такі падыход патрабуе вельмі напружанай працы ў 10-х класах, але разгружае 11-я, дазваляючы максімальна паглыбіцца ў профільныя прадметы. Дзякуючы карпатлівай працы настаўнікаў-эксперыментатараў, спробам і аналізу памылак, сістэмнаму маніторынгу і аператыўнаму рэагаванню, мы распрацавалі эксперыментальныя праграмы па павышаных і інтэграваных курсах. Такім чынам, адказалі на пытанне “Чаму вучыць?”, — падключыўся да размовы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ілья Міхайлавіч Пархуціч.

Далей, па словах намеснікаў дарэктара ліцэя, спатрэбіўся больш пільны і абгрунтаваны адбор методык, прыёмаў, форм работы, элементаў пед-тэхналогій. Пытанне “Як вучыць?” патрабавала аргументаў. Складанасць заключаецца ў тым, што стратэгіі ў навучанні на павышаным і на базавым (інтэграваным) узроўнях розныя.

“Найбольшую цяжкасць у нас выклікала псіхалагічная перабудова настаўніка ў дачыненні менавіта да базавых або інтэграваных прадметаў, ломка стэрэатыпа “мой прадмет самы важны”. Ёсць і іншы бок медаля — не звузіць змест праграмнага матэрыялу, а толькі спрасціць яго, паменшыць глыбіню, аддаць прыярытэт развіццёвым задачам. Апрабацыя інтэграваных курсаў у ходзе эксперымента пацвярджае іх неабходнасць. Яны дазваляюць навучэнцам эканоміць час для вывучэння профільных прадметаў і не дапусціць пры гэтым перагрузкі. Разам з тым падчас эксперымента мы пераканаліся, што навучанне на базавым узроўні па інтэграваных курсах патрабуе перагляду крытэрыяў ацэньвання, бо пры пабудове такіх курсаў перш за ўсё прымяняецца кампетэнтнасны падыход.

Галоўным крытэрыем ацэнкі становіцца фарміраванне кампетэнцый вучняў, набыццё імі практыка-арыентаваных ведаў і ўменняў прыкладнога характару. Мы ўжо чацвёрты год рэалізоўваем агучаную Прэзідэнтам Беларусі ідэю аб спрашчэнні праграм без шкоды для якасці”, — працягвала Ірына Дзмітрыеўна Патапава.

Інавацыйная дзейнасць — гэта не толькі станоўчыя вынікі, гэта яшчэ і цяжкасці. Іх нам таксама агучылі ў ліцэі, бо без іх пераадолення рух замаруджваецца або ўвогуле спыняецца. Першае — не вызначаны механізм пераходу (пераводу) вучня на іншы профіль або ў іншую ўстанову адукацыі (напрыклад, у сярэднюю школу).
Неабходна на заканадаўчым узроўні даць магчымасць ліцэям ажыццяўляць якасную дапрофільную падрыхтоўку праз права адкрыцця праліцэйскіх класаў на базе ўстановы. Ёсць цяжкасці са складаннем графіка кантрольных работ, якія, згодна з санітарнымі нормамі і правіламі, можна праводзіць толькі ў аўторак, сераду і чацвер. Забарона на правядзенне кантрольных работ у пятніцу для профільных класаў губляе сэнс, бо ў суботу праводзяцца факультатыўныя заняткі па профільных прадметах. Адпаведна, субота — вучэбны дзень.

Губляе сэнс рангавая шкала цяжкасцей вучэбных прадметаў ва ўмовах профільнага навучання. Форма і змест выпускных экзаменаў і ЦТ па рускай, беларускай, замежных мовах не адпавядаюць адно аднаму. Патрэбны абавязковыя выпускныя экзамены па профільных прадметах (больш за ўсё гэта тычыцца хіміка-біялагічнага профілю), інакш страчваецца сутнасць профільнага навучання. У новых праграмах і падручніках для старшых класаў па-ранейшаму парушаны або разарваны міжпрадметныя сувязі.

У рамках кожнага профілю патрэбны курсы (магчыма, праз выкарыстанне гадзін факультатыўных заняткаў), якія дазволілі б паглыбіць веды па асобных раздзелах профільнага прадмета. Зацвярджаць праграмы такіх факультатываў маглі б абласныя інстытуты развіцця адукацыі.

Па даных апытання, вынікамі адукацыйнага працэсу задаволены 100% навучэнцаў ліцэя, 97% бацькоў, 99% настаўнікаў 10-х класаў, а таксама 98,6% навучэнцаў, 96,3% бацькоў, 100% настаўнікаў 11-х класаў. 89% выпускнікоў 2016 года зрабілі свой прафесійны выбар у адпаведнасці з профілем навучання: з іх фізіка-матэматычны кірунак выбралі 100% навучэнцаў, эканамічны — 95%, хіміка-біялагічны — 90%, філалагічны — 80,5%, гісторыка-прававы — 64%.

Напрыканцы нашай сустрэчы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Мікалаеўна Ганчарэнка адзначыла, што на сёння ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна — самы вялікі сярод агульнаадукацыйных устаноў вобласці навукова-метадычны і інавацыйны цэнтр. Тут апрабоўваюцца новыя педтэхналогіі і методыкі, праводзяцца семінары, пасяджэнні метадычных аб’яднанняў для настаўнікаў раёна, горада, вобласці, майстар-класы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, ладзяцца адкрытыя ўрокі. У ліцэя вядучае месца ў адукацыйнай сістэме Брэстчыны. Апошняя рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах (заключны этап) прынесла навучальнай установе 4 дыпломы і 4 пахвальныя водзывы, а Міжнародная алімпіяда па фізіцы (Інданезія) — сярэбраны і бронзавы медалі.

Па ўсіх прадметах ЦТ выпускнікі ліцэя паказалі вынік вышэйшы за сярэдні па Маскоўскім раёне Брэста і Брэсцкай вобласці ў цэлым. Па рускай мове, беларускай мове, хіміі, біялогіі, англійскай мове, матэматыцы разрыў складае больш за 20 балаў, па фізіцы — 30. Вынікі ЦТ пацвярджаюць эфектыўнасць эксперыментальнай дзейнасці ліцэя, прадукцыйнасць сістэмы заняткаў па падрыхтоўцы да ЦТ, уключаючы рэзервы сеткавага ўзаемадзеяння з вышэйшай школай у рамках праекта стратэгічнага партнёрства з БрДТУ “Школа — ліцэй — ВНУ: політэхнічная адукацыя”.

13 настаўнікаў ліцэя — выдатнікі адукацыі, 2 — заслужаныя настаўнікі Рэспублікі Беларусь. 55 разоў педагогі ліцэя ўзнагароджваліся прэміяй спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.