У апошнія гады ўсё больш увагі ўдзяляецца інфарматызацыі адукацыі. На Воранаўшчыне дзейнічае раённы каардынацыйны савет па інфарматызацыі. Пасяджэнні савета праходзяць двойчы ў год. На гэты раз члены савета (прадстаўнікі аддзела адукацыі, дырэктары школ, іх намеснікі, загадчыкі дзіцячых садоў) наведалі некалькі ўстаноў: Пагародзенскую сярэднюю школу, яслі-сад Пагародна, Паляцкішскую сярэднюю школу. Кожная наведаная ўстанова адукацыі дзялілася вопытам выкарыстання інфармацыйных тэхналогій.
Першай гасцей прымала Пагародзенская сярэдняя школа. Незвычайна пачаўся рабочы дзень — з наведвання віртуальнага кафэ. Адкрыла пасяджэнне каардынацыйнага савета кіраўнік аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкамма В.В.Люленка. Валянціна Віктараўна падкрэсліла, што ў сучасным грамадстве выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій не мода, а неабходнасць і пажадала плённай працы. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н.І.Ненартовіч пазнаёміла прысутных з сістэмай работы па развіцці інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы як фактару павышэння якасці адукацыі. Наталля Іванаўна адзначыла, што дзейнасць педкалектыву накіравана на рэалізацыю Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года.
Педагогамі школы была праведзена панарама адкрытых заняткаў пад агульным дэвізам “Выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў па вучэбных прадметах “Беларуская мова і літаратура”, “Чалавек і свет”. Цікавым быў фрагмент урока беларускай літаратуры ў 9 класе па тэме “Рамантызм як літаратурны напрамак”, дзе вучні сумесна з настаўніцай рыхтавалі матэрыял да ўрока, выкарыстоўваючы сэрвіс padlet.com. Настаўніца вышэйшай катэгорыі В.В.Гень прэзентавала блог аматараў і прыхільнікаў беларускай мовы і літаратуры “Дзядзінец”, расказала, як блог дапамагае ўдасканальваць адукацыйную прастору прадметнага кабінета. Настаўніца М.І.Каспяровіч паказала фрагмент урока геаграфіі па тэме “Твар Зямлі”, на якім вучні выконвалі разнастайныя заданні, выкарыстоўваючы QR-коды.
Усе прысутныя былі здзіўлены высокім узроўнем правядзення дыстанцыйных заняткаў алімпіяднай групы па інфарматыцы з дапамогай Skype. Заняткі праводзіў настаўнік Ю.І.Вільчэўскі, які працуе ў іншай школе. Педагогі Пагародзенскай сярэдняй школы таксама расказалі, як выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі ў рабоце клуба “Рыфмаванка” і рабоце школьнага музея.
Прадстаўнікі ясляў-сада аг. Пагародна падзяліліся вопытам выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці, у рабоце з бацькамі. Настаўнік-дэфектолаг Г.Г.Дода паказала фрагмент індывідуальных заняткаў з выкарыстаннем электроннага адукацыйнага рэсурсу па тэме “Аўтаматызацыя гука “ш” у словах”.
Пераезд у Паляцкішскую сярэднюю школу заняў нямнога часу. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце падзялілася вопытам работы па выкарыстанні магчымасцей інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. У прыватнасці, падкрэслівалася, што педагогі ідуць у нагу з часам, асноўнай мэтай выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у школе з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі і павышэнне інфармацыйнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
А.З.Пажарыцкая паказала, як выкарыстоўваецца асабісты блог настаўніка матэматыкі на ўроках, пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання і алімпіяд, пры арганізацыі перавернутага ўрока. Кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання педагогаў, якія выконваюць абавязкі класных кіраўнікоў, І.С.Мацюлевіч пазнаёміла гасцей з распрацаваным ёй электронным адукацыйным рэсурсам “Мая Бе-La-Русь”. ЭАР быў адзначаны дыпломам 3 ступені на раённым этапе конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Класны кіраўнік А.Ч.Янкелайць падзялілася вопытам арганізацыі ўзаемадзеяння з вучнямі і бацькамі 10 класа ў сацыяльных сетках. Аляксандра Чаславаўна адзначыла, што сацыяльныя сеткі аказваюць незаменную дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў. З дапамогай сацыяльных сетак класны кіраўнік можа хутка (і бясплатна, у адрозненне ад тэлефонных званкоў) распаўсюдзіць важную інфармацыю ў пазаўрочны час (напрыклад, у вячэрні час або на канікулах), адсачыць, чым цікавяцца вучні, у якіх групах удзельнічаюць.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, аналізуючы эфектыўнасць выкарыстання ІКТ, адзначыла, што з мэтай арганізацыі адзінай, даступнай для ўсіх інфармацыйнай прасторы, фармальных і нефармальных зносін на прафесійныя тэмы, віртуальнага ўзаемадзеяння з наступным абмеркаваннем па-за сеткай, абмену вопытам і распаўсюджвання вопыту педагогаў іншых школ у 2017 годзе была створана сеткавая суполка “Шлях да поспеху”. Арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў даказала, што выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій спрыяе развіццю прафесійнага мыслення, узмацняе асобасна-арыентаваны вектар сістэмы работы з кадрамі, развівае мабільную сістэму прафесійнага росту педагогаў. Праз дзейнасць суполкі ажыццяўляецца аператыўнае інфармаванне педагогаў аб асноўных напрамках метадычнай работы. У працэсе падрыхтоўкі педсавета ў суполцы размяшчаецца план падрыхтоўкі, заданні групам, матэрыялы для азнаямлення (спасылкі). Так, на старонках суполкі педагогі маюць магчымасць азнаёміцца, а потым выкарыстоўваць матэрыял пра метад “эйдас-канспект”, прыём “кошык ідэй”. Нядаўна з’явіўся запіс пра шасцікутны метад навучання. Яшчэ адным сродкам з’яўляецца Google-каляндар — зручны інструмент арганізацыі і планавання часу. У настройках можна выбраць мову, задаць час і спосаб атрымання апавяшчэнняў. Каляндар прадугледжвае планаванне на месяц, кожнаму педагогу адкрыты доступ да календара і прыходзіць напамін аб мерапрыемствах на электронны адрас.
Падводзячы вынікі пасяджэння каардынацыйнага савета, начальнік аддзела адукацыі В.В.Люленка падкрэсліла, што працэс інфарматызацыі адукацыі ў раёне ажыццяўляецца актыўна. Рэалізацыя гэтага кірунку дазваляе эфектыўна арганізаваць адукацыйны працэс, павышаць якасць адукацыі, забяспечваць фарміраванне асобы, адаптаванай да жыцця ў інфармацыйным грамадстве з усімі яго магчымасцямі, пагрозамі і рызыкамі.
Галіна СТАНКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.