Ініцыятыва вітаецца і падтрымліваецца!

- 12:41Адукацыйныя праекты

Школа — не ўтрыманец, яна таксама можа шмат чаго карыснага прапанаваць грамадству. І ўваравіцкія школьнікі Буда-Кашалёўскага раёна вырашылі гэта даказаць. Якім чынам? Праз рэалізацыю сацыяльных праектаў, якія адбываюцца ў межах рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Прадпрымальніцкая школа” ў дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

Уклад у агульную справу

Для калектыву Уваравіцкай сярэдняй школы гэта першы інавацыйны праект. Педагогі ўключыліся ў новую для сябе дзейнасць, каб вырашыць важныя для ўстановы задачы.
— Школе неабходна было знайсці сваё канкурэнтнае месца сярод такіх знакамітых і паважаных суседзяў, як Дом культуры і Дом дзіцячай творчасці, — патлумачыў дырэктар установы Аляксандр Анатольевіч Канцавенка. — А з імі цяжка канкурыраваць, бо сваімі калектывамі яны вядомыя не толькі ў раёне, вобласці, але і ў рэспубліцы і нават за мяжой. Таксама мы хацелі стаць паўнацэннымі членамі нашага ўваравіцкага грамадства. Як зараз успрымаюць візіт дырэктара школы ў якую-небудзь арганізацыю? Вось прыйшоў нешта прасіць… Але ж мы — не ўтрыманцы, мы жывём на ўваравіцкай зямлі і можам ужо сёння зрабіць свой уклад у яе развіццё, а не чакаць, пакуль вучні вырастуць, стануць спецыялістамі… Навуковы кансультант праекта дацэнт кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Софія Барысаўна Савелава дапамагла нам вызначыцца з кірункам дзейнасці. Мы асэнсавалі, што сёння школа павінна ствараць сістэму дзейнасці, якая б садзейнічала станаўленню індывідуальнай прадпрымальнасці кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу і яго здольнасці ўступаць у кааперацыю з іншымі. Менавіта таму адной з умоў укаранення мадэлі “Прадпрымальніцкая школа” становіцца стварэнне рэгіянальнай сістэмы падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва.
Хоць праект афіцыйна стартаваў восенню 2014 года, свае задумы ва Уваравіцкай школе сталі ажыццяўляць ужо ўлетку — праз арганізацыю працоўнага лагера. На тэрыторыі пасёлка знаходзіцца вядомае ў краіне ААТ “УваравічыЭліт”, якое займаецца падрыхтоўкай і рэалізацыяй насення розных культур. Вядома, што працоўныя рукі заўсёды патрэбны ў разгар уборкі ўраджаю. Ёсць работа, якая не патрабуе асаблівых навыкаў і ведаў, напрыклад, відавая праполка. У працоўны атрад запісаліся ў асноўным вучні старшых класаў і выключна члены БРСМ. Іх працоўны дзень невялікі — чатыры гадзіны, а астатні час яны цікава адпачываюць, ладзяць мерапрыемствы. За такі невялікі рабочы дзень старшакласнікі былі добра заахвочаны заробкам, таму некаторыя з іх пасля заканчэння лагера заключылі з гаспадаркай пагадненне на працяг работы да канца летняга адпачынку. Адметна, што працоўны лагер Уваравіцкай сярэдняй школы стаў адным з лепшых сельскагаспадарчых атрадаў у Гомельскай вобласці па выніках абласнога конкурсу “Працоўнае лета” ў намінацыі “Лепшы працоўны атрад”. Кіраўніцтва ўстановы пераканана, што працоўныя лагеры стануць добрай традыцыяй школы, бо цікавасць да іх з боку моладзі вялікая. І яна нават не ў тым, каб зарабіць грошы на свае асабістыя выдаткі, хаця, канечне, і гэта немалаважна.
— У нашым праекце атрыманне матэрыяльных даброт — не самае галоўнае, — падкрэслівае Аляксандр Анатольевіч Канцавенка. — Наша мэта — навучыць дзяцей дзейнічаць на карысць сябе, свайго роднага пасёлка, вялікай радзімы, свету ўвогуле. Каб яны заканчвалі школу кампетэнтнымі людзьмі, разумелі, як яны будуць выкарыстоўваць веды, атрыманыя ў школе, на практыцы, з устаноўкамі на павышэнне якасці жыцця — і не толькі свайго, але і ўсіх людзей, з якімі яны зараз знаходзяцца ва ўзаемадзеянні.
Аўкцыён ідэй
У пачатку навучальнага года ў школе быў праведзены аўкцыён ініцыятыў, на якім вучні прапаноўвалі праекты, якімі б яны хацелі займацца. У выніку былі абраны праекты “Спорт + … = здароўе”, “Спадчына”, “Уваравіцкі кірмаш” і многія іншыя. Асобныя дзеці пажадалі займацца даследчай дзейнасцю. Так, навучэнка 11 класа Вікторыя Гаўрушчанка пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі І.М.Нікіцінай распрацоўвала праект “Нітраты ў прадуктах харчавання”, а група чацвёртакласнікаў са сваімі настаўніцамі К.А.Клімавай і Л.А.Карпінскай даведваліся, як ва Уваравічах з’явілася брацкая магіла.
Юныя футбалісты прапанавалі праводзіць у школе штогадовае спаборніцтва па міні-футболе “Калядны турнір”. І першы турнір ужо адбыўся. На яго з’ехаліся аматары футбола з суседніх школ. Спартыўнае свята было запамінальным, і яно абавязкова стане традыцыйным — такое пажаданне выказалі яго ўдзельнікі.
За год было рэалізавана некалькі праектаў, напрыклад, сустрэча дэлегацыі школьнікаў з настаўнікамі з гімназіі імя Гумбальта горада Радэберга (Германія). Прымаючы гасцей, уваравіцкія школьнікі імкнуліся паказаць нямецкім аднагодкам, што іх можа аб’ядноўваць. Акцэнт нашы школьнікі зрабілі на дэкларацыі асноватворных прынцыпаў і каштоўнасцей для стварэння справядлівага, устойлівага і мірнага глабальнага грамадства ў XXI стагоддзі — Хартыі Зямлі. Прырода — гэта тое, што аб’ядноўвае людзей усяго свету. Як аказалася, не ўсе нямецкія школьнікі ведалі пра існаванне Хартыі. У канцы сустрэчы дзеці дзвюх краін пасадзілі каля цэнтральных варот школы дрэва.
Яшчэ адзін праект быў рэалізаваны ў школе па ініцыятыве мясцовых жыхароў Уваравіч. Аднойчы яны падзяліліся з дырэктарам школы сваёй марай аб трэнажорнай зале, дзе б маглі займацца як дарослыя, так і старшакласнікі, вядома, пад наглядам настаўніка фізічнага выхавання. Сёння ўсе прызнаюцца, што мала хто верыў у ажыццяўленне мары без значных фінансавых укладанняў. Як толькі было абвешчана, што ёсць памяшканне для залы, спартыўныя снарады хутка знайшліся — людзі з дому прынеслі. А праз некаторы час трэнажорная зала з падвальнага памяшкання была перанесена на першы паверх школы ў больш прасторны кабінет, бо жадаючых прывесці сваё цела ў добрую фізічную форму аказалася ва Уваравічах нямала.
Для рэалізацыі сумесных ініцыятыў у школе нават быў заключаны “траісты саюз”, у які ўвайшлі, акрамя школы, аматарскае аб’яднанне клуба ветэранаў “Насустрач душы” (старшыня Л.М.Родава), якому, дарэчы, у 2010 годзе прысвоена званне “народны”, і Дом культуры (дырэктар Г.В.Барысенка). Менавіта клуб ветэранаў паставіў перад школай задачу: у пасёлку няма музея, а ён вельмі патрэбны. Неабходна было знайсці для яго памяшканне, прыдумаць канцэпцыю, арганізаваць збор экспанатаў. Уваравіцкая школа трохпавярховая, і ў ёй адшукаліся два свабодныя кабінеты пад новы музей. Зараз там ужо вядзецца рамонт, пастаўлена задача адкрыць экспазіцыю да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Дзеці пры падтрымцы бацькоў, мясцовых жыхароў Уваравіч ужо назбіралі цэлы пакой цікавых прадметаў, рэчаў, якія могуць стаць экспанатамі музея. Ёсць там і кросны, на якіх нават плануюць вучыць школьнікаў ткаць. Увогуле, ідэй па выкарыстанні музея шмат, і многія з іх зыходзілі ад дзяцей. Яны не жадаюць, каб іх музей стаў месцам “пахавання” экспанатаў за шклом, а хочуць бачыць яго інтэрактыўным, каб рэчы можна было трымаць у руках, нешта рабіць з імі.
Сёння ты дублёр, заўтра — першы выканаўца
Для фарміравання ў вучняў прадпрымальнасці ў школе была арганізавана гульня “Дублёры”, якая праходзіць у некалькі этапаў. Спачатку школьнікі знаёмяцца з работай арганізацый і прадпрыемстваў Уваравіч, затым выбіраюць дублёраў і афармляюць свае прапановы для кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, пасля чаго разам з кіраўнікамі распрацоўваюць план рэалізацыі прапаноў. Кожны клас самастойна выбірае для сябе ўстанову або арганізацыю для супрацоўніцтва, самастойна аб усім дамаўляецца. Вядома, што да першых званкоў школьнікаў кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый дырэктар школы Аляксандр Анатольевіч Канцавенка папярэдзіў іх аб тым, што ў школе рэалізоўваецца інавацыйны праект, а ў рамках яго — гульня “Дублёры”, мэта якой — зрабіць у школе савет прадпрымальнасці. І кіраўнікі арганізацый падтрымалі пачынанне моладзі.
Старшыня сельскага савета Арцём Сяргеевіч Грышай да сустрэчы са школьнікамі падышоў з усёй адказнасцю: запрасіў іх на пасяджэнне выканкама, прадставіў вучняў удзельнікам пасяджэння, у канцы работы нарады пацікавіўся іх меркаваннем. Вядома, што ад такога прыёму дзеці былі натхнёныя на вялікія справы. Цяпер яны рыхтуюцца да ўдзелу ў назіральных камісіях. У такія камісіі ўваходзяць прадстаўнікі розных арганізацый — міліцыі, аддзела аховы здароўя, МНС, аддзела адукацыі, спорту і турызму. Яны праходзяць па дамах тых сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама дзе выхоўваецца шмат дзяцей і пражываюць адзінокія людзі. Зразумела, што школьнікаў не паклічуць пайсці ў нядобранадзейныя сем’і, каб не траўміраваць іх псіхіку, але яны павінны ведаць, якія праблемы перажываюць мнагадзетныя сем’і, як нялёгка вырашаць бытавыя сталаму адзінокаму чалавеку, што робяць з людзьмі такія згубныя звычкі, як алкаголь. Па выніках такіх візітаў ад вучняў чакаюць канкрэтных прапаноў.
Гульня “Дублёры” — гэта зусім не прафарыентацыя, як можа здацца каму-небудзь на першы погляд, хаця ў ёй закладзены і момант знаёмства з прафесіямі. Яе прызначэнне — фарміраванне сацыяльна актыўнай асобы, выхаванне лідарскіх якасцей, навучанне навыкам прыняцця самастойных рашэнняў.
Пасля таго як вучні пазнаёмяцца з работай розных арганізацый, прадпрыемстваў, якія працуюць ва Уваравічах, у школе збяруцца кіраўнікі гэтых арганізацый разам з дублёрамі, і па выніках сустрэчы будзе абраны савет прадпрымальнасці. Плануецца, што ў яго ўвойдуць вучні, педагогі, прадстаўнікі соцыуму і бацькі, і савет будзе наладжваць узаемадзеянне школы з соцыумам.
— Мы паказалі нашаму ўваравіцкаму грамадству, што мы адкрытыя да ініцыятыў, кантактаў і можам быць яму карысныя. Гэта добрыя вынікі першага года работы па інавацыі, — адзначыў А.А.Канцавенка.
Якая роля адведзена настаўніку ў гэтай інавацыі? Ён, па меркаванні дырэктара школы, павінен стаць для вучняў каардынатарам, старшым партнёрам, яго місія — не навязваць вучням сваю волю, а карэкціраваць іх рух па правільным шляху. У школе праходзіць шэраг семінараў, сустрэч па тэме інавацыі, падчас якіх педагогі самі адкрываюць для сябе новае ў выхаванні ў дзяцей прадпрымальнасці. Яны часта выязджаюць на сустрэчу з навуковым кіраўніком праекта, калектывамі іншых устаноў — удзельніц праекта, дзе ідзе абмен думкамі, напрацоўкамі. У інавацыйным праекце ў гэтым годзе ўдзельнічацаюць 8 настаўнікаў, два намеснікі дырэктара В.Л.Валодзіна і А.П.Прымачова і сам дырэктар.
Дзверы дырэктара школы заўсёды адчынены. І вучні ведаюць, што могуць прыйсці ў любы час да Аляксандра Анатольевіча са сваімі ідэямі, прапановамі. Але пры гэтым Аляксандр Анатольевіч папярэджвае іх, што ініцыятыва каральная: ты павінен не толькі выказаць ідэю, але і ўзяць на сябе адказнасць па яе ажыццяўленні.

Святлана КІРСАНАВА.