Ініцыятывы для таленавітых

- 10:45Якасць адукацыі

Пытанні ўдасканалення работы з адоранымі дзецьмі былі ў цэнтры ўвагі падчас круглага стала “Сістэма работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі: поспехі, праблемы, рашэнні”, які прайшоў у канцы студзеня ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і сабраў спецыялістаў абласных упраўленняў адукацыі, начальнікаў аддзелаў і метадыстаў абласных інстытутаў развіцця адукацыі, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, якія курыруюць работу з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі.

Адораныя, здольныя і высокаматываваныя дзеці вучацца ў кожнай школе нашай краіны, таму наладжванне эфектыўнай работы з гэтай катэгорыяй вучняў хвалюе кожнага адміністратара і педагога. Тое, што адоранае дзіця патрабуе індывідуальнага падыходу і ўласнай траекторыі развіцця, ужо аксіёма. Такому дзіцяці неабходна і цьютарскае суправаджэнне, пра што спецыялісты гавораць ужо не першы год.
У нас на базе школ і гімназій працуюць інавацыйныя пляцоўкі па ўкараненні цьютарскага суправаджэння. Усе яны дэманструюць добрыя вынікі, але ўвядзенне цьютарства для інтэлектуальна адораных вучняў прадугледжвае пэўнае нарматыўнае рэгуляванне (неабходна прапісаць функцыянальныя абавязкі цьютараў, колькасны склад навучэнцаў, нормы аплаты працы цьютара і інш.). Дарэчы, у Расіі не так даўно ўвялі стаўку цьютара. У Амерыцы і Еўропе такая дзейнасць — даўно распаўсюджаная з’ява.Адораныя вучні маюць патрэбу і ў распрацоўцы спецыяльных адукацыйных праграм, якія выходзяць за рамкі традыцыйных, стварэнні адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвае ўмовы для максімальна магчымага асобаснага развіцця. Не менш важнымі з’яўляюцца і пытанні псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў і іх сацыялізацыі. Усе гэтыя патрэбы абмяркоўваюцца ўжо даўно. Нельга сказаць, што яны не задавальняюцца. Кожная ўстанова адукацыі імкнецца стварыць максімальна камфортныя ўмовы для сваіх самых здольных і таленавітых вучняў.
Вырашыць акрэсленыя пытанні, магчыма, дапамагла б канцэпцыя выяўлення, развіцця і прафесійнага станаўлення інтэлектуальна адоранай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. Пакуль у педагагічнай грамадскасці ідзе яе абмеркаванне і існуе толькі праект канцэпцыі, але дакумент мае комплексны характар і можа дапамагчы вывесці работу з адоранымі дзецьмі на якасна новы ўзровень.
Прынамсі, на круглым стале адзін з аўтараў канцэпцыі, прафесар кафедры маладзёжнай палітыкі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, доктар філасофскіх навук, прафесар Валерый Уладзіміравіч Пазнякоў звярнуў увагу прысутных на новыя часткі праекта дакумента, якія былі распрацаваны за апошні час. Гаворка ішла пра кіраванне, кантроль і ацэнку эфектыўнасці функцыянавання сістэмы работы з інтэлектуальна адоранай моладдзю.
Прыняцце канцэпцыі стала б вялікай падтрымкай у рабоце з адоранымі дзецьмі, але рэаліі часу такія, што працаваць з таленавітымі, здольнымі і высокаматываванымі навучэнцамі трэба цяпер. Прычым рабіць гэта на максімуме сваіх магчымасцей, бо, як заўважыў некалі К.Тэйлар, “тыя дзяржавы, якія ўмеюць лепш за ўсё пазнаць творчыя асобы, развіць іх і стварыць для іх найбольш спрыяльныя ўмовы, будуць мець вялікія перавагі”. А сістэма работы з такімі вучнямі ў нас ёсць.
Святлана Дзмітрыеўна Шакура, начальнік аддзела творчых методык навучання моладзі АПА, у сваім выступленні спынілася на дзейнасці супрацоўнікаў свайго аддзела, якія працуюць, каб удасканаліць гэтую сістэму. За 2015 год імі было праведзена 16 курсавых і міжкурсавых мерапрыемстваў для педагагічных работнікаў, метадыстаў ІРА, раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў, спецыялістаў аддзелаў (упраўленняў) адукацыi рай(гар)выканкамаў, у якіх прынялі ўдзел 1067 чалавек (з іх 582 — дыстанцыйна). Адной з самых запамінальных і ўражлівых стала сустрэча з вялікім педагогам-гуманістам Шалвай Аманашвілі і ІV Міжнародны фестываль “Сузор’е талентаў”.
Акрамя таго, быў дапоўнены электронны банк патэнцыяльных кансультантаў устаноў вышэйшай адукацыі па падтрымцы і развіцці адораных і высокаматываваных навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (125 чалавек). Дапоўнілі і электронны банк даных педагогаў, якія ўнеслі значны ўклад у работу з адоранымі навучэнцамі (199 чалавек), стварылі электронны банк алімпіядных заданняў і праектных задач дыстанцыйнай алімпіяды, фестывалю “Сузор’е талентаў” па вучэбных прадметах прыродазнаўча-матэматычнага напрамку (больш за 300 заданняў).
Таксама пастаянна актуалізуецца банк даных адораных навучэнцаў. Распрацаваны і апублікаваны 14 вучэбна-метадычных дапаможнікаў і 9 артыкулаў навукова-метадычнага характару па актуальных праблемах інтэлектуальна-творчага развіцця асобы, выяўленні, падтрымцы і навучанні адораных і высокаматываваных навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

* * *

Вядома, што поспех у выяўленні і развіцці адораных дзяцей магчымы пры ўмове, калі побач з такімі дзецьмі будзе прафесійны педагог, здольны працаваць з таленавітымі і высокаматываванымі вучнямі. Пацвярджэннем гэтага факта стала выступленне метадыста аддзела па падтрымцы і развіцці педагагічных ініцыятыў у рабоце з адоранымі дзецьмі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталлі Віктараўны Шэйдаі Нежад.
Як заўважыла Наталля Віктараўна, у аснове дзейнасці аддзела — работа, накіраваная на павышэнне ІКТ-кампетэнцый адораных навучэнцаў і педагогаў, якія сёння з’яўляюцца асновай станаўлення новай якасці адукацыі, а таксама стымуляванне і інтэнсіфікацыя працэсаў укаранення інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Работа вядзецца як ва ўмовах стацыянара, так і дыстанцыйна — у сетцы інтэрнэт — па чатырох напрамках: навучанне педагогаў і падтрымка іх перадавых ініцыятыў; навучанне вучняў, сумесныя масавыя мерапрыемствы педагогаў і навучэнцаў; удзел у міжнародных мерапрыемствах.
З апошніх найбольш цікавых прапаноў аддзела можна вылучыць воблачныя сэрвісы і платформы ў адукацыі, укараненне тэхналогіі мабільнага навучання, тэхналогію вэб-квеста, тэхналогію лічбавага старытэлінгу, электронны падручнік, перавернуты клас і г.д .
Акрамя сказанага вышэй, супрацоўнікі аддзела з’яўляюцца ініцыятарамі і арганізатарамі мерапрыемстваў для высокаматываваных дзяцей: алімпіяд, фестываляў, турніраў, віктарын, конкурсаў, гульняў, вэб-квестаў, якія праводзяцца пры дапамозе найноўшых інфармацыйных тэхналогій у розных прадметных галінах: хіміі, біялогіі, літаратуры, мове, інфарматыцы, матэматыцы, краязнаўстве, гісторыі, мастацтве.
— У сярэднім за навучальны год аддзелам (нас 3 + 2 (паўстаўкі) праводзіцца каля сямнаццаці мерапрыемстваў для навучэнцаў рознага школьнага ўзросту. Абсалютная большасць з іх праходзіць дыстанцыйна ў сетцы інтэрнэт, шмат чаго ў анлайн-рэжыме. Усе мерапрыемствы накіраваны не толькі на вырашэнне задач, вызначаных канкрэтнай прадметнай галіной, але і ў абавязковым парадку на павышэнне ІКТ-кампетэнцыі навучэнцаў і педагогаў-кіраўнікоў.
Хаця многія з мерапрыемстваў за час работы аддзела сталі традыцыйнымі, кожны навучальны год мы стараемся з дапамогай дыстанцыйных форм укараніць нешта новае. Пры гэтым мы не вынаходзім веласіпед, вызначаючыся з кірункам, тэматыкай. Тонкасць толькі ў тым, што ўсе ідэі і традыцыйныя формы мы ставім на камп’ютарныя рэйкі, пастаянна адсочваючы з’яўленне новых праграм, інструментаў, сэрвісаў, тэхналогій. Гэта патрабаванне часу, у якім мы жывём.
Напрыклад, у цяперашні момант у нас праходзяць два абласныя дыстанцыйныя бліцтурніры па біялогіі для навучэнцаў 7 і 3 класаў, выкарыстоўваюцца пры гэтым магчымасці форм і прэзентацый Google, што вельмі падабаецца і дзецям, і педагогам, а таксама вэб-квест для навучэнцаў пачатковых класаў “Я — даследчык. Космас. Пытанні. Адказы”. Зарэгістраваліся 190 каманд.
Фестываль старытэлераў “Дзівоснае побач!” — яшчэ адно дыстанцыйнае мерапрыемства для высокаматываваных падлеткаў 6—11 класаў Віцебшчыны. Яно нацэлена на вывучэнне і ўкараненне найноўшай інфармацыйнай тэхналогіі ў працэс адукацыі, у рамках якой удзельнікі ствараюць і прадстаўляюць у сетцы лічбавыя гісторыі, прысвечаныя персаналіям, фактам, падзеям роднага краю. Цікавая і новая ў нашай краіне тэхналогія лічбавага старытэлінгу накіравана на развіццё пазнавальнай цікавасці, эмацыянальнага інтэлекту, аўдыявізуальнай і медыяпісьменнасці навучэнцаў, уяўлення і метафарычнай мовы, а таксама на фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі.
Некалькі гадоў назад гэтая тэхналогія здзейсніла сапраўдны пераварот у сістэме адукацыі на Захадзе як адна з найбольш дзейсных. У рамках падрыхтоўкі (стартуе фестываль у сакавіку) супрацоўнікі нашага аддзела праводзяць двухтыднёвае дыстанцыйнае навучанне педагогаў-куратараў творчых работ навучэнцаў. Такім чынам, працуючы адначасова і з высокаматываванымі навучэнцамі, і з педагогамі-наватарамі, мы паспрабуем укараніць і гэтую тэхналогію ў адукацыйны працэс, — расказала Наталля Віктараўна.
У сярэднім за навучальны год у дыстанцыйных мерапрыемствах у сетцы інтэрнэт прымае каля 8000 навучэнцаў Віцебскай вобласці. З мэтай павышэння ўзроўню інфармаванасці і павелічэння колькасці ўдзельнікаў у гэтым навучальным годзе супрацоўнікамі аддзела быў створаны сайт, на якім размешчана ўся інфармацыя пра абласныя і міжнародныя мерапрыемствы для адораных дзяцей, што праводзяцца ў сетцы.
Трэба адзначыць, што інфармацыйнае выступленне прадстаўніцы Віцебскага абласнога інстытута слухалася пад аловак і выклікала рэзананс, бо сталенне і станаўленне сучаснага пакалення навучэнцаў адбываецца ў час тэхнічнага прагрэсу, у непарыўнай сувязі са скарацечнымі зменамі ў свеце тэхналогій. Кішэнны інтэрнэт, неабмежаваны доступ да любой інфармацыі, магчымасць зносін з усім светам, сацыяльныя сеткі, гульні — гэта тое, чым жыве сучасны падлетак. Ён неразлучны са сваім дэвайсам, гнуткі, інтуітыўна асвойвае ўсё новае і часта апярэджвае сваіх настаўнікаў, і не толькі ў пытаннях тэхналогій. На Віцебшчыне гэта вырашылі выкарыстаць на карысць.
На Брэстчыне, як заўважыў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Андрэй Мікалаевіч Кісель, асаблівы клопат — падрыхтоўка да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Зусім нядаўна, 30 студзеня, на базе сярэдняй школы № 1 Драгічына сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Драгічынскага райвыканкама праводзілася абласная канферэнцыя (конкурс даследчых работ) навучэнцаў “З навукай у будучыню”.
На працягу двух гадоў па выніках удзелу ў конкурсах работ даследчага характару (навукова-практычных канферэнцый) каманда Брэсцкай вобласці займае трэцяе агульнакаманднае месца. Напрыклад, Дзмітрый Крывянчук, навучэнец з Пінска, стаў пераможцам у секцыі “Фізіка” на Рэспубліканскім навукова-інжынерным конкурсе Belarus Science and Engineering Fair — 2015.
Калі гаварыць пра падрыхтоўку да алімпіяд, то на ўзроўні раёнаў, гарадоў, на абласным узроўні праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы па падрыхтоўцы да трэцяга і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Работа профільных лагераў для адораных навучэнцаў арганізавана як на гарадскім, раённым узроўні, так і на абласным. Профільныя летнікі працуюць практычна ва ўсіх раёнах і гарадах Брэсцкай вобласці. Асабліва актыўна выкарыстоўвалі патэнцыял профільных лагераў Ганцавіцкі, Драгічынскі, Івацэвіцкі раёны, Маскоўскі раён Брэста, Пінск.
У ліпені і лістападзе на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава працуе абласны профільны летнік для адораных вучняў па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, біялогіі, рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, а таксама рэсурсны цэнтр, у рамках якога ажыццяўляецца падрыхтоўка навучэнцаў вобласці да рэспубліканскай і міжнародных алімпіяд па вучэбных прадметах і навукова-практычных канферэнцый.
На базе ліцэяў і гімназій Баранавіч, Пінска, Ганцавіч, Жабінкі, Драгічына, Іванава, Івацэвіч, Камянца, Лунінца, Ляхавіч, Століна, у Белаазёрску Бярозаўскага раёна, у Ленінскім і Маскоўскім раёнах Брэста функцыянуюць кансультацыйныя пункты (рэсурсныя цэнтры) па рабоце з адоранымі навучэнцамі. У выніку на заключным этапе алімпіяды ў 2015 годзе навучэнцы Брэсцкай вобласці заваявалі 73 дыпломы (у 2014 годзе іх было 58). А Міхаіл Стрэмаус з сярэдняй школы № 18 Баранавіч стаў бронзавым прызёрам ХІІ Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды.
Безумоўна, за ўсімі дасягненнямі вучняў стаіць карпатлівая праца настаўнікаў. Каб яны маглі дэманстраваць такія вынікі, працаваць трэба і з імі. Эфектыўная сістэма павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў ажыццяўляецца ў Мінскай вобласці, дзе на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі праводзяцца розныя вэбінары, арганізоўваюцца майстар-класы, круглыя сталы і проста сустрэчы з перадавымі педагогамі рэгіёна, з псіхолагамі. Поспех магчымы толькі ва ўзаемадзеянні, што яшчэ раз засведчыў круглы стол у АПА.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.