Інклюзіўная адукацыя: асноўныя падыходы і механізмы рэалізацыі

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Адукацыя асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: традыцыі і інавацыі” прайшла ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка.

Фота да матэрыяла: Інклюзіўная адукацыя: асноўныя падыходы і механізмы рэалізацыі.

Варыятыўнасць — асноўны прынцып сучаснай адукацыі

Мерапрыемства было прымеркавана да 50-годдзя з дня заснавання кафедры дэфекталогіі, з якой і пачалося развіццё сістэмы падрыхтоўкі педагагічных кадраў для спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі. У канферэнцыі прынялі ўдзел вядучыя эксперты ў сферы адукацыі асоб з АПФР з Арменіі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Італіі, Казахстана, Малдовы, Нарвегіі, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны, Эстоніі і Беларусі. Спецыялісты абмеркавалі вынікі сучасных тэарэтычных даследаванняў у кірунку навучання, выхавання і карэкцыйнай работы з асобамі з АПФР, абмяняліся практычным вопытам, прынялі ўдзел у пасяджэнні круглых сталоў і фестывалі майстар-класаў.

“Інклюзіўная адукацыя з’яўляецца трэндам сучаснасці, які закліканы забяспечыць роўны доступ да якаснай адукацыі ўсім дзецям, — адзначыла прарэктар па навуковай рабоце БДПУ імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Васільеўна Торхава. — Дзіця з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі можа аказацца ў любым адукацыйным асяроддзі, у тым ліку ва ўмовах сумеснага навучання і выхавання разам са звычайнымі равеснікамі. Падрыхтоўка спецыялістаў, якія павінны ўмець працаваць з кожным такім дзіцем, з’яўляецца прыярытэтам для нашага ўніверсітэта. Сёлета БДПУ імя Максіма Танка прысвоены высокі статус базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Перад установай узнікла задача па стварэнні грамадскага савета, у склад якога ўвойдуць спецыялісты, навуковыя работнікі краін СНД, якія працуюць у напрамку навучання і выхавання дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Гэта дазволіць кансалідаваць адпаведныя навуковыя, метадычныя і кадравыя рэсурсы розных краін, глыбока вывучыць іх эфектыўны вопыт пераходу да інклюзіўнай адукацыі”.

“Рэспубліка Беларусь адна з першых сярод краін СНД прыняла Закон аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў спецыяльнай адукацыі, — падкрэсліла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Леанідаўна Давідовіч. — З 1995 года на пастаяннай аснове ў нашай краіне рэалізоўваліся дзяржаўныя праграмы, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў жыццядзейнасці дзяцей з абмежаваннямі. У 2011 годзе Кодэксам Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі” рэгламентаваны ўмовы атрымання адукацыі асобамі з АПФР, замацаваны іх асноўныя правы. Найважнейшым крокам стала прыняцце ў 2012 годзе Дзяржаўнай праграмы развіцця спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2012—2016 гады. Адна з асноўных задач, пазначаных у праграме, — развіццё інклюзіўных працэсаў у адукацыі, фарміраванне талерантных адносін у грамадстве да дзяцей з абмежаваннямі. Гэтая задача знайшла сваё адлюстраванне і ў Дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Асноўным прынцыпам сучаснай адукацыйнай сістэмы ў Беларусі з’яўляецца яе варыятыўнасць. З мэтай стварэння ўмоў для развіцця кожнага дзіцяці згодна з яго здольнасцямі, магчымасцямі і патрэбамі, прапаноўваюцца розныя варыянты арганізацыі адукацыі як ва ўстановах спецыяльнай адукацыі, так і ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Эфектыўна працуе сістэма ранняй комплекснай дапамогі, якая забяспечвае максімальна ранняе выяўленне парушэнняў у развіцці дзіцяці і своечасовае аказанне дапамогі яму і яго сям’і. Вядзецца паслядоўная работа па дэінстытуцыяналізацыі дзяцей. Асноўныя падыходы да рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі акрэслены ў прынятай у 2015 годзе Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з АПФР у Рэспубліцы Беларусь. Прынцып інклюзіі адлюстраваны ў праекце новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”. Зараз актуальнымі пытаннямі гэтага кірунку можна назваць абнаўленне навукова-метадычнага забеспячэння адукацыі з улікам інклюзіўных працэсаў, стварэнне адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, укараненне ІКТ у адукацыйны працэс асоб з АПФР. У мінулым годзе Міністэрствам адукацыі зацверджаны канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі краіны да 2020 года і на перспектыву — да 2030 года, дзе вызначаны ў тым ліку перспектывы развіцця адукацыі асоб з АПФР”.

Удзельнікаў канферэнцыі вітала намеснік прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Габрыэла Акімава: “ЮНІСЕФ лічыць, што пераход да інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі вельмі своечасовы. Але для таго, каб ён быў паспяховым, неабходна папярэдне сфарміраваць пазітыўныя адносіны ў сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці з абмежаваннямі, да магчымасці наведвання звычайных устаноў адукацыі. У сваю чаргу школы павінны аказваць падтрымку такім сем’ям і арганізоўваць якасную адукацыю для асаблівых дзяцей, прадугледжваць ва ўстановах безбар’ернае асяроддзе, запрашаць кваліфікаваных педагогаў. Павінен быць дасягнуты кансэнсус паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Вельмі важна падтрымліваць паважлівыя адносіны ў грамадстве да асаблівых дзяцей. Сутнасць паняцця “інклюзія” павінны разумець і дарослыя, і дзеці.

ЮНІСЕФ гатовы стаць галоўным партнёрам Беларусі ў абмеркаванні і вырашэнні праблем інклюзіўнай адукацыі”.

Стан і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі дзяцей з АПФР у Рэспубліцы Беларусь акрэсліла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі кандыдат педагагічных навук Валянціна Васільеўна Гінчук. А вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Лаўрэнцьеўна Ляшчынская расказала пра традыцыі, якія беражліва захоўваюцца пры арганізацыі падрыхтоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ, адзначыла важнасць распрацоўкі варыятыўнага шматузроўневага зместу адукацыі дзяцей з АПФР, звярнула ўвагу на неабходнасць фарміравання ў будучых педагогаў умення бачыць, чуць і адчуваць асаблівых дзяцей.

“Галоўнае пытанне інклюзіўнай адукацыі, якое знаходзіцца зараз у цэнтры грамадскага і прафесійнага абмеркавання ў розных краінах, — вызначэнне аптымальных механізмаў і распрацоўка якасных інструментаў рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі, — адзначыла дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, дацэнт Вера Валер’еўна Хітрук. — Арганізацыя і забеспячэнне інклюзіўных працэсаў абумоўліваецца традыцыямі, асаблівасцямі, фінансавымі магчымасцямі нацыянальных сістэм адукацыі і прадугледжвае розныя варыянты ўключэння дзіцяці з АПФР у адукацыйны працэс, дыверсіфікацыю форм такога ўключэння. Галоўнае — стварыць комплекс спецыяльных умоў, якія адказвалі б характару і кампазіцыі асаблівых адукацыйных патрэб дзяцей як у арганізацыйным плане, так і ў змястоўным. Разнастайнасць форм арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі цягне за сабой дыверсіфікацыю зместу прафесійнай дзейнасці педагога і разнастайны змест яго падрыхтоўкі на ўзроўні вышэйшай адукацыі. Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ — самая моцная і аўтарытэтная навуковая, навукова-практычная, метадычная структура ў краіне, якая забяспечвае зараз якасць падрыхтоўкі педагогаў да работы ў любой адукацыйнай сітуацыі. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі — інавацыйнае, навукова-адукацыйна-метадычнае падраздзяленне інстытута, створанае ў 2017 годзе пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь”.

На аснове ранняй комплекснай дапамогі

“Пастаноўка дыягназу не робіць дзіця горшым, як адсутнасць дыягназу не робіць яго лепшым. Дзіця такое, якое яно ёсць, і з ім неабходна працаваць, — падкрэсліла Аксана Георгіеўна Прыходзька, дырэктар Інстытута спецыяльнай адукацыі і комплекснай рэабілітацыі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар. — Зараз у Расіі павялічваецца колькасць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Адзначаюцца парушэнні розных ліній развіцця — рухальнага, пазнавальнага, маўленчага або сацыяльнага развіцця. Як правіла, адзначаюцца шматварыянтныя рознаўзроўневыя спецыфічныя спалучэнні парушэнняў розных функцыянальных сістэм. Зразумела, цяжкая паталогія бачна адразу і медыкам, і бацькам. Нязначныя праблемы прыкметны толькі спецыялістам, і на іх звяртаюць увагу значна пазней. Але пры ўмове ранняга выяўлення (не пазней 4—6-месячнага ўзросту) парушэнняў у развіцці дзіцяці і арганізацыі адэкватнага медыка-псіхолага-педагагічнага ўздзеяння практычнае выздараўленне і нармалізацыя функцый (кампенсацыя адхіленняў) могуць быць дасягнуты ў 60% выпадкаў да 3 гадоў.

У Расіі распаўсюджаны варыятыўныя формы аказання ранняй комплекснай дапамогі дзецям з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і іх бацькам у адукацыйных, медыцынскіх і сацыяльных установах. У многіх рэгіёнах створаны службы ранняй дапамогі. Але ў кожным з іх склаліся свае погляды на формы дапамогі дзецям першых гадоў жыцця. На жаль, адсутнічаюць адзіныя падыходы і ў аказанні такой дапамогі спецыялістамі адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны. Спецыялісты часта не гатовы працаваць з немаўлятамі і дзецьмі ранняга ўзросту ў міждысцыплінарнай камандзе, адчуваецца недахоп адпаведнага дыягнастычнага і метадычнага інструментарыю. У сувязі з гэтым неабходна ажыццяўляць падрыхтоўку кадраў, якія валодаюць шырокім спектрам поліфункцыянальных медыка-псіхолага-педагагічных ведаў, практычных уменняў і навыкаў карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі першых гадоў жыцця. Трэба павышаць дасведчанасць бацькоў у пытаннях ранняй дапамогі сваім дзецям. Толькі аб’яднанне намаганняў спецыялістаў розных ведамстваў, камандная работа з дзіцем з парушэннямі ў развіцці і яго сям’ёй прынясуць належны вынік”.

Праблемныя пытанні індывідуалізацыі навучання дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі разгледзела намеснік дырэктара Інстытута вывучэння дзяцінства, сям’і і выхавання Расійскай акадэміі адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена Мікалаеўна Куцепава. Яна падкрэсліла, што недахопы пры стварэнні законаў прыводзяць да сур’ёзных наступстваў і ўскладненняў у арганізацыі інклюзіўнай адукацыі на месцах, і звярнула ўвагу на неабходнасць належнай падрыхтоўкі кіраўнікоў адукацыйных устаноў па пытаннях стварэння спецыяльных умоў для навучання дзяцей з абмежаваннямі.

Сфарміраваць адукацыйны маршрут кожнага дзіцяці

Адным з важных паказчыкаў, на які звярнула ўвагу дырэктар Рэспубліканскага цэнтра псіхолага-педагагічнай дапамогі Рэспублікі Малдова Вірджынія Руснак, з’яўляецца дэінстытуцыяналізацыя дзяцей з устаноў інтэрнатнага тыпу, іх рэінтэграцыя ў сем’і і агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы і рэарганізацыя і закрыццё ўстаноў інтэрнатнага тыпу. У перыяд з 2007 па 2012 год колькасць дзяцей ва ўстановах інтэрнатнага тыпу ў Малдове зменшылася на 62 працэнты. У 2015 годзе 91 працэнт дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі наведвалі агульнаадукацыйныя школы (у 2011 годзе — 38,6 працэнта).

Укараненне інклюзіўнай адукацыі ў Малдове ажыццяўляецца на цэнтральным і рэгіянальным узроўнях, а таксама на ўзроўні навучальных устаноў. Фарміраваннем адукацыйнага маршруту кожнага дзіцяці з абмежаваннямі займаецца шматпрофільная ўнутрышкольная камісія, якая дае першасную ацэнку развіцця дзіцяці, вызначае яго індывідуальныя патрэбы. Вынікі ацэнкі разглядаюцца раённай псіхапедагагічнай службай, якая дае сваю комплексную і міждысцыплінарную ацэнку развіцця дзіцяці, распрацоўвае ацэначную справаздачу, якая змяшчае агульны вывад аб наяўнасці ў яго спецыяльных адукацыйных патрэб, аб неабходных мерах па ўмяшанні і падтрымцы спецыялістаў. Усе тыпы ацэньвання дзіцяці арыентаваны на вызначэнне пазітыўных аспектаў яго развіцця і зоны найбліжэйшага развіцця. Вынікі комплекснай ацэнкі перадаюцца ў навучальную ўстанову, якую наведвае дзіця, і становяцца асновай для распрацоўкі мер па яго ўключэнні ў адукацыйны працэс, яго індывідуальных вучэбных планаў, або планаў дапамогі. У Малдове не існуе спецыяльных і рознаўзроўневых праграм, навучэнцы займаюцца па агульных праграмах, якія адаптуюцца і мяняюцца да патрэб дзяцей з абмежаваннямі. Індывідуальныя вучэбныя планы служаць рэкамендацыямі для бацькоў, педагогаў, іншых спецыялістаў, што займаюцца з дзіцем. Ацэнка і сертыфікацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з задачамі індывідуальнага вучэбнага плана на аснове прагрэсу развіцця дзіцяці. Індывідуальны вучэбны план перыядычна пераглядаецца (актуалізуецца), у залежнасці ад вынікаў работы па ім навучэнца, могуць быць зменены пэўныя яго раздзелы. Пасля заканчэння навучальнай установы ўсе дзеці атрымліваюць аднолькавыя сертыфікаты, толькі ў асобных вучняў у дакументах будзе пазначана, што па пэўных прадметах ацэньванне праводзілася, зыходзячы з індывідуальнага вучэбнага плана.

Даступная вышэйшая адукацыя

У Казахстане інклюзіўнасць з’яўляецца важным палітычным і эканамічным рэсурсам развіцця грамадства. Гэта, у прыватнасці, адзін з шасці прынцыпаў канцэпцыі па ўваходжанні гэтай краіны ў трыццатку самых развітых дзяржаў свету. Пра гэта расказала дырэктар Рэсурснага кансультатыўнага цэнтра па інклюзіўнай адукацыі для ВНУ Рэспублікі Казахстан і псіхалогіі асобы Казахскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Абая, доктар педагагічных навук, прафесар Зульфія Ахметваліеўна Маўкебаева. “Інклюзія ў нашай краіне разглядаецца з пазіцыі адносін да людзей з інваліднасцю як да актыўных удзельнікаў грамадства, якія могуць садзейнічаць развіццю сваёй краіны, — падкрэсліла Зульфія Маўкебаева. — У Казахстане пражывае больш за 674 тысячы чалавек з інваліднасцю, з іх працаўладкаваны 82 тысячы, сярод працаўладкаваных 10 працэнтаў маюць вышэйшую адукацыю”.

Асноўнымі кірункамі дзейнасці ўніверсітэтаў па рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі ў Казахстане з’яўляюцца стварэнне неабходных умоў і безбар’ернага асяроддзя для асоб з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, абнаўленне зместу падрыхтоўкі спецыялістаў да работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі, навукова-метадычная і арганізацыйная падтрымка інклюзіўных дашкольных арганізацый, школ, арганізацый тэхнічнай і прафесійнай адукацыі. Згодна з Дзяржаўнай праграмай развіцця адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан на 2016—2019 гады, 70 працэнтам школ і 40 працэнтам дашкольных устаноў да 2019 года трэба стварыць усе неабходныя ўмовы для інклюзіўнай адукацыі, у 100 працэнтах УВА таксама павінны быць створаны роўныя ўмовы і безбар’ерны доступ для навучання студэнтаў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Людзі з інваліднасцю могуць паступаць ва УВА на агульных падставах, акрамя таго, для іх прадугледжаны спецыяльныя гранты (дзяржаўная квота) па вочнай форме навучання і рэктарскія гранты. Яны маюць магчымасць поўнага ўключэння ў адукацыйны працэс, а таксама атрымання дыстанцыйнай вышэйшай адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *