Інклюзіўны патэнцыял устаноў спецыяльнай адукацыі

- 10:58Спецыяльная адукацыя

Удзельнікі Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі абмеркавалі на чарговым пасяджэнні, якое адбылося на базе ўстаноў адукацыі Міншчыны, ролю ўстаноў спецыяльнай адукацыі ў рэалізацыі інклюзіўных падыходаў у адукацыі асоб з АПФР.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня савета — дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук — засяродзіла ўвагу на каардынуючай функцыі абласных ЦКРНіР ва ўкараненні інклюзіўных працэсаў у адукацыйную прастору рэгіёнаў і вялікай ролі ўстаноў спецыяльнай адукацыі ў рэалізацыі Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з АПФР у Беларусі.

Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі С.Я.Сысой гаварыла пра асноўныя тэндэнцыі ў навучанні і выхаванні асаблівых дзяцей у нашай краіне. Намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама А.Л.Абалевіч азнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з сістэмай спецыяльнай адукацыі вобласці, адзначыўшы, што вопыт работы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Вілейскага райвыканкама па рэалізацыі інклюзіўных працэсаў на ўзроўні дашкольнай адукацыі з’яўляецца адным з лепшых на Міншчыне. 

Начальнік раённага ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме А.Ч.Пуцейка расказаў пра інклюзіўныя падыходы ў арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі рэгіёна, заўважыўшы, што паспяховасць дзяцей з АФПР залежыць найперш ад іх актыўнага ўдзелу ў сумеснай дзейнасці са здаровымі равеснікамі.

Падчас панарамнага агляду інклюзіўных мерапрыемстваў у Вілейскім раённым ЦКРНіР і дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Вілейкі ўдзельнікі азнаёміліся з вопытам па стварэнні адзінай інклюзіўнай адукацыйнай прасторы ўстаноў дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, наведалі фітнес-трэніроўку, гульнявыя заняткі ў LEGO-цэнтры, вучэбныя заняткі ў спецыяльным класе, інклюзіўную пастаноўку “Дванаццаць месяцаў: вясна”, паглядзелі фотавыставу “Разам нам цікава” і выставу сенсорных дапаможнікаў, вырабленых выхавальнікамі для работы з асаблівымі дзецьмі.

Добрыя ўражанні пакінула новая інклюзіўная шматфункцыянальная гульнявая пляцоўка на тэрыторыі раённага ЦКРНіР, створаная ў рамках міжнароднага дабрачыннага праекта “Крылы шчасця” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі. У межах гэтага праекта ў пачатковай школе № 6 Вілейкі з’явілася таксама інклюзіўная арт-студыя, у якой пабывалі кіраўнікі ўстаноў спецадукацыі. Дзейнасць студыі дазваляе рэалізаваць праграму дадатковай адукацыі для розных катэгорый дзяцей.

У Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце, якая з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам, былі паказаны напрацоўкі па выкарыстанні розных аўтарскіх прэзентацый, праграмна-дыдактычных комплексаў, кампетэнтнасна арыентаваных заданняў на ўроках і карэкцыйных занятках, шматфункцыянальнага электроннага ўстройства “Стабілатрэнажор” і інш.

Падчас работы секцый кіраўнікі абмяркоўвалі інклюзіўны патэнцыял устаноў спецыяльнай адукацыі і пытанні, звязаныя з удасканаленнем дзейнасці на іх базе рэсурсных цэнтраў. Так, ды­рэктар Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна В.Р.Ізотаў расказаў пра асаблівасці далучэння школьнікаў да працоўнай і прафесійнай падрыхтоўкі на базе рэсурснага цэнтра школы-інтэрната. Дырэктар спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска Н.Г.Краўчук падзялілася вопытам работы рэсурснага цэнтра па суправаджэнні інклюзіўнай адукацыі дзяцей з парушэннем слыху ў сталіцы.

Вялікую ўвагу ўдзельнікі мерапрыемства ўдзялілі фарміраванню інклюзіўнай культуры і талерантных адносін грамадства да асаблівых дзяцей, выпрацаваўшы шэраг прапаноў па ўдасканаленні работы ў гэтым напрамку.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Т.В.Жук адзначыла прадукцыйную работу яго ўдзельнікаў і вызначыла перспектыўную тэму наступнага пасяджэння, якое пройдзе на базе ўстаноў адукацыі Мінска.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.