Інклюзія і прафесійная падрыхтоўка: новыя кірункі

- 11:01Спецыяльная адукацыя

Установы адукацыі ўзялі курс на інклюзію і цвёрда крочаць па гэтым шляху. Педагогі працуюць над тым, каб адукацыйнае асяроддзе стала асяроддзем роўных магчымасцей, і гатовы дзяліцца вопытам работы ў гэтым кірунку. Так, у Беларусь на павышэнне кваліфікацыі па тэме “Новыя кірункі ў развіцці інклюзіўнай адукацыі” прыехалі педагогі з Расіі, якія працуюць у сістэме прафтэхадукацыі.

Фота да матэрыялу: Інклюзія і прафесійная падрыхтоўка: новыя кірункі.Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц СНД па прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тэма арганізацыі работы з дзецьмі з АПФР, пытанні інклюзіі і прафесійнай падрыхтоўкі дзяцей з асаблівасцямі развіцця зараз надзвычай актуальныя, і нашай краіне ёсць чым падзяліцца з калегамі ў гэтым кірунку. РІПА ўжо тры разы арганізоўваў курсы для калег з Расіі і Казахстана. Чацвёрты раз прыехалі 30 спецыялістаў з розных рэгіёнаў краіны-суседкі — Яраслаўскай, Маскоўскай, Валагодскай, Ленінградскай абласцей, Рэспублікі Башкартастан. Усе яны прадстаўнікі прафесійна-тэхнічных устаноў, якія з’яўляюцца ў сваіх рэгіёнах базавымі пляцоўкамі па прафесійнай падрыхтоўцы асоб з АПФР.

Работа пачалася з сустрэчы ў РІПА, дзе гасцей вітаў рэктар установы В.М.Галубоўскі, а супрацоўнікі інстытута паведамілі ў сваіх выступленнях аб развіцці прафесійнай адукацыі ў Беларусі ў міжнародным кантэксце, а таксама расказалі аб развіцці інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя ў сістэме прафтэхадукацыі.

Далейшае знаёмства з беларускім вопытам ажыццяўлялася на практыцы, ва ўстановах адукацыі. Першым пунктам наведвання стаў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі. У гэтай установе больш за 10 гадоў дзейнічае Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У цэнтры створана дасканалае безбар’ернае асяроддзе. Тут навучэнцы з парушэннямі слыху і апорна-рухальнага апарату атрымліваюць запатрабаваныя прафесіі: аператар ЭВМ, аператар камп’ютарнай графікі, токар, слесар — зборшчык бытавой тэхнікі, слесар механазборачных работ, вымяральнік электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі, тэхнік-праграміст. Выпускнікі цэнтра становяцца канкурэнтаздольнымі спецыялістамі і паспяхова спраўляюцца са сваімі працоўнымі абавязкамі. У іх ёсць магчымасць прадоўжыць навучанне ва УВА.

Выкладчыкі каледжа прадставілі фрагменты заняткаў па прадметах спецыяльнага цыкла і расказалі аб здароўезберагальных тэхналогіях, якія выкарыстоўваюцца ў цэнтры, прадэманстравалі на фрагментах урокаў прымяненне электронных і інтэрактыўных сродкаў навучання пры вывучэнні прадметаў агульнаадукацыйнага цыкла, а таксама выкарыстанне інтэрактыўнага медыяасяроддзя ў рабоце з навучэнцамі з АПФР. Госці наведалі электрамантажныя майстэрні і лабараторыі мікрапрацэсарнай тэхнікі, дзе праводзяцца заняткі, і ўбачылі выступленне тэатра жэставай песні “Арт-жэст”.

Расійскія спецыялісты азнаёміліся таксама з вопытам работы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці. У Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі з навучэнцамі з асаблівасцямі развіцця працуюць ужо больш за 20 гадоў. І калі ў Мінскім каледжы электронікі вучацца дзеці з асаблівасцямі развіцця, але з захаваннем інтэ-лекту, то ў Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі працуюць з іншымі катэгорыямі асоб з АПФР. Гэта дзеці з рознымі сур’ёзнымі адхіленнямі ў здароўі, у тым ліку з інтэлектуальнай недастатковасцю. Спачатку тут рыхтавалі садаводаў і агароднікаў, потым, па запытах бацькоў, адкрылі набор у групы, дзе рыхтуюць маляроў і тынкоўшчыкаў. Наколькі паспяхова адбываецца навучанне, госці ліцэя маглі пераканацца падчас фрагмента вучэбных заняткаў, на якіх навучэнцы ліцэя з АПФР прадэманстравалі сваё майстэрства нанясення розных відаў дэкаратыўнай тынкоўкі. Узаемадзеянне навучэнцаў з АПФР з іх звычайнымі равеснікамі можна было назіраць падчас урока-гульні, які правялі выкладчыкі ліцэя.

Для ўдасканалення работы ў гэтым кірунку ліцэй ажыццяўляе праектную і інавацыйную дзейнасць. У 2015—2017 гадах тут рэалізоўваўся эксперыментальны праект, а з 2017 года ўстанова стала рэспубліканскай пляцоўкай для рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў для навучання навучэнцаў з АПФР”. У аснову эксперыментальнай дзейнасці пакладзены вопыт работы валанцёрскага атрада “Равеснік”, галоўная задача якога — уключэнне асоб з АПФР у адукацыйнае асяроддзе дзяцей, якія тыпова развіваюцца. Слуцкі ліцэй цесна ўзаемадзейнічае з раённым ЦКРНіР. Падрабязней аб сумеснай рабоце і праектах расійскія калегі даведаліся пры наведванні ЦКРНіР, дзе таксама ўбачылі валанцёраў ліцэя ва ўзаемадзеянні з выхаванцамі цэнтра.

Цікавым для гасцей з краіны-суседкі было і падарожжа ў Рудзенск Пухавіцкага раёна, дзе яны завіталі ў дапаможную школу-інтэрнат. Выпускнікі ўстановы маюць магчымасць атрымаць рабочую кваліфікацыю тут жа, у школе-інтэрнаце, у класах паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі. Пасля заканчэння 12 класаў яны атрымліваюць пасведчанне адпаведнага ўзору аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду па прафесіі. Сёння ў школе яны могуць атрымаць прафесіі слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, садавода і агародніка, кветкавода, рабочага зялёнага будаўніцтва. Аб занятках і практыцы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах расказалі самі навучэнцы такіх класаў. Наведвальнікі ўбачылі фрагменты заняткаў у кабінеце сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, рамонтна-будаўнічай і слясарнай майстэрнях, майстэрні па апрацоўцы тканін, карэкцыйным кабінеце.

Адметнасцю Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната з’яўляецца таксама моцная работа ў спартыўным кірунку з выхаванцамі. Яны ўдзельнічаюць і перамагаюць у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах па розных відах спорту. Педагогі ўбачылі фрагмент спартландыі, трэніроўкі ў секцыях па плаванні і цяжкай атлетыцы. Установа працуе як абласны рэсурсны цэнтр спецыяльнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю. Падрабязней аб гэтай рабоце расказаў дырэктар школы-інтэрната В.І.Гілеўскі.

Завяршаючым мерапрыемствам стала наведванне Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, дзе расійскія калегі пазнаёміліся з вопытам кадравага і навукова-метадычнага забеспячэння інклюзіўнай адукацыі. Тут жа адбыўся круглы стол “Актуальныя пытанні стварэння педагагічнага асяроддзя інклюзіўнай прафесійнай адукацыі”, удзельнікамі якога сталі вядучыя ў гэтым кірунку спецыялісты нашай краіны, кіраўнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку асоб з АПФР.

Расійскія педагогі адзначылі безумоўную карыснасць вопыту беларускіх калег, з якім яны пазнаёміліся, актуальнасць тэмы пошуку новых падыходаў да прафесійнай падрыхтоўкі людзей з асаблівасцямі развіцця. Госці нашай краіны падкрэслілі, што ўбачылі шмат цікавага, а самае натхняльнае, што ім давялося ўбачыць, — кампетэнтныя, працавітыя, актыўныя людзі, неабыякавыя да сваёй справы і да дзяцей, з якімі працуюць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.