Інструменты і тэхналогіі ў рабоце з бацькамі

- 12:00Адукацыйная прастора

Адзвінелі навагоднія святы, занялі свае месцы на антрэсолях яркія цацкі, патухлі ёлачныя свечкі. Падведзены вынікі 2017 года, адкарэкціраваны планы на 2018 год. Усіх нас, асабліва педагогаў-інаватараў, чакае вельмі цікавы і насычаны год. Важна памятаць, што і знешнія, і ўнутраныя змены будуць адбывацца яшчэ хутчэй, таму неабходна рыхтавацца да іх загадзя, каб быць у поўным узбраенні і хутка адаптавацца, а значыць, трэба думаць, шукаць, вучыцца. Сёння бесперапынная адукацыя спецыялістаў, кіраўнікоў, педагогаў і вучняў, іх бацькоў як педагогаў па прыродай зададзеным прызначэнні — гадаваць і выхоўваць сваіх дзяцей, своечасова адказваючы на выклікі часу, фарміруючы навыкі ХХІ стагоддзя, — ужо неабходнасць.

Праблемы нізкай кампетэнтнасці і цяжкасцей бацькоў у вырашэнні большасці сямейных канфліктаў, сітуацый неразумення і непрымання ўласных дзяцей, няўмення аказаць дзіцяці ў патрэбны момант дапамогу і падтрымку, праблемы неразумення і аддалення дзяцей ад сям’і, а сям’і ад школы прывялі да ўзаемадзеяння (“школа — дзеці — сям’я”) эпізадычнага, у нечым спажывецкага, інфармацыйна-павучальнага, эмацыянальна напружанага, якое ў цэлым тармозіць працэс выхавання і зніжае я­касць адукацыі і падрыхтоўкі навучэнцаў да самастойнага прафесійнага жыцця.

Гатоўнасць да інавацыйнай дзейнасці і кампетэнтнасць кожнага настаўніка былі вызначаны яшчэ на старце нашага праекта па эфектыўным узаемадзеянні школы і бацькоў. Для вызначэння ўзроўню кампетэнтнасці бацькоў сіламі псіхолагаў, класных кіраўнікоў і актыўных бацькоў праводзілася анкетаванне, апытанні, сумоўі, круглыя сталы, дыягнастычныя інтэрв’ю. Ідэя была прынята ўсімі. Адукацыйныя запыты баць­коў аказаліся вельмі рознымі, яны шмат у чым зале­жаць і ад стылю сямейных адносін, “надвор’я ў доме”, узросту дзяцей, ад пераканаўчасці педагогаў і арганізатараў праекта і многага іншага. Яны былі сістэматызаваны і структураваны. Атрымалася прыкладна 10—15 тэматычных блокаў са шматлікімі пытаннямі (своеасаблівае праблемнае поле па кожнай тэме). Вялікую ролю ў правільным разуменні ідэі, канцэпцыі і стратэгіі праекта ўсімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу адыгралі ўнутраныя камунікацыі, тлумачэнні, перакананні, дыялогі кіраўнікоў праекта і педагогаў з бацькамі на сходах і не толькі. Пакуль яшчэ не ўсе бацькі ўмеюць дакладна сфармуляваць свой запыт. Тут на дапамогу прыйшлі псіхолагі, класныя кіраўнікі, члены бацькоўскіх камітэтаў. Некаторыя бацькі не могуць адарвацца ад свайго класа і класнага кіраўніка, калі нават тэма майстар-класа іншага настаўніка або спецыяліста ў іншым кабінеце ім больш цікавая і патрэбная. Неабходны час, вялікая цярплівасць педагогаў і пастаянная ўвага кіраўнікоў і арганізатараў праекта да кожнай дробязі, неабходна іх натхняльнае і стымулюючае кіраванне мэтамі, матывацыяй і паглыбленнем у праблему. Упэўненасць дырэктара-лідара і бацькоў-актывістаў у актуальнасці галоўнай інавацыйнай ідэі, у тым, што поспех любога праекта, любой стратэгіі шмат у чым зале­жыць ад таго, наколькі кожны настаўнік, увесь калектыў педагогаў і актыў бацькоў прытрымліваецца мэты радыкальнага абнаўлення і прапанаваных падыходаў да работы з бацькамі, як зладжана яны гатовы працаваць, наколькі здольны прасоўваць гэтыя ідэі сярод калег і бацькоў, прадыктавала першыя пасля ініцыіравання праекта кіраўніцкія дзеянні. Сумоўі дырэктара як кіраўніка, завуча, каардынатара праекта з настаўнікамі, найбольш матываванымі і падрыхтаванымі да інавацыйнай дзейнасці, веданне іх кампетэнцый, магчымасцей і прыярытэтаў дапамаглі прыняць стратэгічна вельмі важнае кіраўніцкае рашэнне — распрацаваць інфраструктуру праекта і дэлегаваць членам калектыву частку паўнамоцтваў па кіраванні асобнымі яго напрамкамі. Менавіта гэтыя педагогі (праектная група або інавацыйная каманда) і сталі кіраўнікамі маленькіх творчых груп (міні-груп). У кожнай установе адукацыі ў залежнасці ад колькасці педагогаў у калектыве арганізавана 10—12 міні-груп. У некаторых установах адукацыі групы “Дзеці і школа” і “Дзеці і кніга” аб’яднаны, але затое арганізаваны групы інфармавання, маніторынгу і навукова-метадычнага суправаджэння. А ў гімназіі Смаргоні функцыі інфармавання, маніторынгу і навукова-метадычнага суправаджэння выконваюцца ва ўсіх групах з улікам іх напрамкаў дзейнасці.

Найбольш эфектыўнымі аказваюцца групы, якія ўключаюць настаўнікаў розных прадметаў і працуюць у класах розных узроставых груп. Гэта дапамагае педагогам узняцца да асэнсавання праблем і магчымасцей усяго калектыву, распрацоўваць найбольш універсальныя матэрыялы і рэкамендацыі, забяспечваць навучанне, узаеманавучанне і ўзаемаўзбагачэнне, абмен вопытам і ідэямі. Члены праектнай групы цалкам падзяляюць мэты і каштоўнасці інавацыйнай ідэі павышэння ўзроўню псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці баць­коў праз іх навучанне з улікам індывідуальных адукацыйных запытаў і цяжкасцей (асобасна арыентаваны падыход і да бацькоў) і гатовы прасоўваць гэтую ідэю сярод калег, уцягваючы іх у камунікацыю, у абмен думкамі і вопытам. Такая інфраструктура праекта асабліва патрэбна ва ўстановах адукацыі з вялікай колькасцю педагогаў. Дырэктары ўстаноў адукацыі В.Ю.Шчарбакоў (гімназія № 4 Баранавіч), Д.І.Клімовіч (гімназія № 1 Стоўбцаў), В.М.Каштальян (сярэдняя школа № 1 Салігорска), М.М.Шырко (гімназія № 1 Баранавіч), І.А.Дурэйка (гімназія Смаргоні), Н.І.Тулько (Бабровіцкі дзіцячы сад — школа), С.М.Валюшкіна (Полацкая гімназія № 1), М.Ф.Вайцянкова (гімназія № 174 Мінска), Ю.У.Вяршыцкі (сярэдняя школа № 9 Маладзечна), А.А.Савіцкі (сярэдняя школа № 2 Новалукомля), А.Я.Малашкевіч (сярэдняя школа № 136 Мінска) і іх намеснікі як кіраўнікі-інаватары, інаватары-лідары вырашаюць паралельна і іншую стратэгічную задачу — развіццё кіраўніцкіх кампетэнцый некаторых педагогаў, выхоўванне новых лідараў у адукацыі. Гэта “разумная іерархія”, якая пабудавана на знаходжанні і расстаноўцы патрэбных людзей на “правільных узроўнях” для “правільнай работы”. Такі шлях развіцця лідарскіх якасцей настаўніка праз яго інавацыйную работу, даследаванні ўласнай дзейнасці і яе рэфлексію, безумоўна, у будучыні станоўча паўплывае на развіццё яго кар’еры.

Немагчыма весці інавацыйную дзейнасць па паперцы, традыцыйна. Неабходны новыя тэхналогіі выхавання і навучання, новыя падыходы да работы з бацькамі, новыя інструменты і механізмы кіравання. Ва ўсіх установах адукацыі, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта, асвойваюцца тэхналогіі праблемна-арыентаванага аналізу, SWOT-аналізу, групавога і індывідуальнага коўчынгу, кансалтынгу, настаўніцтва, мнагамерных дыдактычных інструментаў, медыяцыі і мадэрацыі, ролевых і дзелавых гульняў, актыўных і інтэрактыўных метадаў навучання дарослых, выкарыстоўваюцца памяткі, кантрольныя табліцы, дарожныя карты, такія формы работы, як трэнінгі, дыскусіі, дэбаты, рэфлексіўныя планёркі, рэфлексіўныя сустрэчы, рэфлексіўныя семінары і інш. Рэфлексіўныя сустрэчы арганізоўваюцца з рознай частатой і ў розных фарматах. Для настаўніка, які вядзе інавацыйную работу вялікай педагагічнай і дзяржаўнай важнасці, часам вельмі карысна не толькі расказаць, што і як робіцца, што атрымліваецца, ці не атрымліваецца, але і за­даць набалелае пытанне дырэктару, каардынатару, псіхолагу або кансультанту, каб ведаць іх меркаванне тут і зараз. Рэфлексія інавацыйных працэсаў і прамежкавых вынікаў — гэта адначасова і псіхалагічная, і кіраўніцкая, і метадычная падтрымка настаўніка. Рэфлексія вучэбных заняткаў для бацькоў праводзіцца непасрэдна з удзельнікамі заняткаў, а таксама перыядычна са старшынямі бацькоўскіх камітэтаў і класных кіраўнікоў у зручны час. Пакуль не ўсе заняткі настаўнікаў з бацькамі носяць навучальны характар. Над гэтым трэба яшчэ шмат працаваць. Цяжка дарослым, да таго ж вельмі занятым бацькам, вучыцца, ды яшчэ і па вечарах. Падчас практычнай арганізацыі і рэфлексіі такой работы карэкціруецца алгарытм адаптацыі мадэлі, якая ўкараняецца, да ўмоў і магчымасцей канкрэтнай установы адукацыі.

Многія заняткі з бацькамі і дзецьмі пераносяцца на суботу. У салігорскай школе № 1 нормай стала “Бацькоўская субота”, калі праводзяцца не толькі сумесныя святы, спаборніцтвы, тэматычныя сустрэчы, але і майстар-класы настаўнікаў або запрошаных спецыялістаў для бацькоў, а майстар-класы больш паспяховых бацькоў — для сваіх калег або навучэнцаў. Немагчыма дабіцца поспеху і без творчага падыходу да навучання бацькоў. Найбольш творчы падыход да інавацыйнай дзейнасці ў гэтым напрамку можна адзначыць у гімназіях № 1 і № 4 Баранавіч, у гімназіях Смаргоні, Стоўбцаў і Полацка, у сярэдняй школе № 1 Салігорска, сярэдняй школе № 1 Новалукомля, Бабровіцкім ВПК і інш. Некаторыя ўдзельнікі праекта прадставілі самыя паспяховыя кейсы павышэння эфектыўнасці работы персаналу, і як вынік — росту матывацыі бацькоў да асобаснага і практыка-арыентаванага супрацоўніцтва са школай, каб стаць педагагічна дасведчанымі бацькамі і зрабіць паспяховымі сваіх дзяцей. Работа ўсё больш будуецца не толькі на дыягнастычнай аснове, але і на даверы, на маральна-каштоўнаснай аснове.

Для кожнай міні-групы і кожнага яе члена распрацаваны канкрэтныя функцыі. Гэта дапамагло вырашыць яшчэ адну вельмі складаную кіраўніцкую задачу — уключыць усіх членаў педагагічнага калектыву ў інавацыйную дзейнасць. У загадзе Міністэрства адукацыі права на рэалізацыю праекта дадзена ўсяму калектыву, а не асобным педагогам або групам. Ды і несумленна, напрыклад, у 7 “А” класе праца­ваць з бацькамі інавацыйна, а ў 6 “Б” па-даўнейшаму. У гэтым і ёсць сістэмны падыход да арганізацыі інавацыйнай дзейнасці. Такія складаныя і мнагамерныя задачы патрабуюць няпростых рашэнняў. Да таго ж гэта ўнікальная магчы­масць у рамках праекта забяспечыць бесперапынную адукацыю ўсіх удзельнікаў інавацыйнай дзейнасці і павысіць якасць навучання. Ведаючы абавязкі ўсіх удзельнікаў праекта і вывучаючы прадукты іх дзейнасці, лёгка право­дзіць аналіз і ацэнку ўзроўню і дынамікі развіцця прафесійных кампетэнцый настаўнікаў-інаватараў.

Аналізуючы вынікі выкарыстання ў рабоце з бацькамі кампетэнтнаснага падыходу, мы гаворым не толькі пра тое, якімі кампетэнцыямі павінен валодаць кожны паспяховы бацька дзіцяці адпаведнага ўзросту, але і якія кампетэнцыі павінен мець педагог, што працуе над фарміраваннем і павышэннем узроўню кампетэнцый бацькоў. Дапамагае выкарыстанне тэхналогіі мадэлявання. Распрацоўваюцца мадэлі кампетэнцый усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу (ад дырэктара да бацькоў і вучняў). Гэта непрывычна і цяжка, затое высвятляюцца і задача, і шляхі яе канкрэтнага вырашэння.

Чаму ўсё ж такі некаторыя настаўнікі, якія валодаюць і неабходнымі навыкамі, і глыбокімі ведамі, маюць цяжкасці ў арганізацыі трэнінгаў і іншых тыпаў вучэбных заняткаў для баць­коў з улікам іх адукацыйных запытаў? Моцнымі застаюцца традыцыі весці заняткі маналогам, не сфарміраваны кампетэнцыі настаўнікаў, патрэбныя для выпрацоўкі навыкаў навучэнцаў, неабходных у ХХІ стагоддзі.

Паколькі хуткасць змен ва ўсіх сферах нарастае, надыходзіць эпоха ідэй і іх хуткага выкарыстання на практыцы. Стратэгіі і выклікі новага часу прад’яўляюць новыя па­трабаванні і да кіравання, і да фарміравання якасна новых кіраўнікоў, лідараў новага тыпу, новага часу. Кіраўнік, інаватар павінен быць кампетэнтным прафесійна і эмацыянальна, быць гібкім, умець дзейнічаць хутка і смела, рашуча і адказна, павінен быць лідарам па генерыраванні ідэй, па мэтах, па дзеяннях, па выніках, па выхоўванні лідараў. Сёння лідар у адукацыі павінен валодаць спецыяльнай кампетэнцыяй у галіне інавацыйных пераўтварэнняў, прарыўных тэхналогій і выхоўвання новых лідараў для заўтрашняга дня, для павышэння інтэлектуальнага патэнцыялу краіны і яе паспяховага развіцця. Лідар павінен мець асаблівае разуменне рэчаіснасці — успрымаць існуючую сітуацыю як аператыўную прастору дзейнасці, як набор магчымасцей для дасягнення мэт. У мадэлі кампетэнцый лідара — сістэмнае, інавацыйнае мысленне, эмацыянальны інтэлект, духоўна-асобасны інтэлект, крэатыўнасць і гэтак далей.

Дзе шукаць такіх лідараў? Як іх развіваць?

Канечне, у сваёй установе адукацыі! Ва ўсіх установах адукацыі арганізаваны пастаянна дзеючыя семінары, распрацаваны прыкладныя праграмы іх правядзення. Акцэнт робіцца ў асноўным на кароткім інфармаванні пра навуковыя асновы праблемы, якая абмяркоўваецца, або канкрэтнага адукацыйнага запыту бацькоў і больш глыбокім яго практычным прымяненні ў канкрэтных сітуацыях. Гэта рэальнае бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі і інавацыйнай кампетэнтнасці педагогаў ва ўстанове адукацыі, на рабочым месцы. Галоўны крытэрый поспеху педагога ў такім выпадку — яго матывацыя, гатоўнасць да дыялогу, да актыўнага пошуку новых ідэй і аптымальных рашэнняў, актыўнай разумовай дзейнасці, супрацоўніцтва, бесперапыннага навучання і самаадукацыі, інтэлектуальнага і інавацыйнага лідарства.

Веды павінны працаваць!

Выбар тэм для навучання нашых бацькоў цалкам завязаны на іх запытах і цяжкасцях, а педагогаў праектнай групы — на хуткім і эфектыўным авалоданні тэхналогіямі, тымі інструментамі, якія дапамогуць настаўнікам больш эфектыўна вучыць бацькоў. У практыку інавацыйных школ укараняецца каскаднае навучанне. Педагогі, кіраўнікі міні-груп, пасля семінараў і трэнінгаў самі праводзяць аналагічнае навучанне для членаў сваіх груп, дзеляцца з імі атрыманымі ведамі, распрацоўваюць сцэнарыі заняткаў па навучанні бацькоў. На практыцы аказваецца, што гэта яшчэ і фактар, які дысцыплінуе. Настаўнік, які ведае, што яму трэба перадаць веды калегам, больш уважліва ставіцца да навучання. Педагогі самі адзначаюць, што такая адказнасць дапамагае ім сканцэнтравацца і матывуе прыкладаць максімум намаганняў для запамінання і засваення матэрыялу падчас навучання. Навучаючыся па-новаму для фарміравання навыкаў вырашэння злабадзённых праблем, усе хочуць быць сучаснымі і паспяховымі. Павысіць эфектыўнасць навучання, гэта значыць дабіцца большага поспеху, можна за кошт самаадукацыі і настаўнікаў, і бацькоў. Як толькі бацькі адчуюць, што яны зразумелі і засвоілі навыкі навучання ў камандзе, яны будуць матываваны і падрыхтаваны да самаадукацыі. Што ж робіць кіраўніка эфектыўным лідарам? Эфектыўнасць лідарства да некаторай ступені — гэта функцыя асобасных якасцей і паводзін, тыпу работы, якая выконваецца, а таксама ўзаемаадносін у калектыве і арганізацыйнага клімату.

У 2004 годзе на жаночым прафесійным форуме Women’s Foodservice Forum пасля гарачых і плённых дыскусій бізнес-лэдзі вывелі дзесяць ключавых кампетэнцый паспяховага лідара: ініцыятыўнасць, стратэгічнае мысленне, наладжванне кантактаў, садзейнічанне развіццю іншых, пабудова высокаэфектыўных каманд, уменне працаваць на вынік, прыняцце рызык, рашучы розум, уменне правільна мець зносіны і слухаць. Для паспяховага фарміравання кожнай з гэтых кампетэнцый неабходна засвоіць і выкарыстоўваць адпаведныя тэхналогіі, найбольш аптымальныя прыёмы і механізмы, пацвярджаючы словы спецыяліста Міжнароднага інстытута развіцця “ЭкаПро” У.П.Ціхамірава: “Змест адукацыі — гэта кароль, а тэхналогіі адукацыі — гэта Бог”.

Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ,
кіраўнік праекта, метадыст АПА.