Інтэрактыўная адукацыйная падлога, камп’ютарны кабінет і басейн. Чым праваблівае выхаванцаў садзік № 2 у Міёрах

- 13:40Пресс-тур «Настаўніцкай»

Наваселле ў дзіцячым садзе № 2 Міёраў “Жураўлік” адбылося напрыканцы жніўня мінулага года. Гэтая падзея супала з уручэннем ключоў ад новых кватэр жыхарам маладога мікрараёна Русачкі, сярод якіх 25 мнагадзетных сем’яў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Дзіцячы сад на 200 месцаў у Міёрах стаў трэцім аб’ектам, пабудаваным па такім праекце ў Віцебскай вобласці, — расказ­вае загадчык дзіцячага сада Ніна Лагун. — Назва “Жураўлік” адсылае да мясцовага экасвята “Жураўлі і журавіны ­ Міёрскага краю”. Нашы супрацоўнікі штогод прымаюць удзел у конкурсе па зборы журавін, які праходзіць у рамках гэтага свята. Апошнія тры гады мы атрымлівалі прызавыя месцы.

Выхаванцы працягваюць прыбываць у дзіцячы сад на працягу гэтага навучальнага года: на сёння ў нас 183 малышы. Дзяцей ад аднаго да двух гадоў бацькі прыводзяць у групу ранняга ўзросту, якая карыстаецца папулярнасцю. У “Жураўлік” пераехаў не толькі наш 2-і сад, але і часткова групы садоў № 1 і № 3 Міёраў. А ў нашым ранейшым будынку зараз знаходзіцца раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Штат супрацоўнікаў сада ўкамплектаваны поўнасцю: у ім 29 педагагічных і 38 тэхнічных работнікаў. Многія ўладкавалі ў сад сваіх маленькіх сыноў і дачок, бо жывуць побач з установай. Да работы прыступілі і трое маладых спецыялістаў — выхавальніцы Вольга Ра­дзішэвіч, Ксенія Грыгор’ева і Хрысціна Лапкоўская.

Новы трохпавярховы дзіцячы сад параўноўваюць з казачным палацам, бо ён вельмі прыгожы, прасторны, светлы, з камфортнымі ўмовамі для развіцця і выхавання дашкольнікаў. Кожная з дванаццаці груп установы мае сваю колеравую гаму. Закуплены неабходныя гульні і цацкі, інтэрактыўная адукацыйная падлога, магнітна-маркерныя дошкі і іншае сучаснае абсталяванне. У садзе ёсць камп’ютарны кабінет, зала для дзіцячай творчасці, музычная зала, якая папоўнілася новай гукапрайгравальнай апаратурай і фартэпіяна. Дзеці наведваюць басейн, дзве спартыўныя залы — для гімнастычных заняткаў і лячэбнай фізкультуры. На вуліцы малых чакаюць разнастайныя трэнажоры, арэлі, пясочніцы. Закуплена высокатэхналагічнае кухоннае абсталяванне, працуе сістэма відэаназірання, абсталяваны медблок.

— Не паспелі мы адкрыцца, як баць­кі сфаміравалі нам запыт на атрыманне розных адукацыйных паслуг, у тым ліку на заняткі ў адаптацыйных групах і мацярынскай школе, — расказала Ніна Ігараўна. — Адкрыццё такіх груп у нашых найбліжэйшых планах. Многія дзеці маюць патрэбу ў занятках з настаўнікам-дэфектолагам. У нас два такія спецыялісты. На пункт карэкцыйна-­педагагічнай дапамогі да іх ходзяць 34 выхаванцы. Настаўнікі-дэфектолагі працуюць і ў спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Сярод заняткаў па інтарэсах вельмі запатрабаваны дзіцячы фітнес пад кіраўніцтвам Ксеніі Шкетавай. Раней у садзе была адна фітнес-група, а зараз іх дзве. Гэта звязана ў тым ліку і з пераездам у новы будынак і паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічных умоў, з’яўленнем новага спортінвентару: фітболаў, стэпаў, велатрэнажораў, матаў, шведскіх сценак. Карыстаюцца папулярнасцю заняткі па харэаграфіі і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

У новым будынку з’явіўся пакой псіхалагічнай разгрузкі, дзе працуе малады спецыяліст педагог-псіхолаг Яна Рачыцкая. Асноўная мэта заняткаў са спецыялістам у аб’яднанні па інта­рэсах “Смайлік” — захаванне псіхалагічнага здароўя дзяцей і развіццё іх эмацыянальнага інтэлекту. Педагог прапрацоўвае з дзецьмі розныя эмоцыі, вучыць, як іх экалагічна праяў­ляць. Па кансультацыі да псіхолага звяртаюцца калегі і бацькі выхаванцаў.

Любімае месца многіх выхаванцаў — басейн. У чашы памерам пяць на сем метраў і глыбінёй 80 см прадугле­джана сістэма ачысткі вады праз фільтры ў працэсе цыркуляцыі, таму злі­ваць ваду не трэба. Кіраўнік фізвыхавання інструктар па плаванні Раіса Алёхна зай­маецца з дзецьмі з 3 гадоў. Асноўная яе задача — не вучыць плаваць, а прывучаць дзяцей да вады, загартоўваць.

Асобна варта адзначыць наяў­насць у дзіцячым садзе безбар’ернага асяроддзя: пандусаў, пад’ёмніка для дзяцей з абмежаваннямі, ліфтаў — пасажырскага і двух грузавых. З пераездам у новы будынак у “Жураўліку” з’явіліся новыя спецыялісты — сталяр, апаратчык хімводаачысткі, чые абавязкі па сумя­шчальніцтве выконваюць рабочыя, а таксама ліфцёр, рабочы па рамонце, мыцці бялізны і спецвопраткі, справавод.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА