Інтэрактыўныя метады для паспяховага навучання

- 14:40Спецыяльная адукацыя

“У інклюзіўнай школе, да якой мы імкнёмся, усе дзеці, у тым ліку і дзеці з інваліднасцю, павінны атрымліваць падтрымку, якая дазволіць ім быць паспяховымі, адчуваць бяспеку і запатрабаванасць, — гаворыць настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 13 Баранавіч Валянціна Аляксандраўна Шакунова. — Больш чым дваццацігадовы педагагічны вопыт падказвае мне, што акцэнт ва ўмовах інклюзіі трэба рабіць на персаналізацыю працэсу навучання, уліку асаблівых патрэб кожнага вучня”.

Прыняць інклюзіўныя каштоўнасці

У 2009/2010 навучальным годзе ў сярэдняй школе № 13 Баранавіч адкрыліся першыя ў Брэсцкай вобласці класы інтэграванага навучання і выхавання, у якія прыйшлі дзеці з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Акрамя таго, тут займаюцца дзеці з цяжкасцямі ў навучанні, з аўтыстычнымі парушэннямі, з інтэлектуальнай недастатковасцю.

“Інклюзіўных класаў у нашай школе няма, але мы рыхтуемся да іх адкрыцця ў будучыні, — гаворыць Валянціна Аляксандраўна. — І падрыхтоўка гэтая ў тых маральных зменах, якія адбываюцца з педагогамі, вучнямі і бацькамі.

Да прыняцця інклюзіі і яе каштоўнасцей немагчыма прымушаць, кожны павінен прыйсці да яе самастойна, сваім розумам і сэрцам. Часам мы наракаем на сучасных дзяцей, маўляў, раней моладзь была іншай. На мой погляд, дзеці заўсёды аднолькавыя — дапытлівыя, цікаўныя, са сваімі спецыфічнымі праблемамі. Дзеці — гэта люстэрка кожнай сям’і і нашага грамадства ў цэлым. На іх аказваюць уплыў змяненні, якія адбываюцца з намі, дарослымі.

Таму пачынаць трэба менавіта з сябе. Невыпадкова некалькі гадоў назад наша школа далучылася да рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя трэнінгавай тэхналогіі работы з бацькамі навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”, які з поспехам рэалізаваны.

Нікога ў нашым педагагічным калектыве ўжо не здзівіш дзіцем, якое перамяшчаецца па школе на інваліднай калясцы або на хадунках. Звычайныя вучні ніколі не адводзяць ад яго вачэй, наадварот, смела ідуць з ім на кантакт, гатовы падтрымаць, прыйсці на дапамогу, пасябраваць. Адносіны, заснаваныя на ўзаемапавазе і ўзаемадапамозе, склаліся паміж навучэнцамі інтэграваных класаў яшчэ з пачатковай школы. І галоўная заслуга ў гэтым педагогаў, якія даюць не толькі веды па прадмеце, але і абуджаюць у дзіцячых душах дабрыню, любоў, сумленнасць і адказнасць, вучаць клапаціцца пра блізкага. Гэтыя якасці не страчваюць сваёй актуальнасці і зразумелыя кожнаму чалавеку ў любым грамадстве”.

Улічыць адукацыйныя запыты розных дзяцей

Валянціна Аляксандраўна ўпэўнена, што сучасны настаўнік не можа быць толькі ўрокадаўцам і носьбітам ведаў. Ён павінен працаваць на апярэджанне, умець на кожным уроку канцэнтраваць і ўтрымліваць увагу дзяцей. Для гэтага педагогу даводзіцца вытрымліваць сур’ёзную канкурэнцыю з іншымі крыніцамі інфармацыі, у першую чаргу з інтэрнэтам, дзе падача інфармацыі заўсёды яркая і насычаная. Як зрабіць так, каб кожны вучань у класе незалежна ад псіхафізічных асаблівасцей працаваў з аддачай, чуў і разумеў настаўніка, а гаджэты выкарыстоўваў для пошуку ў іх неабходных ведаў?

“У пачатку ўрока я імкнуся паставіць перад дзецьмі праблемнае пытанне, на якое ім было б цікава адказваць: “Чаму адбылося так, а не інакш?”, — адзначае Валянціна Аляксандраўна. — Калі мы ў 5 класе разглядалі тэму жыцця людзей Старажытнага Егіпта, урок пачынаўся з дэманстрацыі малюнка даху. Дзеці разважалі, як яго можна было выкарыстоўваць, і прыйшлі да высновы, што егіпцяне на даху спалі. Мы заўсёды шукаем сувязь паміж мінулым і сучасным і робім праекцыю ў будучыню. Гісторыя — гэта навука, якая фарміруе чалавека, робіць яго Чалавекам з вялікай літары, вучыць памятаць і разумець, хто мы такія. У сувязі з гэтым я звычайна расказваю дзецям легенду аб манкурце, якую можна прачытаць у рамане Чынгіза Айтматава “І больш веку доўжыцца дзень”.

Для таго каб улічыць адукацыйныя запыты розных дзяцей, уключыць асаблівага вучня ў калектыў і ў вучэбны працэс, патрабуюцца велізарныя педагагічныя намаганні. Паспяховасці сумеснага навучання садзейнічаюць калектыўныя формы навучання (парныя, групавыя), аказанне індывідуальнай дапамогі, практычныя, праблемныя, часткова-пошукавыя метады арганізацыі вучэбнай дзейнасці вучняў, стратэгіі ўзаемнага навучання і інш. Немалаважны фактар — адаптацыя да вучэбнага матэрыялу і дыферэнцыяцыя заданняў, якія з’яўляюцца асаблівымі для кожнага канкрэтнага вучня з абмежаваннямі.

Калі Валянціна Аляксандраўна рыхтуецца да заняткаў, то перш за ўсё ўяўляе тое асаблівае дзіця, да якога яна заўтра прыйдзе, і шукае спосаб, які дапаможа яму зразумець матэрыял. Метады работы, якія падыходзяць для работы са звычайнымі дзецьмі, не заўсёды прымальныя для работы з асаблівымі дзецьмі. Хаця некаторым вучням з парушэннямі не патрэбны асаблівыя падыходы. Напрыклад, вучаніца Валянціны Аляксандраўны пяцікласніца Кацярына — у дзяўчынкі ДЦП, яна перамяшчаецца на хадунках — самастойна можа пісаць, чытаць, размаўляць, што адметна, добра вучыцца. Займаецца Кацярына па агульнаадукацыйнай праграме. Педагогам з ёй вельмі лёгка працаваць. А вось для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні настаўнікі павінны адаптаваць вучэбны матэрыял да ўспрымання і разумення. У гэтым Валянціне Аляксандраўне дапамагаюць інтэрактыўныя метады.

“Як паказвае вопыт, узаемадзеянне навучэнцаў з рознымі адукацыйнымі магчымасцямі будзе больш прадукцыйным, калі спачатку ідзе работа ў парах зменнага саставу, а затым — у групах, — гаворыць настаўніца. — Вучань з асаблівасцямі развіцця з’яўляецца пастаянным у пары, а да яго ў працэсе работы падключаецца кожны раз новы вучань. Так навучэнцы класа набываюць вопыт узаемадзеяння з асаблівымі дзецьмі. Спачатку я адзначала і хваліла не столькі самі вынікі такой работы, колькі ўзгодненасць паміж вучнямі, згуртаванасць, уменне супрацоўнічаць і г.д. Калі такое дасягнута, можна арганізоўваць работу ў парах па іншых прынцыпах — калі ў парах ідзе змена роляў паміж тым, хто вучыць, і тым, каго вучаць, пачарговае выкананне розных роляў і г.д. Далей можна пачынаць работу ў групах, таксама з размеркаваннем функцый, са зменай роляў, паступова ўскладняючы і павялічваючы аб’ём заданняў. Такім чынам, арганізацыя работы ў парах і групах прадугледжвае мноства варыяцый”.

Метады эфектыўнага навучання

Валянціна Аляксандраўна прывяла прыклады выкарыстання інтэрактыўных метадаў на ўроках гісторыі ў інтэграваных класах. Напрыклад, праводзіцца ўзаемаправерка ў малых групах на веданне гістарычных дат (праз вуснае апытанне), пасля якой навучэнцы ацэньваюць адно аднаго. Каб больш згуртаваць звычайных і асаблівых дзяцей, праверка дамашняга задання арганізуецца ў форме гульні “Хачу запытаць”. Кожны вучань можа звярнуцца да аднакласніка са словамі “Хачу запытаць цябе”, і калі той правільна адказвае, то атрымлівае права задаць пытанне наступнаму аднакласніку. Той вучань, хто не дае правільнага адказу, выбывае з гульні.

Вельмі любяць дзеці пераводзіць вобразную інфармацыю ў вербальную і наадварот. Напрыклад, у 6 класе пры вывучэнні тэмы “Сярэднявечны горад” у аднаго вучня ў пары ёсць картка з намаляваным сюжэтам (агульны выгляд горада XIII ст.), якую нельга паказваць да заканчэння работы, а ў яго партнёра — яе разрэзаныя часткі. Задача першага — дапамагчы партнёру толькі словамі, без дапамогі жэстаў, як мага хутчэй скласці з частак адпаведны малюнак.

“Гісторыю немагчыма ўявіць без гістарычных дакументаў. Пры вывучэнні ў 6 класе (інтэграваным) тэмы “Крыжовыя паходы” я даю папярэдняе заданне вучню з нармальным развіццём выразна прачытаць “Выступленне Папы Урбана II у Клермоне”, а затым праз выкарыстанне прыёму мазгавога штурму мы канкрэтызуем прычыны паходаў, — адзначае Валянціна Аляксандраўна. — Хлопчык Кірыл з гэтага класа з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату можа ўспрымаць інфармацыю на слых (яму складана чытаць), але з дакументамі працуе нароўні з усімі вучнямі. На гэтым уроку выкарыстоўваю яшчэ адзін дакумент — “Паводзіны крыжаносцаў у Канстанцінопалі”. Улічваючы асаблівыя адукацыйныя патрэбы хлопчыка, мы чытаем дакумент уголас, а затым навучэнцы запаўняюць маркіровачную табліцу метадам “Інсерт”. Паколькі Кірылу складана пісаць, я рыхтую для яго карткі ў выглядзе даміно, і ён укладвае іх у табліцу і адпаведна запаўняе ячэйкі”.

Пры вывучэнні тэмы “Культура беларускіх зямель” настаўніца прапаноўвае вучням заданне скласці тэкст берасцяной граматы (адзін навучэнец, які можа мець асаблівасці ў развіцці, — дыктуе, а другі запісвае на “бяросце”). Выкарыстоўваючы ілюстрацыі і памяткі, звычайныя навучэнцы складваюць апісанне архітэктурнага стылю ў сшытках. А навучэнцы з АПФР робяць гэта вусна. Прыём суаднясення ілюстрацыі з назвай таксама рэалізоўваецца па-рознаму. На ўроку абагульнення “Беларускія землі ў старажытнасці” навучэнцы атрымалі магчымасць выхаду ў інтэрнэт і выконвалі ў анлайн-рэжыме заданні, размешчаныя на сайце http://history2.rogachevoo.gov.by/index.php/en/. Пры гэтым асаблівыя дзеці атрымлівалі лісты з ілюстрацыямі і наборы картак са словамі, якія яны суадносілі.

Ролевая гульня “Аўкцыён” прымяняецца пры абагульненні і замацаванні гістарычнага матэрыялу. На ўроку навучэнцам прапаноўваецца купіць адзнаку “дзесяць”. Набыць яе можа кожны. Для гэтага трэба назваць даты (імёны, паняцці), якія адносяцца да якога-небудзь пройдзенага перыяду, і даць кароткую характарыстыку. Пры гэтым нельга паўтарацца. Сказанае фіксуецца на дошцы і ў сшытках. Выйграе той, хто называе слова апошнім. Для праверкі дамашняга задання па тэме “Полацкае княства” прапаноўваюцца крыжаванкі, гістарычнае лато. Вучням даецца разграфаваны ліст з датамі, імёнамі, падзеямі. Навучэнец кожную ячэйку ліста закрывае падабраным словам. Урок-падарожжа праводзіцца пры вывучэнні тэмы “Выніковае абагульненне. Старажытны свет”. Клас дзеліцца на тры групы. Дамашняе заданне прадугледжвае ілюстрацыі ці малюнкі па тэме “Старажытны свет”. Заданне 1. Скласці праграму падарожжа на машыне часу, пазначыць стагоддзе (год), краіну і ў ролі каго вы там хочаце пабываць. Заданне 2. Вызначыць мэту падарожжа. Заданне 3. Скласці ілюстраваную справаздачу аб падарожжы. Заданне 4. Прэзентацыя падарожжа (прадстаўленне).

Ствараць сітуацыю поспеху

“Поспех сумеснага навучання розных дзяцей у інтэграваным класе ў многім залежыць ад пазіцыі настаўніка па гэтым пытанні, ад таго, ці захоўвае ён спакой у любых сітуацыях, — гаворыць Валянціна Аляксандраўна. — Асаблівыя дзеці вельмі тонка адчуваюць настрой педагога, больш, чым усе астатнія. Калі на іх павышаць голас, адчытваць, то выніку не будзе. Вельмі важна для такіх дзяцей ствараць сітуацыю поспеху — няхай маленькага, але поспеху.

Нават калі дзіця з цяжкасцямі ў навучанні не можа скласці прыгожы вусны расказ па гісторыі, яно з задавальненнем выканае заданні ў контурнай карце. Я заўсёды планую ўрок так, каб у вучняў з АПФР была магчымасць папрацаваць з контурнымі картамі. Часам даю заданні больш высокага ўзроўню, каб яны ўсё ж паспрабавалі сябе ў іх выкананні, каб быў рух наперад. Навучэнцы з асаблівасцямі ў развіцці спецыфічныя, але, калі да іх адносіцца з дабрынёй, яны адкажуць тым жа, таму што будуць адчуваць сябе паспяховымі. Яны пачнуць імкнуцца да большага, да самаразвіцця і рэалізацыі сваіх магчымасцей”.

Надзея ЦЕРАХАВА.