Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі трывала ўвайшлі ў жыццё сучасных падлеткаў. Але разам з вялікімі выгодамі сучасная цывілізацыя нясе і пэўныя пагрозы. Пра тое, як супрацьстаяць гэтым выклікам, ішла размова на навукова-практычнай інтэрнэт-канферэнцыі “Праблемы кібербулінгу: як зрабіць наведванне інтэрнэту для дзяцей і моладзі бяспечным”, якая адбылася ў гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы.
У гімназіі № 1 рэалізуецца праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры карыстальніка інтэрнэт-рэсурсамі для этычных зносін падлеткаў у сацыяльных сетках”, таму праблема кібербулінгу — прыніжэнне або цкаванне з дапамогай мабільных тэлефонаў, іншых электронных прылад — вывучаецца сярод іншых пагроз сеціва, у гімназіі вядзецца вялікая прафілактычная работа сярод падлеткаў з мэтай пазбегнуць наступстваў гэтай з’явы.
Як адзначыла кансультант праекта, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Галіна Бядуліна, якая прысутнічала на канферэнцыі, у гімназіі ўжо ёсць цікавыя напрацоўкі ў галіне фарміравання бяспечных паводзін падлеткаў у сацыяльных сетках, настаўнікі гімназіі рэалізуюць праекты, накіраваныя на ўзаемадзеянне са сваімі вучнямі і іх бацькамі ў інтэрнэце, фарміраванне камунікатыўнай і этыкетнай культуры ў сацыяльных сетках.
— Для ўдзелу ў канферэнцыі мы запрасілі шмат навучэнцаў, бо менавіта яны становяцца аб’ектамі кібербулінгу і часам непадрыхтаваны да такіх пагроз з-за ўзроставых асаблівасцей, — гаворыць дырэктар гімназіі Святлана Гірэй. — На канферэнцыі прысутнічала каля 200 навучэнцаў і педагогаў з Гродзенскага, Лідскага, Слонімскага, Зэльвенскага, Іўеўскага, Навагрудскага, Мастоўскага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Свіслацкага раёнаў. Важным было і правядзенне майстар-класаў па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, калі валанцёры праводзілі трэнінгі па бяспечных паводзінах у інтэрнэце. Нашы навучэнцы і педагогі прадставілі вопыт, які паказвае, як развіццё інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўплывае на фарміраванне этыкетнай культуры навучэнцаў, карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў.
Сучасныя тэхналогіі былі выкарыстаны і на пленарным пасяджэнні канферэнцыі. Да размовы далучыліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў — Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Аказалі падтрымку ў арганізацыі і прынялі ўдзел у канферэнцыі прадстаўнікі ЮНЕСКА. Рэгіянальны саветнік ЮНЕСКА па адукацыі ў галіне здароўя і прафілактыкі ВІЧ для краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Тыгран Епаян выступіў на тэму “Выклікі часоў-кібербулінгу”. Пра сучасныя падыходы ў прадухіленні насілля і папулярызацыі культуры міру ў адукацыйных установах гаварыў намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” Віталь Нікановіч.
З інавацыйнымі падыходамі ў прафілактыцы кібербулінгу ва ўстановах адукацыі Гродзенскай вобласці азнаёміла намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Кіўлюк.
— Важна падрыхтаваць настаўнікаў да ўмення выяўляць канфлікты ў класе, якія часам маюць скрыты характар, і навучыць рабоце ў новых рэаліях, таго ж кібербулінгу, — гаворыць Людміла Анатольеўна. — Сярод рашэння праблемы — і дзейнасць інстытута медыятараў у Гродзенскай вобласці, актывізацыя валанцёрскага руху па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.
Фарміраванне моўнай культуры ў працэсе зносін у інтэрнэт-прасторы, камунікатыўная культура ў сацыяльных сетках, камп’ютарныя гульні як сацыякультурны феномен, сацыяльныя сеткі і сеткавыя супольнасці — гэтыя пытанні абмяркоўвалі ўдзельнікі канферэнцыі падчас работы секцый.
На трэнінгах і майстар-класах былі прадстаўлены эфектыўныя формы фарміравання ў падлеткаў і моладзі адказных і бяспечных паводзін у анлайн-прасторы. Так, вучні гімназіі № 1 Зэльвы Ліяна Бурко і Павел Марцута правялі трэнінг “Інтэрнэт без бед”, дзе азнаёмілі з правіламі складання бяспечных пароляў, расказалі пра лічбавы след і пра гульнявыя дапаможнікі па бяспечных паводзінах у сацыяльных сетках, якія распрацавалі вучні гімназіі.
Удзельнік гэтага майстар-класа вучань 8 класа сярэдняй школы № 9 Слоніма Мікалай Цыгель расказаў, што першы раз сутыкнуўся з праблемамі, якія можа несці інтэрнэт, калі вучыўся ў 4 класе: “занёс” вірус у камп’ютар пры спампоўванні гульні, і з таго часу адказна ставіцца да паводзін у інтэрнэце. Таму, напэўна, і стаў адным з лепшых пры выкананні задання майстар-класа па складанні бяспечных пароляў.
Вопытам па рэалізацыі праекта “Актуальна? Эфектыўна? Неабходна?”, выкарыстанні мабільных дадаткаў у рабоце класнага кіраўніка і настаўніка-прадметніка падзяліліся навучэнцы і педагогі гімназіі № 1 Свіслачы. Настаўніца пачатковых класаў Людміла Пабудзей і класны кіраўнік 5 класа Лілія Стульгіс расказалі, як ствараўся блог класа ў пачатковай школе і як ён працягвае працаваць у сярэдняй школе, як у працэс уцягваліся бацькі дзяцей і як такая інтэрнэт-дзейнасць дапамагала ў адукацыйным працэсе.
— Пачынала са знаёмства з рознымі сэрвісамі, праводзіла сямейныя практыкумы, — расказвае Людміла Анатольеўна, — потым была ўкаранёна мадэль “перавернутага навучання”. Сёння ў мяне зноў першакласнікі, але і з імі і іх бацькамі пачынаем работу па стварэнні блога, таму гэта сучасна, цікава дзецям і іх бацькам, дае новыя магчымасці ў адукацыі і выхаванні.
— А мы ў 5 класе працягваем весці блог. Ён забяспечвае пераемнасць у адукацыі, аблягчае ўзаемадзеянне з дзецьмі і бацькамі, — дадае Лілія Валянцінаўна.
“Мы павінны паказаць, што інтэрнэт можа працаваць на карысць адукацыі, што важна чуць дзяцей і падлеткаў, знаходзіць кропкі ўзаемадзеяння з імі і дапамагаць у фарміраванні правільнага стаўлення да паводзін у сетцы” — гэтыя меркаванні выказвалі падчас выніковай рэфлексіі ўдзельнікі канферэнцыі. У рэалізацыі гэтых намераў дапамогуць і матэрыялы па выніках работы канферэнцыі “Праблемы кібербулінгу: як зрабіць наведванне інтэрнэту для дзяцей і моладзі бяспечным”, якія будуць выдадзены асобным зборнікам.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.