Іван САВЕНКАЎ: “Артыст балета вучыцца ўсё жыццё”

- 9:30Культура

25 мая Вялікаму тэатру оперы і балета Беларусі спаўняецца 88 гадоў. 15 з іх у ім працуе шматгранны, таленавіты і моцны духам чалавек— Іван САВЕНКАЎ. Амаль 25 гадоў ён штодзень з самага ранку быў ля станка, стаў вядучым майстрам сцэны балета, уладальнікам медаля Францыска Скарыны, выканаўшы больш за 70 партый, але не так даўно яго жыццё крута змянілася — ён атрымаў траўму і завяршыў балетную кар’еру. Аднак знайшоў новае прызванне і застаўся ў тэатры. Сёння Іван дапамагае сваім калегам пазбягаць памылак пры выкананні па і фуітэ, бо ён адзіны ў сваім родзе спецыяліст — вядучы спецыяліст па спецыяльнай фізічнай падрыхтоўцы артыстаў балета.

—  Іван, што паўплывала на ваш выбар прафесіі?

— Прыйшоўшы ў пачатковую школу, замест класа з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы я трапіў у клас з харэаграфічным ухілам. З часам у нас утварыўся самадзейны калектыў, які прымаў актыўны ўдзел у гарадскіх танцавальных конкурсах і паказваў вельмі нядрэнныя вынікі. Я даволі хутка зразумеў, што мне падабаецца танцаваць. І пасля 4 класа без ценю сумнення адправіўся паступаць у Беларускую дзяржаўную харэаграфічную гімназію-каледж, каб ператварыць сваё захапленне ў прафесію. На той момант быў неверагодна вялікі конкурс пры паступленні. З нашай групы, на жаль, паступілі не ўсе, не ўзялі дваіх маіх сяброў, вельмі таленавітых хлопчыкаў. А з тых, каго ўзялі, да выпуску давучыўся і трапіў у тэатр я адзін.

Артыст балета — гэта не прафесія, а лад жыцця, гэта тытанічная праца людзей, адданых сваёй справе, гатовых ахвяраваць і здароўем, і значнымі заробкамі, і вызначанай будучыняй.

— Спачатку вы вучыліся ў гімназіі-каледжы, затым у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Ці праўда, што вас не раз хацелі адлічыць з каледжа, і чаму?

— Вучоба давалася вельмі цяжка, да таго ж у каледжы з фізічных даных у мяне быў толькі высокі скачок і акцёрская выразнасць. Я быў самы маленькі па росце і не вельмі моцны. З-за гэтага адразу трапіў у лік адстаючых, вельмі складана было асвойваць праграму, тым больш што педагогі звычайна вядуць клас за лідарамі. Але я цвёрда ведаў, чаго хачу, і неяк мне ўдавалася напрацаваць на мінімальна дапушчальны бал. Праўда, калі б на той момант побач са мной быў чалавек, падобны на мяне сённяшняга, усё, магчыма, склалася б больш удала. Але гэта была частка майго шляху, жыццё дае нам урокі і вучыць нас рабіць правільныя высновы.

— А можаце ўспомніць педагогаў, якія аказалі на вас найбольшы ўплыў, былі для вас прыкладам?

— Так склалася, што ў каледжы выкладчыкі нашага класа мяняліся вельмі часта. Гэта нехарактэрная сітуацыя, звычайна адзін настаўнік вядзе клас да старшых курсаў, мы ж перахо­дзілі з рук у рукі. Усё змянілася, калі наш клас узяў Аляксандр Іванавіч Калядзенка, а таксама да нас прыехаў вучыцца Ваня Ва­сільеў — сёння адзін з лепшых сусветных танцоўшчыкаў. Ён нас вельмі згуртаваў, мы зразумелі, як трэба працаваць на самай справе. А ўрокі Аляксандра Іванавіча — гэта асобная гісторыя пра тое, як выхоўваецца сапраўдны мужчынскі танец. З балетных залаў мы выпаўзалі знясіленыя пасля 9-й гадзіны вечара, а на наступны дзень у 8:30 раніцы мы зноў былі ля станка. Увогуле, я ўдзячны кожнаму свайму педагогу, бо ў кожнага я нечаму навучыўся, як у каледжы, так і ў тэатры. Артыст балета вучыцца і ўдасканальваецца ўсё сваё жыццё, гэта бясконцы працэс.

— У Вялікі тэатр вы прыйшлі ў 2006 годзе, адыгралі 15 сезонаў і больш за 70 партый — ад маленькай да вядучай. А памятаеце свой першы выхад на сцэну, якая роля была самай любімай?

— 15 гадоў праляцелі як адно імгненне. Першую партыю я выканаў, калі яшчэ быў навучэнцам каледжа, у вальсе “Спячай прыгажуні”. Усе партыі для мяне былі асаблівымі, а выканаў я іх сапраўды многа — ад камічных да гратэскава-гераічных. Сярод любімых — роля Тыбальда ў балеце “Рамэа і Джульета”, Бірбанта ў “Карсары”, Гірэя ў “Бахчысарайскім фантане”, Д’ябла ў “Стварэнні свету”, вельмі любіў выконваць Юнака ў “Балеро”. Ведаеце, кожны спектакль — на разрыў.

— Чаму вам больш імпанавалі ролі адмоўных персанажаў?

— У адмоўных больш магчымасцей раскрыцца, больш фарбаў, якія можна выкарыстаць для стварэння вобраза. Наогул, кожная партыя — гэта неверагодная свабода ў сваіх рамках, магчымасць кожны спектакль сыграць па-новаму. Да гэтага прыходзіш з вопытам. Яшчэ вельмі хацелася сыграць у балеце “Юнак і Смерць” Ралана Пеці, але часам мары павінны заставацца марамі.

— Адна з вашых апошніх роляў — Д’ябал у спектаклі “Стварэнне свету” Валянціна Елізар’ева, у якім вы прадэманстравалі геніяльнае валоданне целам. Але адбылася траўма…

— Так, гэта апошняя тэхнічна складаная партыя ў маёй кар’еры. Падчас падрыхтоўкі партыі адбыўся зрыў кампенсаторных сістэм арганізма, да якога прывёў доўгі ланцуг перагрузак і адсутнасць аднаўлення. Так я прайшоў пункт незвароту. На той момант я быў на адрэналіне, бо адпрацаваць спектакль стала справай гонару і прынцыпу, а таму за тыдзень я зрабіў дзве блакады, некалькі абязбольвальных уколаў. У выніку пасля другога прэм’ернага спектакля, выходзячы на паклон, я ўжо ра­зумеў, што гэта канец. Адчуванне было такое, нібы нейкія ўнут­раныя ціскі расслабіліся, я ледзь наступаў на нагу, на якую скакаў паўгадзіны назад. Потым ужо на ўльтрагукавым даследаванні мне сказалі: “Хлопец, ды ты танцаваў з мясарубкай у галёнкаступнёвым суставе”. Вядома, можна было гэтага пазбегнуць, а вось якім чынам — уласна гэтым я зараз і займаюся, каб у будучыні знізіць прафесійны траўматызм артыстаў балета.

Траўма стала тым пераломным момантам, калі я ўсвядоміў, што застаўся без прафесіі. Да добрага доктара я трапіў толькі праз два месяцы. Ён сказаў, што мне дапаможа толькі складаная аперацыя за мяжой, зрабіць якую ў мяне не было магчымасці. Але я даўно захапляюся фізіялогіяй і біямеханікай, таму пачаў узмоцнена штудзіраваць літаратуру па спартыўных траўмах, анатоміі. Праз паўгода я зразумеў, што гэта і ёсць справа, якой я павінен і хачу займацца далей.

Дзень нараджэння Вялікага тэатра Беларусі

Штогод 25 мая Вялікі тэатр оперы і балета запрашае сваіх любімых гледачоў разам адсвяткаваць дзень нараджэння.

На працягу апошніх гадоў у гэты дзень дзверы тэатра былі адчынены для ўсіх жадаючых, наведвальнікам прапаноўвалася вялікая экскурсійная праграма, у час якой можна было азнаёміцца з тэатральнай кухняй: работай грымёраў, бутафораў, рэквізітараў, рабочых самых розных майстэрняў і цэхаў. І традыцыйна гэты дзень завяршаўся операй Жоржа Бізэ “Кармэн”, бо менавіта гэтай пастаноўкай у далёкім 1933 годзе быў адкрыты оперны тэатр. Аднак сёлета было вырашана змяніць традыцыю, таму тэатральным аматарам прапаноўваецца пабываць на святочным канцэрце.

Вечар, які рыхтуюць пастаноўшчыкі — рэжысёр Галіна Галкоўская і дырыжор Іван Касцяхін, будзе незвычайным. “Мне вельмі хацелася б, каб гледачы, якія прыйдуць вечарам у Вялікі, убачылі, якія магутныя творы сусветнай балетнай і опернай класікі складаюць рэпертуар нашага тэатра, — падкрэсліла Галіна Леанідаўна. — У гэтым канцэрце, як ні ў якім іншым, будуць прадстаўлены цэлыя сцэны, фрагменты, нумары з самых знакавых і вядомых класічных твораў. Практычна ўся балетная трупа, сапраўдныя майстры оперы і балета, фантастычны хор, аркестр, міманс, юныя артысты Дзіцячага музычнага тэатра-студыі — Вялікі пакажа ўсю сваю моц. Пастараемся, каб у гэты вечар гледачы акунуліся ў гісторыю тэатра, натхніліся тым, што ўбачаць і пачуюць на сцэне. Хочацца, каб яны, прыходзячы ў тэатр, адчувалі сапраўдныя эмоцыі і ў іх узнікала непера­адольнае жаданне вярнуцца сюды яшчэ і яшчэ раз”.

— У лютым вы сталі вядучым спецыялістам па спецыяльнай фізічнай падрыхтоўцы артыстаў балета. Якія ў вас зараз абавязкі?

— Упершыню на постсавецкай прасторы ў тэатры ўвялі такую пасаду. На жаль, такіх спецыялістаў няма нават у Вялікім тэатры Расіі і ў Марыінскім. Праўда, у тэатрах заходніх краін ёсць і фізіятэрапеўты, і інструктары па пілатэсе, і нават псіхолагі, і ўсе яны вельмі важныя ў рабоце артыста. Тое, чым я цяпер займаюся, — гэта інтэграцыя майго шматгадовага прафесійнага выканальніцкага вопыту, вопыту асабістых памылак і навуковых ведаў са спартыўнай медыцыны, фізіялогіі, біямеханікі, анатоміі.

Балет — гэта мастацтва перадачы думак і пачуццяў праз рух. Уявіце сабе, наколькі філігранна чалавек павінен валодаць сваім целам, каб гэта выглядала лёгка і нязмушана. Для гэтага ў яго павінна быць неверагодна функцыянальнае цела з цудоўна развітой сістэмай каардынацыі і прапрыярэцэпцыі.

Ёсць паняцце агульнай фізічнай падрыхтоўкі — гэта база, агульны фізічны стан цела. І ёсць спецыяльная фізічная падрыхтоўка — сістэма аздараўленчага трэнінгу, якую я выкарыстоўваю для развіцця прафесійных стэрэатыпаў руху, напрыклад, для павелічэння хуткасці і вышыні скачкоў або стабільнасці працэсу кручэння. Для таго каб умацаваць слабыя месцы, і патрэбна спецыяльная фізічная падрыхтоўка. Я ўжо распрацаваў уласную сістэму, па якой аднаўляю адну нашу вядучую салістку пасля траўмы.

— А вы можаце даць нейкую ўніверсальную параду, як максімальна захаваць здароўе артысту балета?

— Заўсёды павінны быць баланс паміж рабочым працэсам і працэсам аднаўлення, максімальна правільная работа ў зале падчас трэніровак. Ну, і самае галоўнае — трэба ведаць сваё цела, тое, як працуюць мышцы, як працякаюць тыя ці іншыя працэсы. Ніхто не зможа дапамагчы табе лепш, чым ты сам.

— Чым Вялікі тэатр стаў для вас за 15 гадоў?

— Тэатр — гэта месца, дзе разбураешся цалкам, але і тут жа знаходзіш сілы і натхненне, каб паўстаць з попелу і ­стаць больш моцным, чым раней. Гэта месца тысячы смерцяў і тысячы адраджэнняў. Менавіта ў тэатры я знайшоў далейшы сэнс і шлях.

— Іван, акрамя ўсяго вышэйсказанага, вы стваральнік уласнага хэнд-мейд брэнда Brutal Bros і ўжо некалькі гадоў робіце незвычайныя рэчы: скураныя бранзалеты, рамяні, сумкі, якія ўпрыгожва­юць вобразы не толькі беларусаў. Што вас натхняе на стварэнне такіх вырабаў?

— Брэнд з’явіўся даўно, паралельна з маёй сцэнічнай дзейнасцю. Гэта такое перанясенне тэатральнага антуражу ў рэальнае жыццё, крыху маргінальнасці і эпатажу. Я не задумваўся, для чаго раблю гэтыя рэчы, а проста ўвасабляў у жыццё свае задумы. Вельмі люблю працаваць са скурай, дрэвам, металам, гэта выдатна пераключае думкі. Пакуль для мяне гэта проста любімае хобі. Вядома, хочацца калі-небудзь займець сваю майстэрню, але пакуль не дазваляюць акалічнасці. Цяпер ёсць больш высокія мэты ў жыцці.

— Што вам дорыць пачуццё радасці і эйфарыі?

— Радасць мне прыносіць мая справа, тое, чым я займаюся. Атрымліваю задавальненне, калі новыя веды інтэгруюцца з прафесійным вопытам, і ахоплівае азарт, які яшчэ больш падаграваецца, калі бачыш вынік сваёй працы. А таксама калі глядзіш на сваю прафесію пад такім вуглом, пад якім на яе яшчэ ніхто не глядзеў. Наперадзе вельмі шмат работы!

—  За што вы больш за ўсё ўдзячны сваёй прафесіі?

— За тое, што яна выхавала характар, самадысцыпліну, самааддачу і адданасць любой справе, за якую ўзяўся. Для мяне гэта вельмі каштоўна!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з асабістага архіва Івана Савенкава.