Каб было цікава жыць і вучыць

- 11:33Людзі адукацыі

— Калі я пачала весці ўрокі, то ў мяне быццам распрасталіся крылы, я лунала і лятала. Я зразумела, што гэта шчасце! — так апісвае свае эмоцыі Наталля Уладзіміраўна Камінская, настаўніца гімназіі № 1 Чэрвеня імя У.А.Караля.

Такую эйфарыю адчуваюць многія настаўнікі на пачатку прафесійнага шляху. Наталлі Уладзіміраўне ўдалося захаваць гэтае пачуццё на доўгія гады. І сёння яна, як і раней, атрымлівае задавальненне ад сваёй работы. Ёй цікава працаваць, і яна кожны дзень робіць усё, каб яе вучням было цікава вучыцца.

Наталля Уладзіміраўна і свой прафесійны шлях пачала цікава — у гімназіі № 1 Чэрвеня яна была класнай дамай. Некалі існавала такая пасада — вызвалены ад урокаў настаўнік быў класным кіраўніком у некалькіх класаў. Яна тады толькі прыехала ў Чэрвень пасля заканчэння Чарнавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе вывучала славянскую філалогію, і адразу пачала займацца няпростай выхаваўчай работай. Яе мерапрыемствы заўсёды былі аўтарскімі — уласна прыдуманымі, з нестандартным падыходам, а яшчэ і праводзіліся добра, эмацыянальна, з настроем. Гэта ў гімназіі хутка заўважылі і вырашылі, што такі вопыт варта распаўсюдзіць на ўсю ўстанову — так Наталля Уладзіміраўна стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і доўга і добра спраўлялася са сваімі абавязкамі. Але ў пэўны момант адчула не проста жаданне, а патрэбу выкладаць, весці ўрокі. І вось пасля 10 гадоў работы ў гімназіі яна стала, нарэшце, настаўніцай. Гэта і быў той момант, калі выраслі крылы і было набыта прафесійнае шчасце.

Н.У.Камінская выкладае рускую мову і літаратуру. Яна не стамляецца працаваць над тым, каб дзецям было цікава на кожным уроку. І гэта дае плён: выходзячы з класа пасля заняткаў, многія кажуць ёй “дзякуй”. Яе ўрокі любяць, і ніхто на іх не спіць на задняй парце і не сумуе, таму што ў класе заўсёды адбываецца нешта незвычайнае. Зразумела, захапіць, зацікавіць чымсьці сучасных дзяцей вельмі складана, бо якіх толькі дзівосаў яны ні бачылі па тэлевізары і ў інтэрнэце. А захапляць кожнага на кожным уроку — звышзадача, і менавіта яе заўсёды ставіць перад сабой Наталля Уладзіміраўна.

— Калі дзіця прыходзіць на мой урок і яму нецікава — лічу, што гэта мая віна. Значыць, я была нецікавай, недастаткова пераканаўчай, не знайшла, чым захапіць. І буду шукаць падыход да навучэнца, пакуль не знайду.

Так, яна заўсёды ў пошуку новых прыёмаў у рабоце. На ўроках літаратуры дзеці ствараюць сторытэлінгі, буктрэйлеры, распрацоўваюць вокладкі для прачытанага твора, прыдумваюць яму новую назву і робяць яшчэ шмат цікавага.

У сваіх пошуках настаўніца прыйшла да шырокага выкарыстання сучасных тэхналогій. І сёння мноства заданняў і праектаў рэалізоўвае з дзецьмі з дапамогай камп’ютара і інтэрнэту. Яе навучэнцы з лёгкасцю размяшчаюць інфармацыю на інтэрактыўнай віртуальнай дошцы, ствараюць інтэрактыўныя віртуальныя плакаты, працуюць з рознымі сэрвісамі. Зразумела, для гэтага настаўніцы прыходзіцца асвойваць новыя тэхналогіі.

— Сучасных дзяцей ужо немагчыма “дастаць” з інтэрнэту. І мы, дарослыя, павінны гэта прызнаць і пачаць улічваць у рабоце. Або мы будзем вучыцца новаму, або будзем несучаснымі і таму нецікавымі дзецям, — разважае Наталля Уладзіміраўна.

А як мы ўжо зразумелі, быць нецікавай вучням яна ніколі не згодзіцца, таму смела акунулася ў свет ІТ- і анлайн-сэрвісаў. Пачыналася ўсё са складання электронных энцыклапедый, дзе збіраюцца матэрыялы, якія маюць дачыненне да нейкага твора — гіперспасылкі на мультфільмы, кінафільмы, тэлеперадачы, тэатральныя пастаноўкі, карціны. Так з’явілася, напрыклад, маштабная энцыклапедыя “Слова аб палку Ігаравым”. Потым прыдумалі электронныя карты. Напрыклад, карта гісторыі княгіні Трубяцкой па паэме “Рускія жанчыны” М.А.Някрасава паказвае шлях гераіні і іншых жонак дзекабрыстаў: пракладзены маршрут з усімі прыпынкамі, якія згадваюцца ў тэксце, гіперспасылкамі на фотаздымкі і інфармацыю аб гэтых месцах. Такі творчы анлайн-праект атрымаў назву “Тысячы вёрст любові бескарыслівай” .

Потым з’явіўся інтэрактыўны праект “Літаратурны турызм: па краінах і кантынентах з персанажамі дзіцячай літаратуры”. Па форме гэта карта з гарадамі, дзе знаходзяцца незвычайныя помнікі персанажам з дзіцячай літаратуры, а таксама можна перайсці па спасылцы і даведацца аб стваральніках гэтага персанажа, прачытаць твор, героем якога ён з’яўляецца, даведацца аб самім помніку, яго аўтарах, горадзе і краіне, дзе ён знаходзіцца.

А потым былі яшчэ QR-квесты, літаратурныя анлайн-квесты для навучэнцаў гімназіі і ўсіх устаноў Чэрвеньскага раёна, алімпіяда па чытацкай кампетэнтнасці, якую настаўніца распрацавала разам з калегамі з іншых устаноў адукацыі, і ўдзел у якой бяруць дзеці з усёй краіны і нават з-за мяжы.

Наталля Уладзіміраўна ўвесь час вучыць і ўвесь час вучыцца. Яна актыўна наведвае курсы і вывучае нешта самастойна, супрацоўнічае з такімі ж захопленымі і апантанымі педагогамі з іншых гарадоў Беларусі, праз сацыяльныя сеткі ўзаемадзейнічае з суполкамі творчых настаўнікаў з краін усёй СНД, каб абменьваецца вопытам, знаходзіць новыя натхняльныя ідэі. І да гэтага ж заклікае сваіх навучэнцаў — не абмяжоўваць сябе толькі ўрокамі і навучальнай установай, усведамляць, наколькі велізарныя магчымасці сёння ёсць для іх, і выкарыстоўваць гэтыя магчымасці. Таму яе навучэнцы ўдзельнічаюць не толькі ў прадметных алімпіядах: яны займаюцца даследчай дзейнасцю, міжнароднымі анлайн-праектамі, конкурсамі, яны адкрыты да ўсяго новага, не баяцца эксперыментаў і не жадаюць сядзець без справы. Акурат як іх настаўніца. Дарэчы, зараз яна наведвае курсы па стварэнні мабільных дадаткаў. А гэта значыць, што яе вучняў зноў чакае нешта новае і цікавае.

Дар’я РЭВА.