Каб дзейнасць напаўнялася канкрэтнымі праектамі і справамі

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Беларусь надае вялікае значэнне развіццю дружалюбных адносін з Балгарыяй у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах. Пра гэта заявіў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Балгарыі Петкам Дойкавым, як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.

У час сустрэчы абмяркоўваліся пытанні гандлёва-эканамічнага су­працоўніцтва, а таксама падрыхтоўка візіту парламенцкай дэлегацыі Беларусі на чале са спікерам Міхаілам Мясніковічам у Балгарыю ў кастрычніку бягучага года. “Мы надаём вялікае значэнне развіццю дружалюбных адносін з Балгарыяй”, — падкрэсліў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Ён прапанаваў абмеркаваць магчымасці ўмацавання двухбаковага партнёрства.

На думку старшыні, патэнцыял дзвюх дзяржаў дае магчымасць гаварыць пра больш цесныя кантакты — палітычныя, гандлёва-эканамічныя, гуманітарныя. “У гэтым плане, лічу, мы павінны прыбавіць. Для гэтага ёсць усе падставы, — упэўнены ён. — Перш за ўсё нам трэба актывізаваць кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях. Тут ёсць некаторы дэфіцыт, і нам неабходна гэтым сур’ёзна займацца”.

Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч выказаў упэўненасць у магчымасці пашырэння міжпарламенцкага су­працоўніцтва, актывізацыі работы парламенцкіх груп дружбы. “Хацелася б, каб наша дзейнасць напаўнялася канкрэтнымі праектамі і справамі”, — дадаў ён.

Савет Рэспублікі як палата рэгіёнаў удзяляе асаблівую ўвагу развіццю рэгіянальнага супрацоўніцтва. “У нас вельмі шмат дагавораў аб дружбе, супрацоўніцтве паміж гарадамі. Мы зацікаўлены ў тым, каб гэтая работа мела не дэкларатыўны характар, а была максімальна канкрэтнай”, — сказаў кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента.

Старшыня Савета Рэспублікі таксама прапанаваў абмеркаваць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. “Мы маглі б выходзіць на сумесныя кампаніі і ствараць умовы для таго, каб прадстаўнікі бізнесу нашых краін актыўней працавалі адно з адным”, — лічыць ён. Міхаіл Мясніковіч прапанаваў балгарскім кампаніям стаць рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, а таксама Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Для балгар­скага бізнесу супрацоўніцтва з Беларуссю — магчымасць выхаду на перспектыўныя рынкі ЕАЭС, як адзначыў спікер.

Бакі абмеркавалі магчымасці ўмаца­вання партнёрства ў галіне адукацыі. Балгарскаму боку прапанавана стварыць адпаведную рабочую групу. Акрамя таго, размова ішла пра магчымасці пашырэння ўзаемадзеяння ў сферы навукі і тэхналогій. Балгарскія вучоныя маглі б больш актыўна працаваць у беларускіх лабараторыях і наадварот. Ён таксама прапанаваў разгледзець магчымасці ўзаемадзеяння вучоных у міжнародных праектах, што рэалізоўваюцца з прыцягненнем фінансавання ЕС. У сваю чаргу Петка Дойкаў па­дзякаваў за агучаныя прапановы і ініцыятывы. Ён падкрэсліў, што жаданне развіваць двухбаковыя адносіны ўзаемнае. “У Балгарыі глядзяць на Беларусь як на краіну, з якой мы хочам развіваць адносіны. Мы ацэньваем вельмі станоўча дыялог і су­працоўніцтва паміж нашымі краінамі ў апошнія гады. Гэты дыялог неабходна развіваць у будучыні”, — рэзюмаваў ён.