На святочных беларускамоўных паштоўках чытаем віншаванне: “З Калядамі і Новым годам!” Прытым камусьці здаецца, нібыта Каляды і ёсць беларуская назва Раства Хрыстова… Толькі ж гэта зусім не так!
Чарговы раз прашумеў цэлы цыкл зімовых свят: Каляды, Новы год і Раство Хрыстова. І зноў, як і ў мінулыя гады, мы ў поўнай меры сутыкнуліся з постатэістычнай моўна-сэнсавай трасянкай. Калі з Раством нібыта ўсе вызначыліся (два каляндарныя стылі, таму і дзве розныя даты ў аднаго свята: 25 снежня і 7 студзеня), то з Калядамі ну ніяк не атрымліваецца. Вось перад Новым годам павіншаваў я калегу з Калядамі, а ён мне: “Дзякую, але ж нашы Каляды яшчэ наперадзе: я праваслаўны…” “Дык і я праваслаўны, — кажу, — але ж спрадвеку беларусы Каляды па Сонцы святкуюць…” “Не, — адказвае з усмешкай, — на Палессі ў нас такая традыцыя: у ноч з 13 на 14 студзеня (перад старым Новым годам) калядоўшчыкі ходзяць, у песнях-калядках услаўляюць Хрыста, які нарадзіўся…” Прычым і мой шаноўны калега, як аказалася, раней сам калядоўшчыкам па вясковых вуліцах і хатах хадзіў. Вось і замацавалася ў свядомасці такая народная традыцыя.
Што ж, я згодзен: традыцыі сапраўды варта паважаць.
І ў нядаўняй прамове на ўручэнні прэмій “За духоўнае адраджэнне” Прэзідэнт акцэнтаваў на гэтым увагу. Падкрэсліў, як важна ўтрымліваць у сваіх руках наш культурны суверэнітэт: “Натуральна, ён пачынаецца з беражлівага стаўлення да чысціні роднай мовы (рускай і беларускай), прыярытэту традыцыйнага зместу творчых праектаў і свят, традыцыйнага афармлення нашага нацыянальнага прадукту і ўсёй жыццёвай прасторы”.
Па сутнасці, зразумела і канструктыўна ўсё выкладзена. Толькі ж у выпадку з Калядамі-Раством і сама традыцыя патрабуе асэнсавання. Прычым якраз з улікам нашых традыцый, а таксама нюансаў народнага (славянскага, язычніцкага) і хрысціянскага светапоглядаў.
Мяркую, не сакрэт, што славянскія традыцыі Каляд — і калядавання, калядоўшчыкаў — значна старэйшыя за хрысціянскую традыцыю Раства Хрыстова. Яны, напэўна, былі задоўга да таго, як нарадзіўся Ісус Хрыстос, і тым больш да таго, як хрысціянства прыйшло на беларускія землі (992 год). На Каляды нашы продкі ўшаноўвалі жыццядайнае Сонца, якое ў зімовую пару якраз паварочвае на вясну. Адбываецца гэта ў наш час (па грыгарыянскім календары, па новым стылі, які прыняты ў большасці краін) 25 снежня. Астраномы пацвердзяць: так і ёсць, менавіта з гэтай пары дзень пачынае “на вераб’іны скок” прыбываць. Каляды, такім чынам, ёсць ушанаванне Сонца (не Хрыста, хоць і называюць Яго Сонцам хрысціянства!), і свята спрадвеку сэнсава звязана з рэальным Сонцам і яго фізічным паваротам на вясну: пачаткам новага года. А значыць, ёсць логіка ў тым, каб адзначаць Каляды якраз у час сонцапавароту, паводле канкрэтных астранамічных паказчыкаў, а не календароў, людзьмі прыдуманых.
Але… Прыхільнікі праваслаўнай хрысціянскай традыцыі па-ранейшаму карыстаюцца старым стылем летазлічэння — юліянскім календаром. І, натуральна, па ім адзначаюць свае святы. Толькі ж праблема ў тым, што Сонцу нашы календары не ўказ. Вось і атрымалася з часам, што “нібыта Каляды” адзначаюць сёння ў многіх рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і на Палессі, ужо тады, калі Сонца даўно прайшло пункт сонцапавароту… Карацей, абавязкова трэба ўключаць галаву, гэта ўсё асэнсоўваючы. А калі проста ісці па сцежках традыцыі, то могуць здарацца сітуацыі як недарэчныя, так і абсурдныя. І тут пяройдзем да некаторых тыповых прыкладаў.
Вы, безумоўна, чулі пра Мінскі калядны оперны форум, які нядаўна прайшоў — ужо 13-ы раз. Пішучы гэта, свядома выкарыстоўваю лексіку публікацый з розных СМІ, хоць разумею: у фразе ёсць грубае скажэнне сэнсу. На рускай мове форум называецца “Рождественский”. Ён дастасаваны да хрысціянскага свята Раства Хрыстова. І пры чым жа тут язычніцкія Каляды? Ну а калі форум ім прысвечаны, так і пісалі б: “Колядный форум…” Я дапускаю, што традыцыйна (зноў традыцыя!) склалася так: мае калегі з атэістычных савецкіх часоў пачалі Раство Хрыстова (свята хрысціянскае: у гонар нараджэння Ісуса Хрыста, Божага Сына) называць Калядамі (свята народнае і ў аснове сваёй язычніцкае, з ушанаваннем бога Сонца). Атэізм закончыўся, а традыцыя засталася. І наша газета раней пісала: “Ноч перад Калядамі (з 6 на 7 студзеня) са старажытных часоў мае вялікае значэнне для беларусаў”, і больш за тое: “Каляды — адно з самых галоўных хрысціянскіх свят”… Але ж бессэнсоўна і неразумна выдаваць, вобразна кажучы, калядную каўбасу за Божы дар!
Не выключаю, што яшчэ да эпохі саветаў, атэізму на моцную хвалю славянскай традыцыі Каляд пачала накладвацца хрысціянская традыцыя святкавання Раства Хрыстова. Элементарныя веды з радыёфізікі падказваюць: такое магчыма і ў фізічным свеце — не толькі ў свеце духоўных традыцый. Згадаем прынцып перадачы тэлесігналу: на адной хвалі “едзе” другая. І вось да матываў старажытных песень калядак з часам далучыліся матывы хрысціянскія, а матывы ўшанавання Сонца сталі абрадамі па ўшанаванні Сонца-Хрыста. Што хаваць, у свой час і я напісаў словы каляднай песні, якая мае і духоўны змест, спалучаны з Раством Хрыстовым. Яна ёсць і ў інтэрнэце пад назвай “Сонца-Хрыстос”. І ў ёй, як у люстэрку, адлюстравана якраз наша беларуская традыцыя зімовага ўшанавання і Сонца рэальнага, і Сонца духоўнага — Ісуса Хрыста.
Вывад? Трэба ведаць, што, чаму і адкуль. Не ламаць, не нішчыць — але думаць, разважаць, асэнсоўваць: што мы святкуем, што ўшаноўваем.
Асабліва настаўнікам варта быць чуйнымі да светапоглядных нюансаў. А то, заўважаю, на пляцоўкі беларускіх культурных навагодніх традыцый раптам неяк надта ж актыўна прадзіраюцца, напрыклад, і чужаземныя драконы розных колераў.
На святочных тэлеканалах драконы так і мільгаюць у застаўках — праз кожную амаль хвіліну. Калегі, вы нас драконіце альбо кадзіруеце? А дзеля чаго? Хіба ж гэта наша культурная ці духоўная традыцыя? Навошта паглыбляцца ў сэнсы яшчэ і “ўсходняга брата Змея Гарыныча”? Нам бы ў сваіх трох соснах, як кажуць, не заблудзіцца, выбіраючы культурныя і духоўныя жыццёвыя арыенціры. Бо інакш у спадчыну тым, хто яшчэ верыць у Дзеда Мароза, і калядоўшчыкаў з Каляд, і ў Божага Сына Ісуса Хрыста, — тым, хто ідзе за намі, што перададзім?
Іван ЖДАНОВІЧ,
Інфаграфіка БелТА,
Фота, прадастаўленае ўдзельнікамі свята ў Казялужскім дзіцячым садзе,
носіць ілюстрацыйны характар