Кім стаць? Над гэтым пытаннем задумваецца кожны вучань усіх школ без выключэння. Думкі пра тое, як зрабіць правільны выбар прафесіі, хвалявалі школьнікаў і шэсцьдзясят гадоў назад, і сёння. У газетным матэрыяле таго часу расказваецца, як кіраўніцтва адной з бабруйскіх школ дапамагае навучэнцам прыняць дакладнае рашэнне ў прафесійным самавызначэнні. Педагогі абмяркоўваюць з навучэнцамі важнасць працы, праводзяць для іх экскурсіі на вытворчасць, сустрэчы з перадавікамі. А як ажыццяўляецца прафарыентацыя школьнікаў у Бабруйску сёння?
У кожнай школе Бабруйска разумеюць: сённяшнія навучэнцы — гэта наша будучыня, таму ў прафарыентацыйную работу ўцягнута ўся педагагічная грамадскасць горада.
— Паспяховае жыццеўладкаванне выпускнікоў з’яўляецца галоўным паказчыкам выніковасці нашай работы. Важна дапамагчы ажыццявіць прафесійнае самавызначэнне не асобным, а ўсім навучэнцам, улічваючы пры гэтым і схільнасці самога дзіцяці, і тэндэнцыі развіцця рынку працы горада, рэгіёна, краіны ў цэлым. Таму акцэнт мы робім на раннюю прафарыентацыю, пачынаем работу з пачатковай школы, максімальна задзейнічаем вядомых асоб горада, якія дасягнулі вынікаў у прафесіі, працоўныя дынастыі і проста людзей, улюбёных у сваю справу, — расказала начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама Ірына Рынейская.
Па словах Ірыны Мікалаеўны, падрыхтоўка моладзі да выбару прафесіі падзелена на некалькі этапаў. У вучняў пачатковай школы імкнуцца сфарміраваць станоўчае стаўленне да працы, уяўленні аб разнастайнасці прафесій, патрэбу быць карысным грамадству. Вучняў сярэдняга і старшага звяна падрабязна знаёмяць з відамі працоўнай дзейнасці, праводзяць дыягнастычную работу, выяўляючы іх схільнасці і здольнасці, дапамагаюць вызначыцца з прафесійнымі інтарэсамі. Работа ажыццяўляецца праз правядзенне факультатыўных заняткаў “Мая прафесійная будучыня”, мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці.
…Сярэдняя школа № 27. Прафарыентацыйная работа тут ахоплівае ўсе ступені навучання. У навучальнай установе функцыянуе шэсць спецыялізаваных класаў. У іх займаюцца вучні, якія ўжо вызначыліся з будучай сферай дзейнасці.
У школе зараз 42 клас-камплекты. З іх шэсць — гэта класы спартыўнай, фізіка-матэматычнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Мы падключыліся да міжнароднага праекта “Школы — партнёры будучыні” па падрыхтоўцы і здачы экзамену DSD I на атрыманне дыплома агульнаеўрапейскага стандарту на веданне нямецкай мовы. Плённая работа наладжана па кожным напрамку, але асаблівых поспехаў удалося дасягнуць у ваенна-патрыятычных класах, — расказвае дырэктар Наталля Канавалава.
Ідэя стварэння кадэцкіх класаў узнікла невыпадкова. У навучальнай установе заўсёды асаблівае значэнне надавалася патрыятычнаму выхаванню дзяцей, вялося цеснае супрацоўніцтва з вайсковымі часцямі. А ў 1998 годзе паміж школай і Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь быў заключаны дагавор аб сумеснай рабоце па падрыхтоўцы навучэнцаў для далейшага навучання ваеннай службе.
За амаль дваццаць гадоў існавання ваенна-патрыятычны клас стаў сапраўдным брэндам дваццаць сёмай школы. Сюды імкнуцца трапіць хлопчыкі, якія вырашылі стаць абаронцамі Радзімы, не толькі з Бабруйска, але і з найбліжэйшых раёнаў.
Школьны калідор звычайны, а вучэбны клас не зусім стандартны. Тут займаюцца кадэты, таму аформлены кабінет адпаведна. На сценах — статут, стэнды, якія расказваюць пра асаблівасці страявой і фізічнай падрыхтоўкі, правілы зборкі зброі.
— У двух класах вучыцца амаль пяцьдзясят хлопцаў. Вучэбная праграма засталася без змен. Мы дабавілі толькі шэраг факультатыўных заняткаў, але асновы ваеннай службы хлопцы спасцігаюць, — кажа Наталля Канавалава.
Як і належыць будучым абаронцам Айчыны, кадэты сярэдняй школы № 27 носяць форму, вучацца ваеннай выпраўцы на страявой падрыхтоўцы, узмоцнена займаюцца фізкультурай, вывучаюць склад зброі. Да асаблівасцей ваенных будняў хлопцы прывыклі і ўжо нават вызначыліся, у якіх менавіта войсках хочуць несці службу.
— Я пайду ў пагранічнікі. Мой дзядуля — ваенны. Буду працягваць сямейную дынастыю. Думаю, вучоба будзе давацца нескладана, бо тут, у сваім класе, мы ўжо шмат чаму навучыліся. Не толькі розным навыкам, якія спатрэбяцца ў вучобе і службе, але і самастойнасці, адказнасці за свае ўчынкі і словы, — лічыць кадэт Саша Літвін.
— Стаць ваеннаслужачым — мая дзіцячая мара, і я мэтанакіравана да яе іду. Раней вучыўся ў сельскай школе Клічаўскага раёна, даведаўся пра кадэцкі клас і вырашыў, што абавязкова паступлю сюды на вучобу. Стараўся, і ўсё атрымалася. Тут я многаму навучыўся, стаў больш самастойным. Мае бацькі ганарацца тым, што я вучуся ў кадэцкім класе і што буду паступаць на факультэт сувязі Ваеннай акадэміі, — дзеліцца Саша Кудзін.
Сувязістам вырашыў стаць і камандзір ваенна-патрыятычнага класа Сяргей Краснажон. Сяргей нясе адказнасць за ўвесь узвод, таму вучыць хлопцаў кіравацца прынцыпам “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”.
Паводле слоў дырэктара школы Наталлі Канавалавай, сярод навучэнцаў кадэцкага класа пануе атмасфера сапраўднага братэрства.
— Кадэты — гэта наша гордасць. Яны складаюць касцяк школьнай пярвічкі БРСМ, клуба “Патрыёт”, з’яўляюцца членамі валанцёрскага атрада “Дабрыня”, атрада юных сяброў міліцыі. Хлопцы — традыцыйныя ўдзельнікі ўсіх гарадскіх масавых мерапрыемстваў, прызёры спартыўных спаборніцтваў. Учарашнія хлопчыкі, сёння яны ўжо сапраўдныя мужчыны, якія канчаткова вызначыліся з выбарам жыццёвага шляху. Нам, педагогам, застаецца толькі іх падтрымліваць і дапамагаць, — адзначыла Наталля Анатольеўна.
Зараз курсантамі з’яўляюцца 104 выпускнікі кадэцкага класа, а 175 хлопцаў ужо носяць афіцэрскае званне. Тылавікі, разведчыкі, пагранічнікі, сувязісты, лётчыкі…
— З такімі выпускнікамі наша школа цяпер заўсёды пад надзейнай аховай, — жартуе дырэктар і спадзяецца, што хутка і на пагонах сённяшніх кадэтаў заблішчаць афіцэрскія зоркі.
Не меншае значэнне прафарыентацыі школьнікаў надаюць і ў гімназіі № 1 Бабруйска. У навучальнай установе сур’ёзна задумаліся над асаблівасцямі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў.
— Мы задаліся пытаннем, як жа дапамагчы навучэнцам адэкватна ацаніць прывабнасць і перспектывы развіцця той ці іншай сферы на рынку працы, і прыйшлі да высновы: неабходна даказаць вучням, што ўся справа — у выбары прафесіі, нават выбраўшы не прэстыжную ў грамадстве спецыяльнасць, можна дасягнуць поспеху. Сучасная сітуацыя і тыя цяжкасці, якія адчуваюць выпускнікі, прымусілі нас па-новаму зірнуць на арганізацыю прафарыентацыйнай работы, — расказала дырэктар гімназіі № 1 Ірына Каранкевіч.
Па словах Ірыны Віктараўны, ва ўстанове была створана новая сістэма прафесійнага суправаджэння навучэнцаў, якая грунтуецца не толькі на здольнасцях і інтарэсах навучэнцаў, але і на запытах рынку працы, патрэбах рэгіёна ў рабочых кадрах, супрацоўніцтве з сацыяльнымі партнёрамі ў галіне прафесійнай адукацыі. Так узнік практыка-арыентаваны праект “Мой горад — мой свядомы выбар”.
— Праект уяўляе сабой трохбаковы дагавор, удзельнікамі якога сталі ААТ “Белшына”, Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт і наша гімназія. Прынятае пагадненне мае на ўвазе падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па схеме “гімназія — універсітэт — прадпрыемства” і заклікана забяспечыць каардынацыю дзеянняў усіх зацікаўленых у прафарыентацыйнай рабоце, — адзначае дырэктар.
Рэалізоўваецца дагавор шляхам стварэння спецыялізаванага класа. У ім дзве профільныя групы, але ўдзельнікамі праекта сталі навучэнцы, якія праяўляюць цікавасць да тэхнічных спецыяльнасцей і хочуць на павышаным узроўні вывучаць матэматыку і хімію. Зараз хіміка-матэматычная група профільнага класа налічвае адзінаццаць вучняў, кожны з якіх свядома выбраў гэты кірунак.
— З “Белшынай” звязана працоўная дзейнасць трох пакаленняў маёй сям’і. Мне хацелася б працягнуць дынастыю, таму буду хімікам-тэхнолагам і вярнуся ў свой горад на прэстыжнае прадпрыемства, дзе нам як будучым маладым спецыялістам абяцаюць добрыя перспектывы, — расказвае навучэнка 10 “В” класа Ліза Марцючэнка.
Аднакласнікі Лізы — Ягор Астаповіч і Таня Жэбет — таксама вырашылі не прапусціць магчымасць паспяхова працаваць у родным Бабруйску. Яны любяць хімію, з прафесіяй вызначыліся, а абяцаная прадпрыемствам матэрыяльная падтрымка ў студэнцкую пару толькі матывуе іх на цяперашнія поспехі ў вучобе.
Праект “Мой горад — мой свядомы выбар” толькі стартаваў, але ў тым, што ён будзе эфектыўным, упэўнены ўсе: педагогі, бацькі, самі выпускнікі, якія мараць бачыць сябе паспяховымі, рэалізаванымі ў родным горадзе людзьмі, а таксама работадаўцы, якія хочуць наймаць у якасці супрацоўнікаў адукаваных спецыялістаў, матываваных на самарэалізацыю ў выбранай прафесіі.
У прафарыентацыйнай сістэме сярэдняй школы № 21 горада дзейнічаюць класы прававой накіраванасці. Навучальная ўстанова вядзе даўняе плённае супрацоўніцтва з Акадэміяй МУС.
Профільныя юрыдычныя класы адкрыты ў дваццаць першай школе з 2007 года. Іх навучэнцы на павышаным узроўні вывучаюць грамадазнаўства, матэматыку, рускую і беларускую мову, шмат часу аддаюць заняткам фізкультурай і спортам. Гэтыя дзеці ўдзельнічаюць ва ўсіх школьных і гарадскіх мерапрыемствах, праводзяць лектарскія заняткі для вучняў малодшых класаў, а таксама сумесна з работнікамі міліцыі займаюцца аховай грамадскага парадку.
— Садзейнічанне школе аказваюць прадстаўнікі гарадскіх аддзелаў унутраных спраў. Супрацоўнікі міліцыі — частыя госці ў нашай школе. Яны знаёмяць навучэнцаў з практыкай работы і спецыфікай аператыўна-вышуковай дзейнасці, умовамі службы, вядуць гурткі, прысутнічаюць на школьных святах. Усё гэта спрыяе больш дэталёваму самавызначэнню вучняў, — тлумачыць дырэктар дваццаць першай школы Іна Дзмітрук.
— Мы ўжо ведаем аб прафесіі міліцыянера і абсалютна ўпэўнены ў правільнасці свайго выбару. Вядома, дасканала разабрацца ў прафесіі дапамаглі заняткі ў прававым класе. Вучоба тут многае дала і, напэўна, стане добрым падмуркам пры паступленні, — упэўнены аднакласнікі Мікіта Ісакоў, Ангеліна Гаеўская, Вікторыя Друг, Іна Антоненка, Кацярына Сінякова.
У будучым годзе гэтыя школьнікі будуць старацца стаць курсантамі Акадэміі МУС і Магілёўскага інстытута МУС. Усяго ж за час існавання прававых класаў з праваахоўнымі органамі ці юрыспрудэнцыяй сваё жыццё звязалі звыш сарака выпускнікоў сярэдняй школы № 21.
Спецыялісты з вышэйшай адукацыяй зараз патрэбны ўсюды, але не меншая патрэба на рынку працы ў кваліфікаваных рабочых. Бабруйск — вялікі прамысловы горад, таму ў школах дзяцей накіроўваюць і на атрыманне рабочых спецыяльнасцей.
— З навучэнцамі праводзіцца дэталёвая кансультатыўная работа. На працяг вучобы ў дзясятым класе мы арыентуем дзяцей, матываваных на паступленне ва УВА. Астатнім дапамагаем вызначыцца са спецыяльнасцю ва ўстановах ПТА і ССА, — адзначае начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама Ірына Рынейская.
У школах Бабруйска ў прафарыентацыйнай рабоце імкнуцца прымяняць дыферэнцыраваны, індывідуальны падыход да кожнага вучня. Толькі так можна сарыентаваць выпускніка на тую прафесію, якая ў далейшым стане яго жыццёвым прызваннем.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва гімназіі № 1 Бабруйска.