Каб ведаць гісторыю, у яе трэба акунуцца

- 9:49Людзі адукацыі

Гонар гімназіі № 1 Дзяржынска — яе педагогі. Гэта людзі, адданыя сваёй справе, творчыя, якія даражаць іміджам установы, ганарацца сваімі выхаванцамі. Адной з іх з’яўляецца настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Наталля Мікалаеўна Шамко.

Усё пачынаецца традыцыйна. Пытанні, уключаны камп’ютар. На экране тэлевізара мільгаюць розныя карцінкі, табліцы, дыяграмы. 5-я, 9-я, 6-я класы змяняюць адзін аднаго. Дзеці ўсе розныя. Настаўніцы неабходна хутка пераключыцца, з усімі наладзіць кантакт. І гэта атрымліваецца ў Наталлі Мікалаеўны без асаблівых цяжкасцей. Яе добра ведае кожны, і яна іх таксама. Кароткі абмен думкамі, гутарка, пытанні — за перапынак можна многае высветліць. Ідзе дыялог — адказы і развагі радуюць. Затым пачынаецца ўрок.

Урокаў гісторыі за 11 гадоў у кожнага навучэнца шмат. А што малады чалавек вынесе з іх? Педагог марыць бачыць патрыёта, таго, хто палюбіць сваё, роднае, будзе з ім усё жыццё. І нашчадкі таксама працягнуць традыцыі. Маючы выдатную тэарэтычную і метадычную падрыхтоўку, Наталля Мікалаеўна дэталёва прадумвае планы ўрокаў, робячы акцэнт на разнастайных формах і метадах работы з вучнямі, шырока выкарыстоўвае дадатковую літаратуру, наглядны матэрыял, стымулюючы ў дзяцей цікавасць да свайго прадмета.

Штогод вучні Наталлі Мікалаеўны становяцца пераможцамі Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Гісторыя Беларусі”, “Сусветная гісторыя”, “Грамадазнаўства”. У 2015/2016 навучальным годзе яны заваявалі 6 дыпломаў на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Вучні 11 класа Павел Паршын і Ілона Махнач сталі пераможцамі трэцяга этапу алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве. Павел узнагароджаны дыпломам II ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Гісторыя Беларусі”, “Сусветная гісторыя”. Акрамя таго, вучні Наталлі Мікалаеўны дэманструюць высокі ўзровень ведаў пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Таксама ў мінулым навучальным годзе ўстанова аказалася сярод 30 лепшых гімназій рэспублікі па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства”. Паспяхова ўдзельнічае ў інтэлектуальных конкурсах і сёлета: чацвёра навучэнцаў на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды прынеслі ў скарбонку настаўніцы тры першыя і адно другое месцы. Дзевяцікласнікі Ірына Навіцкая і Аляксей Дубатоўка сталі пераможцамі ў трэцім (абласным) этапе алімпіяды, заняўшы першае і другое месцы. Цяпер яны актыўна рыхтуюцца да заключнага этапу. Што асабліва прыемна, гэтыя вучні змаглі канкурыраваць з дзесяцікласнікамі. За апошнія дзесяць гадоў педагог заваявала са сваімі выхаванцамі больш за 60 дыпломаў.

Каб дасягаць усяго гэтага, Наталлі Шамко неабходна быць мэтанакіраваным, адданым справе, ініцыятыўным чалавекам. Высокі прафесійны ўзровень выкладання матэрыялу — абавязковае патрабаванне. Педагог добра ведае індывідуальныя псіхолага-педагагічныя асаблівасці сваіх вучняў. У штодзённай рабоце выкарыстоўвае метады дыягностыкі, стварае аптымальныя ўмовы для развіцця кагнітыўных здольнасцей вучняў, творча падыходзіць да падрыхтоўкі і правядзення пазакласных мерапрыемстваў.

Калі вы толькі пачынаеце шлях у гісторыю, хочаце ў ёй разабрацца, Наталля Мікалаеўна — ваш памочнік, дарадца. З ёй лёгка кантактаваць. Яна майстар сваёй справы, мудры педагог.

Ны пытанне педагогу “Чаму гісторыя?” спачатку маўчанне ў адказ, а затым думка ўслых: “Гісторыя — гэта мы ўсе, гэта развіццё чалавека і грамадства, нашы адносіны да мінулага, сучаснасці, погляд у будучыню. Падлетку трэба многае зразумець”.

Наталля Мікалаеўна любіць сярэдневякоўе, мастацтва, якое там зарадзілася. Яна робіць усё, каб лепшыя дасягненні чалавецтва данесці да вучня, які, на яе думку, абавязкова павінен стаць творцам, прадаўжальнікам. Як гаворыць Наталля Шамко, прачытаць падручнік гісторыі, адказаць на выдатна — мала. У гісторыю трэба акунуцца, уключыць логіку, разабрацца. Менавіта так педагог рыхтуе інтэлектуалаў, якіх у яе шмат.

У педагогі Наталля Мікалаеўна прыйшла невыпадкова. Яе мама Галіна Мікалаеўна Жукоўская 40 гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў. У сям’і ўсе жылі справай маці, сачылі за яе працай. Спрабавалі зразумець, як яна спраўляецца з такой колькасцю дзяцей. І не проста спраўляецца, а дае добрыя веды. Зараз Наталля Шамко сама паспяхова нясе няпростую, але такую патрэбную і важную ношу педагога. Яна гуманітарый і любіць разважаць, дакопвацца да самых вытокаў таго, што адбываецца. Калі пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ паўстаў выбар — навука, музей ці школа, — жанчына аддала перавагу школе і ўжо трэцяе дзесяцігоддзе па-майстэрску арганізоўвае работу з дзецьмі.

За сваю дзейнасць Наталля Мікалаеўна ўдастоена шматлікіх узнагарод, сярод якіх граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўпраўлення адукацыі. Ёй прысуджалася прэмія Дзяржынскага райвыканкама, шматразова аб’яўляліся падзякі начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму. Але самая вялікая ўзнагарода для яе — прызнанне дзяцей. Павел Паршын, які стаў студэнтам па выніках рэспубліканскай алімпіяды, гаворыць так: “Наталля Мікалаеўна ўвесь час кажа, што я сам даведваўся нешта новае, самастойна імкнуўся вывучыць больш матэрыялу, а яна проста накіроўвала мяне. Можа быць, так і было, але для мяне яна назаўсёды застанецца тым чалавекам, які прывіў мне любоў да гісторыі. Наталля Мікалаеўна не накіроўвала, а менавіта вучыла многаму: шукаць, вучыць, пазнаваць, імкнуцца да новых вяршынь. І ў гэтым плане яна сапраўдны настаўнік, прафесіянал сваёй справы. Але, акрамя гэтага, яна яшчэ і выдатны чалавек. З ёй можна пагаварыць на любую тэму. Яна можа адказаць на любое пытанне, падкажа, падтрымае ў складанай сітуацыі. Ад Наталлі Мікалаеўны ніколі не пачуеш дрэннага слова, яна заўсёды ўсміхаецца і ідзе з аптымізмам па жыцці, усяляючы яго ў людзей, якія знаходзяцца побач. Наталля Мікалаеўна назаўсёды застанецца для мяне самым лепшым педагогам, сапраўдным прафесіяналам і добрым, шчырым, цудоўным чалавекам, Чалавекам з вялікай літары”.

Лілія САКАЛОЎСКАЯ,
дырэктар гімназіі № 1 Дзяржынска Мінскай вобласці.