Каледж неабмежаваных магчымасцей

- 16:16Брэстчына, Прэс-тур

Падрыхтоўка сучасных кан­ку­рэнтаздольных спецыялістаў, раз­віццё ў іх камунікабельнасці, індывідуальнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні — асноўныя прынцыпы работы Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання. З 2003 года ўстанова ажыццяўляе падрыхтоўку рабочых (служачых) як з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, так і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для сферы абслугоўвання і лёгкай прамысловасці.

Каледж аператыўна рэагуе на змяненні ў сацыяльным, ­культурным і эканамічным жыцці нашай краіны і карэкціруе пералік спецыяльнасцей і прафесій. Так, побач з прафесіямі швачкі, краўца, закройшчыка, цырульніка, зборшчыка абутку, па якіх ужо даўно вядзецца падрыхтоўка, за апошнія гады было арганізавана навучанне страхавых агентаў, прадаўцоў — кантралёраў-касіраў, майстроў па манікюры. Акрамя таго, у каледжы можна працяг­нуць навучанне па прафесіях узроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі — мадэльера-канструктара, мастака-мадэльера. Дарэчы, ­удзельнікаў прэс-туру ўстанова сустрэла яркімі музычнымі нумарамі, парадам мадэлей адзення, выставай работ навучэнцаў. Тут быў арганізаваны фестываль творчых аб’яднанняў па інтарэсах, які выклікаў вялікую цікавасць у школьнікаў і жыхароў горада. Госці маглі азнаёміцца з асаблівасцямі прафесій, па якіх ідзе падрыхтоўка ва ўстанове.

— Штогод каледж паспяхова выконвае кантрольныя ­лічбы прыёму навучэнцаў ­дзякуючы сфарміраванаму станоўчаму імі­джу ўстановы адукацыі, вялікай прафарыентацыйнай рабоце, якая праводзіцца як са школамі горада і рэгіёна, так і з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, — расказвае дырэктар каледжа Святлана Уладзіміраўна Шышына. — Выпускнікі каледжа запатрабаваны на рынку працы. Доказам гэтага з’яўляецца штогадовае 100-працэнтнае працаўладкаванне. Штогод больш за 50% выпуск­нікоў атрымліваюць 4 і вышэйшы кваліфікацыйны разрад. Навучаю­чыся асноўнай спецыяльнасці, ёсць магчымасць атрымаць дадатковую адукацыю па прафесіях цырульніка, візажыста, майст­ра па манікюры, майстра па педыкюры, адміністратара, швачкі, прадаўца; закончыць адукацыйныя курсы “1С Прадпрыемства”, “Бухгалтарскі ўлік”, “Дамашняе атэлье”, курсы падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, курсы для пажылых людзей, якія асвойваюць ПК, і інш. Атрыманае пасведчанне дзяржаўнага ўзору дазволіць выпускніку пашырыць магчымасці працаўладкавання.

Педагагічны калектыў каледжа плённа працуе ў напрамку інфарматызацыі адукацыйнага працэсу. Сёння ва ўстанове ёсць 5 камп’ютарных кабінетаў, мабільны камп’ютарны клас, лінгафонны кабінет, інтэрактыўныя комплексы, мультымедыйнае абсталяванне, пастаянны доступ у інтэрнэт і інш. Укараненне інфармацыйных тэхналогій адбываецца па розных напрамках (вучэбная работа, праф­арыентацыя, выхаваўчая работа і праектна-даследчая дзейнасць).

— Навучэнцы прыносяць у каледж усё больш мабільных прылад, прычым выкарыстоўваюць іх у асноўным для забавы (гульняў і зносін у сацыяльных сетках), часам для работы на ўроках (атры­маць даведку з “Вікіпедыі”, перавесці словы або фразы праз праграму-перакладчык, папрацаваць з тэкстамі кніг на занятках, прачы­таць даклады з мабільных прылад), для падрыхтоўкі дамашніх заданняў, — расказвае метадыст каледжа Наталля Васільеўна Герасімовіч. — У такой сітуацыі натуральным з’яў­ляецца выкарыстанне магчымасцей мабільных прылад навучэнцаў на ўроку. У сувязі з гэтым другі год у каледжы рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне тэхналогій мабільнага навучання ў адукацыйны працэс устаноў прафесійнай адукацыі”.

Педагогамі каледжа апрабавана тэхналогія стварэння і правядзення ўрокаў з выкарыстаннем мабільных прылад, сфарміраваны ўменні і навыкі выкарыстання іх інструментаў і дадаткаў. У гэтым змаглі пераканацца ўдзельнікі прэс-туру, наведаўшы фрагменты ўрокаў па прыкладной інфарматыцы (правяла Т.М.Бегер), таваразнаўстве харчовых тавараў (К.В.Паклонская), а таксама фрагмент пазакласнага мерапрыем­ства “Год малой радзімы”, якое арганізавала выкладчыца англійскай мовы І.Г.Алексіч. Навучэнцы працавалі з QR-кодамі, з заданнямі інтэрнэт-курсаў, распрацаваных педагогамі і размешчаных на платформе Moodle (дарэчы, усяго на сайце каледжа ў раздзеле “Віртуальная школа” размешчана каля 20 курсаў, і кожны навучэнец, атрымаўшы ад выкладчыка лагін і пароль, мае магчымасць самастойна вывучыць тэарэтычны матэрыял, праглядзець відэа і прэзентацыі, рашыць задачы, выканаць кантрольны тэст, разгадаць крыжаванку і г.д.), быў арганізаваны тэлемост з музеем. Было відаць, што выкарыстанне інтэрактыўных форм работы павышае пазнавальную матывацыю, дазваляе актыўна ўключыць кожнага ў працэс засваення вучэбнага матэрыялу, вучыць навыкам паспяховых зносін.

Адзін з вызначальных фактараў развіцця навучальнай установы — навукова-даследчая работа. У каледжы на працягу 10 гадоў дзейнічае навуковае таварыства “Веды. Пошук. Творчасць”. Штогод яго членамі з’яўляюцца каля 40 навучэнцаў. Расце колькасць і якасць даследчых работ і праектаў, прадстаўленых як на навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”, якая праводзіцца ўнутры каледжа, так і абласной. Пры гэтым прыярытэты аддаюцца праектам прафесійнай накіраванасці, работам у галіне інфармацыйных тэхналогій, сацыяльным праектам.

Асаблівую цікавасць у сваіх дас­ледчых праектах навучэнцы праяўляюць да швейнай справы. Гэтыя праекты арыентаваны на захаванне народных традыцый у дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дапамага­юць ва ўдасканаленні прафесій­-
нага майстэрства. Многія праекты, створаныя ў выніку праектна-даследчай і творчай дзейнасці, былі ўкаранёны ў вытворчасць швейных майстэрняў і рэсурснага цэнтра кале­джа. Некаторыя з іх (куртка-рукзак, сумка-арганайзер, калекцыя адзен­ня “Маленькая какетка” і інш.) рэалізаваны насельніцтву, а таксама выкарыстоўваюцца як сцэнічныя касцюмы для мастацкіх калектываў горада і раёна.

Работы навучэнцаў удастойваюцца рознага ўзроўню дыпломаў на Міжнародным фестывалі “Неўскія берагі” ў Санкт-Пецярбургу, “Эстэт б’юці экспа” ў Кіеве, рэспубліканскіх конкурсах “Млын моды”, “Белыя росы”, “Ружа вятроў”, “ Натхненне”, “Галерэя стылю” і многіх іншых. Добрых вынікаў дасягнулі сёлета навучэнцы каледжа — удзельнікі Рэспубліканскага конкурсу “Млын моды” Вольга Басарановіч з калекцыяй “Лепарэла”, Валерыя Карташова з калекцыяй дзіцячага адзення “Мотаверсія”, Марына Блакіцкая з калекцыяй жаночага адзення “У месячным святле”. Сёлета на Міжнародным фестывалі творчых прафесій “Мінскі вернісаж” Алена Лапатко была ўзнагароджана дыпломам у намінацыі “Дызайн жаночага адзення ад куцюр”, а Лізавета Саакава атрымала дыплом як мастак-дызайнер па касцюмах на Міжнародным фестывалі прыгажосці “Неўскія берагі”.

У апошнія гады члены навуковага таварыства пад кіраўніцтвам педагогаў ствараюць і рэалізоўваюць сацыяльныя праекты. Адзін з іх  — “Жыць у памяці пакаленняў…” — накіраваны на рэканструкцыю і добраўпарадкаванне сквера імя М.Ц.Сцепанішчава. Праект завершаны: атрымалася нават перайменаваць прылеглы аўтобусны прыпынак у “Сквер імя М.Ц.Сцепанішчава”, стварыць і ўсталяваць памятны знак і памятную дошку, вырабіць і ўстанавіць у скверы памятны абеліск.

У снежні 2017 года каледж перамог у Міжнародным конкурсе сацыяльных праектаў “Не побач, а разам”, які рэалізоўваецца за кошт фінансавых сродкаў, атрыманых ад нямецкага фонду “Памяць, адказнасць і будучыня”. Мэтай праекта з’яўляецца стварэнне ўмоў для ўзаемадзеяння падлеткаў з пажылымі людзьмі з мэтай паляпшэння якасці жыцця старэйшага пакалення, аказання ім дапамогі.

Укараніць у адукацыйны працэс перадавыя тэхналогіі і максімальна наблізіць умовы навучання да вытворчых дазволіла адкрыццё ў 2015 годзе рэсурснага цэнтра па напрамку “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”. Сёння рэсурсны цэнтр — гэта 6 швейных майстэрняў і 3 лабараторыі, аснашчаныя найноўшым высокатэхналагічным вучэбна-вытворчым абсталяваннем. У цэнтры рэалізоўваюцца праграмы для навучання хлопцаў і дзяўчат сваёй установы і ўстаноў адукацыі Брэстчыны прыёмам работы і стварэння вырабаў на сучасным абсталяванні, уменню працаваць у праграме аўтаматызаванага праектавання адзення “Аўтакрой”. Вучэбная версія гэтай праграмы дазваляе ў рэжыме рэальнага часу праектаваць любы швейны выраб ад распрацоўкі мадэлі да стварэння камплекта лякал.

За 4 гады работы рэсурснага цэнтра тут прайшлі навучанне 2765 чалавек, на яго базе праходзяць стажыроўку майстры вытворчага навучання і выкладчыкі спецыяльных прадметаў, што дазваляе своечасова асвойваць новыя тэхналогіі ў вытворчасці. Прафесійная падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі праводзяцца для педагагічных работнікаў устаноў базавай і сярэдняй адукацыі (настаўнікаў працы). З верасня 2018 года ў каледжы арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў 10—11 класаў агульнаадукацыйных школ Баранавіч па кваліфікацыі “аператар швейнага абсталявання”. Гэтую прафесію сёлета асвойвалі
53 дзесяцікласнікі. На базе рэсурснага цэнтра працуе вучэбнае ­атэлье, дзе ажыццяўляецца як індывідуальны пашыў, так і стварэнне вырабаў дробнымі партыямі па заказах насельніцтва, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў адукацыі, у тым ліку і на аснове даследчых работ дзяцей.

Удзельнікі прэс-туру змаглі пабачыць дыпломныя работы выпуск­нікоў спецыяльнасці “Мастак-мадэльер”, якія праходзілі практыку ў рэсурсным цэнтры, — шыкоўныя кактэйльныя і крэатыўныя прычоскі.

Да новага навучальнага года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю другі корпус рэсурснага цэнтра. На яго рэканструкцыю і аснашчэнне з абласнога бюджэту выдзелена 1,4 млн рублёў, з рэспубліканскага — 306 тысяч рублёў. Пачало ўжо паступаць першае абсталяванне.

Адукацыйнае асяроддзе кале­джа дазваляе навучэнцам раз­вівацца ў прафесіі. Яны творча падыходзяць да справы, самарэалізоўваюцца ў абранай спецыяльнасці, імкнуцца да пазнання ўсіх яе тонкасцей, вучацца эфектыўна ўзаемадзейнічаць адно з адным, браць адказнасць за вынік зробленай работы, прымаць рашэнні ў стандартных і нестандартных сітуацыях.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.