Напрыканцы мінулага года ў прэс-цэнтры “Настаўніцкай газеты” адбыўся чарговы семінар уласных карэспандэнтаў. Творчыя сустрэчы калег рэдакцыя ладзіць штогод, бо ў рамках практычнай рэалізацыі праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” узнікае неабходнасць удасканальвання двухбаковага ўзаемадзеяння з газетай, карэкціроўкі асноўных кірункаў дзейнасці карпунктаў у рэгіянальнай адукацыйнай прасторы.
Творчы семінар адкрыў галоўны рэдактар газеты Вадзім Аляксандравіч КНЫШАЎ:
— Перад пачаткам размовы, як і на мінулагодняй сустрэчы, зноў хачу нагадаць, што праект па-ранейшаму застаецца адным з найважнейшых кірункаў узаемадзеяння рэдакцыі з рэгіёнамі краіны. Цяпер гэта відавочна, бо ёсць шмат станоўчага ў развіцці двухбаковых адносін з кіраўніцтвам упраўлення, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, устаноў адукацыі. У многім дзякуючы праекту, рабоце карпунктаў газета змагла максімальна наблізіцца да педагогаў, чытачоў і, без перабольшання, трывала замацавацца ў рэгіянальнай адукацыйнай прасторы. Пацвярджэнне сказанаму — арганізаваныя летась і сёлета сумесна з партнёрамі двухдзённыя прэс-туры “Настаўніцкай” па Гомельшчыне, Міншчыне, Гродзеншчыне, Брэстчыне. Менавіта падчас наведвання навучальных устаноў, сустрэч з педагогамі, дзецьмі мы ўвачавідкі пераканаліся, што газету ведаюць, чытаюць, а журналісты — чаканыя госці ў любой школе. Увогуле, мы яшчэ больш упэўніліся, што педагогі, якія ідуць упоравень з часам, адчуваюць запатрабаванасць газеты, ведаюць, што на яе старонках заўсёды можна выказаць сваю думку, падзяліцца ўласным вопытам і даведацца аб здабытках калег. Яны, як ніхто, разумеюць, што адукацыйны працэс няспынны, а час адкрыцця новых імён і талентаў у педагогіцы таксама ніколі не перапыняецца. Зразумела, што мы ахвотна падтрымліваем такіх актыўных чытачоў і аўтараў.
За мінулы год, як вядома, адбыліся пэўныя змены ў сістэме адукацыі. Яны паўплывалі на работу рэдакцыі, натуральна, закранулі і ўласных карэспандэнтаў. Паразважаем разам і пра тое, наколькі складана (ці камфортна?) зараз працуецца вам у рэгіёнах. Ці па-ранейшаму вас бачаць, чуюць і чытаюць кіраўнікі, педагогі? Упэўнены, гэтая тэма не перастала быць актуальнай, таму нам, калегі, і сёння ёсць аб чым пагутарыць: абмеркаваць праблемы, падзяліцца вопытам, скарэкціраваць дзейнасць карпунктаў у новым годзе і г.д.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ, уласны карэспандэнт па Брэсцкай вобласці:
— Практычная рэалізацыя рэгіянальнага праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” надае рабоце карпункта большую сістэмнасць, акрэсленасць і іміджавую важкасць, забяспечвае цеснае ўзаемадзеянне з органамі кіравання адукацыяй. Наладжаны трывалыя стасункі з педагогамі і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, сфарміраваны калектыў аўтараў-пазаштатнікаў.
Прыемна, што за час работы карпункта, размешчанага на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, асоба ўласнага карэспандэнта стала пазнавальнай і чаканай у адукацыйнай прасторы Брэстчыны. Ніводнае значнае мерапрыемства ў сферы адукацыі не абыходзіцца без удзелу прадстаўніка прафесійнага выдання. Гэта дапамагае наладжваць новыя і ўмацоўваць існуючыя зносіны, знаходзіць цікавыя тэмы і адметных герояў публікацый. Даволі карысным і прадукцыйным у гэтым плане з’яўляецца ўзаемадзеянне з рэгіянальнымі аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, вучэбна-метадычнымі кабінетамі, школамі, дзіцячымі садкамі, установамі прафесійнай і вышэйшай адукацыі, якія заўсёды ідуць насустрач у атрыманні неабходнай інфармацыі і, што самае важнае, самі прапаноўваюць матэрыялы з вопыту работы па розных напрамках дзейнасці. Асаблівая роля ў пошуку цікавых тэм для газеты належыць Брэсцкаму абласному інстытуту развіцця адукацыі, які выступае арганізацыйна-метадычным цэнтрам многіх мерапрыемстваў і акумулюе вопыт лепшых педагогаў.
На працягу многіх гадоў складваюцца канструктыўныя адносіны з кіраўніцтвам абласнога ўпраўлення адукацыі. Сённяшні начальнік упраўлення Юрый Мікалаевіч Прасмыцкі выдатна разумее выключную ролю газеты ў прапагандзе дасягненняў сістэмы адукацыі Брэстчыны на ўзроўні краіны. Вельмі часта менавіта ад пазіцыі кіраўніка залежыць стаўленне да газеты ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму ці ўстанове адукацыі. Калі газету чытае начальнік аддзела, дырэктар школы ці загадчык ясляў-сада, можна не сумнявацца, што яе будуць чытаць і педагогі.
Праект значна актывізаваў дзейнасць пазаштатнікаў. Педагогі Брэстчыны — актыўныя і частыя аўтары прафесійнага выдання. Гэта надзвычай важна, паколькі без зваротнай сувязі з чытачамі газета не можа эфектыўна развівацца. Сёння нельга бяздоказна папракнуць “Настаўніцкую” ў нецікавасці, бо інфармацыйны кантэнт газеты ствараюць самі педагогі, прычым часам амаль на 90%. Штогод на старонках выдання публікуецца больш за 200 матэрыялаў, падрыхтаваных настаўнікамі Брэстчыны. Хацелася б толькі, каб аўтары пазбягалі драбнатэм’я і ўсведамлялі беларускамоўны фармат газеты, у якую амаль заўсёды пішуць па-руску.
Даўняе і плённае супрацоўніцтва наладжана з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама А.М.Насковым, намеснікам загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста Н.С.Дрык, намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі М.І.Навумчыкам, галоўным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама А.М.Рылка, дырэктарамі сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста І.Ф.Нікіфаравец і Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна Т.Б.Страпко, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Ляхавіч С.В.Ермаковіч, рэктарам Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Івановым і многімі іншымі. Вялікі дзякуй ім за дапамогу ў падрыхтоўцы газетных матэрыялаў.
Таццяна БОНДАРАВА, уласны карэспандэнт па Віцебскай вобласці:
— Прыемна адзначыць, што з кожным годам калектыў нашых пачынаючых і актыўных пазаштатных аўтараў памнажаецца — безумоўнае сведчанне запатрабаванасці газеты. У першыя месяцы пасля адкрыцця карпункта я ў пэўнай ступені засцерагалася: школьнае жыццё прадвызначана цыклічным колам падзей — ці не стане работа штогадовым паўтарэннем пройдзенага? Не стала. Найперш таму, што да напісання артыкула матывуе не столькі поспех, колькі яго дасягненне; не герой-пераможца ва ўсёй сваёй манументальнай велічы, а пошук, фарміраванне характару, ажыццяўленне паслядоўнасці рашэнняў і абставін, якая прадвызначыла падзею: шляхі, якімі героямі становяцца або не. Па вялікім рахунку, станоўчы вынік у гэтым плане — сутнасць і сэнс настаўніцтва. Разам з тым, па водгуках чытачоў, менавіта такая скіраванасць абумоўлівае карысны кантэнт і высокую рэлевантнасць публікацый нашага выдання. У студэнцтве любіла пакпіць з просьбітаў падзяліцца тэлефончыкам. Хто б тады сказаў, што праз некалькі гадоў атрымаю памножанае шматкроць адлюстраванне, ды яшчэ ў рабочым парадку! Тэлефонаў, электронных адрасоў герояў публікацый і пазаштатных аўтараў сёння сабралася на вялікі даведнік, які для мяне не проста прафесійна абумоўленая каштоўнасць — асабістае багацце. Гэта не статычныя лічбавыя даныя — за кожным радком стаяць цікавы чалавек, калектыў са сваімі працай, намерамі, праектамі. Радасна, калі лічбы падчас работы над матэрыялам, пасля яго выхаду ў свет зноў і зноў ажываюць, адгукаюцца зваротнай сувяззю, калі рабочы кантакт пачынае ўспрымацца як нешта большае. Такімі “службовымі раманамі” — гісторыямі знаёмства, якія перараслі ў моцнае сяброўства — па-сапраўднаму ганаруся і бязмерна ўдзячна лёсу за іх. Вялікі дзякуй за плённае супрацоўніцтва і заўсёдную падтрымку нашага выдання ў рэгіёне грамадскім арганізацыям, уладным структурам, органам кіравання адукацыяй, асабіста Дзмітрыю Леанідавічу Хоме. Напярэдадні Новага года кіраўнік сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці адзначыў дзень нараджэння, і хочацца ад імя ўсёй рэдакцыі адрасаваць нашаму надзейнаму партнёру самыя шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні.
Мы сустрэліся ў чароўны зімовы час. Не магу не скарыстацца выпадкам павіншаваць педагагічную грамадскасць Віцебшчыны і ўсёй краіны з Новым годам і Калядамі. І да пажаданняў шчасця, здароўя, любові, натхнення, удачы, дабрабыту, міру вам і вашым блізкім, шаноўныя настаўнікі, далучыць: няхай тое добрае, што жадаюць вам, тое, аб чым гавораць вашы сэрцы, пачуюць нябёсы. А значыць, здзейсняцца самыя смелыя планы і спраўдзяцца самыя запаветныя мары!
Наталля ЛУТЧАНКА, уласны карэспандэнт па Гомельскай вобласці:
— У пачатку лістапада мінулага года карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай газеты” па Гомельскай вобласці адзначыў свой першы юбілей. Пяць гадоў назад паміж рэдакцыяй выдання і ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэта стала зыходнай кропкай рэалізацыі праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, які прадугледжваў стварэнне карпунктаў ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.
Галоўнай мэтай выхаду на рэгіёны ставілася найбольш шырокае асвятленне рэгіянальных падзей і аўтарскіх распрацовак у галіне адукацыі, больш блізкае ўзаемадзеянне з настаўнікамі. Сёння ў кожнай вобласці ёсць прадстаўнік “Настаўніцкай газеты” — уласны карэспандэнт, які, без перабольшанняў, стаў своеасаблівым мостам паміж рэдакцыяй галіновага выдання і педагагічнай грамадскасцю.
Калі казаць непасрэдна пра Гомельскую вобласць, то, на мой погляд, за ўвесь той час, як пачалася рэалізацыя сумеснага праекта, адукацыйная прастора Гомельшчыны даволі шырока была прадстаўлена на старонках газеты. Многія настаўнікі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі не толькі засталіся нашымі чытачамі, але і сталі аўтарамі публікацый. Больш за тое, на старонках “Настаўніцкай” друкаваліся вучні, спрабуючы свой журналісцкі талент. За пяць гадоў існавання карэспандэнцкага пункта мне як уласнаму карэспандэнту давялося пабываць у розных куточках рэгіёна, наведаць шмат школ і гімназій, пазнаёміцца з выдатнымі педагогамі і таленавітымі дзецьмі, стаць удзельнікам многіх калегій, семінараў, круглых сталоў і іншых мерапрыемстваў. Сумеснымі намаганнямі з некаторымі ўстановамі ўдалося ператварыць у жыццё некаторыя невялікія праекты выхаваўча-адукацыйнага кірунку.
Варта сказаць, што ўвесь час адчуваю добрую падтрымку ўпраўлення адукацыі, без якой, несумненна, працаваць было б значна складаней. Спадзяюся, што так будзе і далей.
Зараз, праз пяць гадоў плённай працы, можна рабіць пэўныя высновы адносна дзейнасці карэспандэнцкага пункта. І гэта будуць выключна станоўчыя высновы. Аднак сёння я адчуваю неабходнасць пераходу на нейкі іншы ўзровень. Уявім сабе, што мая дзейнасць у рамках агучанага ў пачатку сумеснага праекта — гэта лесвіца з некалькімі прыступкамі. Дык вось надышоў час перайсці на наступную прыступку. Мне здаецца, патрэбна нейкая хваля, якая ўскалыхне, народзіць новыя задумкі, дасць жыццё цікавым праектам. Што гэта будзе — пакуль я толькі разважаю. Магчыма, якія-небудзь падказкі і прапановы з’явяцца ў маіх чытачоў, у кіраўніцтва і работнікаў упраўлення адукацыі. Упэўнена, што ўсё атрымаецца, бо ў педагогаў інакш быць не можа, а мы, журналісты галіновага выдання, адставаць не маем права.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ, уласны карэспандэнт па Гродзенскай вобласці:
— Цяжкасці журналісцкай работы — а як і ў кожнай справе, ёсць і ў нас свае асаблівасці — перакрываюцца станоўчымі эмоцыямі ад удалага матэрыялу, цікавага суразмоўніка, адкрыцця новага для сябе — людзей, падзей, дарог, сустрэч са старымі знаёмымі і набыцця новых. Падводзячы вынікі года 2017, адзначаю, што і за гэты перыяд было ўсё з вышэйпералічанага. Але спыніцца хочацца на тым, што асабліва запомнілася. І не заўсёды гэта нейкае значнае мерапрыемства ці падзея.
Невялікая Дубненская школа ў Мастоўскім раёне сустракала прыгожымі “залатымі” восеньскімі прысадамі — і гэты від адразу перанёс у школьнае дзяцінства. Абапал маёй гарадской школы таксама раслі дрэвы — клёны, таполі, якія сёння ўжо не здаюцца такімі вялікімі, але радуе, што яны ёсць, як і мая школа. Уразілі прыгожыя адукаваныя дзеці, адданыя настаўнікі. У гімназію № 1 Навагрудка ехала з адной тэмай, а пасля экскурсіі па будынку з дырэктарам Святланай Аляхновіч атрымаліся тры — дзве незапланаваныя.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Гродзенскім абласным і Шчучынскім раённым палацах творчасці дзяцей і моладзі, гродзенскіх сярэдніх школах № 3, 12, 38, Гродзенскай гарадской гімназіі, ДЦРД № 97 Гродна, тэхналагічным і палітэхнічным каледжах, ліцэі будаўнікоў № 1 Гродна бывала неаднойчы, але кожны раз іду туды з задавальненнем і лёгкасцю: усё будзе цікава, працаваць будзе лёгка. Прадукцыйныя зносіны з кіраўніцтвам сістэмы адукацыі Гродзеншчыны — ад начальніка ўпраўлення адукацыі Аляксандра Сонгіна да начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму двух раёнаў Гродна, усіх раёнаў вобласці, Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі — вельмі дапамагаюць у рабоце ўласнага карэспандэнта. Без такога канструктыўнага дыялогу немагчыма паўнавартасная работа карпункта “Настаўніцкай газеты”.
А ёсць завочныя знаёмствы, якія таксама дазваляюць плённа працаваць і атрымліваць задавальненне ад тэлефонных размоў, электронных лістоў. Ёсць вельмі шмат педагагогаў, якія з’яўляюцца пастаяннымі цікавымі для рэдакцыі аўтарамі — з Гудагайскай школы Астравецкага раёна, Іўеўскага дзіцячага сада — базавай школы, Малабераставіцкай і Канюхоўскай школ Бераставіцкага раёна, Дварчанскай — Свіслацкага раёна, Казлоўшчынскай — Дзятлаўскага, Субацкай — Ваўкавыскага раёна, гімназіі № 2 Ваўкавыска. Гэты пералік, канечне, няпоўны. І няхай не пакрыўдзяцца тыя, каго ў ім няма. Мы цэнім супрацоўнцтва з усімі. Вельмі абрадавалася, калі актывізавалася работа рубрыкі “Нам пішуць”, і шмат матэрыялаў зараз размяшчаецца на сайце газеты. Нам вельмі патрэбна зваротная сувязь з педагагічнымі калектывамі, каб ведаць вашы патрэбы, каб дапамагаць распаўсюджваць лепшы вопыт, расказваць аб людзях. Паверце, і нам таксама вельмі прыемна чуць вашы добрыя словы, парады: яны натхняюць журналістаў на лепшую работу.
А ў новым годзе — людзі, падзеі, дарогі, сустрэчы са старымі знаёмымі і набыццё новых. І гэтае жыццёвае кола не здаецца мне аднастайным і аднатонным. Яго робяць разнастайным і цікавым героі нашых матэрыялаў, падзеі, якія кожны раз асвечаны вашай творчасцю, натхненнем, неабыякавасцю, паважаныя настаўнікі. І вось ужо чакаю першую запланаваную на студзень камандзіроўку — у Слонімскі раён, Жыровіцкую школу, і сустрэч з цікавымі людзьмі.
Дар’я РЭВА, уласны карэспандэнт па Мінскай вобласці:
— “Настаўніцкая газета” заўсёды імкнулася ісці насустрач педагогу, усяляк заахвочвала да супрацоўніцтва і падкрэслівала сваю адкрытасць: праводзіліся і праводзяцца творчыя і рабочыя сустрэчы, рэдакцыйная пошта і тэлефоны чакаюць лісты і званкі ад педагагічных работнікаў, “Настаўніцкая” ладзіць святочныя мерапрыемствы для настаўнікаў, карэспандэнты выязджаюць у камандзіроўкі, арганізоўваюцца прэс-туры і г.д. І работа карпунктаў — гэта яшчэ адзін крок насустрач, каб быць бліжэй да педагагічнай грамадскасці кожнага рэгіёна. Усе мы ведаем, што пры сваёй крэатыўнасці, актыўнасці, сваіх поспехах і дасягненнях педагогі застаюцца надзвычай сціплымі людзьмі, і нярэдка ім чамусьці няёмка звярнуцца ў рэдакцыю. Значна прасцей запытацца аб нечым у чалавека, якога завочна ведаеш, сустракаў на семінарах, конкурсах і іншых мерапрыемствах.
Ужо некалькі гадоў мы працуем разам — педагогі Міншчыны і карпункт. Зразумела, пачалося супрацоўніцтва не са з’яўлення карпункта, а, па сутнасці, са з’яўлення газеты, таму што “Настаўніцкая” заўсёды працавала ў цеснай сувязі з педагагічнай грамадскасцю ўсёй краіны, у тым ліку Мінскай вобласці. Але, думаецца, з’яўленне карпункта гэтае супрацоўніцтва ўмацавала, вывела на новы ўзровень. Карпункт ніколі не быў нечым іншародным для сістэмы адукацыі вобласці і гарманічна ўліўся ў яе работу. Многія педагогі, з якімі даводзілася размаўляць апошнім часам, шчыра здзіўляліся таму факту, што карпункт на Міншчыне працуе ўсяго тры гады. Ім здавалася, што ён заўсёды дзейнічаў.
Сёння мы працуем у цесным узаемадзеянні з упраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама, раённымі аддзеламі адукацыі, установамі. Спецыялісты вельмі хутка рэагуюць на любыя звароты, просьбы, прапановы і самі звяртаюцца з ідэямі і ініцыятывамі. Радасна, што за гэты час са многімі з іх усталяваліся добрыя, даверлівыя, прыязныя зносіны. З кожным днём усё больш пераконваюся, што ў нашых школах, дзіцячых садках, каледжах, ліцэях, гімназіях, цэнтрах творчасці працуюць сапраўдныя прафесіяналы, годныя і шчырыя людзі. Хочацца падзякаваць усім работнікам сістэмы адукацыі Міншчыны за супрацоўніцтва, прафесіяналізм, творчасць. Асаблівыя словы падзякі за інфармацыйную падтрымку адрасую Мінскаму абласному ІРА.
“Настаўніцкая газета” была і застаецца месцам завочнай сустрэчы калег-педагогаў, пляцоўкай, дзе можна выказаць меркаванне і быць пачутым. Выданне заўсёды было не проста побач з педагогам, а разам з ім. Разам мы ўжо зрабілі многа, і я ўпэўнена, што зробім яшчэ больш!
Ганна СІНЬКЕВІЧ, уласны карэспандэнт па Магілёўскай вобласці:
— Карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай газеты” дзейнічае на Магілёўшчыне ўжо амаль пяць гадоў. За гэты час было наладжана ўзаемадзеянне з усімі аддзеламі адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, навучальнымі ўстановамі рэгіёна, пазаштатнымі аўтарамі. Усебаковаму асвятленню функцыянавання сістэмы адукацыі вобласці вельмі спрыяе падтрымка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і яго начальніка Уладзіміра Уладзіміравіча Рыжкова. Больш разнастайнымі публікацыі робіць і актыўнасць пазаштатных аўтараў.
Разам мы расказваем пра дасягненні настаўніцтва рэгіёна, якіх нямала. Педагогі Прыдняпроўскага краю штогод прыводзяць сваіх вучняў да перамог у рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, навучальныя ўстановы пераходзяць на новыя адукацыйныя стандарты. Усе гэтыя значныя падзеі адлюстроўваюцца на старонках галіновага выдання.
Праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” вельмі спрыяе таму, каб газета была змястоўнай і цікавай. Сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць “Настаўніцкую” яшчэ больш інфармацыйна насычанай. Таму мае тэлефоны заўсёды адкрыты для ўсіх званкоў і навін. Спадзяюся на далейшае плённае супрацоўніцтва з кожнай установай адукацыі.
***
Чарговы семінар-практыкум уласных карэспандэнтаў і кіраўніцтва газеты прайшоў у інтэрактыўным рэчышчы, што паспрыяла больш грунтоўнаму абмеркаванню найперш творчых кірункаў дзейнасці карпунктаў, асэнсаванню іх запатрабаванасці на сучасным этапе развіцця адукацыйнай прасторы краіны. Слушнымі меркаваннямі аб рабоце карпунктаў падзяліліся намеснікі галоўнага рэдактара В.І.Клютчэня і Н.А.Кастэнка, рэдактар аддзела рэгіянальнай адукацыі Г.М.Ешчанка.
Дарэчы, падчас размовы прагучала цікавая думка: у пачатку рэгіянальнага праекта мы пачуваліся калегамі, неўзабаве партнёрамі, а цяпер, пасля амаль шасці гадоў плённага супрацоўніцтва, сталі аднадумцамі. А гэта сведчыць аб тым, што творчыя стасункі ўзмацняюцца і становяцца незваротнымі.
Генадзь ЕШЧАНКА.