Днямі ў сярэдняй школе № 66 Мінска было мнагалюдна: вучні — удзельнікі школьнай бізнес-кампаніі “Шлях да міласэрнасці” праводзілі там дабрачынны кірмаш-продаж, прымеркаваны да навагодняй акцыі “Нашы дзеці”.
Увесь калідор занялі сталы з вырабамі, зробленымі дзіцячымі і бацькоўскімі рукамі. Многія з іх прысвечаны актуальнай навагодняй тэматыцы. У сталовай бойка гандлявалі кандытарскімі вырабамі. Можна было набыць усё — пачынаючы ад выпечаных напярэдадні пячэння і булачак, заканчваючы вялікім, шыкоўна ўпрыгожаным тортам. За прылаўкамі гандляры стаялі ўдваіх — адзінаццацікласнік і калега з малодшых класаў. Часам далучаўся хтосьці з бацькоў. Побач педагогі школы праводзілі майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у спартзале былі арганізаваны вясёлыя спаборніцтвы, у гасцей мерапрыемства нават была магчымасць сфатаграфавацца ў сярэднявечных даспехах. Пасля заканчэння кірмашу гасцей свята чакаў канцэрт, арганізаваны навучэнцамі, а таксама дабрачынны цыркавы паказ з удзелам прафесійных артыстаў. Сродкі, сабраныя на працягу святочнага дня, удзельнікі школьнай бізнес-кампаніі перадалі выхаванцам дапаможнай школы-інтэрната № 11 Мінска.
Школьная бізнес-кампанія была створана ў сярэдняй школе некалькі гадоў назад ініцыятыўнай групай навучэнцаў тады яшчэ 9 класа і іх класнага кіраўніка Алены Віктараўны Курдун. Кірмаш — гэта частка бізнес-праекта “Шлях да міласэрнасці”.
— Мерапрыемства праходзіць у нашай установе адукацыі ўжо трэці год. Гэта не проста кірмаш, які звычайна праводзяць у школах і дзіцячых садках, гэта частка эканамічнага выхавання, якая садзейнічае прафесійнаму самавызначэнню нашых навучэнцаў. Перавагай такой крэатыўнай творчай справы з’яўляецца тое, што школьнікі атрымліваюць практычныя навыкі прадаўцоў, PR-менеджараў, арганізатараў, эканамістаў, бухгалтараў і нават аніматараў. Дзякуючы створанай бізнес-кампаніі, навучэнцы маюць магчымасць ператварыць свае ўменні ў рэальныя дзеянні: рыхтуюць рэкламныя ролікі, займаюцца паліграфічным дызайнам, арганізуюць выставы, кірмашы-продажы, канцэрты, пішуць сцэнарыі, прыцягваюць да ўдзелу артыстаў, запрашаюць гасцей і СМІ, вядуць бухгалтарскі ўлік і г.д., — расказала дырэктар школы Элада Рыгораўна Уласенка. — Безумоўна, без дапамогі дарослых рэалізаваць такі праект немагчыма, таму адміністрацыя школы, класны кіраўнік, бацькі аказваюць падтрымку нашым юным бізнесменам. Кансультуе нас вучэбна-навуковы цэнтр развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва эканамічнага факультэта БДУ, куды некалькі гадоў запар мы накіроўваем на вучобу вучняў старшых класаў. Нам важна данесці дзецям, што мерапрыемства трэба арганізаваць як бізнес: наладзіць сувязі, прыцягнуць людзей, распрацаваць рэкламу. Такім чынам, яны ўдумліва і глыбока ацэньваюць многія эканамічныя моманты. Спадзяёмся, што, выйшаўшы са школы, нашы бізнесмены будуць смялейшымі, магчыма, нехта адкрые сваю справу, нехта больш упэўнена выбера прафесію.
Дырэктар школы прызнаецца, што дарослым, якія назіраюць за развіццём бізнес-кампаніі, асабліва прыемна, што школьнікі не ставяць мэтай зарабіць для сябе. Яны працуюць на карысць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе.
— Дзейнасць школы накіравана на духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў, таму асноўны кірунак развіцця бізнес-праекта быў выбраны невыпадкова — дабрачыннасць. Напрыклад, у першы год развіцця праекта сабраныя сродкі перадалі Беларускаму дзіцячаму хоспісу. Сёлета дапамагаем выхаванцам дапаможнай школы-інтэрната № 11 Мінска, — расказваюць удзельніцы бізнес-кампаніі адзінаццацікласніцы Лізавета Хільковіч і Валянціна Калашманава. — Паколькі большая частка ўдзельнікаў школьнай бізнес-кампаніі — адзінаццацікласнікі, мы вырашылі паволі перадаваць бізнес-вопыт малодшым школьнікам — займаемся з імі, прыцягваем да арганізатарскай дзейнасці. Сёння чацвёртакласнікі стаяць за прылаўкамі побач са сваімі старэйшымі калегамі па справе.
Дарэчы, прызнанне школьнай бізнес-кампаніі, прысвечанай дабрачыннасці, даўно выйшла за межы раёна. У мінулым навучальным годзе яе ўдзельнікі прадстаўлялі сваю работу на прэзентацыі інкубатара малога прадпрымальніцтва Мінска, сталі пераможцамі Міжнароднага конкурсу стартап-праектаў BizTech Junior, дзе кіраўнік школьнай бізнес-кампаніі атрымала дыплом ментара. Таксама школьнікі прынялі ўдзел у праекце “100 ідэй для Беларусі”, а ўстанова адукацыі была адзначана дыпломам ІІІ ступені гарадскога конкурсу “Біржа сацыяльных праектаў — 2017” за значны ўклад у развіццё валанцёрскага руху, высокі ўзровень рэалізацыі праекта і сацыяльную актыўнасць.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.