Калі дабро ад сэрца

- 11:13Якасць адукацыі

У аўторак, 5 снежня, адзначаўся Міжнародны дзень валанцёра. Самай значнай святочнай падзеяй у Беларусі стаў валанцёрскі фестываль, які прайшоў у Мінску, а яго кульмінацыяй — узнагароджванне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу БРСМ “Валанцёр года — добрае сэрца”. У эпіцэнтр святочных падзей трапілі больш за 150 валанцёраў саюза моладзі з усіх куткоў Беларусі.

Спектаклі і цыркавыя паказы ў дзіцячых дамах, канцэрты для хворых дзяцей і ветэранаў, дапамога адзінокім пажылым людзям, аднаўленне храмаў і палацаў, пошук новых гаспадароў кінутым жывёлам — час для дабра знаходзяць штодзень 35 тысяч юнакоў і дзяўчат з усёй краіны. Звычка рабіць дабро не спынілася і ў святочны дзень. Падчас фестывалю каля навагодняй ёлкі гандлёвага цэнтра “Сталіца” разгарнуўся handmade-кірмаш “Калейдаскоп дабра” ў падтрымку Беларускага дзіцячага хоспіса. Таксама валанцёры “Добрага сэрца” арганізавалі работу майстар-класаў па вырабе талісманаў-сімвалаў Новага года з фетру, залатой паперы, а таксама вырабе навагодніх лэпбукаў, паштовак, эксклюзіўных ёлачных цацак. Акрамя таго, мінчане і госці горада маглі пакінуць у спецыяльных апламбаваных скарбонках ахвяраванні для падапечных хоспіса і змайстраваць медалі адвагі, якія будуць выдавацца маленькім пацыентам за адважнае праходжанне балючых працэдур. Атмасферу свята дапамагалі ствараць клоўны, фокуснікі, мімы, творчая моладзь, папулярныя артысты.

Але ўсё ж галоўная задума фестывалю — выказаць падзяку самым актыўным добраахвотнікам. Па выніках конкурсу лепшым валанцёрскім атрадам сярод вучнёўскай моладзі стаў атрад “Надзея” сярэдняй школы № 4 Лунінца Брэсцкай вобласці, сярод студэнцкай моладзі — валанцёрскі атрад “Мы — дзецям” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Сярод працуючай моладзі перамог атрад “Адкрытыя сэрцы” “Гомсельмаша”. Лепшым валанцёрскім праектам стаў праект Eco-bus Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У намінацыі “Лепшая група ў сацыяльнай сетцы” перамагла група Мінскага абласнога камітэта БРСМ. Пераможцам у намінацыі “Асабісты ўклад” прызнаны камандзір валанцёрскага атрада “Дабракі” Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа (Мінская вобласць) Арцём Чарткоў. Па выніках інтэрнэт-галасавання ў намінацыі “Асабісты ўклад” перамог Павел Каптураў, камандзір валанцёрскага атрада “Няма перашкод” пярвічкі БРСМ Юрцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна (Віцебская вобласць). У гэтым годзе ўпершыню была прысуджана спецыяльная прэмія “Асабісты ўклад”, якую атрымала кіраўнік валанцёрскага атрада “Эдэльвейс” пры Гомельскім абласным камітэце БРСМ Вераніка Ражкова.

Мерапрыемствы дабрачыннага фестывалю таксама прайшлі і на базе БДУ, дзе працавалі адукацыйныя пляцоўкі і камунікатыўныя трэнінгі па арганізацыі дзейнасці валанцёрскага руху на тэмы “Фарміраванне навыкаў валанцёрскай дзейнасці ў розных формах”, “Распрацоўка валанцёрскага праекта”, “Еўрапейскія валанцёрскія кампетэнцыі” і інш. Спецыяльнымі гасцямі вучэбнай праграмы сталі эксперт Федэральнага савета Асацыяцыі валанцёрскіх цэнтраў Расіі, сузаснавальнік Асацыяцыі валанцёрскіх цэнтраў Расіі, кіраўнік валанцёрскіх лагераў Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў у Сочы 2014 года, кандыдат навук, дацэнт Алена Круціцкая і валанцёр Еўрапейскай валанцёрскай службы (ЕВС) Міраслава Казлоўская. У верасні БРСМ другі раз атрымаў акрэдытацыю ў ЕВС да 2020 года, што, канечне, паспрыяе пашырэнню маладзёжных кантактаў.
Завяршыўся дабрачынны фестываль стартам рэспубліканскай дабрачыннай акцыі БРСМ і БРПА “Цуды на Каляды”. Дзед Мароз і Снягурка ўручылі маленькім гасцям свята сімвал акцыі — чырвоныя рукавічкі, якія адлюстроўваюць імкненне валанцёраў акружыць клопатам і ўвагай дзяцей і людзей пажылога ўзросту ў навагоднія і калядныя дні. Дарэчы, першыя навагоднія сюрпрызы — мяккія цацкі і салодкія падарункі — былі перададзены ў Беларускі дзіцячы хоспіс. У ролі добрых чараўнікоў выступілі пастаянныя ўдзельнікі дабрачынных праектаў БРСМ — папулярныя артысты беларускай эстрады.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.