Калі кошт жыцця меншы, чым 300 тысяч рублёў

- 11:26Сацыяльны ракурс

“Сёння моладзь не такая, як раней” — гэты выраз усё часцей можна пачуць ад людзей старэйшага ўзросту. Хтосьці з гэтым пагаджаецца, іншы — не. Але факты з крымінальных зводак не пакідаюць сумненняў. У Гомелі маладыя людзі пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў пазбавілі зроку свайго сябра. У Мінску хлопчыка зарэзалі амаль пад вокнамі школы. А ў Бабруйску падлеткі ацанілі жыццё 13-гадовага хлопчыка ў 300 тысяч. Адкуль столькі жорсткасці, агрэсіі і бесчалавечнасці? Што згубілі, не заўважылі ўсе мы, разам, калі гэтыя, па сутнасці, яшчэ дзеці, да здзяйснення злачынства былі побач з намі — у школе, на вуліцы? Пра гэта — у матэрыяле нашага карэспандэнта.

Гэта быў панядзелак, 3 сакавіка. Зранку Паша (імёны зменены) пачаў збірацца ў школу. Апрануўшы куртку, шэрую, ужо крыху паношаную шапку, а таксама цёмныя пальчаткі з шалікам, падораныя бубуляй, невысокі худы хлопчык развітаўся з роднымі, усміхнуўся, як заўсёды, па-дзіцячаму шчыра, і закрыў за сабой дзверы. У гэтую хвіліну ніхто нават падумаць не мог, што Паша больш не вернецца дадому і не крыкне, зайшоўшы ў кватэру: “Бабуля, я дома!”
Пасля ўрокаў, як заўсёды, Паша выйшаў са школы і перайшоў вуліцу на супрацьлеглы бок. Там хлопчык дамовіўся сустрэцца са сваім сябрам Максімам. Ужо на працягу некалькіх месяцаў хлопчыкі пасля заняткаў ішлі расклейваць па горадзе аб’явы. І калі Максім яшчэ мог прапусціць дзень-другі, то Паша займаўся такой падпрацоўкай заўсёды, калі былі прапановы, у любое надвор’е. Так падлетак спрабаваў зарабіць дадатковыя грошы для сваёй сям’і: бабулінай пенсіі, на якую жылі трое чалавек, на самае галоўнае хапала, але хлопчыку хацелася мець грошы на кішэнныя расходы, а прасіць іх штодня ў бабулі было няёмка. Да таго ж Пашу хацелася рабіць прыемныя, няхай і дробязныя, сюрпрызы для малодшай сястры, якую ён вельмі любіў.
13-гадовага Пашу і яго малодшую сястру выхоўвала бабуля, якая аформіла апеку над дзецьмі пасля таго, як больш чым 7 гадоў назад яе дачка, маці дзяцей, была па-збаўлена бацькоўскіх правоў. Нягледзячы на гэтыя няпростыя абставіны, дзеці раслі спакойнымі, ціхімі і працалюбівымі. На той момант, калі ў сям’і здарылася трагедыя, маці дваіх дзяцей чарговы раз па прычыне злоўжывання алкаголем была накіравана ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Той дзень, калі Паша не вярнуўся дадому, назаўсёды парушыў спакой у сям’і, дзе выхоўваўся хлопчык. А бяда, якая пазбавіла бабулю і маленькую дзяўчынку адзінага ўнука і брата, атрымала шырокі рэзананс не толькі ў Бабруйску, але і ва ўсёй краіне.
…Расклеіўшы аб’явы на некалькіх вуліцах, хлопчыкі дайшлі да квартала, дзе жыў Максім. Засталося расклеіць некалькі аб’яў — і ўсё, лічы, работа выканана.
Калі сябры праходзілі міма дома, дзе жыў Максім, апошняга паклікалі двое высокіх агрэсіўных, па ўсім відаць, нецвярозых, падлеткаў. Гэта былі знаёмыя Максіма, Пеця і Коля. Слова за слова, і падлеткі пачалі патрабаваць ад хлопца 300 тысяч рублёў, якія Максім быццам бы ім вінен за заказ спайсаў. Насамрэч, ён ім нічога не быў павінен. Проста за дзень да гэтага, сустрэўшы знаёмых ля свайго дома, хлопчык з уласнай цікавасці запытаў, ці ёсць у маладых людзей магчымасць заказаць курыльную сумесь. Ні аб якой пакупцы піхатропаў хлопцы не дамаўляліся. Гэта былі простыя пытанне і адказ.
Пасля размовы з Максімам Пеця і Коля падышлі да Пашы, якога ў сваім раёне бачылі ўпершыню. Зразумеўшы, што на спакойнага, ураўнаважанага 13-гадовага хлопчыка можна паўздзейнічаць, маладыя людзі проста так, за кампанію, “павесілі” доўг за незаказаны спайс яшчэ і на яго. Толькі ў апошняга грошай з сабой таксама не было, як не было і тэлефона, які злачынцы хацелі адабраць узамен грошай.
— Следствам было ўстаноўлена, што і Пётр, і Мікалай ужо ўжывалі курыльныя сумесі, — расказвае Уладзімір Аляксандравіч Бондар, следчы па асабліва важных справах упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі галоўнага следчага ўпраўлення Цэнтральнага апарату следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. — Сустрэўшы Максіма, Пеця і Коля сказалі, што падлетак усё роўна павінен ім грошай за тое, што ім прыйшлося турбаваць сваім званком таварышаў, якія могуць паставіць псіхатроп. Атрымліваецца, патрабавалі грошы за неіснуючы доўг. І для таго, каб “пакараць” падлеткаў за яго, Пеця і Коля ўзялі хлопчыкаў у заложнікі. Пад пагрозай таго, што ў выпадку незнаходжання неабходнай сумы заб’юць родных, павялі падлеткаў на гарадскі пляж. Там Пашу і Максіму было прапанавана скрасці ў жанчын сумачкі. Першым на вуліцу адпусцілі Пашу, але ён не стаў здзяйсняць злачынства. Перажываючы за жыццё сябра, хлопчык не пабаяўся вярнуцца без грошай. Наступным адпусцілі Максіма, але ён назад не вярнуўся, збег дадому, хаця яго таксама папярэджвалі, што ў выпадку невяртання яго сябар будзе забіты. Дарэчы, падчас следчых дзеянняў намі было ўстаноўлена, што ў той час, калі 15-гадовыя забойцы вялі падлеткаў на пляж, Паша гаварыў, што не хоча паміраць маладым і што заўтра яму споўніцца 14 гадоў. Гэта чуў сведка, які выступіў на судзе.
Шкада, што, пачуўшы такія словы, на іх ніхто не звярнуў увагі. Зразумела, падлеткі могуць жартаваць, але, здаецца, наўрад ці па нецвярозых хлопцах можна было сказаць, што словы, сказаныя Пашам, — гэта проста жарты. Магчыма, калі б знайшліся неабыякавыя дарослыя і хаця б словам умяшаліся ў пачуты маналог, гісторыя развівалася б па іншым сцэнарыі, не такім трагічным.

Вытрымка з афіцыйнага прысуду ад 18 верасня 2014 года (па эпізодах вымагання грашовых сродкаў, утрымання ў якасці заложнікаў, забойства):
“Не дачакаўшыся хлопца, злачынцы адвялі Пашу далей ад мяжы горада, бліжэй да вады, дзе іх ніхто не зможа пачуць і ўбачыць. Падлеткі-забойцы загадалі хлопцу шукаць шкляную бутэльку і разбіць яе аб галаву. Калі Паша шукаў бутэльку, Пеця і Мікалай хадзілі за ім па слядах. Калі Паша разбіў бутэльку, яму загадалі вострай часткай гарлавіны бутэлькі, “ружай”, рэзаць сабе горла. Пасля гэтага Пеця сказаў, што яны возяцца з Пашам вельмі доўга, і загадаў падлетку легчы на зямлю, каб дабіць яго. Пеця разам з Мікалаем пачалі біць хлопца, наносячы яму ўдары нагамі ў галаву. Звярнуўшы ўвагу на тое, што Паша перастаў рухацца, Пеця і Мікалай спынілі свае дзеянні. Пасля гэтага забойцы адцягнулі Пашу да ракі і кінулі ў ваду тварам уніз такім чынам, каб органы дыхання пацярпелага былі закрыты вадой. Калі Паша ўжо ляжаў у вадзе, Пеця і Коля звярнулі ўвагу на тое, што ў хлопчыка тузаецца адна нага, але забойцы не выцягнулі падлетка з вады. Паназіраўшы за Пашам каля 15 секунд, забойцы пайшлі ў госці да агульнай знаёмай”.

Як расказаў следчы, у той момант, калі хлопец ужо быў скінуты ў ваду, ён знаходзіўся ў стане агоніі, паміж смерцю і жыццём. І насамрэч, яго можна было выратаваць, калі б у забойцаў была б хаця б кропля пачуцця і разумення таго, што ў іх на вачах па іх жа віне памірае 13-гадовы хлопчык. Калі б Пашу пабілі і пакінулі ў тым стане, у якім ён знаходзіўся, ён бы выжыў. Тым не менш смерць хлопчыка наступіла ад механічнай асфіксіі ў выніку патаплення ў вадзе.
— Намі былі праведзены праверкі, паказанні на месцы, падчас якіх абвінавачаныя паказвалі, як і што яны рабілі, — працягвае разглядаць крымінальную справу Уладзімір Бондар. — Ці разумелі злачынцы, што яны робяць? Падчас праверак яны проста апісвалі свае дзеянні. Абвінавачаныя былі прызнаны свядомымі, і на момант здзяйснення забойства яны не знаходзіліся ў псіхалагічна хворым стане. Таму, згодна з экспертызай, было вынесена заключэнне, што забойцы разумелі, што робяць. Тым не менш паказанні і Пеці, і Колі адрозніваюцца і зразумела чаму: кожны з падлеткаў спрабаваў выгарадзіць сябе. Але ўсе дзеянні абвінавачаных, нягледзячы на тое, што яны расказваюць, што не хацелі забіваць Пашу, супярэчаць іх словам. Пасля злачынства забойцы пайшлі ў госці да сваёй сяброўкі, якой без усялякага спачування расказалі пра тое, што толькі што забілі Пашу. На наступны дзень, дарэчы, абвінавачаныя пайшлі шукаць Максіма, які збег з пляжа, каб пакараць яго за непаслушэнства.

Вытрымка з прысуду (з паказанняў Максіма, сябра загінуўшага Пашы):
“На наступны дзень пасля забойства Пашы злачынцы знайшлі Максіма на прыпынку грамадскага транспарту і пачалі пагражаць забойствам за тое, што ён напярэдадні, у дзень забойства Пашы, збег, не прынёсшы грошай. Па патрабаванні абвінавачаных Максім пайшоў разам з імі ў кар’ер. Па дарозе Максім дазнаўся, што Пашу забілі. Акрамя гэтага, забойцы расказалі Максіму, што прапаноўвалі Пашу выбраць, як ён хоча памерці: хутка ці павольна.
Прывёўшы Максіма на вадаём, які знаходзіўся на дне кар’ера, Пеця і Мікалай загадалі хлопцу прабіваць палонку ў лёдзе, пагражаючы пры гэтым утапіць яго тут. У нейкі момант абвінавачаныя пачалі зноў патрабаваць 300 тысяч рублёў. Таксама па загадзе абвінавачаных Максім перадаў ім свае красоўкі і камізэльку, каб яго цела не змаглі апазнаць. Максім выбіў каменем невялікую дзірку ў лёдзе, пасля чаго абвінавачаны Пеця паваліў яго на зямлю, і ўжо абодва абвінавачаныя пачалі біць падлетка нагамі па галаве. Пасля таго, як Максім паспрабаваў збегчы, абвінавачаныя яго дагналі і на працягу хвіліны білі за тое, што падлетак не даваў ім грошы.
Пасля гэтага абвінавачаны Пеця сказаў, што ў Максіма ёсць паўтары гадзіны на тое, каб знайсці грошы. Пра ўчарашнія падзеі — забойства Пашы — Максім расказаў свайму сябру. Пагрозы забойствам у свой адрас Максім успрымаў рэальна”.

* * *

Само сабой напрошваецца пытанне: чаму на жорсткасць падлеткаў, якія і да гэтага стаялі на ўліку ў ІСН, ніхто не звяртаў увагі? Адкуль у 15-гадовых (на момант здзяйснення забойства) хлопцаў столькі нянавісці і агрэсіі ў адносінах да людзей? У псіхалогіі апісваецца такая з’ява, як самасцвярджэнне за кошт іншых, адным са спосабаў якога з’яўляецца прыніжэнне і абраза слабых. Магчыма, як выказаў меркаванне следчы, менавіта жаданне кампенсаваць сваю нязначнасць, а таксама жаданне выглядаць у вачах навакольных вышэй, чым ты ёсць на самай справе, і падштурхнула двух няўпэўненых, ні на што не здольных падлеткаў да такой жорсткай, агрэсіўнай самарэалізацыі?
А можа, хлопцам не хапала грошай? Але чаму ў такім выпадку яны не імкнуліся зарабіць на свае патрэбы тым жа банальным расклейваннем аб’яў, якім зарабляў 13-гадовы забіты Паша? Чаму не маглі дамовіцца з бацькамі аб выдачы кішэнных грошай? Ці, можа, бацькі спецыяльна не давалі грошай, таму што ведалі, што пойдуць яны не па прызначэнні, а на цыгарэты, піва ці наркотыкі?
Уладзімір Бондар лічыць, што сваю ролю ва ўсёй гэтай гісторыі сыгралі і недахопы ў выхаванні. Кантроль павінен быць менавіта з боку бацькоў. Зрэшты, здаецца, што не толькі ў кантролі справа. Гэтым падлеткам, якія сталі забойцамі, не было прывіта ні пачуцця жалю, ні спачування.
— Абодва абвінавачаныя стаялі на ўліку ў ІСН, адзін з іх здзейсніў правапарушэнне — крадзеж, — канстатуе следчы. — І калі б выхаванню падлеткаў удзялялася больш пільная ўвага, магчыма, усё было б не так, як атрымалася. Абодва абвінавачаныя падлеткі — і Пётр, і Мікалай — былі вельмі дарослымі адносна свайго ўзросту, а гэта таксама пацвярджае той факт, што яны былі прадастаўлены самі сабе і бацькі амаль ніякай ролі ў іх жыцці не адыгрывалі.
Што тычыцца навучання абвінавачаных у школе, адзін з забойцаў, Мікалай, па шматлікіх прычынах знаходзіўся на хатнім навучанні. Да яго штодня прыходзілі настаўнікі, якія не заўважалі неадэкватных паводзін з боку падлетка. Пеця ў школе таксама не прыцягваў да сябе ўвагі. Праўда, неаднаразова было заўважана, што ён курыць.

* * *

Асабіста ў мяне наконт усёй гэтай гісторыі ўзнікае даволі шмат пытанняў. Няўжо за ўвесь час знаходжання ў школе ў падлетку не было заўважана агрэсіі ў адносінах да навакольных? Няўжо хлопец быў такім ціхонем, што на яго ніхто не звяртаў увагі? Такога не можа быць. Згадзіцеся, не сакрэт, што агрэсіўных падлеткаў можна вельмі лёгка вывесці з раўнавагі. Дастаткова не так сказаць адно слова, і эмацыянальны ўзрыў спыніць ужо не атрымаецца. Яшчэ адным спрэчным і вартым увагі, на маю думку, з’яўляецца наступны момант. Чаму, ведаючы, што ў аднаго з хлопцаў бацька злоўжываў алкаголем, а другі жыў з айчымам, на гэтыя сем’і не звярталі ўвагі спецыялісты? Чаму асобу непаўналетніх забойцаў ніхто не паспрабаваў напоўніць хаця б чымсьці чалавечым? Напэўна, атрымаем стандартны адказ: “Спрабавалі — не атрымалася”.
Шчыра кажучы, гісторыя, якая здарылася з Пашам, не можа не зачапіць. Калі падумаць, то атрымліваецца, што ў любы момант у любым месцы з нашымі дзецьмі можа адбыцца падобнае здарэнне. І перадумоў можа не быць. А значыць, і прычын для забойства не патрэбна? Вось так, за звычайную цікавасць (у дадзеным выпадку маецца на ўвазе пытанне наконт наяўнасці псіхатропаў) можна паплаціцца жыццём? Ведаючы, наколькі жорсткімі бываюць падлеткі, і бацькі, і спецыялісты павінны больш пільна ставіцца да паводзін дзяцей. А калі праблема ёсць, калі кантроль над дзецьмі згублены, варта не баяцца і звяртацца па дапамогу да спецыялістаў. Чым раней будуць заўважаны адхіленні ў паводзінах, тым хутчэй можна будзе выправіць сітуацыю. І калі педагогі заўважаюць неадэкватныя паводзіны падлеткаў, падазраюць іх ва ўжыванні наркатычных сродкаў, варта паведаміць і бацькам, і спецыялістам, якія займаюцца гэтай праблемай. І хаваць існуючых праблем нельга, як і не варта іх баяцца. Куды горш, згадзіцеся, шукаць апраўданні ў свой адрас тады, калі зрабіць нешта ўжо позна.

* * *

Сёння па гэтай справе ўжо вынесены прысуд. У дачыненні да абодвух забойцаў судом была вызначана вышэйшая для іх узросту мера — 13 гадоў пазбаўлення волі кожнаму з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі. Праз 2 гады, калі забойцы будуць паўналетнімі, іх перавядуць у дарослую турму. 13 гадоў, праведзеных за кратамі, дапамогуць змяніць маральнае аблічча забойцаў ці за гэты час ні кроплі чалавечнасці ў іх не прачнецца? Дзе б ні знаходзіліся такія людзі — за кратамі ці на волі, ці не страшна, што сярод падлеткаў могуць быць тыя, хто не ацэніць наша жыццё даражэй, чым 300 тысяч рублёў?

Наталля ДУБІК.