Калі словы не разыходзяцца cа справай

- 8:09Сацыяльны ракурс
Вынікі нацыянальнай зборнай па хакеі на апошніх двух чэмпіянатах свету не радуюць. Адразу назваць прычыны невыразнага выступлення беларусаў не здолелі нават хакейныя спецыялісты — для развіцця гэтага віду спорту ў краіне, здавалася б, робіцца ўсё. Насцярожвае гэта яшчэ і таму, што вось-вось пачнецца зваротны адлік да пачатку дзвюх самых доўгачаканых спартыўных падзей 2014 года — зімняй Алімпіяды ў Сочы (за пуцёўку на якую нашай зборнай давядзецца яшчэ пазмагацца) і чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, на якіх ад трэнераў і гульцоў будуць чакаць самых высокіх вынікаў.


Дэвіз трэнінг-кэмпу — “Ніколі не здавайся!”.
Пасля вяртання з сёлетняга сусветнага першынства нападаючы нацыянальнай зборнай і каманды NHL “Toronto Maple Leafs” Міхаіл Грабоўскі, не называючы канкрэтных дат, паабяцаў, што, калі бу­дзе ў Беларусі, пастараецца арганізаваць трэніровачны лагер для юных хакеістаў. “Трэба, каб яны глядзелі, як гуляюць старэйшыя, як трэба працаваць. Калі гэта не будуць рабіць хакеісты, якія выступаюць на самым высокім узроўні, то хто тады?” — сказаў лепшы хакеіст Беларусі сезона 2010/2011. Канечне, было б цудоўна, калі б гэтая ідэя калі-небудзь увасобілася ў жыццё, — падумалі тады многія, нават не падазраючы, што гэта “калі-небудзь” надыдзе так хутка.

23 чэрвеня мы пабывалі на адкрыцці трэнінг-кэмпу для будучых хакейных зорак (12-13-гадовых хлопчыкаў), арганізаванага на базе хакейнага клуба “Юнацтва-Мінск”, і не прапусцілі магчымасць задаць некалькі пытанняў таму, у каго словы не разыходзяцца са справай. Тым больш што напярэдадні ­МіГ-84 (так часта называюць Міхаіла Грабоўскага за фенаменальную хуткасць і тэхніку на лёдзе) атрымаў дыплом аб набыцці другой вышэйшай адукацыі.

— Міхаіл, у цябе доўгачаканы водпуск, сям’я, двое маленькіх дзяцей. Разам з тым ты знаходзіш час і магчымасці для таго, каб арганізаваць у Беларусі трэніровачны лагер для падрастаючага пакалення.

— Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, далучаць іх да сваёй любімай справы. Для мяне гэта таксама своеасаблівы адпачынак, тым больш што сям’я знаходзіцца разам са мной у Беларусі. Таму ніякіх праблем. Я рад быць тут і дапамагаць, чым магу.

— Як удалося ўсё арганізаваць за такі кароткі прамежак часу? З таго моманту, як ты сказаў аб сваім жаданні, прайшоў месяц!

Грабоўскі — лідар не толькі нацыянальнай зборнай, але і канадскай “Toronto Maple Leafs”.— На самай справе, я даўно ўжо хацеў арганізаваць такі кэмп для юнакоў. Усімі арганізацыйнымі момантамі займаўся мой сябар Андрэй Ткачоў, разам з якім мы некалі пачыналі займацца хакеем. Менавіта ён распрацоўваў план трэніровак, набіраў групы. Кэмп платны, але ўсе грошы, якія заплацілі бацькі, пойдуць на дабрачыннасць — на дапамогу дзецям з анкалагічнымі захворваннямі. Значную частку выдаткаў на правя­дзенне трэнінг-кэмпу ўзялі на сябе спонсары, у ліку якіх беларускае прадстаўніцтва кампаніі ­ LG Electronics, якое закупіла спартыўны інвентар. Дзякуючы дапамозе гэтых людзей, і ўдалося арганізаваць усё так хутка.

— Удзельнікі трэніровачнага лагера — хлопчыкі, якія займаюцца хакеем ужо не першы год. Чаму плануеце наву­чыць іх за ты­дзень?

— Асноўная наша задача — зарадзіць дзяцей станоўчымі эмоцыямі, перадаць ім сваю энергію, спартыўны запал. Я быў бы самым шчаслівым, калі б у маім дзяцінстве праводзіліся такія кэмпы з вядомымі хакеістамі. Але гэтага не было і сёння не практыкуецца ў Беларусі, у той час як у Паўночнай Амерыцы гэта звычайная практыка. Паколькі гэта менавіта трэніровачны лагер, то мы, канечне, будзем сур’ёзна займацца два разы на дзень. Буду дзяліцца сваім вопытам, вучыць таму, што сам умею. Хаця, прызнаюся, што мне самому ёсць яшчэ чаму павучыцца.

— Ёсць думкі наконт таго, каб право­дзіць кэмп хаця б з якой-небудзь перыя­дычнасцю?

— Безумоўна! Плануем арганізоў­ваць яго штогод, але, самі разумееце, усё залежыць ад часу і абставін. Вялікае жаданне рабіць усё гэта ёсць. Сёлетні кэмп для мяне — першы вопыт арганізацыі падобных мерапрыемстваў. Ужо ведаю, як удасканаліць яго ў наступным годзе. Напрыклад, запрасіць трэнераў і вядомых хакеістаў з-за акіяна. Папярэднюю згоду на гэта ўжо далі, напрыклад, форвард “Дэтройта” Павел Дацюк ці мой партнёр па “Таронта” Мікалай Кулёмін. Калі да нас далучацца вядомыя беларускія хакеісты — буду толькі рады.

Момант адкрыцця трэніровачнага лагера азнаменаваўся сімвалічным разбіццём шкляной мішэні.— Дзякуючы такім трэніровачным лагерам, магчыма, хутчэй з’явяцца новыя беларускія імёны, якія будуць ведаць і за акіянам?

— Я быў бы шчаслівы. Разумееце, Беларусь не такая вялікая краіна, каб у ёй было шмат хакеістаў сусветнага ўзроўню. Напрыклад, у Канадзе іх будзе больш ужо толькі з-за адной колькасці дзяцей у краіне. І хакейных школ у іх больш. Нам жа трэба працаваць з тымі дзецьмі, якія ў нас ёсць, развіваць дзіцячы спорт, працаваць з моладдзю, развіваць хакейныя школы. Тады бу­дуць добрыя вынікі і на дарослым узроўні. Што датычыцца мяне, то я зраблю ўсё, каб дапамагчы ў гэтым.

— Днямі вы атрымалі дыплом аб другой вышэйшай адукацыі ў мінскім Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці.

— Так, вучыўся, зразумела, на завочным аддзяленні. Ініцыятарам таго, каб я атрымаў другую вышэйшую адукацыю, стаў мой дзядуля Аляксандр Кузьміч. Ні з гэтым рашэннем, ні з выбарам ВНУ не памыліўся. Хакейная кар’ера не вечная. А так у будучым змагу быць не толькі трэнерам, але і спартыўным менеджарам. Вялікі дзякуй усім выкладчыкам інстытута, якія стараліся ісці мне насустрач. Не сакрэт, што прафесійнаму спартсмену складана сумяшчаць працу і вучобу. Але было цікава атрымліваць новыя веды ў той справе, якой захапляешся, і часам складана. Падалося, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры вучыцца было лягчэй.

— А ў школе вы як вучыліся?

— Сярэдне. Не было асабліва часу з-за заняткаў спортам. Баць­кі, канечне, прымушалі, але я не заў­сёды да іх прыслухоўваўся наконт вучобы. У выніку чаго англійскую мову прыйшлося вучыць ужо ў Паўночнай Амерыцы ледзь не з нуля.

— Ваш сын Джагер, напэўна, пойдзе па слядах бацькі і таксама будзе хакеістам?

Трэнінг-кэмп Грабоўскага — не некалькі сустрэч з фатаграфаваннем і аўтографамі, а паўнацэнныя дзве трэніроўкі ў дзень на працягу тыдня.  — Хацеў бы, каб ён займаўся спортам — прафесійна ці па-аматарску — ужо як атрымаецца. Але, калі шчыра, мне б хацелася, каб ён ажыццявіў маю колішнюю мару і стаў футбалістам.

— У 2014 годзе Мінск рыхтуецца прыняць чэмпіянат свету па хакеі…

— Яго заслужылі ў першую чаргу беларускія балельшчыкі, якія на працягу многіх гадоў падтрымлівалі сваю каманду. Наша ж задача — выступіць на ім як мага лепей.

P.S.: Мне як журналісту не падабаецца, калі калегі часам пытаюцца ў дзяцей пра іх куміраў у музыцы або спорце. Ці не мы, дарослыя, вучым іх не ствараць сабе куміраў і быць не падобнымі ні на каго. Пасля знаём­ства і размовы з Міхаілам я ўсё ж такі адступлю ад свайго меркавання. Але толькі ў тым выпадку, калі дзеці, якія сёння займаюцца ў трэніровачным лагеры Грабоўскага, назавуць сваім кумірам таго, хто, атрымаўшы сусветную вядомасць і дасягнуўшы пэўных вышынь у сваёй справе, застаўся вельмі простым чалавекам, які перажывае за развіццё любімага віду спорту ў сваёй краіне і заўсёды трымае сваё слова.

 

Марына ПЫРКОВА.
pyrkova@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА  і Юліі ЧЭПЫ.