Калядная сустрэча сяброў фонду “Шанс”

- 15:05Сацыяльны ракурс

Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Шанс” сабраў сваіх сяброў у Беларускім дзяржаўным цырку на калядную сустрэчу. Гасцямі вечара сталі маленькія падапечныя фонду і іх сем’і, а таксама дабрачынцы — людзі, чыімі намаганнямі хворыя дзеці атрымліваюць шанс на выздараўленне.

Дзякуючы падтрымцы пастаяннага партнёра фонду ААТ “Белгазпрамбанк”, усе госці вечара апынуліся ў чароўнай каляднай казцы ад артыстаў Беларускага дзяржаўнага цырка. Вельмі кранальным момантам вечара стала выступленне падапечных фонду “Шанс”. Дзеці прачыталі вершы і падзякавалі ўсім добрым людзям за іх дапамогу.

— Гэта быў яшчэ адзін год радасці, смутку, расчараванняў і надзей, — сказала, звяртаючыся да гасцей, дырэктар фонду “Шанс” Наталля Маханько. — І, нарэшце, у нас ёсць рэдкая магчымасць сустрэцца разам, бо для дабрачынцаў так важна бачыць усмешкі на тварах дзяцей, якія з іх дапамогай атрымалі шанс на здаровае жыццё.


Сёлета, дзякуючы дабрачынцам фонду (а гэта больш за 200 юрыдычных асоб і тысячы добрых людзей), дапамогу на агульную суму 2,763 млн рублёў атрымалі 115 дзяцей. За гэтымі лічбамі — дарагія лекавыя прэпараты, аперацыі, расходныя матэрыялы, спецыялізаваныя перавязачныя матэрыялы і сродкі па доглядзе скуры, медыцынскае абсталяванне.

— Дзякуючы “Шансу”, колькасць шчаслівых дзяцей, дарослых, бабуль і дзядуляў павялічваецца. І я бачу, наколькі малым для нас ужо становіцца цырк. Некалькі гадоў назад, калі мы толькі пачыналі, нам хапала першых радоў, а сёння цырк перепоўнены, — заўважыў старшыня папячыцельскага савета фонду старшыня праўлення ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка.

Вельмі важна, што да дабрачыннасці далучаюцца не толькі дарослыя, але і дзеці. Так, на калядную сустрэчу прыйшлі навучэнцы дзіцячага сада — пачатковай школы № 468 Мінска, сярэдняй школы № 138 Мінска, гімназій № 12 і № 14 Мінска, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і іншыя. Многія з іх сталі ўдзельнікамі акцыі “Дзеці замест букетаў” на карысць падапечных фонду “Шанс”. Усё пачалося напрыканцы лета, калі ў фонд звярнуліся бацькі навучэнцаў адной з мінскіх школ і расказалі, што іх дзеці вырашылі падарыць на Дзень ведаў настаўніку адзін агульны букет, а грошы, выдаткаваныя на куплю шматлікіх кветак, перавесці на лячэнне хворых дзяцей. Пасля таго як фонд “Шанс” падзяліўся гэтай ідэяй публічна, да акцыі далучыліся тысячы ўдзельнікаў з Баранавіч, Бабруйска, Барысава, Бараўлян, Віцебска, Валожына, Гомеля, Гродна, Жодзіна, Калодзішчаў, Лебедзева, Кадзіна, Мінска, Маладзечна, Наваполацка, Рэчыцы, Слуцка, Салігорска і мястэчка Чысць. Усяго ў акцыі прынялі ўдзел 118 класаў з 72 устаноў адукацыі. У выніку на дабрачынны рахунак фонду “Шанс” паступіла больш за 34 000 рублёў. Усе ахвяраванні былі накіраваны на аплату лячэння Ромы Куніцкага.

На каляднай сустрэчы, арганізаванай фондам “Шанс”, госці змаглі ўпэўніцца, што дабрыні мала не бывае. Ахвяраванні банка ці буйнога прадпрыемства і ахвяраванні вучня-пачаткоўца аднолькава каштоўныя, бо кожны аддае столькі, колькі можа аддаць. І ўдзячнасць тых, хто здолеў перамагчы цяжкія хваробы і вярнуцца да паўнацэннага жыцця, — бязмежная.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара і прэс-службы ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”.