Калядны настрой, зорная казка

- 11:04Нашы дзеці

У панядзелак у Беларусі стартавала самая кранальная пераднавагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Упершыню вызначаны адзіны дзень пачатку акцыі ва ўсёй краіне — 9 снежня. Навагодні марафон дабра сагрэе цяплом тысячы дзяцей — выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. У Мінску першы навагодні ранішнік сабраў гасцей у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Адначасова тут была адкрыта і XXIII Рэспубліканская выстава­конкурс дэкаратыўна­прыкладной творчасці “Калядная зорка”.

Святочны марафон

Акцыя “Нашы дзеці” штогод прыцягвае ўсё новых і новых удзельнікаў. Пад патранатам кіраўніка дзяржавы са сціплай іскры дабра з 1995 года яна вырасла ў маштабны марафон.

Адкрываючы акцыю, Аляксандр Кадлубай, намеснік міністра адукацыі Беларусі, адзначыў: “Мы даём старт дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, а яе галоўны пасыл — каб без увагі ў Беларусі не засталося ніводнае дзіця, каб гэтая акцыя дайшла ў кожную ўстанову, у кожны дом. Мы ахопліваем тых дзяцей, якія з пэўных прычын засталіся без увагі, магчыма, без падтрымкі дарослых. Таму дзяржава ў гэтыя цудоўныя дні асаблівы акцэнт робіць на гэтыя катэгорыі. Наведваем дамы­інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У гэтым го­дзе мы ўключылі цэнтры карэкцыйна­развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзе займаюцца дзеці з асаблівымі патрэбамі”.

Аляксандр Кадлубай адзначыў, што акцыя  дазваляе ўсім людзям дакрануцца да дзіцячых праблем, дапамагчы дзецям і па­дзяліць з імі радасць чакання цуду і казкі. Па яго словах, летась удзельнікамі дабрачыннай акцыі сталі 230 тысяч дзяцей, а ў гэтым годзе, чакаецца, лічба будзе большай.

Сагрэць дзіцячыя сэрцы, падарыць тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі і асабліва мае патрэбу ў клопаце, ра­дасць і веру ў цуд — традыцыя, якая штогод прываблівае новых удзельнікаў. У гэтым го­дзе падтрымаць яе выказала жаданне ўжо каля 100 арганізацый. Як заўсёды, сярод гасцей дзіцячых дамоў і інтэрнатаў будуць вышэйшыя службовыя асобы, прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў.

Аж да 10 студзеня госці з падарункамі будуць наведваць дзіцячыя дамы, інтэрнатныя ўстановы для дзяцей­сірот і дзяцей з інваліднасцю, апякунскія, прыёмныя сем’і, а таксама мнагадзетныя, няпоўныя і тыя, дзе выхоўваюцца асаблівыя дзеці. Усяго яны плануюць наведаць больш як 130 такіх адрасоў.

Класічнымі падарункамі для дзяцей стануць не толькі прысмакі і сучасная тэхніка, але і спартыўны інвентар, асабліва лыжы — дзеці пасля перамог нашых біятланістаў з задавальненнем выходзяць на лыжню. Працягнецца практыка і персанальных падарункаў, якія дзеці і падлеткі просяць у лістах Дзеду Марозу. Сваімі марамі яны шэптам падзяліліся і падчас свята ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Так, Уладзіслаў Серабракоў, выхаванец сацыяльна­педагагічнага цэнтра Маскоўскага раёна Мінска, вельмі любіць музыку і ў гэтым годзе папрасіў у Дзеда Мароза бесправадныя навушнікі. Артур Голуб, выхаванец гэтай жа ўстановы, — заядлы футбольны балельшчык, аднак з новага года марыць не толькі падтрымліваць сваю любімую каманду, але і пачаць гуляць самому, таму ў падарунак хацеў бы атрымаць футбольную форму і мяч.

На святочным ранішніку юныя госці ўключыліся ў тэатралізаваную праграму, пабылі гледачамі святочнай праграмы, павадзілі карагод з Дзедам Марозам і Снягуркай і атрымалі салодкія падарункі. Ад навучэнцаў установы наведвальнікі свята і выставы атрымалі ёлачныя ўпрыгажэнні, а ад педагогаў — майстар­класы. З іх дапамогай хлопчыкі і дзяўчынкі стварылі для сябе арыгінальныя сувеніры. 

“Калядная зорка” сустракае гасцей

Яшчэ адным прыемным падарункам для гасцей стала наведванне святочнай выставы “Калядная зорка”. Яе падрыхтавалі для ўсіх аматараў зімовай творчасці 400 навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна­прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і іншых устаноў адукацыі краіны ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў. Адбор лепшых работ для выставы праходзіў падчас рэгіянальных этапаў, якія адбыліся ў кожнай абласной установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

Навяваць святочна­зімовы настрой сваімі творамі на наведвальнікаў выставы юным майстрам­рукадзельнікам дапамагалі выцінанка, папера­ і саломапластыка, аплікацыя, мастацкі роспіс, роспіс па тканіне і шкле, кераміка, вышыўка, ткацтва, габелен, валенне з лямцу, разьба па дрэве, лозапляценне і інш. Калядную тэматыку і матывы навагодніх казак прадставілі дзіцячыя сюжэтныя кампазіцыі і арт­аб’екты, інтэр’ерныя лялькі, ёлачныя ўпрыгажэнні, маскарадныя касцюмы, сувеніры, падарункі да Новага года з розных матэрыялаў і, канечне, самі калядныя зоркі. Але галоўнымі ў экспазіцыі былі сімвалы Новага года—2020. Пацешная мышыная сямейка з ільняной аборкі, грызуны з сена, саломкі, тканіны, пап’е­машэ, мышыная тэматыка на вітражах, касцюмы мышы з лямцу і нават ёлка­мыш — фантазія і тэхніка выканання юных мастакоў здзіўлялі і прыводзілі наведвальнікаў у захапленне.

17­гадовы Андрэй Ціханчук, выхаванец дапаможнай школы­інтэрната № 11 Мінска, не мог адысці ад выставачнай экспазіцыі, углядаўся ў вочы снегавікам, запамінаў узоры на сняжынках і збіраў ідэі стварэння ёлачных цацак, бо сам любіць у зімовыя вечары знайсці час і натхненне для творчасці і стварыць прыгожыя рэчы для сваіх сяброў і выхавальнікаў.

Не менш захаплення было і ў членаў журы. Так, Людміла Церах, дацэнт па спецыяльнасці “Мастацтва”, член Беларускага саюза дызайнераў, чарговы раз абыходзячы выставу, гаворыць: “Гледзячы на такія работы, я даўно перафразавала вядомы выраз і пераканана, што толькі дзеці выратуюць свет — сваім поглядам, аптымізмам і пазітывам. Калі ў дарослых гэты пазітыў бывае штучным, то ў дзяцей ён шчыры. Галоўнае — адпусціць іх і не заціскаць у нейкія рамкі. Кожны год я ў ліку журы, і мне прыемна назіраць, што з кожным разам павышаецца стылістычны ўзровень выканання работ фіналістаў. Мне падабаецца, што работы лёгкія, немудрагелістыя, неманументальныя. Такую работу можна стварыць хутка, і не шкада падарыць сябру”, — падкрэсліла яна.

Мяркуючы па групках дзяцей, якія збіраліся вакол розных работ, відаць, што ў большасці сваёй іх меркаванне супадала з ацэнкай журы. Так, сярод калядных зорак — сімвалаў выставы — самай адметнай аказалася зорка 12­гадовага Ільі Пешкура, выкананая ў тэхніцы інкрустацыі саломкай з гімназіі № 6 Маладзечна (педагог Т.П.Пахрамчук). Уразілі сваёй разнастайнасцю ў тэхнічным плане і ёлачныя цацкі — вышытыя, вязаныя, валеныя з лямцу, з бяросты, саломкі і іншых матэрыялаў. Асабліва папулярныя сталі рэтрацацкі з ваты. Здзівілі майстэрствам і навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Тэкстыльная лялька” Вуцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, якія стварылі лялек у тэхніцы пап’е­машэ з ваты.

Не адпускаў ад сябе гледачоў і аркестр снегавікоў “Зімовая мелодыя” навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Краіна творчасці” (кіраўнік В.В.Губарава) з сярэдняй школы № 72 Гомеля. Традыцыйна дзіцячая фантазія не магла спыніцца на ёлках — настолькі рознымі яны былі. Самая незвычайная была ў Васіліны Варашкевіч і Вікторыі Рудзяк, навучэнак аб’яднання па інтарэсах “Іголка­чараўніца” сярэдняй школы № 10 Салігорска (педагог А.Л.Слебава). Марозна­хрусткія галіны­ўзоры для сваёй ёлкі яны зрабілі… з нітак і клею. Але каралевай залы была драўляная ёлка  з імбірнымі пернікамі замест цацак, бо менавіта іх востра­салодкі водар ахутаў усё вакол. Яе аўтарам стаў 8­гадовы Ягор Елавы з магілёўскай гарадской гімназіі № 1 (педагогі С.С.Кірыенка і Т.Р.Уркель).

Традыцыйна на гэтай выставе прадстаўляецца больш як дзясятак калядных кампазіцый. Гэты год не выключэнне. І адна з самых яркіх і дасканалых — работа Дар’і Цвірко і Вікторыі Гудковай з аб’яднання па інтарэсах “Кераміка” (педагог Н.А.Мураўлёва) Палаца дзяцей і моладзі “Арыён” Мінска.

Шмат годных работ было і сярод пано, але ўсё ж выгадна сярод іх вылучылася работа “Пакуль усе спяць”, валеная з лямцу, Вікторыі і Кацярыны Валынец, навучэнак аб’яднання па інтарэсах “Чароўны куфэрак” (педагог М.І.Кавальчук) Гродзенскага ДАПТДіМ. Хоць і складана ў лямцы паказ­ваць дэталі, гэтая работа стала выключэннем: кожны ліхтарык, кожная гронка рабіны перад вокнамі і нават усмешкі снегавікоў у двары — усё зроблена ідэальна.

Парадавала ў гэтым годзе і намінацыя “Навагодні касцюм”. Асабліва ўдалымі атрымаліся касцюмы “Дзень” і “Ноч” Русланы Ключановіч і Паліны Чэкун з мастацкага аб’яднання “Скарбніца” (педагог М.У.Кісель) з Клецкага цэнтра дзіцячай творчасці. Іх фішкай стаў арыгінальны роспіс на сукенках.

Набірае папулярнасць намінацыя “Чароўныя карцінкі”, у якой было прадстаўлена каля 20 мультыплікацыйных работ з усёй краіны. На экране разгортваліся гісторыі з саламянымі, тканымі, пластылінавымі і нават пясочнымі героямі.

Не губляе сваёй актуальнасці і кераміка. Сюжэтамі становяцца звяркі, казачныя персанажы. Адна з удзельніц праекта — вучаніца 5 класа гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска Аліса Марозава, навучэнка НЦМТДіМ — гаворыць: “Мая работа называецца “Танец”. Гэта мае лепшыя ­ўспаміны з навагодніх маскарадаў у дзіцячым садку. Коцікі і зайчыкі былі і застаюцца самымі папулярнымі касцюмамі ў малышоў, і менавіта іх на дзецях я пастаралася ўвасобіць у гліне”, — расказала дзяўчынка. Хоць Аліса ўжо і вырашыла, што ў будучыні абавязкова стане керамістам, усё ж сваёй майстэрняй яна не абмяжоўваецца і спрабуе сябе ў іншых кірунках. Напрыклад, пасля свят працягне свае эксперыменты на мальберце, бо чакае, што ў падарунак на Новы год атрымае акварэльныя мастацкія фарбы.

Акунуцца ў казачны свет і адчуць каляднае цяпло ад выставачных работ можна бу­дзе да 25 студзеня 2020 года. Самыя цікавыя, яркія і змястоўныя работы з “Каляднай зоркі” будуць прадстаўлены ў Палацы Рэспуб­лікі падчас дабрачыннага навагодняга свята для дзяцей.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара, Алега ІГНАТОВІЧА і БелТА.