Кандыдатамі ў дэпутаты ў Беларусі вылучана 630 чалавек. Аб гэтым паведамілі на пасяджэнні ЦВК.
Больш за ўсё жадаючых заняць дэпутацкую пасаду ў Мінску — 131 чалавек. Па абласцях колькасць вылучэнцаў вагаецца ад 79 да 89 чалавек.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, адказваючы пасля пасяджэння на пытанні журналістаў, адзначыла, што лічба 630 чалавек яе ўзрадавала, таму што колькасць патэнцыяльных кандыдатаў на 130 больш, чым чатыры гады назад. “Вядома, яна не ўтрымаецца. І да варажбіткі не хадзі, што хтосьці адпадзе, але гэта ў любым выпадку дае конкурс, выбар для выбаршчыка”, — сказала яна.
Лідзія Ярмошына адчувае аптымізм наконт таго, што выбарчая кампанія будзе больш жывой, а значыць і яўка выбаршчыкаў будзе высокая.
Усяго ў выбаркамы паступіла 765 камплектаў дакументаў. Сярод патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты — 145 жанчын, або 23% ад агульнай колькасці вылучэнцаў, 28 чалавек (4,4%) з’яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання. Каменціруючы апошнюю лічбу, Лідзія Ярмошына адзначыла, што ў працэнтных адносінах яна супадае з тым, што было на парламенцкіх выбарах 2012 года.
Старшыня Цэнтрвыбаркама расказала, што сярод вылучэнцаў шмат тых, хто скарыстаўся двума ці нават трыма спосабамі (шляхам збору подпісаў, ад працоўнага калектыву, ад партыі). Такіх 111 чалавек, або 17,6% ад агульнай колькасці вылучэнцаў, і 12 чалавек (1,9%) адпаведна. Адным спосабам вылучаліся 507 чалавек, або 80,5% прэтэндэнтаў на месца ў парламенце.
Згодна з данымі ЦВК, сярод партый у ходзе вылучэння найбольшую актыўнасць праявілі Ліберальна-дэмакратычная партыя — на яе рахунку 90 чалавек (14,3% ад усіх вылучэнцаў), Аб’яднаная грамадзянская партыя — 67 прэтэндэнтаў (10,6%), Партыя БНФ — 60 чалавек (9,5%).