Кампетэнцыі будучыні — падмурак прагрэсу

- 11:26Якасць адукацыі

Традыцыйная жнівеньская сустрэча педагагічнай грамадскасці Мінскай вобласці адбылася ў Дзяржынску. Тэма канферэнцыі — “Кампетэнцыі будучыні для эфектыўнага развіцця Міншчыны”. Удзел у мерапрыемстве ўзялі кіраўнік вобласці А.М.Ісачанка і намеснік міністра адукацыі С.В.Руды.

Мерапрыемствы ў рамках канферэнцыі праходзілі на працягу трох дзён. Спачатку для кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі ладзіліся семінары, на якіх удзельнікі азнаёміліся з нарматыўна-прававым і навукова-метадычным забеспячэннем адукацыйнага працэсу ў 2019/2020 навучальным годзе, асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах, вызначылі актуальныя напрамкі педагагічнай дзейнасці. Прайшлі семінары ў вочнай і дыстанцыйнай форме.

Асноўныя падзеі разгарнуліся ў Дзяржынску. Паўдзельнічаць у мерапрыемстве змаглі не толькі тыя, хто прыехаў у райцэнтр. Упершыню вялася інтэрнэт-трансляцыя ўрачыстай цырымоніі, якую ўбачылі спецыялісты ў кожным раёне вобласці. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, удзел у канферэнцыі ўзялі каля 3 тысяч чалавек.

Гасцей Дзяржынска сустракалі тэматычныя пляцоўкі. Кожная з іх расказвала аб дасягненнях сістэмы адукацыі вобласці. Так, пляцоўка, падрыхтаваная ўстановамі прафесійнай адукацыі, адлюстроўвала цеснае ўзаемадзеянне ліцэяў і каледжаў з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Дарэчы, прадстаўнікі гэтых прадпрыемстваў таксама бралі ўдзел у прэзентацыі на пляцоўках.

Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі не страчвае актуальнасці. Асабліва актыўна на Міншчыне апошнім часам развіваецца ўсходні вектар узаемадзеяння, таму на тэматычных пляцоўках можна было ўбачыць майстар-класы па напісанні кітайскіх іерогліфаў і выкананні музычных твораў на традыцыйных кітайскіх інструментах, вырабе сумі-э і складанні арыгамі.

Пранікненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс і ўдасканаленне ІТ-адукацыі — яшчэ адна адметная рыса сучаснасці. Удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з вопытам работы лабараторый робататэхнікі, лабараторыі дапоўненай рэальнасці, STEM-парка, якія дзейнічаюць у розных раёнах вобласці. Убачылі ўнікальныя інтэрактыўныя адукацыйныя праекты, электронныя адукацыйныя рэсурсы, віртуальныя метадычныя кабінеты.

Прадоўжыла канферэнцыю пленарнае пасяджэнне. Педагогаў Міншчыны ад імя Міністэрства адукацыі вітаў намеснік міністра адукацыі Сяргей Валянцінавіч Руды. У сваім дакладзе начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Т.В.Апраніч прааналізавала работу сістэмы адукацыі на розных узроўнях і вызначыла стратэгічныя арыенціры дзейнасці. У сферы дашкольнай адукацыі адзначаецца стабільны рост колькасці выхаванцаў, выконваюцца сацыяльныя стандарты, асноўныя паказчыкі дзяржаўнай праграмы, павялічаны паказчык забеспячэння ўстаноў сродкамі навучання. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі сталічнага рэгіёна да новага навучальнага года створана больш за 400 дадатковых месцаў. Для далейшага руху наперад неабходна працаваць над аднаўленнем зместу адукацыі, ствараць ва ўстановах экалагічныя, мастацкія, пазнавальныя, фізкультурна-аздараўленчыя, інфармацыйныя цэнтры. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена навучанню дзяцей плаванню. З 2020 года будзе рэалізаваны абласны пяцігадовы план мерапрыемстваў па рамонце басейнаў. Рэалізацыі пастаўленых задач будзе садзейнічаць абласны праект “Тэрыторыя дзіцячага развіцця: старт у будучыню”, Абласны фестываль “Дзіўны свет дзяцінства”.

Сфарміраваная мадэль профільнага навучання дазволіла сістэме агульнай сярэдняй адукацыі перайсці на новы ўзровень развіцця. Галоўныя дасягненні апошняга часу — павялічылася доля выпускнікоў, якія атрымалі на экзаменах адзнакі высокага і дастатковага ўзроўню; вырас сярэдні бал удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання. Сістэмная работа дазволіла камандзе вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах падняцца з сёмага на трэцяе месца. Адзначана станоўчая дынаміка ў развіцці інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры. Найважнейшая задача сістэмы адукацыі вобласці на найбліжэйшы час — прасоўванне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, удасканаленне ІТ-адукацыі, развіццё бяспечнага лічбавага асяроддзя.

Сістэмай прафесійнай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка рабочых кадраў і спецыялістаў для ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы. У адпаведнасці з запытам прадпрыемстваў карэкціруецца структура і аб’ёмы падрыхтоўкі. У 2019 годзе ўпершыню адбыўся прыём па 4 кваліфікацыях, адноўлены прыём па 24 спецыяльнасцях. Падрыхтоўка навучэнцаў адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням і адукацыйным стандартам. Перад кіраўнікамі ўстаноў адукацыі пастаўлена задача сумесна з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, структурнымі падраздзяленнямі рай(гар)выканкамаў правесці дэталёвы аналіз кадравых патрэб, арганізаваць своечасовую падрыхтоўку спецыялістаў. Павышэнне якасці адукацыі, максімальнае набліжэнне да вытворчасці — прыярытэтная задача сістэмы прафесійнай адукацыі.

Таццяна Валянцінаўна Апраніч падкрэсліла, што агульная задача для ўсіх педагогаў вобласці — спрыяць якасным зменам у адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.

Вопыт апошніх гадоў сведчыць, што сістэма адукацыі Міншчыны здольна вырашаць складаныя, шматпланавыя задачы. Такое меркаванне выказаў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Міхайлавіч Ісачанка.

— Калі ёсць такія падзвіжнікі, як вы, невырашальных задач не бывае, — адзначыў кіраўнік вобласці, звяртаючыся да педагогаў. — Наш настаўніцкі корпус — гэта тая частка грамадства, якая вызначае будучыню краіны. Бо вы несяце людзям веды, выхоўваеце ў новага пакалення пачуццё дабрыні, справядлівасці, любові да радзімы. Няхай ваша стваральная сіла і далей слу­жыць на карысць дзяржавы.

Адбылася цырымонія ўшанавання ветэранаў педагагічнай працы і маладых спецыялістаў, якія пачынаюць працаваць у цэнтральным рэгіёне. Лепшыя педагогі Міншчыны атрымалі ўзнагароды Міністэрства адукацыі і Мінаблвыканкама.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.