Больш за 100 тысяч мігрантаў і бежанцаў прыбылі ў бягучым годзе ў Еўропу праз Міжземнае мора, паведамляе Цэнтр навін ААН.
Паводле даных Міжнароднай арганізацыі міграцыі (МАМ), да 22 лютага толькі ў Грэцыю з пачатку года праз Міжземнае мора дабраліся 102 тысячы 547 чалавек. Дарэчы, у 2015 годзе колькасць новых мігрантаў перасягнула 100-тысячны рубеж у ліпені.
У 2016 годзе ў Міжземным моры на шляху ў Еўропу загінулі 413 мігрантаў і бежанцаў. Найбольш смяротным застаецца маршрут ва ўсходнім Міжземнамор’і паміж Турцыяй і Грэцыяй.
У лютым да грэчаскіх астравоў дабраліся амаль 42,9 тысячы мігрантаў. Сярод іх у асноўным сірыйцы, афганцы, іракцы, іранцы і пакістанцы. Ёсць таксама мігранты з Марока, Бангладэш і Самалі.
У адпаведнасці з нядаўна праведзеным апытаннем, 94 працэнты сірыйцаў і 71 працэнт афганцаў, якія прыбылі ў Грэцыю ў студзені, заявілі, што былі вымушаны пакінуць радзіму з-за канфлікту і насілля.