Кантэнт-аналіз для актыўнага пазнання: прыклад урока гісторыі

- 13:50Образование, Портфолио, Приложение

Перад сучаснай школай стаяць задачы ўключэння ўсіх навучэнцаў у вучэбна­-пазнавальную дзейнасць, развіцця навыкаў прымянення разумовых аперацый пры вырашэнні праблемных сітуацый, а таксама навыкаў работы з рознымі крыніцамі інфармацыі.

Галоўным чынам размова ідзе пра ўніверсальныя вучэбныя дзеянні — пазнавальныя стратэгіі, неабходныя для пошуку, атрымання і фіксавання, асэнсавання і разумення, запамінання і захоўвання, трансфармацыі і прымянення, стварэння і распаўсюджвання ведаў. Відавочна, што атрыманыя ў выніку механічнага завучвання веды з’яўляюцца малаўжывальнымі на практыцы, не садзейнічаюць развіццю кагнітыўных здольнасцей. У сувязі з гэтым мэтазгодным з’яўляецца прымяненне кагнітыўнай візуалізацыі.

Кагнітыўная візуалізацыя адрозніваецца ад уласна візуалізацыі, ці ілюстрацыйнага метаду. Яна накіравана не столькі на ілюстраванне матэрыялу, колькі на развіццё пазнавальных здольнасцей, крытычнага мыслення, даследчых навыкаў навучэнцаў. Эфектыўным у гэтым плане, на мой погляд, з’яўляецца метад кантэнт-аналізу. Кантэнт-аналіз прадугледжвае якасна-колькасны аналіз зместу дакументаў з мэтай выяўлення ці вымярэння розных фактаў і тэндэнцый, адлюстраваных у іх, і звычайна прымяняецца пры рабоце з тэкстамі. У працэсе навучання гісторыі і грамадазнаўству можа быць іншае прымяненне кантэнт-аналізу — у выпадку выкарыстання рэпрадукцый у якасці візуальнай крыніцы інфармацыі (на ўроках вывучэння новага матэрыялу, абагульнення і сістэматызацыі ведаў, праверкі і карэкцыі ведаў, інтэграваных уроках).

Разгледзім прымяненне кантэнт-аналізу на прыкла­дзе вывучэння тэмы “Пачатак масавай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (гісторыя Беларусі, 9 клас). Навучэнцам прапануецца самастойна правесці даследаванне, ацаніць гістарычныя падзеі, зрабіць высновы.

Вучэбны дапаможнік прапануе азнаёміцца з карцінай Міхаіла Савіцкага “Віцебскія вароты”. Так называўся калідор (разрыў паміж флангамі германскага фронту) шырынёй каля 40 км, які адыграў важную ролю ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі. З мэтай развіцця ў школьнікаў аналітычных навыкаў і сістэматызаваных прадметных ведаў на ўроку арганізуецца групавая даследчая работа па правядзенні кантэнт-аналізу некалькіх карцін мастака з серыі “Абпаленыя агнём вайны”, прысвечаных партызанскаму руху. Навучэнцам неабходна адказаць на наступныя праблемныя пытанні падчас работы з карцінамі (вучэбны дапаможнік пры гэтым не выкарыстоўваецца):

  1. Якія асаблівасці меў партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі?
  2. Хто складаў ядро партызанскага руху і падпольнай барацьбы?
  3. Што было залогам перамогі народа?

Для кантэнт-аналізу настаўнік самастойна ці разам з навучэнцамі адбірае карціны, напрыклад:

Кожная група выконвае асобнае заданне і запаўняе фрагмент табліцы.

Заданні для груп

“Пункт уваходу” (група 1). Вызначыце галоўныя вобразы карцін, занясіце іх у калонку “Адзінкі аналізу” і падлічыце колькасць паўтарэнняў.

“Эмоцыі” (група 2). Вызначыце, якія асноўныя эмоцыі адлюстраваны на карцінах. Занясіце даныя ў калонку “Адзінкі аналізу”, падлічыце колькасць паўтарэнняў.

Настаўнік тлумачыць, што эмоцыя — гэта не толькі рэакцыя на падзеі, а своеасаблівая ўнутраная мова герояў. Навучэнцы могуць выкарыстоўваць кола эмоцый Роберта Плутчыка, з якім яны пазнаёміліся на ўроках грамадазнаўства. Для аблягчэння вызначэння эмоцый можна прапанаваць дзецям наступныя пытанні:

  1. Якая падзея адлюстравана на карціне (што адбываецца)?
  2. Што адчуваюць героі?
  3. Што яны хочуць зрабіць?
  4. Як называецца гэтае перажыванне?

“Сэнсавы цэнтр карціны” (група 3). Выявіце элементы кампазіцыі карцін, занясіце інфармацыю ў калонку “Адзінкі аналізу”, падлічыце коль­касць паўтарэнняў. На ўроках па прадмеце “Мастацтва (Айчынная і сусветная мастацкая культура)” у навучэнцаў былі сфарміраваны пэўныя ўменні і навыкі ўспрымання і ацэнкі мастацкіх твораў. У гэтым выпадку дзецям прапануецца папрацаваць з простымі кампазіцыйнымі схемамі карцін. Настаўнік можа нага­даць, што ў карцінах усе элементы кампазіцыі звычайна заключаны ў геаметрычныя формы (трохвугольнік, авал, круг, квад­рат, прамавугольнік), пры гэтым кожны элемент нясе пэўную сэнсавую нагрузку, напрыклад: круг — сімвал адзінства, квад­рат — сімвал роднай зямлі, трохвугольнік — сімвал жыцця.

“Колеры на карцінах” (група 4). Выявіце асноўныя колеры, выкарыстаныя мастаком, вызначыце іх сэнсавую нагрузку.

Кожны колер мае сваё значэнне, і, ведаючы гэтыя значэнні, можна навучыцца разу­мець жывапіс. Для павышэння эфектыўнасці работы можна даць дзецям падказку ў выгля­дзе табліцы “Значэнне колеру ў жывапісе”.

“Сімвалы” (група 5). Запішыце сімвалы і іх значэнне ў калонку “Адзінкі аналізу” і падлічыце колькасць паўтарэнняў.

Настаўнік можа нагадаць навучэнцам, што сімвал — універсальная катэгорыя ў культуры, якая раскрываецца праз супастаўленне прадметнага вобраза і глыбіннага сэнсу. Гэта прадмет, дзеянне і г.д., што служыць умоўным абазначэннем якога-­небудзь вобраза, паняцця, ідэі. Сімваламі могуць быць расліны, жывёлы, прадметы, літары, лікі. Сімвалічнымі могуць быць складкі адзення, поза і г.д. Зага­дзя настаўнік можа азнаёміцца з работамі В.Л.Смірнова “Аб сімвалах у мастацтве”, С.С.Аверынцава “Сімвал”, Р.Тарана “Вобраз і знак” і вызначыць асноўныя сімвалы карцін, іх значэнне, каб пры цяжкасцях дапамагчы навучэнцам у прачытанні сімвалаў і выбраць адзінкі для аналізу.

Пасля заканчэння работы кожная група прадстаўляе свае вынікі, фармулюе высновы, выказ­вае і абгрунтоўвае сваё стаў­ленне да матэрыялу, які вывучаецца. Па меры выступлення груп запаўняецца табліца. Катэгорыі аналізу могуць быць і іншымі ў залежнасці ад тэмы ўрока і асноўнай мэты.

Серыя “Абпаленыя агнём вайны” (па спасылцы).

З дапамогай кантэнт-аналізу з вялікай колькасці крыніц (карцін) можна атрымаць інфармацыю аб Вялікай Айчыннай вайне, аб партызанскім руху. Так, навучэнцамі былі зроблены наступныя высновы, якія дазволілі даць адказы на пастаўленыя ў пачатку ўрока пытанні: барацьбу з захопнікамі вялі не толькі мужчыны прызыўнога ўзросту, але і жанчыны, старыя, дзеці, падлеткі; вайна прынесла народу гора, смутак, страх, якія выліліся ў гнеў, нянавісць і пагарду да ворага; любоў, цвёр­дасць духу і вера сталі залогам перамогі над фашызмам; абараніць сваю родную зямлю і жыццё можна толькі ў яднанні.

Для вобразнага ўяўлення тэмы можна прапанаваць навучэнцам стварыць сімвалічную карціну масавай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў — своеасаблівы вобраз-думку.

Групавая работа

Заданні для навучэнцаў з выкарыстаннем метаду кантэнт-­аналізу.

Група 1. Тэма “Беларусь у перыяд Айчыннай вайны 1812 г.” (гісторыя Беларусі, 8 клас) 

Група 2. Тэма “Мараль” (грамадазнаўства, 10 клас) 

Прымяненне кантэнт-аналізу дазваляе навучэнцам авало­даць агульнавучэбнымі і спецыяльнымі вучэбнымі навыкамі, што ў сваю чаргу садзейнічае паслядоўнаму і асэнсаванаму вывучэнню вучэбнага матэрыялу. Можна сцвярджаць з вопыту работы, што даследчая атмасфера ўрокаў з прымяненнем кантэнт-аналізу садзейнічае ўцягванню навучэнцаў у актыўны пазнавальны працэс. Мяняецца роля настаўніка. Ён кансультант, памочнік, назіральнік, крыніца інфармацыі, каардынатар. Настаўнік становіцца арганізатарам самастойнага вучэбнага пазнання навучэнцаў.

Ала РЭЧЫЦ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства,

настаўнік-метадыст
сярэдняй школы № 7 Мазыра