Канцэнтрацыя матывацыі

- 16:11Адукацыйная прастора, Рознае

Арганізацыя профільнага навучання для педагагічнага калектыву нашай школы не з’яўляецца новаўвядзеннем: педагогі маюць вопыт выкладання вучэбных прадметаў на павышаным і паглыбленым узроўнях.

Са з’яўленнем магчымасці арганізаваць вывучэнне некаторых вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў нашай школе было арганізавана навучанне ў класах філалагічнага і хіміка-біялагічнага напрамкаў. Для стварэння неабходных умоў адміністрацыяй школы быў зроблены аналіз кадравага рэсурсу, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння арганізацыі адукацыйнага працэсу з вывучэннем некаторых прадметаў на павышаным узроўні. Найбольш важным этапам стаў аналіз запытаў і магчымасці дзяцей вучыцца на павышаным узроўні па выбраных прадметах. З гэтай мэтай былі праведзены сходы навучэнцаў 9-х класаў і іх бацькоў, на якіх удзельнікі адукацыйнага працэсу былі інфармаваны аб аказаных паслугах, праведзена анкетаванне навучэнцаў.

Пры фарміраванні груп філалагічнай і хіміка-біялагічнай накіраванасці ўлічваліся не толькі ўзровень паспяховасці па выбраных прадметах, але і ўдзел у алімпіядным руху, творчых і інтэлектуальных конкурсах, арыентацыя навучэнцаў на пэўныя прафесіі. У выніку два гады запар фарміраваліся 10-я класы па 2-й мадэлі (аб’яднанне ў класе груп двух напрамкаў).

У рамках унутранага кантролю вывучалася пытанне аб эфектыўнасці арганізацыі вывучэння некаторых прадметаў на павышаным узроўні ў групах філалагічнага і хіміка-біялагічнага напрамкаў. Праведзеныя эмпірычныя даследаванні сярод навучэнцаў дазволілі зрабіць выснову пра сфарміраванасць вучэбнай матывацыі, зацікаўленасць у выніках вучэбнай дзейнасці.

18 з 21 апытанага былі нацэлены на паступленне ва УВА, 3 — у ССНУ; 100% навучэнцаў задавольваў класны калектыў, для ўсіх галоўным з’яўляюцца веды, а не адзнака; 75% навучэнцаў лічылі, што ў іх ёсць магчымасць павысіць свой узровень паспяховасці, вучні адзначылі, што ўсе прадметы выкладаюцца на добрым узроўні; 100% апытаных адзначылі, што іх бацькі перажываюць за паспяховасць дзяцей. Разам з тым была выяўлена праблема: 47% навучэнцаў адзначылі, што іх самаацэнка часам разыходзіцца з ацэнкай настаўніка. У сувязі з гэтым настаўнікам было ўказана на неабходнасць каментаванага ацэньвання, правядзення аналізу і самааналізу вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў.

Штогадовы аналіз паспяховасці навучэнцаў груп філалагічнага і хіміка-біялагічнага напрамкаў дэманструе станоўчую дынаміку сярэдняга бала па чвэрцях, стабільны паказчык працэнта якасці (100%). З 21 выпускніка 2014/2015 навучальнага года, які вывучаў некаторыя прадметы на павышаным узроўні, 18 (86%) паступілі ва УВА, 3 (14%) — у ССНУ. 100% навучэнцаў, якія вывучалі хімію і біялогію на павышаным узроўні, паступілі на спецыяльнасці хіміка-біялагічнага профілю.

Па выніках рэйтынга паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў 2015 годзе наша школа заняла 2-е месца сярод школ гарадоў Гродзенскай вобласці і атрымала ганаровае званне “школа-партнёр”. Такім чынам, можна гаварыць пра эфектыўнасць створаных умоў для прафілізацыі навучання.

Што спрыяла выніковасці навучання па профільных напрамках?

Па-першае, зацікаўленасць удзельнікаў адукацыйнага працэсу — настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Па-другое, дзейсны працэс дыферэнцыяцыі, што ажыццяўляецца ў арганізацыі адукацыйнага працэсу на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, які выяўляецца ў развіцці пазнавальных інтарэсаў на ўроках, факультатыўных занятках, у пазакласнай дзейнасці па прадмеце (так званая перадпрофільная падрыхтоўка). Па-трэцяе, наяўнасць высокакваліфікаваных педагагічных кадраў, якія выказалі зацікаўленасць і гатоўнасць працаваць у класах профільнай накіраванасці. Па-чацвёртае, навучэнцы гэтых класаў на працягу 2012—2014 гадоў з’яўляліся ўдзельнікамі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі арганізацыйна-педагагічнага суправаджэння самарэалізацыі асобаснага патэнцыялу навучэнцаў”, што спрыяла фарміраванню матывацыі і вопыту самапазнання і творчай самарэалізацыі.

Якія цяжкасці ўзніклі ў працэсе арганізацыі адукацыйнага працэсу з вывучэннем некаторых вучэбных прадметаў на павышаным узроўні?

Па-першае, складана ўлічыць індывідуальныя патрэбы кожнага навучэнца, таму што група фарміруецца пры наяўнасці не менш за 5 чалавек. Вырашэнне: патрабуецца індывідуальная работа з навучэнцамі і бацькамі, пошук кампраміснага рашэння.

Па-другое, цяжкасці ўзнікаюць пры складанні вучэбнага плана, таму што для навучання на павышаным узроўні выкарыстоўваюцца гадзіны, выдзеленыя на арганізацыю факультатыўных заняткаў. Вырашэнне: арганізацыя навучання ў групах па 2-й мадэлі, пры рэалізацыі якой навучэнцы ў складзе класа вывучаюць змест вучэбных прадметаў на базавым узроўні, у складзе групы — вучэбныя прадметы, выбраныя для вывучэння на павышаным узроўні.

Па-трэцяе, узніклі цяжкасці пры складанні раскладу заняткаў, таму што нагрузка на навучэнцаў павялічылася да 31 вучэбнай гадзіны на тыдзень. У складзе філалагічнай групы сярод навучэнцаў, якія вывучалі замежную мову на павышаным узроўні, 13 вывучалі англійскую мову і 1 — нямецкую, што патрабавала адначасовага правядзення ўрокаў замежнай мовы ў 5 групах, каб гэты навучэнец вывучаў нямецкую мову ў складзе нямецкай групы ў паралельным класе ў аб’ёме 3 гадзін, а 2 гадзіны выдзелены на індывідуальнае навучанне (у іншых школах горада нямецкая мова на павышаным узроўні не вывучалася).

Па-чацвёртае, патрабуе ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічная база. Вырашэнне: абсталяваны 2 апорныя кабінеты англійскай і нямецкай мовы персанальнымі камп’ютарамі, якія забяспечваюць рабочыя месцы настаўніка і навучэнцаў, набыта інтэрактыўная дошка ў кабінет хіміі, арганізавана павышэнне кваліфікацыі настаўніка на гасразліковых курсах у АПА па выкарыстанні інтэрактыўнай дошкі на ўроках хіміі.

Нарэшце, класы профільнага напрамку аб’ядноўваюць дзяцей, якія маюць больш высокую матывацыю да навучання, фарміруецца новы класны калектыў, у якім можа ўзнікнуць канкурэнцыя паміж вучнямі, не заўсёды гэта ідзе на карысць у навучанні. Варта адзначыць ролю класнага кіраўніка, які павінен быць станоўчым дарослым лідарам у класным калектыве, мець высокі аўтарытэт сярод навучэнцаў і бацькоў, разам з педагогам-псіхолагам ажыццяўляць псіхолага-педагагічную падтрымку вучняў.

Як вядома, з мэтай забеспячэння даступнасці і якасці паслуг адукацыі навучэнцаў 10—11 класаў у 2015/2016 навучальным годзе прадастаўлена магчымасць профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Ёй скарысталіся 18 навучэнцаў нашай школы, якія выбралі вывучэнне на павышаным узроўні вучэбных прадметаў “Руская мова”, “Гісторыя Беларусі”. 14 з 18 навучэнцаў 10 “А” класа праявілі цікавасць да педагагічнай спецыяльнасці, што дазволіла з 1 кастрычніка 2015 года адкрыць педагагічны клас. Пры рэалізацыі профільнага навучання ў бягучым годзе рэалізавана мадэль 1 — аб’яднанне ў адным класе навучэнцаў, якія вывучаюць на павышаным узроўні аднолькавыя прадметы.

Навучанне ў педкласе спалучае вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні і асваенне зместу факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Безумоўна, вырашальную ролю ў выбары навучэнцаў і іх бацькоў адыгралі змены ў Правілах прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, згодна з якімі навучэнцы педкласа, якія маюць пасля заканчэння навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі адзнакі не ніжэй за 7 балаў, могуць паступіць у педагагічныя УВА без уступных іспытаў.

Немалаважна і тое, што большасць навучэнцаў педагагічнага класа ў мінулым навучальным годзе наведвалі факультатыў “Прафесія — педагог”. Школа працягвае працаваць у гэтым напрамку: у гэтым годзе арганізавана работа факультатыву “Прафесія маёй мары” для навучэнцаў 8—9 класаў, “Прафесія — педагог” для навучэнцаў 9-х класаў.

У заключэнне хачу сказаць, што профільнае навучанне дае ўстанове адукацыі магчымасць стварэння мэтазгоднай для гэтай школы адукацыйнай мадэлі, рэалізацыі прынцыпаў дыферэнцыраванага навучання. Варта дадаць, што кожная ўстанова даражыць сваімі дасягненнямі, ганарыцца сваімі выпускнікамі і ва ўмовах здаровай канкурэнцыі паміж школамі горада і раёна імкнецца захаваць кантынгент навучэнцаў, аказваючы ім адпаведныя адукацыйныя паслугі.

Ірына ПАДСТАЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Шчучына Гродзенскай вобласці.