“Кароткае замыканне”: ці могуць дзеці выхаваць бацькоў?

- 10:45Сацыяльны ракурс

Няма больш адвечнай і дагэтуль не вырашанай праблемы, чым праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей. І хваляваць яна будзе яшчэ не адно пакаленне. Менавіта з сям’і пачынаецца станаўленне дзіцяці як асобы. І толькі ад бацькоў залежыць, наколькі гарманічным і псіхалагічна ўраўнаважаным вырасце дзіця.

Як пазбегнуць крытычных момантаў ва ўзаемаадносінах паміж дарослымі і дзецьмі, не давесці дзяцей да псіхатычных расстройстваў і спроб суіцыду, расказаў урач-псіхатэрапеўт гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера Мінска Міхаіл Варфаламеевіч БУЗЯНКОЎ.

— Сям’я — гэта аснова ўсяго. Любы чалавек, калі яму дрэнна, павінен ведаць: яму ёсць на што абаперціся. Увогуле, сям’я — гэта той кампанент, прызначэнне якога — дапамагаць. Калі чалавек адчувае сябе камфортна сам па сабе, гэта вельмі добра. Але часам у жыцці назіраецца дыскамфорт. У такім выпадку чалавек павінен валодаць навыкамі самападтрымкі (дапамагчы самому сабе, даць устаноўку, што ўсё будзе добра і што любыя складанасці — гэта з’ява часовая), каб справіцца з праблемамі, што ўзніклі. Калі самастойна справіцца з імі не атрымліваецца, кожнаму з нас важна адчуваць падтрымку. Зараз я маю на ўвазе дзяцей і падлеткаў, таму што яны не ўмеюць у поўнай меры карыстацца самападтрымкай. Менавіта таму ім неабходна падтрымка сям’і, а таксама сяброў, настаўнікаў. І калі сям’я не здольна даць такой дапамогі (а гэта можа быць у тым выпадку, калі ў саміх бацькоў назіраецца эмацыянальная неадэкватнасць ці бацькі злоўжываюць алкаголем і да дзіцяці ім няма ніякай справы), існуе вялікая рызыка з’яўлення ў дзіцяці псіхатычных расстройстваў, а таксама расстройстваў паводзін.

Частай прычынай расстройстваў паводзін з’яўляецца тое, што дзіця або не заўважаюць — і яно жыве дома, як кватарант, або, наадварот, ставяць яму высокую планку. Такая сям’я не можа аказаць падтрымкі. А гэта значыць, што іх дзіця рана ці позна пачне адчуваць адзіноту, як вынік — будзе капацца ў сабе, шукаючы выйсце з сітуацыі.

— Як выхоўваць правільна? Як знайсці залатую сярэдзіну?

— Адказных бацькоў хвалюе пытанне, дзе знайсці залатую сярэдзіну, як зрабіць так, каб не перайсці межу дазволенага, правільна выхаваць дзіця, не нанесці яму псіхалагічных траўм.

Калісьці Януш Корчак сказаў, што выхаванне павінна быць незаўважным. Пачынаць выхоўваць трэба, як толькі дзіця навучылася хадзіць. І выхоўваць не бізуном і пернікам. Выхоўваць — значыць ведаць дзіця, ведаць яго інтарэсы. Карацей кажучы, бацькі павінны быць неад’емнай часткай дзіцяці.

Дарослым неабходна мець хаця б паўгадзіны ў дзень, каб паразмаўляць са сваім дзіцем. Прычым адбывацца гэта павінна не скрозь сцены, не праз калідор, трэба глядзець дзіцяці ў вочы. І самае важнае — размаўляйце з дзіцем тады, калі яно само таго захоча, а не ў той момант, калі гэта будзе зручна вам, бацькам. І для гэтага варта знайсці час. Акрамя таго, бацькі павінны ствараць сітуацыі, дзе можна пахваліць дзіця. Гэта з’яўляецца абавязковым пунктам у выхаванні. І няважна, колькі дзіцяці гадоў. Яго трэба хваліць і за памытую лыжку, і за тое, што дапамагло прынесці прадукты з магазіна.

Яшчэ адзін важны момант: дарослыя павінны жыць інтарэсамі дзіцяці. Кожнаму малому вельмі важна, што мама, напрыклад, паслухала тую музыку, якую ён любіць. Не проста адмахнулася, маўляў, што за музыка такая, а з цікавасцю паслухала. Увогуле, дзеці павінны адчуваць, што ўсё робіцца менавіта для іх. Гэты момант і з’яўляецца той залатой сярэдзінай, якую трэба старацца фарміраваць. І тады ёсць шанс, што дзіця не будзе, нібы альпініст, шукаць, за што зачапіцца, каму даверыць свае перажыванні.

Быў неяк выпадак, калі дзяўчынка ў 14 гадоў зацяжарыла. Яна з мамай прыйшла да мяне. Безумоўна, маму абурала такая сітуацыя: тое, што адбылося з яе дачкой, няправільна і непрымальна ў грамадстве. Каб з дзяўчынкай не здарылася нічога страшнага, каб яна і эмацыянальна, і псіхалагічна адчувала сябе паўнацэннай, менавіта мама павінна была яе падтрымаць. І мама не пакінула дачку сам-насам са сваёй праблемай. Яны разам з усім справіліся.

Дзеці маюць унікальную асаблівасць: яны ў адрозненне ад дарослых могуць вельмі хутка мяняцца. Дарослым жа ўвогуле гэта не ўласціва. А ў ідэале бацькі павінны мяняцца разам з дзецьмі. Менавіта для гэтага дзеці бацькам і даюцца, каб яны мяніліся і станавіліся лепшымі.

Я заўсёды цікаўлюся ў дзяцей, дзе працуюць іх маці і бацька, таму што для многіх тата ці мама — гэта амаль незнаёмы чалавек, які вечарам прыходзіць з работы, каб проста пераначаваць, паглядзець тэлевізар. А раніцай гэты знаёмы-незнаёмы моўчкі знікае на ўвесь дзень. Даволі часта дзеці ў 12—14 гадоў не ведаюць амаль нічога пра бацькоў. Гэта сведчыць аб тым, што ў сям’і не наладжаны даверлівыя адносіны, бацькі не дзеляцца з дзецьмі сваімі дарослымі праблемамі. А менавіта мама і тата павінны быць прыкладам для дачкі ці сына. Калі не яны, хто пакажа, якімі павінны быць даверлівыя адносіны?

— Ці часта пацыентамі псіхіятрычнага дыспансера з’яўляюцца адны і тыя ж падлеткі?

— Што тычыцца парасуіцыдаў, то не вельмі часта. Калі з падлеткам ужо працавалі, калі яму ёсць каму даверыць свае думкі, эмоцыі, значыць, ён больш не пойдзе на такі страшны крок. Парасуіцыд — гэта не хранічны дыягназ. Любы крызісны момант, які быў у жыцці чалавека і з якім ён паспяхова справіўся, застаецца ў мінулым. Калі гаварыць пра тое, з якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца па дапамогу падлеткі, то гэта расстройства паводзін і эмоцый. Увогуле, любое эмацыянальнае расстройства вядзе за сабой расстройства паводзін. Здараецца гэта па прычыне, што чалавек эмацыянальна не адаптаваны да нейкага асяроддзя, рэальнасці, з якімі давялося сутыкнуцца. Сюды можна аднесці, напрыклад, насмешкі з боку аднакласнікаў. Дзіця, калі такое здараецца, пачынае пазбягаць траўміруючых сітуацый, а гэта першы крок на шляху да эмацыянальнага расстройства. Далей дзіця пачынае накручваць сябе, маўляў, яно не такое, як усе. Тут трэба абдумаць розныя варыянты сітуацыі і зразумець, што не так. Але прааналізаваць праблему і знайсці шлях яе вырашэння змогуць толькі тыя сем’і, у якіх закладзена традыцыя даверу, звычка расказваць адно аднаму пра ўсё.

— Ці заўсёды прычынамі парасуіцыдаў з’яўляюцца эмацыянальныя крызісы і псіхатычныя станы?

— Пры спробе суіцыду маюць значэнне рысы характару падлетка. У нас сярод пацыентаў была вельмі імпульсіўная дзяўчынка, якая па стылі адзення адносілася да готаў. І называла яна сябе гатэсай. У яе налічвалася 12 спроб суіцыду за год. У гэтай сітуацыі пазіцыя маці была незразумелай. Ёй тлумачылі, што трэба мяняцца разам з дачкой. Але для мамы зрабіць гэта было вельмі цяжка. Растлумачыць паводзіны жанчыны лёгка: не такой яна бачыла дачку, калі гадавала яе. Тым не менш сваё непрыняцце лепш выкінуць з галавы. Рана ці позна дзяўчынка перарасце свае захапленні, а пакуль што неабходна ўсяго толькі быць побач. Але паўтаруся: не ўсім бацькам гэта пад сілу, не ўсе гатовы пазбаўляцца ад сваіх прынцыпаў і мяняцца разам з дзіцем. Важна разумець, што бываюць моманты, калі трэба прамаўчаць. Калі такога не здараецца, адбываецца “кароткае замыканне”. І менавіта ў гэтай “гатычнай” гісторыі такія замыканні адбываліся часта. Верагодна, маме было цяжка, таму што яна адна гадавала дачку. Яна шмат працавала, каб даць дзіцяці ўсё самае лепшае, а ў адказ ніякага ўзаемаразумення не атрымлівала. Магчыма, каб у сям’і быў тата, сітуацыя была б пад кантролем.

Такім чынам, няпоўная сям’я — адна з прычын (але толькі разам з іншымі фактарамі), якія могуць падштурхнуць да спроб суіцыду.

Часта бацькі, злуючыся на дзяцей, не знаходзячы з імі агульнай мовы, могуць сказаць не тое, што трэба. А дзеці ўспрымаюць усё літаральна, асабліва калі перажываюць крызіс, і ў адказ могуць нагаварыць лішняга.
Важна адзначыць, што да ўсіх слоў з боку падлетка варта ставіцца сур’ёзна. Размовы пра згублены сэнс жыцця, пра суіцыд — гэта не пустыя словы, і нельга не звяртаць на іх увагі. За імі хаваецца сур’ёзная праблема, і неабходна неадкладна звяртацца па дапамогу да спецыяліста. Калі бацькі ці настаўнікі хаця б аднойчы пачулі ад дзяцей словы развітання, напрыклад, сталі сведкамі, як падлетак размаўляў са сваімі сябрамі і сказаў, што больш яны яго не пабачаць, трэба дзейнічаць. Падлетак можа нічога і не зрабіць з сабой, але, раз такія словы ўжо прагучалі, унутры яго жыве няўпэўненасць у сваіх дзеяннях, узнікаюць думкі пра смерць.

Самаабвінавачанні, маўляў, я не такі, як усе, таксама з’яўляюцца фактарам, які можа падштурхнуць да прыняцця няправільнага рашэння.

Такім чынам, у падлетка, схільнага да суіцыду, спачатку назіраюцца змены ў паводзінах, бо, каб адкрыта заявіць пра свой намер пайсці з жыцця, неабходна вялікая сіла волі ці павінна быць вельмі балюча з-за нечага. Але, як правіла, такія думкі выношваюцца моўчкі. Тым не менш бацькі, не-абыякавыя да лёсу дзіцяці, могуць заўважыць змены ў паводзінах дачкі ці сына.

Трывожным званочкам з’яўляецца і тое, калі дзіця пазбаўляецца сваіх любімых рэчаў. Чаму так адбываецца? Таму што дзіцяці яны больш не патрэбны, пакідаць іх тут, на гэтым свеце, не мае сэнсу. Відавочна, што з такой праблемай самастойна ўжо не справіцца. Толькі спецыяліст можа дапамагчы разблытаць клубок праблем і падказаць правільнае выйсце з сітуацыі. Адразу адвесці дзіця да псіхатэрапеўта, можа, і не атрымацца, таму варта пачаць са школьных псіхолагаў. Як паказвае практыка, яны вельмі добра дапамагаюць.

— Паніжаная самаацэнка заўсёды віна бацькоў?

— Так, вельмі часта менавіта ў сям’і хаваюцца прычыны, па якіх у дзіцяці фарміруецца паніжаная самаацэнка. Ні ў якім разе нельга ўказваць дзіцяці на яго слабыя бакі. Наадварот, неабходна думаць, як зрабіць з існуючага мінуса плюс.

Фарміраваць самаацэнку трэба ўчынкамі, дзеяннямі. Паўтаруся яшчэ раз: важна не перахваліць дзіця і ва ўсім ведаць меру. Так, усе праблемы ідуць з дзяцінства. Але бацькі, калі і паніжаюць самаацэнку, то робяць гэта па няведанні. А равеснікі часцей за ўсё робяць гэта наўмысна і, на жаль, не думаюць пра вынікі такіх паводзін.

Калісьці прыйшоў да мяне хлопчык, які займаўся барацьбой у спартыўнай секцыі. Яго праблема заключалася ў тым, што ён перайшоў у новую школу і аднакласнікі ўвесь час кпілі з яго, правакавалі на бойку са спробамі перакласці віну на хлопчыка. У такім выпадку ад настаўнікаў атрымаў бы заўвагу менавіта ён. Але ні адно крыўднае слова не падштурхнула яго вырашаць праблему кулакамі. Хаця ён мог, толькі яму самому гэта было не патрэбна, таму што хлопчык валодаў высокай самаацэнкай. Ён ведаў, што ў адрозненне ад аднакласнікаў ужо дасягнуў поспехаў у барацьбе, якой займаўся не першы год. Яму неабходна было дапамагчы толькі ў тым, як у вуснай форме знайсці падыход да сваіх крыўдзіцеляў. Пасля некалькіх кансультацый праблема была вырашана. І тут нават не трэба думаць, хто мацнейшы. Моцны той, хто дзейнічае разумна. Аднакласнікі даведаліся, што новенькі — спартсмен, сталі яго паважаць.

З гэтага прыкладу бачна, што дарослыя павінны імкнуцца ўсімі сіламі дапамагаць сваім дзецям, бо яны маюць патрэбу ў нас. І калі не мы ім дапаможам, гэта зробіць нехта іншы. Але ці будзе гэта дапамогай? Ці давядзе яна да дабра? Наўрад ці.

Наталля ДУБІК.