У Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы Мінскага раёна ўжо больш як 150 гадоў захоўваюць традыцыі, звязаныя з імем вялікага беларускага песняра. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Нам засталася спадчына
Штогод напярэдадні дня нараджэння школы педагогі і навучэнцы ўстановы адукацыі ўскладаюць кветкі першай настаўніцы вялікага паэта Алімпіядзе Васільеўне Сонцавай. Гэта не проста ўшанаванне памяці, а напамін аб тым, што педагог у станаўленні асобы вучня адыгрывае ключавую ролю.
“Не так даўно наша школа адзначыла 160 гадоў з дня заснавання, — расказала дырэктар Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Наталля Буйніцкая. — Мы ганарымся тым, што ўвекавечваем памяць Алімпіяды Васільеўны. Яна не толькі першая настаўніца Янкі Купалы, але і прыклад для ўсіх нас. Наша школа заўсёды будзе помніць і шанаваць тых, хто ўклаў сваю душу ў выхаванне пакаленняў”.
Тыя, хто знаёмы з жыццёвым шляхам Янкі Купалы, ведаюць, што ў 1889 годзе будучы паэт пайшоў у 1 клас земскай школы, якая адкрылася ў 1884 годзе (сёння — Сеніцкая сярэдняя школа імя Янкі Купалы). У 1982 годзе, калі адзначаўся 100-гадовы юбілей народнага паэта, пастановай Савета Міністраў БССР № 234 Сеніцкай сярэдняй школе было прысвоена імя Янкі Купалы. У гэты ж час у ёй пачаў працаваць музей, прысвечаны вывучэнню жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры.
“У 1989 годзе здадзены ў эксплуатацыю сучасны будынак установы, — знаёміць з гісторыяй школы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вікторыя Тыльковіч. — Музейная экспазіцыя, прысвечаная песняру, была адноўлена і адкрыта для наведвальнікаў у 1997 годзе. У стварэнні і афармленні экспазіцыі прымалі ўдзел супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якія і сёння з’яўляюцца лепшымі сябрамі і паплечнікамі нашага музея. Ён, дарэчы, мае статус літаратурнага і прысвечаны вывучэнню жыцця і творчасці паэта. Прастора яго дзейнасці распаўсюджваецца на літаратурны працэс, ахоплівае лепшыя ўзоры беларускага пісьменства, што дае магчымасць асэнсаваць значнасць асобы Янкі Купалы ў беларускай і нават сусветнай літаратуры”.
Сёння экспазіцыя музея складаецца з 11 тэматычных раздзелаў: 10 з 11 прысвечаны найбольш значным этапам жыцця і творчасці Янкі Купалы.
Жыццё — тэатр
Школьны літаратурны музей Янкі Купалы — гэта летапіс жыцця і творчасці беларускага песняра.
Першы раздел — “На Купалле” — знаёміць з сям’ёй Івана Дамінікавіча, расказвае пра гады яго дзяцінства. У цэнтры ўвагі знаходзяцца фотаздымкі бацькоў і 8-гадовага Івана Луцэвіча, выява дома ў Вязынцы, дзе нарадзіўся будучы паэт. Значна, што раздзел упрыгожаны сімваламі Купалля, якія зроблены з саломы: сонца, вянок, птушкі. Тут жа знаходзяцца і прылады працы, якімі карысталіся ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гэта дазваляе наведвальнікам больш дакладна ўявіць атмасферу таго часу, калі жыў маленькі Іван Луцэвіч.
“Раздзел “Мая навука” — самы значны і вялікі ў экспазіцыі, — адзначыла Вікторыя Юр’еўна. — Ён грунтуецца на матэрыяле, які сабраны ў Сеніцы. Цэнтральныя вобразы раздзела — Сеніцкае народнае двухкласнае вучылішча (першая школа Янкі Купалы), настаўніца Алімпіяда Васільеўна Сонцава (першая і любімая настаўніца паэта) і асоба самога вучня, Івана Луцэвіча. Раздзел змяшчае рэдкія фотаздымкі А.Сонцавай розных часоў, макет будынка школы і школьнай парты Янкі Купалы, копіі карцін мастака Янкі Раманоўскага з сюжэтамі аб школьным жыцці паэта”.
Ці ведалі вы, што верш “А хто там ідзе?” — самы вядомы ў творчасці паэта і перакладзены на 82 мовы? Адпаведную назву атрымаў другі раздзел музея. У цэнтры яго ўвагі — першы надрукаваны верш, першы зборнік, самы вядомы твор. Тут захоўваецца і копія нумара газеты “Северо-Западный край”, дзе быў упершыню надрукаваны верш Янкі Купалы на беларускай мове “Мужык”, факсімільнае выданне першага зборніка “Жалейка”, копія рукапісу верша “А хто там ідзе?”.
Час росквіту беларускага песняра — нашаніўскі перыяд творчасці. Ён прадстаўлены ў раздзеле “Наша Ніва” і дэманструе творчыя здабыткі паэта ў 1908—1915 гады, а таксама расказвае пра яго вучобу ў Санкт-Пецярбургу. Тут жа размешчаны копіі нумароў “Нашай Нівы”, якія датуюцца 1915 годам: у гэты час Янка Купала быў рэдактарам друкаванага выдання.
“У кожнага паэта, як вядома, ёсць куточак, які спрыяе натхненню, творчасці, — адзначае педагог. — Для Янкі Купалы такім месцам былі Акопы — невялікі фальварак на Лагойшчыне. Раздзел экспазіцыі “Акопы — калыска творчасці” прызначаны паказаць значнасць гэтай мясціны ў Купалавым лёсе. Цэнтральнае месца раздзела займае выява сядзібы ў Акопах”.
Раздзел, які аформлены пад заслонай і падобны да тэатральнай сцэны, называецца “Жыццё — тэатр” і прысвечаны драматургіі Янкі Купалы, яго ролі ў станаўленні беларускага прафесійнага тэатра. На фотаздымках — будынак Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы пачатку 1920-х гадоў (час станаўлення паэта).
“Панарамны раздзел “Спадчына” можна назваць ілюстрацыяй да вядомага верша класіка, — працягвае знаёміць з экспазіцыяй намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — Тут жа знаходзіцца скульптура Янкі Купалы, якую выканаў Аляксей Глебаў”.
“Усё для Бацькаўшчыны мілай” — раздзел, дзе сабраны зборнікі твораў і публіцыстычныя артыкулы І.Д.Луцэвіча. Тут цэнтральнае месца адведзена пастанове аб прысваенні Янку Купалу ў 1925 годзе ўпершыню ў гісторыі нашай краіны звання народнага паэта Беларусі.
“Менавіта з Янкі Купалы пачынаецца адлік народных паэтаў у беларускай літаратуры, — падкрэсліла Вікторыя Юр’еўна. — А ў раздзеле “Дзеці — кветкі жыцця” захоўваюцца копіі тых дзіцячых выданняў, на старонках якіх апублікаваны творы Купалы для дзяцей, зборнікі дзіцячых вершаў. Тут жа можна паглядзець на фотаздымкі песняра і яго жонкі Уладзіславы Луцэвіч з выхаванцамі дзіцячых дамоў. Адным з самых цікавых экспанатаў раздзела можна лічыць копію старонкі кнігі, якую падпісала мама першага касманаўта Юрыя Гагарына Ганна Цімафееўна. Як сведчыць подпіс, Юрый Гагарын вельмі любіў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”.
Хлопчык і лётчык
Экспазіцыя “Трагедыя народа — трагедыя паэта” расказвае пра цяжкі час жыцця і пра тое, як загінуў Янка Купала ў чэрвені 1942 года. Таксама тут знаходзяцца творы, напісаныя паэтам за год, пакуль ішла Вялікая Айчынная вайна.
“Апошні, адзінаццаты раздзел прысвечаны былому вучню Сеніцкага народнага двухкласнага вучылішча, вучню А.В.Сонцавай Станіславу Пятровічу Шушкевічу, — азнаёміла В.Ю.Тыльковіч. — Тут змяшчаюцца яго асабістыя рэчы, сярод якіх акуляры, ручка, лупа, зборнікі твораў, перапіска з вучнямі і настаўнікамі Сеніцкай сярэдняй школы, фотаздымкі з сямейнага архіва”.
Разважаючы пра тое, якую ролю школьны музей адыгрывае ў выхаванні вучняў, дырэктар Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Наталля Буйніцкая сказала, што гэта вельмі дзейсны сродак, які дазваляе прывіць любоў да гісторыі роднага краю і сваёй малой радзімы.
“Наш школьны музей Янкі Купалы — гэта калекцыя помнікаў літаратуры і традыцыйнай культуры, — дапоўніла Наталля Васільеўна. — Яго асноўны фонд складаюць копіі фотаздымкаў, рукапісаў, аўтографаў, вершаў, дакументаў і інш. Таксама ў музеі знаходзяцца даследчыя работы вучняў. Дадатковы фонд — гэта вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з саломы і паперы, скульптуры, прадметы сялянскага побыту пачатку ХХ стагоддзя і інш.”.
Музейныя экспанаты размешчаны на адкрытых вертыкальных вітрынах, якія аформлены ў стылі пачатку ХХ стагоддзя, дэкарыраваны тканінай, у тым ліку і даматканай, дрэвам. Кожны раздзел аформлены пад асобнай драўлянай аркай, а некаторыя раздзелы маюць невялікія гарызантальныя вітрыны для прадметаў дадатковага фонду.
“Самыя каштоўныя экспанаты музейнай экспазіцыі — пастанова Савета Міністраў БССР аб прысваенні Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы і адкрыцці ў школе музея паэта, — акцэнтавала ўвагу дырэктар установы адукацыі. — Сюды ж варта аднесці факсімільнае выданне першага зборніка Янкі Купалы “Жалейка” (1982 г.), кнігі з дароўнымі подпісамі Ядвігі Юльянаўны Раманоўскай (пляменніцы Янкі Купалы), Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, кнігу з асабістай бібліятэкі Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча (сына Якуба Коласа) і інш.
Асобным экспанатам у школе называюць кнігу водзываў, якая захоўвае запісы, пакінутыя Міхасём Міцкевічам, Сяргеем Грахоўскім, Рыгорам Барадуліным і інш.
“Самымі папулярнымі прадметамі музея, якія выклікаюць найбольшую цікавасць у школьнікаў, з’яўляюцца рэчы народнага побыту беларусаў, — падсумавала Н.В.Буйніцкая. — Таксама навучэнцам цікавыя макет будынка Сеніцкага народнага двухкласнага вучылішча, копія старонкі кнігі Янкі Купалы з вершам “Хлопчык і лётчык”, дзе размешчаны подпіс маці першага савецкага касманаўта Юрыя Гагарына. На працягу свайго існавання ўстанова адукацыі захоўвала традыцыі, якія калісьці тут былі закладзены. Наш педагагічны калектыў і навучэнцы будуць і далей берагчы памяць аб мінулым як установы адукацыі, так і нашай Сеніцы”.
Наталля САХНО