Каштоўны вопыт

- 9:10Навіны рэгіёнаў

Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі правёў курсы павышэння кваліфікацыі для кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усіх абласцей краіны і Мінска па пытаннях удасканальвання адукацыйнага асяроддзя.

Упершыню падобныя курсы былі арганізаваны па заказе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі на базе рэгіянальнага ІРА. Павышэнне кваліфікацыі ажыццяўлялася з 1 па 5 і з 15 па 19 сакавіка ў рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

— Віцебшчына мае значныя напрацоўкі ў гэтым напрамку, цікавыя і каштоўныя для кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, — адзначыла першы прарэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі па вучэбнай рабоце Ганна Дзеравяга. — У ходзе правядзення тэндара, заяўкі на які падалі і калегі з іншых рэгіёнаў, ацэньваліся змест, матэрыяльна-тэхнічная база, тэарэтычны і практычны вопыт. Характэрна, што наш узровень па ўсіх гэтых паказчыках быў прызнаны дастаткова высокім для таго, каб менавіта нам даручыць гэтую пазіцыю. Мы кансультавалі слухачоў, пераважную большасць якіх складалі дырэктары школ, па комплексе пытанняў удасканальвання адукацыйнага асяроддзя, уключаючы выкарыстанне яго патэнцыялу як эфектыўнага сродку фарміравання асобы, тэорыю, метадалогію і нарматыўна-прававое забеспячэнне, прадметна-прасторавы, інфармацыйна-адукацыйны, сацыяльна-камунікатыўны і інклюзіўны аспекты, укараненне інавацыйных практык і STEM-падыходаў, лічбавую трансфармацыю, узаемадзеянне ўстановы адукацыі з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў і міжведамаснае ўзаемадзеянне, стварэнне і суправаджэнне рэсурсных цэнтраў па вучэбных прадметах і сеткавых адукацыйных праектаў, работу школьнай бібліятэкі як інфармацыйна-камунікацыйнага цэнтра, новыя практыкі арганізацыі перапынкаў і пазаўрочнай дзейнасці. Дарэчы, што тычыцца рэалізацыі праекта, для нашага інстытута гэта другая па ліку тэма: у снежні адбыліся курсы па новых падыходах да ацэнкі якасці адукацыі. З-за пандэміі мы праводзілі іх у дыстанцыйным фармаце па той жа схеме — дзве групы слухачоў па 25 чалавек — з запрашэннем вядучых беларускіх і замежных спецыялістаў. У сакавіку праграма павышэння кваліфікацыі была пабудавана такім чынам, каб кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі маглі не толькі пашырыць свае веды і прафесійныя кампетэнцыі ў дачыненні да функцыянавання і развіцця адукацыйнага асяроддзя, але і зірнуць з іншага ракурсу на актуальныя пытанні кіравання працэсам яго якаснага паляпшэння, трансліраваць свой вопыт, абмеркаваць існуючыя праблемы і шляхі іх вырашэння.

Заняткі праводзілі прадстаў­нікі кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі, метадысты, начальнікі структурных падраздзяленняў ВАІРА, а таксама запрошаныя спецыялісты з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава — загадчык кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі дацэнт Аксана Даніч і дацэнт кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі Наталля Крыцкая. У навучанні выкарыстоўваліся розныя формы правядзення заняткаў (лекцыі, практычныя заняткі, круглыя сталы), метады і прыёмы арганізацыі вучэбнага працэсу (тлумачэнне, ілюстраванне, гласіраванне, дэманстрацыя, канцэптуальны пераказ), дыдактычныя матэрыялы (прэзентацыі, раздатачны матэрыял, кейсы з заданнямі, макеты адукацыйных STEM-праектаў, алгарытмы работы з робаканструктарамі і Micro:bit, заданні для груп, тэхналагічныя карты стварэння і суправаджэння сеткавага праекта, распрацаваныя алгарытмы работы з сеткавымі адукацыйнымі рэсурсамі). Павышэнне кваліфікацыі праходзіла не толькі ў межах інстытута: для паглыблення ў рэальныя ўмовы работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі кейсы фарміравання і рэарганізацыі адукацыйнага асяроддзя ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі, дзейнасці рэсурсных цэнтраў разглядаліся на прыкладах школ і гімназій Віцебска.

Дырэктар сярэдняй школы № 45 імя В.Ф.Маргелава Ірына Лашакова разам з педагогамі паказала, як функцыянуюць рэсурсныя цэнтры па рускай мове на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, па працоўным навучанні, нямецкай мове, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы. Дзякуючы добрай арганізацыі, умеламу кіраванню дзейнасцю, школьныя рэсурсныя цэнтры акумулююць лепшыя метадычныя ідэі і напрацоўкі, выступаюць пляцоўкамі для аб’яднання педагогаў Першамайскага раёна горада, абмену вопытам і вызначэння найбольш эфектыўных форм, метадаў і напрамкаў удасканалення адукацыйнага працэсу.

У гімназіі № 7 кіраўнік педагагічнага калектыву Святлана Дарошчанка, настаўніцы рускай мовы і літаратуры азнаёмілі з рэсурсным цэнтрам па гэтым вучэбным прадмеце. Настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Алена Аляксандрава па­дзялілася вопытам работы з адоранымі навучэнцамі, падрыхтоўкі да алімпіяд з прымяненнем сучасных сродкаў навучання. Настаўніца першай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталля Камароўская прадэманстравала, як выкарыстоўвае IT-тэхналогіі на ўроках у старшых класах, прыцягваючы ўвагу вучняў да вучэбных прадметаў з дапамогай незвычайных заданняў. Асаблівую цікавасць у гасцей выклікала канцэпцыя трансфармацыі і выкарыстання прасторы ўнутры кабінета, які займае рэсурсны цэнтр: замест звыклых шафаў з метадычнымі дапаможнікамі ля задняй сцяны размясціліся зручныя канапкі са столікамі, дзе знаходзяцца раздатачны матэрыял і канверты з індывідуальнымі заданнямі. Тут у адпаведнасці з пастаўленымі вучэбнымі задачамі група навучэнцаў у ходзе заняткаў можа аддзяліцца ад класа і папраца­ваць самастойна ці з запрошанымі кансультантамі — у гэтай ролі звычайна выступаюць настаўнікі або старшакласнікі. На сценах — паліцы з кнігамі, лялькамі, што “ажываюць” на ўроках літаратуры. Побач з дошкай усталяваны мультыборд, які актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе.

Інтэрактыўны фармат кейса арганізацыі прасторава-прадметнага адукацыйнага асяроддзя ў сярэдняй школе № 46 імя І.Х.Баграмяна дазволіў удзельнікам курсаў павышэння кваліфікацыі вылучыць актуальныя аспекты  развіцця сваіх школ і гімназій, што непасрэдна адносіцца да зоны іх адказнасці як менеджараў сістэмы адукацыі. Пры першым знаёмстве школа ў маладым мікрараёне ўражвае памерамі і незвычайным праектам будынка, які сваёй формай нагадвае вялікага матыля. Захапляюць і ўдалыя стылістычныя і функцыянальныя рашэнні ў арганізацыі памяшканняў: гэта не проста месца знаходжання дзяцей падчас вучобы, а прастора, якая пастаянна адукоўвае і выхоўвае. Дырэктар школы Ірына Астапенка і яе намеснікі правялі экскурсію па ўстанове адукацыі і падрабязна адказалі на пытанні пра асаблівасці архітэктуры будынка, планіроўку тэрыторыі і ўнутранага выгляду школы, паказалі, як у адукацыйным працэсе можна і трэба выкарыстоўваць увесь патэнцыял памяшканняў. Так, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Масюкова акцэнтавала ўвагу на адметным роспісе сцен у памяшканнях для першакласнікаў, азнаёміла з гісторыяй яго з’яўлення, патлумачыла, якую функцыю выконвае рознакаляровая дарожка на падлозе калідора, і дадала, што ў перспектыве плануецца набыць трэнажоры і ўсталяваць іх у фае. Гасцям таксама расказалі аб выніковым удзеле ў конкурсах і праектах, напрамках развіцця школы і інавацыйных ідэях, над укараненнем якіх працуе калектыў.

— На завяршэнне ў малых творчых групах мы прапанавалі ўдзельнікам павышэння кваліфікацыі скласці ментальныя карты, дзе прадставіць сістэму ідэй і дзеянняў па ўдасканаленні адукацыйнага асяроддзя ўстановы агуль­най сярэдняй адукацыі, — паведаміла Ганна Дзеравяга. — Прычым па­прасілі стварыць яе сваімі рукамі, з дапамогай ватманаў і алоўкаў, і адлюстра­ваць самыя важныя і яркія моманты сумеснай работы ў форме візуальных вобразаў і тэкставых каментарыяў. Незабыўныя ўспаміны ў слухачоў, многія з якіх былі ў Віцебску ўпершыню, пакінулі знаёмства з гістарычнай часткай горада, экскурсія ў дом-музей Марка Шагала. Набыты вопыт мы будзем сістэматызаваць і тран­сліраваць далей, найперш у плане распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння, у тым ліку па арганізацыі дзейнасці аб’яднанага класа па хіміі, біялогіі і фізіцы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.