Кацярына АНЦІПАВА, прафесар БДУ: “Я гэтую работу ні на што не памяняю”

- 12:17Людзі адукацыі

Для сустрэчы з загадчыцай кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі БДУ прафесарам Кацярынай Анціпавай мелася, прынамсі, тры нагоды. У верасні ў Кацярыны Анатольеўны былі дзве вельмі важныя камандзіроўкі: у Будапешт, дзе завяршыўся буйны праект “Беларусь у картах”, і ў Лісабон — на 4-ю міністэрскую канферэнцыю Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН па праблемах старэння. І яшчэ адна прыемная нагода — надыходзячае прафесійнае свята, Дзень настаўніка.

Тры нагоды — тры тэмы. Прафесар Анціпава расказала нам пра свой насычаны верасень — месяц, у якім даволі ярка адлюстраваліся яе навуковыя інтарэсы і дасягненні.

Пра Беларусь — на даступнай мове геаграфічных карт

— Кацярына Анатольеўна, нядаўна завяршыўся праект “Беларусь у картах” (Belarus in Maps), вынікам якога стала цудоўнае, багата ілюстраванае англамоўнае выданне пра нашу краіну. Вы былі каардынатарам праекта ад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Раскажыце, калі ласка, хто ініцыіраваў стварэнне гэтай унікальнай кнігі, дзякуючы каму і чаму яна выйшла ў свет?

— Belarus in Maps стала чацвёртым выданнем у серыі праектаў Венгерскай акадэміі навук “…у картах”. З 2005 года ўжо выйшлі кнігі “Венгрыя ў картах”, “Украіна ў картах”, “Паўднёвая і Усходняя Еўропа ў картах”. І вось, нарэшце, з’явілася выданне пра Беларусь. Гэта калектыўная праца вучоных БДУ, Нацыя­нальнай акадэміі навук Беларусі і Венгерскай акадэміі навук . У каманду, якая працавала ў праекце, уваходзіла больш як 30 навукоўцаў. Дарэчы, фінансаваў праект венгерскі бок.

Па змесце кніга з’яўляецца карта­графічнай энцыклапедыяй, дзе расказваецца пра развіццё беларускай нацыі і мовы, сацыяльныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, эканамічную мадэль, раслінны і жывёльны свет, асаблівасці ландшафту, рэльеф, клімат і г.д. Больш як на 200 старонках змешчана звыш 100 карт, ілюстрацый і фотаздымкаў. Усе графічныя матэрыялы дапоўнены тлумачальнымі тэкстамі.

Гэта ўнікальнае навукова-папулярнае выданне, з якога замежнікі (ды і самі беларусы) могуць шмат даведацца пра нашу краіну. А нам, сапраўды, ёсць што паказаць з пункту гледжання геаграфіі, гісторыі, эканомікі, насельніцтва.

— На сайце Венгерскай акадэміі навук у сувязі з выхадам у свет выдання Belarus in Maps напісана, “што ад гэтага выйграюць не толькі географы, але і эканамісты, дыпламаты, асобы, якія прымаюць рашэнні, і шырокая грамад­скасць, якая цікавіцца гісторыяй і геаграфіяй Усходняй Еўропы…”

— Сапраўды, мова геаграфічных карт — дакладная і даступная для разумення. Таму, азнаёміўшыся з выданнем, можна даволі хутка атрымаць шырокае ўяўленне не толькі аб прыродным асяроддзі, але і аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Нездарма прэзентацыя Belarus in Maps у Венгерскай акадэміі навук ладзілася пры садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Венгрыі. Тыя друкаваныя кнігі, якія будуць перададзены нам у дар венгерскім бокам, могуць выкарыстоўвацца як рэпрэзентатыўныя і іміджавыя, у тым ліку Міністэрствам замежных спраў.

— Кацярына Анатольеўна, Belarus in Maps — кніга рэдкая, дарагая. Дзе беларусы могуць з ёй азнаёміцца?

— Мы жывём у інфармацыйную эпоху, і ўжо зараз выданне ў электронным выглядзе змешчана на сайце геаграфічнага факультэта і ў электроннай бібліятэцы БДУ. Яго можна спампаваць абсалютна бясплатна. Уся серыя кніг “…у картах” выкладзена на сайце Венгерскай акадэміі навук: http://www.mtafki.hu/inmaps/.

Пасля таго як венгерскі бок перадасць нам друкаваныя асобнікі, мы плануем накіра­ваць іх ва ўніверсітэты, а таксама ў вядучыя бібліятэкі краіны, у тым ліку ў Нацыянальную бібліятэку. Аднак не з мэтай папулярызацыі выдання, а з мэтай папулярызацыі Беларусі.

Акцэнт — на сувязь пакаленняў

— Кацярына Анатольеўна, нядаўна ў Партугаліі адбылася 4-я міністэрская канферэнцыя ЕЭК ААН па праблемах старэння “Устойлівае грамадства для людзей усіх узростаў: рэалізацыя патэнцыялу больш працяглага жыцця”. Вы былі прызначаны экспертам ад беларускага ўрада і рабілі даклад аб падтрымцы патэнцыялу пажылых людзей у нашай краіне. Якія асноўныя праблемы абмяркоўваліся на такім высокім узроўні?

— Магчыма, людзям, далёкім ад праблем сусветнай эканомікі, гэтае слова ні пра што не скажа, але старэнне — гэта моцны выклік, з якім сутыкнулася сучасная цывілізацыя. У сем’ях нара­джаецца менш дзяцей, узровень медыцынскай дапамогі павышаецца, працягласць жыцця расце — і за кошт гэтага хуткімі тэмпамі павялічваецца коль­касць і доля пажылога насельніцтва. Сусветнай грамадскасці трэба вучыцца з гэтым жыць: мяняць сацыяльную абарону, пенсіённае абслугоўванне і г.д.

Дарэчы, гэта была ўжо чацвёртая канферэнцыя такога ўзроўню (дагэтуль міністры сустракаліся ў Вене, Берліне і Мадрыдзе), дзе выпрацоўвалася стратэгія развіцця чалавецтва ва ўмовах старэння. Аднак калі на папярэдніх канферэнцыях больш абмяркоўвалі тое, як дзяржава можа падтрымаць пажылых лю­дзей (пенсіённы ўзрост, ільготы, выплаты), то цяпер акцэнт быў зроблены на выкарыстанні патэнцыялу пажылых лю­дзей і ўзаемаадносінах паміж пакаленнямі.

— Канферэнцыя завяршылася прыняццем Лісабонскай дэкларацыі міністраў. Якія новыя цікавыя палажэнні знайшлі там адлюстраванне?

— Нельга прымяншаць той факт, што пажылых людзей у ХХІ стагоддзі не прос­та многа, яны зусім іншыя: ма­юць нармальнае здароўе, вядуць актыўны лад жыцця, валодаюць каштоўнымі кампетэнцыямі і хочуць працаваць. Таму кожная краіна павінна вырашыць, як выкарыстоўваць гэты патэнцыял пажылых людзей. Напрыклад, усе гавораць, што навука старэе: сярэдні ўзрост кандыдатаў і дактароў навук павышаецца. Але можна паглядзець на сітуацыю з іншага боку. Дактары навук, прафесары сярэбранага веку маюць унікальны інтэлектуальны патэнцыял, які ні ў якім разе нельга прымяншаць. Наадварот, трэба як мага даўжэй захоўваць яго.

Другая адметнасць згаданай канферэнцыі — акцэнт на сувязі пакаленняў. Сёння адначасова жывуць бабулі і дзядулі, іх дзеці, унукі, праўнукі. Але наколькі моцныя паміж імі сувязі? Як зрабіць так, каб дзіця ад нараджэння разумела, што частку свайго клопату трэба пераносіць на пажылых сваякоў — бабуль і дзядуляў, а не толькі думаць пра тое, каб дзяржава плаціла ім пенсіі?

— У гэтым сэнсе варта звярнуцца да азіяцкага вопыту, дзе сямейныя сувязі і ўзаемападтрымка вельмі моцныя.

— Сапраўды, так. На канферэнцыі ў Лісабоне да мяне падышла калега з Казахстана і сказала: “Прафесар Анціпава, я разумею, што ў Еўропе многім жанчынам не падабаецца, калі ўнукі называ­юць іх бабулямі. Але ў нашай краіне розныя пакаленні часта жывуць у адным доме, і дзеці з маленства разумеюць, што трэба клапаціцца пра бабулю і дзядулю. У нас гэта працуе на генетычным узроўні”. Безумоўна, трэба пераасэнсоўваць станоўчы вопыт іншых краін і народаў.

“Я таксама атрымліваю ад гэтага пакалення новыя веды”

— Кацярына Анатольеўна, ваш даклад на міністэрскай канферэнцыі ЕЭК ААН — гэта пэўнае прызнанне вашых асабістых дасягненняў у галіне дэмаграфіі. Як даўно вы займаецеся адпаведнымі праблемамі?

— Яшчэ падчас вучобы на геаграфічным факультэце я вельмі цікавілася ўсім, што звязана з дэмаграфіяй. У кожным з нас закладзена імкненне да падарожжаў, але хтосьці прыязджае ў іншую краіну і пачынае фатаграфаваць архітэктурныя помнікі, а я шукаю твары людзей. Мне цікава, як выглядаюць бельгійцы, аўстрыйцы, партугальцы — пажылыя, маладыя… Пазней дзялюся сваімі назіраннямі са студэнтамі.

У кожнай навукі ёсць свае інструменты даследаванняў. У географаў адным з такіх інструментаў з’яўляюцца вочы. Мы жартуем, што ў нашых аспірантаў ключавое слова — “ехаць”. Калі яны на працягу месяца не з’ездзяць у камандзіроўку ці на канферэнцыю, то адчуваюць сябе некамфортна.

—     Скажыце, сённяшнія студэнты адрозніваюцца, напрыклад, ад нашага пакалення?

— Многія наракаюць на сённяшніх студэнтаў з-за іх захопленасці гаджэтамі. Але насамрэч у гэтым ёсць і перавагі. Напрыклад, мая дыпломная работа заключалася ў тым, што я ручным спосабам картаграфавала 23 тысячы сельскіх населеных пунктаў. А нашы студэнты ў мінулым годзе на камп’ютары зрабілі ўнікальны праект — дэма­графічны атлас Мінска, які мы прэзентавалі сталіцы да 950-гадовага юбілею. Ці яшчэ адзін інавацыйны праект, падобнага на які няма ў Еўропе, — 3D-мадэль дэмаграфічнага старэння па 118 раёнах Беларусі. Усё гэта становіцца магчымым дзякуючы інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям.

А ўвогуле, хачу ска­заць, што на кожным курсе заўсёды ёсць зоркі. Гэта найбольш захопленыя, матываваныя і зацікаўленыя маладыя людзі, якіх трэба толькі запаліць, як бенгальскія агеньчыкі. У іх га­раць вочы, і яны нічым не адрозніваюцца ад рамантычнага пакалення 60-х.

— А выкладчыкам прасцей ці складаней працаваць у інфармацыйную эпоху?

— Залежыць ад таго, як да гэтага ставіцца. Калі ты ўспрымаеш як праблему тое, што чагосьці не разумееш, то, сапраўды, будуць цяжкасці. Я, напрыклад, не супраць таго, каб навучыцца чамусьці ў студэнтаў. Так, у мяне вялікі вопыт, я ведаю метады, прыёмы, заканамернасці, якімі студэнты пакуль не валодаюць, і мая місія — навучыць іх. Але адначасова я разумею, што нейкія опцыі камп’ютарных праграм яны разумеюць лепш за мяне. І мне прыемна ­ўсведамляць, што я таксама атрымліваю ад гэтага пакалення новыя веды.

Ведаеце, у чым хараство маёй работы? Маё разуменне таго, што можа быць цікавым для студэнтаў, часта атрымлівае такі станоўчы водгук, што я ­ўсведамляю: гэтую работу я ні на што не памяняю.

— Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт стала займае высокія месцы ў міжнародных рэйтынгах. Як вы адчуваеце, Кацярына Анатольеўна, наколькі тут можна рэалізаваць сябе і студэнту, і выкладчыку, і навукоўцу?

— Адпрацаваўшы ў БДУ значны час, разумею, што я патрыёт свайго ўніверсітэта: на нейкія рэчы гляджу крытычна, але пры гэтым бачу вялікі прагрэс у розных сферах. Так, на працягу апошніх гадоў высокімі тэмпамі пашыраецца міжнароднае супрацоўніцтва на розных узроўнях. Навукоўцы БДУ прыцягваюцца да работы ў міжнародных калабарацыях (у прыватнасці, мяне запрасілі ў якасці эксперта ў калабарацыю вучоных на базе Оксфардскага ўніверсітэта ў Вялікабрытаніі). З’явілася вельмі шмат шляхоў для ўдзелу ў міжнародных праектах. Такіх шырокіх магчымасцей не было 5 гадоў назад.

Сёння ў цікавыя праекты, якія рэалізоўваюцца ў розных краінах, могуць трапіць і студэнты, і выкладчыкі, і навукоўцы. Вельмі важна, што магчы­масць стажыравацца ёсць не толькі ў маладых, але і ў сталых вучоных. Напрыклад, ва ўніверсітэце імя аль-Фарабі (Казах­стан) ёсць аналагічная нашай спецыялізацыя ў галіне геаграфіі насельніцтва, але зразумела, што прафесар не можа да­зволіць сабе стажыроўку за ўласныя грошы. І тут дапамагае ўніверсітэт.

Хачу сказаць, што цяжкасці ёсць усюды, але да іх трэба ставіцца філасофскі. Шлях у навуку заўсёды цярністы — і ў Беларусі, і ў іншых краінах. Вучоныя ведаюць, што фундаментальныя вынікі даюцца толькі вялікай працай. Але калі яны дасягаюцца, то гэта плён і асобных вучоных, і ўніверсітэтаў, дзе яны працу­юць.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.