“Казачны” лагер для асаблівых дзяцей

- 11:00Спецыяльная адукацыя

Педагогі ЦКРНіР Баранавіч лічаць, што лета — выдатны час для актыўнай сацыялізацыі і адпачынку дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі ў развіцці. З гэтай мэтай ва ўстанове спецыяльнай адукацыі штогод арганізоўваецца аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка”.

— Лета — гэта час не толькі гульняў, забаў і свабоды ў выбары заняткаў, але і аднаўлення здароўя, развіцця творчага патэнцыялу, — расказвае старшая выхавальніца лагера Т.М.Бяляўская. — Нашы выхаванцы з нецярпеннем чакаюць лета, бо ведаюць, што ў гэты перыяд іх чакае шмат новага і цікавага. У аздараўленчым лагеры дзеці замацоўваюць уменні і навыкі, набытыя на працягу навучальнага года, атрымліваюць добрую магчымасць для зносін з сябрамі. Педагогі ўстановы імкнуцца зрабіць адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак цікавым, насычаным, карысным і займальным. У летніку дзеці замацоўваюць навыкі самаабслугоўвання, культурных паводзін і здаровага ладу жыцця.

Сёлетні лагер працаваў па арт-праекце “Казка спяшаецца да нас у госці”, заснаваным на выкарыстанні такой формы сутворчасці і супрацоўніцтва дзяцей і дарослых, як казка. “Менавіта яна суправаджае ўсё дзяцінства, уводзіць у розныя сферы жыццядзейнасці, вучыць, выхоўвае, дапамагае, аздараўляе фізічна і духоўна, — гаворыць Т.М.Бяляўская. — Чароўная казачная атмасфера стварае радасны настрой, скіроўвае да крэатыву і фізічнай актыўнасці”.

— Праект уяўляе сабой мадэль арганізацыі летняй лагернай змены, кожны дзень якой напоўнены казачнымі справамі, святамі і працай, сустрэчамі з казачнымі персанажамі, — адзначае Т.М.Бяляўская. — Завяршылася аздараўленчая змена прэзентацыяй дзіцячых казак-мініяцюр. Дзякуючы праекту пашыраецца кругагляд дзяцей, актывізуюцца іх пазнавальныя здольнасці, развіваюцца ўвага, эстэтычнае ўспрыманне, вобразнае мысленне і творчае ўяўленне. Акрамя развіцця эмацыянальна-валявой сферы, казкі пабуджаюць выхаванцаў да зносін са светам прыгожага. Кожная казка мае пэўнае педагагічнае значэнне, што дазваляе навучаць дзяцей нормам сацыяльнага жыцця, паводзінам у калектыве, камунікатыўным навыкам, раскрываць творчыя здольнасці, актывізаваць ініцыятыву, засвойваць прынцыпы бяспечнага і здаровага ладу жыцця.

На працягу 18 дзён у лагеры панавала добразычлівая атмасфера. Для 20 дзяцей была распрацавана надзвычай разнастайная і насычаная праграма: рухавыя гульні на свежым паветры, спартыўныя спаборніцтвы, хвілінкі здароўя, конкурсы малюнкаў, віктарыны, казачныя інсцэніроўкі, сустрэчы з валанцёрамі, экскурсіі на прыроду і інш. Усё гэта пашырыла кругагляд дзяцей, абагаціла іх новымі ведамі і ўменнямі, развіла жыццёва важныя эмоцыі і г.д. Пасля кожнага конкурснага выпрабавання хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі салодкія прызы і шмат станоўчых уражанняў. Педагогі, якія працавалі ў лагеры, праяўлялі ў адносінах да дзяцей высокі прафесіяналізм, адказнасць і клапатлівыя адносіны. Выхавальнікі зрабілі ўсё магчымае, каб дзеці надоўга захавалі ў памяці яркія ўспаміны пра лета.

— Радуе, што бацькі задаволены работай нашага лагера, які фарміруе талерантныя адносіны да асаблівых дзяцей з боку соцыуму і дапамагае іх сацыяльнай адаптацыі, — падагульняе Т.М.Бяляўская.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.