Казачныя лабірынты гульні: у чым перавага тэхналогіі інтэнсіўнага развіцця інтэлектуальных здольнасцей

- 15:19Образование

Актуальнасць гульнявой дзейнасці дашкольнікаў павышаецца з-­за іх перанасычанасці інфармацыяй праз тэлебачанне і інтэрнэт. Задача педагога — навучыць дзяцей самастойна ацэньваць і адбіраць атрыманую інфармацыю.

У арсенале сучасных выхавальнікаў шмат тэхналогій, якія павышаюць пазнавальную цікавасць дзяцей. У сваёй рабоце аддаю перавагу тэхналогіі інтэнсіўнага развіцця інтэлектуальных здольнасцей “Казачныя лабірынты гульні” В.В.Васкабовіча, якая абапіраецца на дзіцячую фантазію і адрозніваецца творчым падыходам.

Галоўная асаблі­васць тэхналогіі ў тым, што яна ўтрымлівае цэлы комплекс развіццёвых гульняў, якія вельмі лёгка ўклю­чыць у адукацыйны пра­цэс. Унікаль­насць гульняў з кубікамі, фігуркамі і шнуркамі — у казачным суправаджэнні. Гатовых тэкстаў, якія педагог зачытвае дзецям, няма. Ёсць рэкамендацыі, як з дапамогай чароўных жывёл і гномікаў скласці сюжэт, які зацікавіць малышоў і зматывуе іх да пошуку новай інфармацыі. Тэхналогія не проста развівае дзіцячыя здольнасці, але і скіроўвае да сумеснай творчасці і супрацоўніцтва, дазваляе раскрыцца і педагогу.

Спачатку давялося стварыць спецыяльныя развіццёвыя ўмовы — інтэлектуальна-гульнявы цэнтр “Фіялетавы лес”, дзе размешчаны гульні, дапаможнікі і казачныя персанажы.

Знаёмства дзяцей з тэхналогіяй пачалося з каўрографа “Куфэрак”, што паспрыяла вывучэнню гульнявога матэрыялу і дапамагло ў далейшым больш хутка арыентавацца ў малюнках, кружочках, стужачках і інш.

З дапамогай гульняў “Знайдзі і пакажы”, “Яблыня з яблыкамі”, “У госці да гномаў”, “Iдзём на дзень нараджэння” і іншых дзеці вучацца групаваць прадметы па прыкмеце і колькасці (шмат, адзін), знахо­дзіць групы прадметаў (шмат, адзін), а таксама развіва­юць сенсорныя (колер, форма, велічыня) і логіка-матэматычныя (класіфікацыя, прасторавыя адносіны) уменні. Дашкольнікі захоплена гуля­юць, фантазіруюць і выдатна праводзяць час у гасцях у казачных герояў.

Разам з каўрографам “Куфэрак” выхаванцы знаё­мяцца з гульнявым квадратам, выкарыстанне якога развівае памяць, стараннасць, здольнасць да мадэлявання. Па-рознаму складаючы гульнявы квадрат, дзеці мадэлююць канверт, мыш, караблік, дом і іншыя формы. Праўда, у некаторых узнікаюць цяжкасці пры адрозненні квадрата і трохвугольніка. На дапамогу прыхо­дзяць дыдактычныя гульні “Знайдзі лішняе”, “Дзе чый домік?” і “Знайдзі і пакажы”. Дзякуючы гульнявому квадрату, у выхаванцаў развіваецца дробная маторыка, дзеці вучацца параўноўваць і адрозні­ваць геаметрычныя фі­гуры.

Паступова ўводжу ў работу дапаможнікі “Караб­лік “Плюх-плюх” і “Гульнявiзар”. З дапамогай першага выхаванцы вучацца сартаваць прадметы з улікам колькасці, колеру і памераў.

У дзяцей часам узні­каюць цяжкасці з фарміраваннем уяўленняў пра спосабы ўстанаўлення роўнасці і няроўнасці груп прадметаў ці іх малюнкаў. Для гэтага спачатку знаёмлю дашкольнікаў з казкай пра капітана Гусака і мат­роса Жабу, з якімі дзеці адпраўляюцца ў дзівоснае падарожжа. Падчас прыгод прапаную розныя заданні: напрыклад, замацаваць дадзеную колькасць ветразяў, раскласці іх па колеры і памеры.

У гульні “Шторм” капітан Гусак прапануе зняць сцяжкі з мачт па колькасці: спачатку па адным сцяжку (адзін), а затым усе (шмат). У гульні “Замацоўваем сцяжкі” выхаванцы замацоўваюць на мачтах сцяжкі пэўнага колеру. З дапамогай гэтай гульні дзеці вучацца параўноўваць колькасць і адказваць на пытанні: “Сцяжкоў якога колеру больш?”, “Сцяжкоў якога колеру менш?”. Пры гэтым выкарыстоўваю выразы “столькі-колькі”, “пароўну”, “аднолькава”, “больш”,  “менш”.

Для фарміравання ў дашкольнікаў умення размяшчаць/вызначаць становішча аб’екта на аркушы паперы (сярэдзіна, верх, ніз, верхні вугал, унізе справа/злева) выкарыстоўваю дапаможнік “Гульнявізар”. Дзякуючы трэнажору, дзеці вучацца знаходзіць/размяшчаць прадметы па слоўным указанні дарослага з удакладненнем правага і левага бакоў.

Выхаванцы з вялікім задавальненнем гуля­юць у прапанаваныя гульні. Іх прыцягвае не толькі новая форма работы, але і яркасць, маляўнічасць дыдактычнага матэрыялу. У выніку дзеці праяўля­юць большую пазнавальную цікавасць да матэматычных характарыстык навакольных аб’ектаў.

Настасся КАЛІЦЮК,
выхавальніца
дзіцячага сада № 3 Драгічына